Выбранае
Шрифт:
Што дбайна рабіў? Дык жа біўся зімой і ўлетку як рыба аб лёд: і будаваўся, і абрабляў палеткі, стараўся спраўна плаціць падаткі і пазыкі. Падрос - стаў памагаць сын Міколка. Зноў жа быў такі заклік урада - будуйце культурную гаспадарку, каб не жыць, як жылі - у цемрыве і галечы. (Каму ж хацелася жыць у галечы?) Усе прагнулі жыць хоць трохі па-людску і есці хлеб без мякіны. Паверыў, што ўласць кажа праўду. Аказалася - падмануўся.
Цяпельца яшчэ не дагарэла, як ён закапаў у дробны прысак дзесятак карэлых бульбін - на болей не хапіла прыску. І зноў адышоўся далей - ці мала хто? Але пакуль навокал было ціха; троху пасакатала сарока ўбаку, ля рова, і неўзабаве паляцела далей. Усё пакутуючы ад голаду, Хведар праз колькі хвілін вярнуўся, дубчыкам выкаціў з вуголля крайнюю бульбіну - была яшчэ сыраватая і цвярдая, але нічога: агонь ужо жыўца выгнаў. Збольшага абцёр аб штаны попел і, апякаючыся, з'еў усю, не грэбуючы і абгарэлым бокам. Затым выграб другую. Бульба сапраўды была дужа смачная, ды і ён быў згаладнелы як мае быць, і ёў без перапынку, пакуль не засталіся апошнія дзве бульбіны. Мусіць, тыя спякліся ўжо добра, і ён іх, гарачыя, сунуў у кішэню - аж запякло сцягно.
Трохі падсілкаваўшыся, адчуў сябе весялей і пачаў думаць, як бы паткнуцца з лесу. Усё ж вельмі карцела паглядзець на поле, можа, на каго з вяскоўцаў - хоць здалёк, згадаць, як жывецца ў калгасе. Увесь час трохі лепш, чым жыў ён. Галоўнае - яны ўсе вольныя, на сваёй зямлі, пад Котласам ён не меў ніякіх звестак аб іх, толькі часам з'яўляліся чуткі - невясёлыя, аднак, чуткі. А як папраўдзе? Усё ж, мабыць, жывуць усе роўныя, не лішэнцы, як ён.
Зараснікамі ён абышоў роў і па імшарыстай балацявіне выйшаў на ўзлессе - ужо з трэцяга боку лесу. Гэтае поле звалася ў іх Сёрбава і межавала з суседняю вёсачкай Чарнаруччам, стрэхі якой відаць былі ўдалечы на пагорку. Тут і сапраўды працавалі людзі, ягоныя суседзі-калгаснікі - выбіралі бульбу. Яму ні дня не давялося рабіць у калгасе (не пусцілі ў калгас), дык ён думаў убачыць цяпер дружную працу грамадой, усіх разам. Мо нават з песнямі. Замест таго ў ветранай палявой далечы калупаліся над баразёнкамі з дзесятак баб, і ён бачыў адсюль іх сагнутыя шэрыя спіны, вялікія галовы ў тоўста накручаных хустках, босыя ногі. Усе цягалі за сабой вялізныя кашы з бульбай, якія па адным зносілі ў кучу на сярэдзіне загона. Каля той кучы стаяў з паперынай у руцэ цыбаты мужчына, мабыць, учотчык, а тры іншыя ганялі плугамі барозны, надта ўжо памахваючы пугамі на коней. Коні, відаць было адсюль, ледзьве клыпалі ад ператомы, нізка коўтаючы галовамі, - худыя, знямоглыя сялянскія коні. Некалі ў іхняй вёсцы такія былі хіба што ў самых занядбаных гаспадароў - Цыпруковага Зміцера ды Ігналёнка. Іншыя ж ўсе як бы там ні жылі, а коней глядзелі, без каня якая ж гаспадарка. Тут, мабыць, глядзелі не надта. Праўда, ён пазіраў здалёк - зблізку, можа, не такія ўжо кепскія былі тыя коні; можа, і бабы рабілі весялей, чым яму здалося. Але нешта самотна-журботнае ўлілося ў яго адчуванне каля таго поля. Ведама, людзі былі далёка і ён не мог пазнаць хоць каторага, а пазнаць дужа хацелася. Тады ён краем лесу пайшоў у другі бок - да свае вёскі, дзе была дарога ў мястэчка, можа б, каго ўдалося падгледзець на той дарозе? Хоць бы пабачыць, пазнаць, не марачы ўжо, каб пагутарыць ці спытацца. Спытацца, канешне, няможна, трэба таіцца. Што зробіш, такі яго лёс. Яго вылучылі з грамады, выбракавалі, бы карослівае свінчо са статка, і выкінулі далёка. Ці мог ён назаляць каму? Набівацца? Тым болей прычыняць шкоду сваім набіваннем?
Дарога, колькі ён памятаў яе, не змянілася - была ўсё такая ж - раз'езджаны між кустоўя бальшак з застарэлымі лужынамі на выбаінах, якія, дзе можна было, відаць, аб'язджалі фурманкі. І дзве бярэзіны на тым баку стаялі, як стаялі ўвесь век, - адна прама, а другая раздзяліўшыся на дзве, віламі, - старыя, закарэлыя, тоўстыя бярэзіны з абдзёртымі і пасечанымі камлямі. Пад раўнейшаю - відаць было цераз дарогу, - мабыць, нядаўна палілі вогнішча, падпяклі бяросту, таксама як і вецце аднізу. Пастухі, напэўна. Хведар нізка прысеў за пыльным прыдарожным кустоўем, стаў назіраць. Не ведаў, куды глядзець болей - у бок вёскі ці ў дальні канец, пад мястэчка. Пакуль што ні там, ні там на дарозе ніхто не паяўляўся, мусіць, усе рабілі на полі, чаго раз'язджаць бальшаком на той час? Аднак ён цярпліва сядзеў і думаў, каго б найперш хацеў тут пабачыць. Мабыць, найперш Саўчыка Лёксу, усё ж аднагодак, сябра і ўвогуле сардэчны мужык, хай бог дасць яму шчасця. Толькі дагэтуль не надта ўжо бог надзяліў шчасцем. У мікалаеўскую вайну Лёкса быў паранены шрапнелем у плячо і, колькі яго паматаў Хведар, усё бедаваў з рукой, не мог рабіць ніякай цяжкой работы. А ў сялянстве дзе ж возьмеш лёгкую? Біўся бядак Лёкса на адным надзеле з кучай малых дзяцей, Хведар часам памагаў яму - то папілуе дровы, то паможа накідаць гною на воз. Разоў колькі пазычаў грошы. Але памагаў так, па-суседску, без вялікае шчырасці. Нават і з прыкрасцю, калі, бывала, папросіць хамут, а тут самому запрагаць трэба. А ўвогуле Хведар яго шкадаваў, бо сусед, да таго ж аднагодак, і нямала абодва натрываліся на вайне. Каб веданне, як яно абернецца далей, дык бы шкадаваў з большаю шчырасцю. Усё ж харошы быў чалавек.
Ну але, мусіць, гэта марная справа - чакаць таго, што табе хочацца.
Хведар добра наседзеўся ля бальшака і падумаў, што, мабыць, дарма ён удумаў тое, як у дальнім канцы дарогі, ад мястэчка, з'явілася фурманка. Рыжы рахманы конік даволі спраўна каціў з горкі ўніз, і за ім на возе відаць былі двое - мужчына і баба. Тое, што лейцамі кіравала жанчына і сядзела яна ў перадку, зацікавіла Хведара, хоць ён яшчэ і не пазнаў нікога. Жанчыну і праўда было не пазнаць, калі яны пад'ехалі бліжэй - тая была адвярнуўшыся на той бок калёс. А вось мужчына... Мужчына быў у калматай зімовай шапцы, з настаўленым каўняром шарачка, ён абнікла сядзеў у задку, склаўшы на каленях рукі, ногі яго былі ўхутаны стракатаю хатняй коўдрай, твар худы і белы. Увесь час бы глуха нядобра пакашліваў. Нешта дужа знаёмае здалося Хведару ў гэтым твары, калі фурманка пад'ехала бліжэй, і тут жа раптам, нібы падказаў хто, ён пазнаў чалавека. То быў Мікіта Зыркаш, ягоны, Хведараў, ліхадзей, які пісаў тады на яго за малатарню, з чаго ўсё і пачалося. Спярша цвёрдае заданне, а затым і ўсё астатняе. Але ж, мабыць, не далося жыццё і зайздросніку Зыркашу, угледзеўшы якога Хведар зразумеў усё - той быў хворы. Мусіць, яго хворага цяпер жонка везла з бальніцы ці ад доктара, і, угледзеўшыся ў чалавека, Хведар зразумеў, што не жылец на гэтым свеце Зыркаш. Адною нагой ён ужо там, Хведар гэта адчуваў добра. Нагледзеўся на такіх за жыццё. Трохі нават бы радасна стала ці нават зларадна: мусі, бог бачыць усё і карае па справядлівасці. У іншы час Хведар, можа, болей парадаваўся б з тае прычыны, але цяпер не хацеў. Зларадства сваё ён ужо амаль перажыў - перагарэла яно за гады ва ўласных пакутах, нікому не хацеў бяды, як і сабе таксама. Хай доўга жыве зайздроснік Зыркаш.
Але стала сумна. І гаркотна. Мусіць, дзень ужо браўся на адвячорак - канчаўся першы ягоны так доўга чаканы дзень на радзіме. Што далей?
Ён яшчэ пасядзеў троху, думаў, можа, і яшчэ каго згледзіць на вечаровай дарозе, ды болей не было нікога. Як пачало змяркацца, устаў, пайшоў краем кустоўя ў бок вёскі. Мусіць, трэба было б, пакуль не змерклася, брысці ў свае расцяробы, каб пасля не драць вочы ўпоцемку. Але яго ўсё цягнула да вёскі. І ён памалу ішоў лесам, пасля, асмялеўшы, выткнуўся на ўзлесак ля палетка з рунню, пастаяў на ўзмежку. За лагчынкаю ў вёсцы хутка гусцеў восеньскі змрок, заблішчэла некалькі агеньчыкаў у вокнах - там палілі святло. І яму захацелася ў прыцемку зазірнуць да каго ў акно, паглядзець з цемры ў хату, убачыць знаёмыя твары. Страшнавата было, ну, але, можа, не пазнаюць, калі і ўбачаць. Ён не адгукнецца нікому, толькі пройдзе па вуліцы і зазірне. Так карцела пабачыць каго жывога-наёмага. Найперш добрага чалавека, не злыдня, канешне.
Ціха, амаль крадком, часта спыняючыся, ён зноў, як і ўчора, прайшоў рунню паўз сваё нешчаслівае котлішча, паціху патупаў ля плота збоч ад дарогі. Ну во і прысадзістая Саўчыкава хата пад крывой сукаватай вербінай. Калі ўлезці ў гарод, якраз апынешся перад акном, што насупраць Лёксавай печы, там жа, у падаконні, некалі мясціўся кухонны столік, за якім елі. Зусім ужо ўпоцемку Хведар пералез цераз плот, паабстрыкаў у крапіве рукі, але няблага затуліўся ў зарасніках ад вуліцы і ад падворка. Праўда, святла ў Лёксавых вокнах пакуль што не было, ды Хведар адчуваў, што там не спалі - нейкія невыразныя гукі ўсё ж даляталі з таго боку сядзібы. І ён стаіўся ў крапіве, чакаў. І праўда, урэшце недзе глуха бразнулі дзверы, у акне ўзнікла хліпкае цьмянае святло - ад газнічкі, канешне. Мільганула ў адным акне, у другім і спынілася недзе ў дальнім кутку, ля запечча, ці што? Хведар напружана ўзіраўся - хто там? За акном каўзануўся нейкі няпэўны цень і прапаў. Хто то быў, адсюль зразумець было нельга. Як нельга было ўчуць людскога голасу ў заўжды гаманлівай на дзіцячыя галасы Лёксавай хаце. Ці там усе маўчалі, ці, можа, ціха сноўдала адзінокая постаць? Напэўна, жаночая. Але дзе ж тады астатнія? Дзе сам Лёкса? І яго пяцёра дачок?
Нічога болей не дачакаўшыся ў крапіве, Хведар вылез з гарода на вуліцу і зноў, як учора, ціха прайшоў з канца ў канец вёскі. Мігатлівае святло з вокнаў бліснула яшчэ ў некалькіх хатах, але ў дзьвюх вокны былі завешаны фіранкамі, а каля трэцяй хтосьці тупаў на падворку ля самых веснічак, і Хведар, уцяўшы галаву ў плечы, таропка прайшоў далей. Усё ж ён баяўся.
Начаваў зноў у лесе. Па ўзлеску адышоўся далей ад вёскі і скорчыўся на сухой імшарыне пад кустом ядлоўцу. Ноч была сцюдзёнаватая. Мабыць, да першых пеўняў ён звыкла дрыжэў і круціўся без сну, усё думаючы і думаючы над недарэчнымі вывертамі свайго нешчаслівага лёсу.
Усё не пераставаў дзівіцца, як гэтак удала дамогся свайго, відаць, яму ўсё ж здорава пашэнціла, можа, першы раз у жыцці. Праўда, каб ведаў адразу, што чакае яго, мо яшчэ і падумаў бы: ці варта наважыцца на такое? А не ведаў, і мусіць, добра, што не ведаў, не ўяўляў нават. І цяпер во - дома. Як будзе далей, ён не думаў ні тады, ні цяпер, думаць аб тым ён быў бяссільны, не хацеў і спрабаваць марна. Галоўнае - была шчасліва дасягнута нязбыўная яго мара, а там - што будзе. Як у п'яніцы, які імкнецца займець бутэльку, а пра хуткае пахмелле і не думае. Ці як згаладнелы - абы наесціся, а што затым - яго не дужа цікавіць. Здаецца, Хведар спатоліў прагу свае душы, а што будзе далей, хай тое і будзе.
Ноччу зноў хацелася есці, дзве свае бульбіны ён даўно ўжо з'еў, бадзяючыся па лесе, у кішэні яшчэ былі тры сырыя. Там, пад Котласам ці Сыктыўкарам, няблага елі і сырыя. Калі парэзаць бульбіну скрылькамі на хлеб, як рэдзьку ці бручку, з'ясі за мілую душу. І памагае ад цынгі. Мусіць, прыйдзецца і тут перайсці на сырызну, як скончацца сернікі. Як ён ні бярог іх, засталося ўсяго шэсць штук у дужа пацёртым карабку, а болей дзе возьмеш? У лесе не знойдзеш. Хіба папрасіць у вёсцы? А тут не папросіш. Гэта можна было прасіць у той старане, дзе цябе ніхто ведаць не мог. А тут пазнаюць адразу. Во дзіва, падумаў Хведар, выходзіць, што ў чужой старане лепш, чым у роднай? Да якой імкнуўся, пра якую думаў удзень і ўначы. І дзе столькі знаёмых, суседзяў, аднасяльчан. З кім мінулася яго жыццё. Але менавіта да іх і не паткніся, іх трэба сцерагчыся найбольш. Чаму так сталася? Так не па-людску і не па-боску? Чаму так?
Цяпер у яго, бы ў малога, былі сотні гэтых чаму, адказаць на якія ён, колькі ні думаў, не мог. Як не мог і ніхто. У каго толькі ён не пытаўся.
Гэтая ноч, здаецца, была бясконцай, як бясконцымі былі ягоныя турботы ад сцюжы. Ён усё круціўся на вогкім імшыстым доле, курчачыся і так і гэтак, калаціўся, ляскаў рэштаю зубоў, каб як сагрэцца. Але сагрэцца не было як. Ды і дрымотная знямога на мяжы сну моцна трымала яго ў сваіх кіпцюрах, ён то забываўся трохі, штось трызнячы, то прахопліваўся зноў. Вакол было ціха. Апоўначы амаль сціхнуў звыклы лесавы шум, вяршаліны елак у небе зусім пазнікалі ў густой цемрадзі, між хмар трохі пабліскала і знікла высокая зорка. Мусіць, за поўнач недзе пакугікала лясная сава - у балотным баку, за расцяробамі. Урэшце коратка кугікнула апошні раз і змоўкла, бы падавілася. Можа, і ён трохі задрамаў пад ранак, зусім ужо занямогшыся ў барацьбе са сцюжай ці прытрываўшыся да яе.
Прачнуўся, адразу ахоплены нейкай трывогай, бадай страхам - узняў галаву і адразу ўбачыў насупроць у хмызняку мокрую каровіну пысу з ніткай зялёнай сліны на валасатай губе - карова цікаўна ўперлася ў яго самотным позіркам вялікіх вачэй. Поруч зашархацела вецце, і да першай вылезла з кустоўя другая кароўка, рыжая са зламаным рогам на крутым кароўім ілбе, таксама ўставілася ў яго. У наступнае імгненне Хведар з прыкрасцю сцяміў, што трапіў у вясковы статак, які, мабыць, зараз увесь абступіць яго, і ўскочыў. Каровы былі не страшныя яму, але ж дзесь тут ішлі пастухі. (Усё ж, мусіць, не трэба было так неабачліва класціся пад кустом.) Хведар махнуў рукамі на цікаўных кароў і толькі памкнуўся ўбок, у кустоўе, як дзесьці побач гаўкнуў сабака. Па звяглівым голасе Хведар даўмеўся, што сабачка так сабе, мабыць, не ваўкадаў. Але, халера на яго, той заекатаў так апантана, што, здалося, напрабіў вэрхалу на ўвесь лес. Хведар бегма кінуўся прэч, далей у лес, і тады сабака выскачыў з алешніку збоч і пабег, пабег - напярэймы яму, ці што? Што было сілы бегучы між кустоўя, Хведар у думках лаяўся і шэптам гукаў на сабаку: ды адстань ты, пракляты пёс! Але пёс не адставаў, екатаў з яшчэ большым імпэтам і гнаўся за ім, аж захліпваючыся ад звяглівае сабачае злосці. «Малы, а злы, як чарцяка, каб ты здох!» - казаў сабе Хведар. Ды сабака не думаў здыхаць, ён доўга гнаў чалавека па зарослым алешнікам лесе, і Хведар не мог на яго крыкнуць ці як адагнаць, мог толькі лаяцца ў думках і махаць рукамі. Сабака ж, відаць, махання таго не баяўся, а злых думак не разумеў. Сабачае ж злосці ў яго хапала не на адну вярсту.