Выбранае
Шрифт:
Раздзел пяты. Аблава
Ноччу ўсчаўся вецер, лес апантана шумеў, елкі, здавалася, аж гулі ад ветранога напору, не перастаючы, ляскаталі лісцем бярозы, і Хведар думаў: зараз палье дождж. Той ноччу ён не пайшоў у вёску, ён наогул болей не вылазіў з лесу, які даваў яму больш-менш бяспечны прытулак. Іншага на гэтай зямлі ў яго не засталося. Кожны раз ён абіраў для сябе новае месца - абы далей у лес. Гэты вечар, уцёкшы ад даганятых, упаў долу там, дзе яго застаў прыцемак - у маладым густаватым ельніку, акрай хмызняковай імшары. Ісці далей, мусіць, не мела сэнсу, за імшарынай пачыналася балота, а галоўнае - у яго ўжо не заставалася сілы. Трохі адляжаўшыся, сеў, парэзаў на скрылікі і зжаваў тыя чатыры бульбіны. Болей з яды ў яго не было нічога, і ён сядзеў ноччу ў ельніку, думаў.
Божа мой, божа, чаму мне выпала гэткая доля? Чаму я такі бядак? Хто ў мяне ўкраў шчасце і цяпер палюе за маім жыццём? Хіба я такі грэшны перад людзьмі ці пера богам? Каго я забіў, абабраў ці хоць зняважыў - каго? Заўжды стараўся як найлепш, барані бог, каб хто пакрыўдзіўся, не папракнуў знарок ці з непаразумення. Заўжды пачціва ставіўся да ўлады, быў шчыра ўдзячны ёй за зямлю, за шчодрасць да бедняка, нядаўняга фальваркоўскага парабка. Ды і як жа інакш - Савецкую ўладу лічыў сваёй, сялянскай уладай. Яшчэ, бывала, пярэчыў на сходках, як некаторыя наракалі: таго няма, таго мала. Няма мануфактуры, цвікоў, не хапае газы, не купіць цукру... Казаў каторым нецярпліўцам: чакайце - не ўсё адразу. Савецкая ўлада, яна не пакрыўдзіць бедняка, яна галоўны свой клопат мае аб трудавым сялянстве. Ды ці ён сам тое прыдумаў? Аб тым пісалася ў газетах, тое ж гаварылі прадстаўнікі на сходах. І ён верыў. Ён гатовы быў усім пра ўсё верыць, бо сам не хлусіў ніколі, нікога за жыццё не ашукаў.
Хто ж ашукаў яго? І ашукаў так жорстка, бязлітасна, на ўсё жыццё?
Зрэшты, да ашуканстваў ужо можна было прывыкнуць - ці мала ён іх ператрываў у жыцці? Ашуквалі суседзі, радня, сяльчане. Заўжды ашуквала начальства - і тут, і ў высылцы. Ашуквалі таварышы па няшчасці. Некаторым за тое ён нават быў шчыра ўдзячны...
З Поўначы ўцякалі звычайна вясной, як раставаў снег і абуджалася тайга. Хоць і бедная была паўночная веснавая тайга, харчу ніякага не мела, апроч хіба ягад. Але стала вышэй хадзіць негарачае сонца, канчаліся лютыя маразы і сцюжа. А галоўнае - пачыналася пара зялёнай травы, дарогі без слядоў - ідзі куды хочаш. Такою парой мала хто з нявольнікаў гэтых лагераў і пасёлкаў не мроіў пра ўцёкі, пра той запаветны край, з якога быў вырваны сілай. Але ж тысяча кіламетраў тайгі, бездараж і бязлюддзе давалі адвагі не многім. Для тае адвагі патрэбна было жалезнае здароўе, звярыная сіла, а яны пад вясну ледзьве цягалі ногі. Але мары ап'янялі, а ап'янелы чалавек хто ведае на што здольны. І на разумнае, і на дурное - гэта ўжо гледзячы па абставінах.
У іх на сплаве, які толькі што распачаўся, уцячы з пасёлка было няцяжка - цяжка было затым перайсці тайгу. Некаторых лавілі - на рацэ і на дарогах, некаторых нават за сотні кіламетраў - на чыгунцы і прыстанях. І ўсё роўна ўцякалі. Ён пра ўцёкі ўсур'ёз не думаў, пакуль на руках была хворая жонка і малая Волечка. Але затым, як застаўся адзін... Хіба толькі думалася і тут жа забывалася. Усё ж рашучасці ў яго не хапала, а пра свае мары ён нікому не намякаў нават. Ён наогул быў там маўклівы, сваіх людзей побач не аказалася, а з чужымі трымаўся асцярожна - ці мала што! Дый не падабаліся многія: крыклівыя, жорсткія, нягодныя. Можа, яго абыходзілі таксама, пагарджалі ім - забітым, малапісьменным мужыком-беларусам. Канешне, што ён для іх? Чым ён мог быць ім карысны? І ён прывык да тае няўвагі да сябе і дужа здзівіўся аднойчы, калі ім зацікавіўся чалавек.
Неяк на штабялёўцы ў запані, як брыгада грувасціла бярвенне ў высачэзныя гурты, да яго ціха падышоў Вугор. То быў таксама ссыльны, але не з сялян раскулачаных, а яшчэ з нейкіх, ён працаваў у адной з ім брыгадзе, ды таемна знаўся з некаторымі людзьмі ў іншых брыгадах. Былі чуткі, што ў ссылку ён трапіў пасля Варкуты, дзе на шахтах адбываў тэрмін за нешта крымінальнае, выйшаў там у начальства, ды на чымсьці праштрафіўся. Родам быў гарадскі, здаецца, аднекуль з Урала, паводзіў сябе стрымана, з начальствам - без асаблівай пакоры, ведаў сабе цану, часам вольнічаў - мог дазволіць калі лішнюю хвіліну на перакур. І начальства не надта да яго чаплялася, бы зважала яму.
Гэты Вугор паазіраўся, паслухаў - блізка нікога не было, і кажа Хведару: «Дамоў хочаш?» Хведар здзівіўся, збянтэжыўся, адразу і не зразумеў пытання. Тады той растлумачыў: «Ёсць такая магчымасць. Нас двое. Трэцім будзеш?» Пра што было і казаць, канечне ж, дамоў Хведар гатоў быў паляцець на крылах, усё ў ім узгарэлася ад тых слоў чалавека. Толькі як? Якая ў іх з'явілася магчымасць? Але, мусіць, з'явілася, калі добры чалавек прапануе. «Значыць, згодны?
– ціха папытаўся Вугор.
– Тады заўтра станавіся на крайні штабель».
Назаўтра ўранку ён і сапраўды стаў на працу ля крайняга ад лесу штабеля. Зрабіць гэта было няцяжка, бо іншыя, калі брыгадзір расстаўляў на рабочыя месцы, стараліся не вытыркацца: той штабель быў самы дальні, і бёрны да яго трэба было цягаць здалёк. Хведар жа тады выйшаў наперад і якраз апынуўся ў той чацвёрцы, якую накіравалі на канец пляцоўкі. Там жа апынуўся і Вугор. Яны памалу ўзяліся качаць бярвенне, але, як толькі брыгадзір знік з вачэй, Вугор міргнуў адным вокам: маўляў, за мной! Бокам, бокам ён падаўся ад пляцоўкі, Хведар з дрыготкім сэрцам паклыпаў следам.
Уцяклі яны ўдала, тады іх ніхто не затрымаў, можа, і не заўважыў нават. У распадку да іх далучыўся аднавокі вярзіла, што меў прозвішча ці мянушку Скакун. То быў, як зразумеў Хведар, стары Вугроў сябрук, і яны ўтрох першы ж дзень адмахалі па дзікай тайзе вёрст сорак. Звычайна ў тым краі ездзілі па рэках зімой ці берагамі ракі ўлетку, але цяпер ім берагамі не выпадала - на берагах іх адразу б узяла міліцыя. І яны выправіліся кружным шляхам - тайгой. Ягоныя сябры прыпаслі троху харчу, мабыць, рыхтаваліся болей старанна, чым ён, і дужа ашчаджалі тыя шэсць кілаграмаў мукі і дваццаць шэсць сухароў, што неслі ў навалачцы ад падушкі. У іхняй невялічкай групе ўсім распараджаўся Вугор. Хведар увесь час быў дужа ўдзячны яму, што даверыўся і ўзяў за кампанію менавіта яго, а не каго іншага. З тае ўвагі ён ужо гатовы быў сябе паважаць, не кажучы пра ягоную ўдзячнасць Вугру. Вугру ён служыў у дарозе чым мог: стараўся ўзяць на сябе што цяжэйшае з ношы, даўжэй пасядзець ля цяпельца, як астатнія двое клаліся спаць, каб папільнаваць агонь. Неяк ля ручая, як яны сушыліся пасля дажджу, Хведар расчулена падзякаваў Вугру за давер і ўвагу да сябе. Той, аднак, хітра прыжмурыў ад дыму вока і з ухмылкай сказаў: «Дык я ж адразу ўбачыў: дужа дамоў хочаш».
– «Што праўда, то праўда. Дзякуй жа табе за тое».
– «Пасля аддзячыш. Красненькімі», - ухмыльнуўся Вугор.
Тады ён і сапраўды быў неблагі хаўруснік, клапатлівы таварыш. Па справядлівасці дзяліў іх небагаты харч, уранку сам распальваў касцярок, заўжды вызначаў шлях і ішоў наперадзе. Тайгу, як можна было здагадацца, ён ведаў лепш за іх двух, мабыць, не першы раз падарожнічаў па ёй. Куды і як будуць ісці далей, Вугор ім не казаў, і Хведар ні пра што не пытаўся: ён ужо прывык спадзявацца на вопыт таварыша. Сапраўды, хіба б ён адзін адмахаў за тыдзень две сотні вёрст без дарог, па незнаёмым лесе? Гэта пасля ён што-нішто зразумеў у жахлівай справе ўцёкаў, а тады быў дурны і зялёны, бы салдат-навабранец.
Папаліся яны па-дурному, выпадкова; тут, канешне, ні Вугор, ні хто іншы не быў вінаваты. Увечары каля невялічкай таежнай рачулкі напаткалі пакінутую паляўнічую хатку, зайшлі, думаючы чым пажывіцца, але марна, нічога здатнага ў ёй не знайшлі. Начаваць там не адважыліся, адышліся вярсты дзве і ўжо ў прыцемку, дашчэнту змораныя, не распальваючы цяпельца, паклаліся радком на мяккім моху ў хвойніку. На світанні іх і паднялі пад рулямі дзвюх стрэльбаў. Пасля аказалася, што ўчора ля тае хаткі іх згледзеў тутэйшы паляўнічы, сказаў брату і яны ўдвух дагналі ўцекачоў. Усё адбылося нечакана, знянацку; каб яны мелі трохі больш часу, дык, можа б, як выкруціліся. Але не паспелі яны апамятацца, як прыйшла фурманка, і іх адвезлі на лесаўчастак, адтуль на прыстань, у камендатуру. Браты-паляўнічыя, мабыць, атрымалі сваю ўзнагароду, а яны апынуліся ў становішчы яшчэ горшым, чым да ўцёкаў. Хведар дужа перажываў ад таго, проста счарнеў з твару ад гора і нават не ўзяў свой кавалак хлеба, які ім кінулі ў каталажцы. Вугор тады, неяк адразу страціўшы свой звычайна добразычлівы тон, буркнуў: «А табе чаго кіснуць? Табе дык радавацца трэба».
– «Як?» - не зразумеў Хведар. «А так!
– нядобра засмяяўся яго таварыш.
– Што кабаном не стаў».
– «Якім кабаном?» - усё не разумеў Хведар. «Не ведаеш якім? Во, у тым уся справа, што ўжо не ўведаеш».
Хведар тады так і не зразумеў нічога. Толькі пасля, як яго вярнулі ў яшчэ горшае пекла - на тарфянішча за Сыктыўкарам, неяк у размове з вушлымі зэкамі ён папытаўся, што значыць гэтае слова, і ў яго пацямнела ўваччу. Аказваецца, так звалі таго наіўнага дзівака, якога падбівалі на ўцёкі, каб, калі скончацца прыпасы, пахарчавацца ім у тайзе. Гэта і ёсць кабан.
А ён столькі часу быў удзячны Вугру. Ён проста яго палюбіў найперш за давер і ўвагу. Так той апекаваў свайго кабана... Ну але ж гэта Вугор - закаранелы злачынец, забойца, чаго іншага было ад яго чакаць. А як во жыццё паставілася да чалавека, бы той Вугор, - неміласэрна, жорстка і вераломна?