Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Выбранае

Василь Быков

Шрифт:

Мусіць, аднак, ён горшы за шпіёна. Бо таго ловяць адны пагранічнікі, а яго апроч тых яшчэ і два загоны - з вёскі і з раёна. А божа ж мой, во дык воўк. Во дык дзікун...

Усё ж шчасце яго было ў тым, што ні з аднаго з трох загонаў яго пакуль што не заўважылі - ён іх заўважыў першы. Але ці доўга яму будзе так шэнціць? Мабыць жа, згледзяць і яго. Што ж ён, які невідзімка? Праўда, ён ведаў гэты Казённы лес і цяміў, у які бок сунуцца. Але ж і яны, мабыць, таксама ведалі лес, ужо яго аднавяскоўцы напэўна, думаў Хведар. Цяпер ён бег невядома куды, мабыць у чацвёрты бок, дзе не было выйсця. У чацвёртым баку быў тупік, лясны край - Багавізна. Там дрыгва, багна, віры, улетку туды не сунешся. Туды і звер не ходзіць, не тое што чалавек. Да самых маразоў там патоп і пагібель.

Але куды ж яму дзецца?

Ён ужо не бег - ён плёўся між змрочнага ельніку, па мяккім, набрынялым вільгаццю доле. І ўсё слухаў, што робіцца ззаду. Ззаду ваўсю гучалі галасы, хтось там галёкаў, адкрыта і загадна, гучна брахаў сабака. Мабыць, загоны сышліся, а яго ўпусцілі. А можа, яны вернуцца назад, на гасцінец і ў вёску, абнадзеена падумаў Хведар і стаіўся за елкай. Хоць бы далі аддыхацца, а то знямоглая гаркота раздзірала грудзі...

Аддыхацца, аднак, не далі.

Яны ўжо былі недзе блізка, убачыць іх яму заміналі дрэвы. Зрэшты, як і ім яго, мабыць, таксама. Але ён пачуў ажывелыя вокрыкі зводдаль: «Глядзі, след!» - і зразумеў, што яны пайшлі наўздагон. І што яму ад іх не ўцячы. Іх некалькі дзесяткаў, жыхароў і чырвонаармейцаў, яны абклалі лес з трох бакоў. А ён перад імі адзін. І ён ушчэнт змораны. І ўжо не ведае, куды бегчы і дзе хавацца. Ён толькі бяжыць. Мабыць, апошнія свае крокі. І тут ён убачыў перад сабой у ельніку хуткае мільганне ў доле - то ўцякаў-ратаваўся заяц. Спярша бег ад чырвонаармейцаў, а цяпер, мабыць, ад яго, Хведара. Але нашто ад яго? Ён сам цяпер быў у становішчы зайца. Мо нават горшым, бо заяц, напэўна, яшчэ ўратуецца...

«Людцы, завошта вы так?
– гучала ў ім нутраным роспачным шэптам.
– Што я зрабіў кепскае вам? Што - малатарню?.. Дык тады ж дзякавалі па шчырасці, здаецца. Ці ж я хацеў каму кепскага? Ці сабе многа ўзяў? Я ж аддаў ўсё вам - бярыце. Толькі завошта ж мяне так люта? Людцы, адумайцеся!..»

Аднак ніхто не адумваўся - яго гналі, як гоняць воўка на адмысловым паляванні. А ён усё чакаў, што нехта там стане і скажа: «Пастойце, братцы! Што ж гэта мы...»

Не стаў, не сказаў, і яго гналі далей.

– Роўба, стой!!!

Ну вось, нарэшце...

За ўвесь час недарэчных сваіх уцёкаў Хведар чакаў гэтага вокрыку ўдзень і ўначы, і ўсё роўна цяпер ён прагучаў знянацку і страшна. Хведар не адразу азірнуўся - там ззаду, між елак, ужо мільгалі цёмныя постаці, сваіх ці чырвонаармейцаў - ён не разглядзеў нават. Галоўнае ён сцяміў: яго ўбачылі. Але ўжо і бегчы рабілася неяк, мабыць, ягоны маршрут канчаўся. Неверагодна дзівосны маршрут - праз тысячу вёрст да роднай зямлі. Аднак жа няласкава яна сустрэла яго, родная яго зямелька. Не ды бог з ёй, чаго было чакаць лепшага. Такі яго лёс! Пракляты лёс, які наканаваў яму ў такі час нарадзіцца селянінам.

Скончыўся змрочны ельнік, і за кустоўем лазняку ўсчыналася дрыгвяністая імшарына. Не спыняючыся, бегма ён сунуўся туды. Мяккі таўшчэзны пласт моху зазыбаўся пад нагамі, пасля ногі правальваліся да каленяў у чорную хлюпкую гразь. Далей ісці, мабыць, было вар'яцтвам. Але што для яго не было вар'яцтвам? Наперадзе трымцела на ветры клочча асакі, аеру, буялі ад берага лазняковыя купіны, і між імі блішчэлі чорныя вокны прадонняў; там усчыналася Багавізна. Ён, аднак, не спыняўся - з роспачным намаганнем выдзіраючы з твані свае пасталы, дабрыў да лазняку і пралез між кустоўя. Тут ужо брыў да пояса ў багне, рассоўваючы целам раску, упарта лез усё далей, пакуль ногі мелі нейкае апірышча ў тваністым, перавітым карэннем доле. Хутка, аднак, дол знік пад нагамі, знянацку Хведар шуснуў з галавою ў густую багністую прорву, аднак усё ж вынырнуў, згубіўшы з галавы шапку. Каб не захлынуцца канчаткова, ухапіўся аднаруч за нейкі слізкі корань з суседняй купіны. Увесь ён быў у багне, толькі галава яшчэ вытыркалася на паверхню. Смярдзючая вада цякла з носа, сцюдзёныя яе абдымкі скавалі ягонае цела, ногі скруцянелі ад сутаргаў, і ён дробненька, з перапынкамі дыхаў.

Ззаду на цвёрдым беразе за імшарынай гучала галасістая гамана, брахаў сабака, мабыць, там сышліся загоншчыкі. Ці яны згубілі яго, ці баяліся лезці ў сцюдзёную, смярдзючую твань? Ён добра чуў тут іх устрывожаныя галасы: «Во, туды пабег...» - «У твані ён!» - «Глядзі, куды сунуўся! Ах ты маць часная!» - «Вылезе, нідзе не дзенецца кулацкая морда!»...

«Не, ужо не вылезу!» - з панылай злосцю сказаў ён сабе ў думках, гойдаючы целам застаялую раску на твані. Яго тут трохі хавалі ад берага купіны і лазняк. А галоўнае - тыя, на беразе, мабыць, не надта імкнуліся ў багну, мабыць жа, ведалі, што дна ў ёй няма. І ён гэта ведаў. Колькі разоў, бывала, са страхам глядзеў здаля на лазняковы прасцяг бяздоннае багны, якую заўжды акуратна абыходзіла жывёла. Цяпер ён сядзеў у ёй. І, мусіць, шляху назад не было.

Ад сцюжы ў вадзе дубянелі рукі і асабліва ногі, усё ўнутры ў яго сцялося ў тугі, хваравіты вузел - каб толькі стрываць. Але, мабыць, доўга трываць тут не прыйдзецца, усё ўжо канчалася. Трошкі, аднак, не хапала рашучасці. Варта было выпусціць з рук той корань ад купіны, як ён бы адразу пайшоў у бездань. Цяжкая суконная паддзёўка ўладна цягнула ўніз, пасталы зрабіліся, мабыць, пудовымі і таксама цягнулі за ногі. Але ён трымаўся, немаведама на што спадзеючыся, і часта дробненька дыхаў, бы рыбіна, выкінутая на пясок.

Роўба, вылазь!

– Вылазь па-добраму. А то...

– Грамадзянін Роўба, ад ліца Савецкай улады папярэджваю...

Яны там крычалі, а ён ужо мала і слухаў. Усё роўна вылезці адсюль ён не мог. Ды не надта і хацеў. Ён толькі марудзіў. Дарма, аднак, марудзіў. Недзе зблізку, за лазняком, пачулася:

– Штось не відаць тут...

– Ды там. След во ў дрыгве...

«О, людзі, людзі! За што ж вы так?.. Людзі...»

Аднак яны ўжо лезуць. Хведар трохі пасунуўся ў твані, гайдануўшы раску, павярнуў за купінай галаву. Дзве постаці ў асацэ, высока ставячы ногі, памалу прабіраліся да яго прадоння. У руках аднаго матлянуўся даўгі шост-палка - ці не збіраліся яны выганяць яго з твані? Ён бачыў іхнія галовы ў кепках, іх саміх да пояса. Гэта былі незнаёмыя хлопцы, мабыць, камсамольцы з раёна. Недзе за кустамі паблізу басавіта брахаў сабака, але ў ваду, здаецца, не лез.

– Далей не сунешся.

– Давай, давай! Яшчэ можна!
– пачулася трохі збоку, і ад тых слоў у Хведара разам заняло дыханне. Ён пазнаў гэты голас - ён бы пазнаў яго і на тым свеце. «Бедны Міколка!
– раптам падумаў Хведар.
– І яму во лезці сюды! Мусіць, аднак, не ад салодкай жызні». Тыя двое з шастамі, аднак, ці не згубілі яго сляды, трохі павярнулі ўбок за самы гушчар лазняку, можа, яны падумалі, што ён сядзіць там. А ён не сядзеў там, ён не хаваўся наогул. Ён ужо быў для іх недасяжны. Ён яшчэ не дабрыў да таго свету, але ўжо бадай што сышоў з гэтага. На гэтым засталася хіба ягоная галава і вочы. Каб астатні раз зірнуць і развітацца. Як убачыць яго, дык ён і адыдзе. Калі датрывае... Божа, ніколі ў яго не было думкі забіць сябе, заўжды ён апантана змагаўся за жыццё. А тут во мусіць...

Аднак, можа, ён хоць перад канцом згледзіць сына? Бедны Міколка: што ён перажывае цяпер? Пэўна ж, то не па сваёй волі - ён змушаны! Можа, яму загадалі? Які вышэйшы начальнік. Бо, мабыць жа, ёсць і над ім начальнік. І паслалі яго лавіць у лесе бацьку, якога ён выракся. Калі выракся, дык, мабыць, можна і лавіць. Але калі такое магчыма, тады як жа жыць? Можа, яму яшчэ загадаюць, злавіўшы, учыніць допыт над бацькам? І сын змушаны яго катаваць? Божа, нашто ты стварыў тады белы свет!

– Ляшчук, вунь туды пырані!

Гэта таксама Міколка - аднекуль здаля цвёрдым начальніцкім голасам, якога не ведаў Хведар. Той голас ён набыў ужо без бацькі. Шчаслівая яго маці, што не бачыць таго. І не чуе.

Тым часам у суседнім лазовым кусце зашархацела, і канец тонкай палкі наскрозь прапароў лісцвяны гушчар. Цяпер настала чарга ягонай купіны. Але, мабыць, яны не паспеюць. Усё ж ён іх апярэдзіць.

Хведар інстынктыўна хлябнуў болей паветра - на астатні раз - і выпусціў з рук вузлаваты корань. Цяжкія ногі ў нязносных сырамятных пасталах адразу памкнулі яго ў глыб багны, ён захліпнуўся. Знутры балюча ўдарыла ў вушы, і ўсё пагасла ў вачах.

Поделиться с друзьями: