Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Выбранае

Василь Быков

Шрифт:

Міколка, вядома, хлопец разумны, адукаваны, не раўня бацьку. А тое, што ён адбіўся ад гаспадаркі, можа, і добра. У тым, напэўна, яго паратунак, інакш дзе б ён быў зараз? У Котласе ці яшчэ далей. А так начальнік у раёне. Нікому Хведар не пісаў з высылкі, а швагру Тамашу неяк паслаў ліст (яшчэ як была жывая Ганулька) і праз паўгода атрымаў адказ. Той не пісаў, як жыве, ні слова пра парадкі ў раёне, усё больш - пра здароўе і ў канцы паведаміў, можа, самую прыемную навіну: што Міколка вярнуўся з Чырвонай Арміі і цяпер вялікі начальнік у раёне. Ганулька, можа, першы раз за гады, шчасліва заўсміхалася, Волечка запляскала ў ладкі, а ён нахмурыўся - радуючыся і заклапочана адначасна. Жартачкі: сын раскулачанага - начальнік. А калі даведаюцца?

Пасля Хведар шмат начэй думаў пра тое, пра сына і ягоную начальніцкую пасаду, непакоіўся і перажываў. І ўсё стаяла ў думках, што сказаў Сталін: сын за бацьку не адказвае. Гэтыя словы ён чытаў у газеце, шмат разоў чуў ад людзей. Мусіць, і сапраўды так. Калі Міколку паставілі ў раёне начальнікам, дык, мусіць жа, ведалі, дзе бацька і маці і з якой сям'і ён паходзіць. А можа, даўмеліся ўрэшце, што раскулачылі няправільна, незаслужана, таму і сын ні пры чым. Тым болей што той даўно не жыў пры бацькавай гаспадарцы, рабіў у райкоме, затым служыў у Чырвонай Арміі, нават быў камандзірам.

І ўсё роўна Хведар не пісаў сыну, не мог у сабе адолець чагосьці, страху ці асцярогі, хоць і дужа прасіла жонка, аж заплакала аднойчы. Усё ж ён баяўся, не за сябе, канешне, - за сына. Думаў, калі можна, Мікалай парупіцца напісаць сам. Тамаш пісаў, што бачыўся з ім у раёне, значыцца, мог бы дазнацца бацькаў адрас. А калі не піша, дык, значыць...

І ўсё ж ён не хацеў думаць благое, ён спадзяваўся. І тады, як задумаў гэтыя ўцёкі, і яшчэ раней, да ўцёкаў. І ў жахлівай дарозе - на плытах, чыгуначных платформах сярод штабялёў бярвення, у доўгім бадзянні па лясах і прасёлках. Удзень і ўначы ён думаў, вагаўся і - так нічога і не ўдумаў. Ён не ведаў, як паставіцца яму да сына, а галоўнае - як сын паставіцца да яго.

Праўда, калі вялікі начальнік, дык, мабыць, што-нішто можа. Начальніку многае дазваляецца. Бывае, простаму чалавеку няможна, а начальству не забаронена. Гэта ўжо Хведар ведаў, нагледзеўся і за царскім часам, і ў войску, і пры новай уладзе таксама.

Наўкола ўжо добра ўсталявалася восеньская ноч, зводдаль прыціхла вёска, зусім патануўшы ў змроку. Спярша недзе бліскала пара агеньчыкаў у тым канцы вуліцы, ды згаслі і агеньчыкі. І Хведар устаў. Ён раптам наважыўся прайсці па начной вуліцы, зірнуць на знаёмыя хаты, клёны ля калгаснай канторы; дзе некалі стаяла шырокая арка з выцвілым лозунгам цераз дарогу. Тут спрэс жылі знаёмыя людзі - старыя і маладзейшыя, працавітыя і не вельмі, добрыя, злыя, абыякавыя, - яго колішнія аднавяскоўцы. Ён нікога не бачыў з іх ад таго сакавіцкага ранку, як выехаў на калёсах сядзібы і ўсё азіраўся аж да раўка, калі ўжо нічога не стала відаць. І на яго пазіралі і плакалі некаторыя - болей бабы, - пастаўшы пад старой пахілай вербінай ля Саўчыкавай хаты.

Даўняй дарожкі ад сядзібы да вуліцы, здаецца, ужо не было, зарасла травой, але пад нагамі намацвалася нейкая сцежачка, і ён пайшоў па ёй каля сажалкі. Сцежка вывела яго на дарогу. У звыклым колішнім месцы гразкаватай дарогі ён сышоў у раўчук з грукатлівым мастком. Як і пяць і дзесяць гадоў назад, той ледзьве трымаўся ад старасці і, бывала, дужа грукацеў пад коламі калёсаў і брык. Пахілая вербіна быццам усохла нават, але ўсё хілілася над дарогай, і за ёй чарнелася ў змроку старая Саўчыкава хата. Але ці жыў там Саўчык - Хведар не ведаў. За ўсе пяць гадоў ягонага Котлаўскага жыцця яму ніхто не пісаў з гэтай вёскі, ды і ён не пісаў нікому, нічога ні пра каго не ведаў. З Лёксам Саўчыкам некалі вучыліся ў адным класе царкоўнапрыходскай школы, пасля прызываліся разам на вайсковую службу. Быў ён спакойны, зважлівы мужчына, бедны і гаротны, як і ўсе тут, меў пяцёх дзяцей, і ўсе дзяўчынкі. Дзе ён цяпер? Ці жывы хоць?

Вуліца ляжала па-начному чорная і пустая, мяккая пасярэдзіне ад ператаптанага кароўімі капытамі долу, парослая ля парканаў сакоўнай бухматаю муравой. Хведар абмінуў кучу бярвення ля Аўдоццінага падворка (ці не думае будавацца ўдавіца?). Але што ж, што ўдавіца, мабыць жа, падраслі сыны, можа, ужо і ажаніўся каторы і будуецца. Ціхенька прайшоў каля гародчыка Зыркаша, пра якога цяпер не хацеў нават і думаць. Сапсаваў гэты Зыркаш яму ўсё жыццё (і, мабыць, не аднаму яму), быў чалавек зайздрослівы і нядобры: колісь напісаў скаргу на яго за малатарню, з якой усё і пачалося. Калі б не тая яго заява, можа б, усё і абышлося, і Хведар не туляўся б цяпер паначы, як злодзей, жыў бы разам з усімі, і не спазнаў бы тых пякучых няшчасцяў, якіх шчодра адмераў яму ягоны халерны лёс.

Затым ён спыніўся і пастаяў крыху, прыслухоўваючыся, ці не падасць дзе голас сабака. Але сабакі пакуль што маўчалі ці іх зусім не было ў вёсцы. Іх не было і раней, успомніў Хведар, хіба што на хутарах, у мястэчку. Вяскоўцы ж па сваёй беднасці лічылі за лепшае карміць лішняга свінёнка, чым трымаць сабаку. Мабыць, і цяпер так. Не забагацелі яго вяскоўцы. За рэдкім вішаннікам ля садка ўрасла ў зямлю нехуцавая будыніна з голымі рабрынамі крокваў - зусім без страхі. Відаць, тут ужо не жылі. Але дзе ж тады мнагадзетная сям'я Івана Пагарэльца, то ж была ягоная хата, падумаў Хведар. І яшчэ адну хату з чорным праваллем пустых вокнаў згледзеў ён за парканам, - напэўна, пакінутае жытло. Другая ж поруч утульнай завалінкай выпнулася на самую вуліцу, дзе колісь любілі пасядзець мужчыны, але цяпер пад яе скасабочанай сцяной пахіла тырчэў рад колляў-падпорак, каб не ўпала. Тут некалі жыў адзін самы гарласты актывіст камбеда, худы і вялізны, бы жардзіна, Зміцер Цыпрукоў. Ужо ён, напэўна, заслужыў лепшае хаты пры Савецкай уладзе, бо быў, мабыць, самы бедны ў вёсцы. Ды, мусіць, не заслужыў, калі дажыўся да такой во - коллем падпёртай хаціны.

Улезшы ў свежыя каровіны лепяхі, Хведар сышоў трохі ўбок, бліжэй да плота. Усё ж ён баяўся, каб з кім не сустрэцца, каб хто не пачуў яго тайную хаду злодзея. Але на начной вуліцы не было нікога, мусіць, вёска добра заснула. Толькі за сценамі бліжніх хлявоў часам уздыхалі-варушыліся сонныя каровы, ды раз у падворку на тым баку ціха стукнулі дзверы, - мусіць, нехта выходзіў па патрэбе. Ціхенька ступаючы па мяккай зямлі, Хведар мінуў знаёмую вуліцу і дайшоў да могілак.

Як і заўжды, тут панавалі ціш і спакой, хвоі сумна гулі ўгары. Зблізку бялелі свежыя крыжы ля дарогі - два большых і некалькі нізенькіх, дзіцячых. Ён трохі пастаяў ля штыкетнічка-агароджы і, знайшоўшы праход, не без хвалявання ступіў у гэтае паселішча мёртвых. Ведаў, ад праходу трэба падняцца на пагорачак, дзе хавалі даўней і дзе ён памятаў кожную магілку. Ад вуліцы ж (трохі відаць было ў змроку) магілкі занялі ўсю нізінку, далёка выйшаўшы з-пад хваёвых шатаў. Гэтых ён не ведаў ніводнай. А там, на выспачцы, колькі ён памятаў, стаялі чорныя дубовыя крыжы Шулякоў - бацькі і трох сыноў, род якіх быў, можа, самы стары ў Нялолішчы. Расказвалі некалі, што гэты сямы першы Шуляк, прыйшоў сюды з літоўскай зямлі і быў знакаміты сілаю. Праз тую сілу ён спаткаўся і з маладзенькай дзяўчынкаю, пакаёўкаю тутэйшай паненкі, да бацькі якой чагось прыязджаў той літоўскі пан, кучарам у якога служыў Шуляк. Аднаго разу, як ён запрагаў коней у брычку, з-за рога стайні выскачыў панскі бык, раззлаваны чырвонаю спаднічкаю пакаёўкі, і прыезджы фурман паказаў сваю сілу, скруціўшы таму быку рогі. Мабыць, тады ён і паклаў вока на маладую служанку. Яе паненка, адзіная панская дачушка, відаць, так даражыла ёю, што ўгаварыла бацьку аддаць тры прыгонныя сям'і за аднаго кучара, каб толькі не разлучацца з пакаёўкаю. Затым, пажаніўшыся, яны доўга жылі ў маёнтку, нажылі шэсць сыноў, тры з каторых ужо другое стагоддзе ляжалі цяпер поруч з бацькам пад смалянымі камлямі таўшчэзных хвояў. А насупраць ад іх трошкі ніжэй высіўся металічны буданчык з прыгожымі чыгуннымі слупкамі, павітымі таксама чыгунным лісцем вінаграду. Там ляжала мармуровая пліта на магіле маладога пана-паручніка, які, дужа паранены на вайне з германцамі, сканаў у сваім маёнтку. Цяпер, вядома, нікога з паноў не засталося, занядбаная магілка абрасла пустазеллем, а ў паржавелым буданчыку часам поркаліся пастушкі ці вясковыя падшыванцы, хаваліся ад дажджу прахожыя. Па другі бок ад яе, між дзвюма сукаватымі хвоямі, быў невялічкі пляц іхняга роду Роўбаў - і дзяды, і яго, Хведара, старыя, малодшая сястра Тэкля, двое малых, што яшчэ перад вайной памерлі ад дыфтэрыту. Крайняй была магілка ягонага брата Пракопкі, годам маладзейшага за Хведара, добрага, ласкавага мужчыны, які так і не ажаніўся і нікога не пакінуў пасля сябе. Сканаў у васемнаццатым ад тыфусу, калі Хведар буў у германскім палоне. Так і не пабачыліся браткі аж з чатырнаццатага, як абодвух узялі на вайну. Было б добра і яму прымасціцца побач, месца было, калі што, можна б трохі пацясніць суседнюю магілу, мабыць, той не пакрыўдзіцца. Гэта было б проста здорава! Можа, не заўжды прызнаючыся сабе, ён найбольш за тым і імкнуўся сюды - за тысячу кіламетраў, праз пяць гадоў выгнання.

Хведар нетаропка і амаль ужо не баючыся абышоў у цемры свае магілкі - чатыры радком і дзве трохі ніжэй на схіле, памацаў шурпатыя, замшэлыя крыжы. Баяўся, каб не неткнуцца на які новы, каго з ягонай радні. Але не, у гэтай мясціне новых магіл быццам не было зусім. Хаця, канешне, маглі быць і далей, дзе ў якім іншым месцы. Цяпер не тое што раней - хавалі дзе хочаш, і ў чужой зямлі. Як ягоную Ганульку. Ці Волечку. Каторы ўжо раз ён адчуў горкі дакор сабе, што так неахайна пахаваў дачушку - ні абгародкі не зрабіў, ні нават крыжа. Не было з чаго і надта спяшаўся, яго маглі чакаць плытагоны, і ён вёрст пяць берагам ракі даганяў плыты.

Ён пасядзеў на чыёйсьці старой, без крыжа, добра, аднак, абкладзенай камянямі магіле, слухаў шэпт старасвецкіх хваін угары, думаў. Дужа дапякала шматдзённая, застарэлая ўжо стома. Каб не даць сабе ўпасці ад знямогі, трэба было ўстаць і ісці. Але куды? У хату да каго не папросішся, тут жа заставацца не было як: на золку яго адразу ўбачаць. Значыць, зноў - у лес. Лес заўжды з міласэрнай гатоўнасцю прымаў яго, не тое што людзі. Тым болей знаёмы ад маленства вялікі Казённы лес, ужо ён дапаможа цяпер бяздомнаму чалавеку.

Раздзел другі. Ноч і спакой

Мабыць, ён недалёка і адышоўся ад узлеску, але сярод дрэў і драбняку-падлеску стала нібы зацішней, нават цяплей быццам, ён узлез у нейкі лісцвяны гушчар і ўпаў у нетаптаную калючую папараць. Ужо не ставала сілы - ні ісці, ні паўзці. Перад тым як заснуць-забыцца, успомніў, што сёння за дзень пратупаў, мабыць, вёрст сорак - ад золку да ночы. Болей ён бы ўжо не прайшоў нават і сорак крокаў.

Прачнуўся ад сцюжы, увесь надта скалеў, здранцвелі да калень ногі, галава была цяжкая, нібы пасля гарэлкі. Не адразу зразумеў, дзе ён, спярша падалося - на тарфянішчы пад Котласам і што спазніўся на працу. Але, расплюшчыўшы вочы, сцяміў: Котлас далёка. Ён - дома. У світальным лесе, на сваёй радзіме. На радзіме ўсіх сваіх продкаў. Гэтая думка трохі падбадзёрыла Хведара, ён устаў на калені і пачаў неяк грэцца - унутраным намаганнем бораючы сцюжу, - як гэта рабіў ужо не першы раз, акалеўшы ўранні. Там, на Поўначы, калеў амаль кожнага ранку, праўда, там не было калі заўважаць тое, там ледзьве паспяваў сабрацца, каб не спазніцца на развод, у тайгу на лесапавал ці на земляныя работы, калі рабіў на тарфянішчы. Там былі строгія нарадчыкі, крыклівыя брыгадзіры, не дай бог было прыпазніцца - заставаўся галодны на ўвесь дзень. А то яшчэ быў і пабіты.

Поделиться с друзьями: