Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Забойства на вуліцы Морг

По Эдгар Аллан

Шрифт:

Звярні ўвагу і на іншыя праявы гэтай неверагоднай сілы. На каміне знайшлі тоўстыя пасмы — вельмі тоўстыя — сівых чалавечых валасоў. Іх павыдзіралі з каранямі. Ты ўяўляеш, колькі трэба сілы, каб вырваць вось так з галавы адразу дваццаць або трыццаць валасоў! Ты ж, як і я, бачыў тыя пасмы. На каранях — жудаснае відовішча! — запякліся кавалкі скуры, паздзіранай з галавы — доказ той неймавернай сілы, з якой адным махам вырвалі з каранямі, відаць, паўмільёна валасоў. Горла старой не проста перарэзалі — адсеклі галаву, а ў руках забойцы была звычайная брытва. Звярні таксама ўвагу на звярыную жорсткасць злачынства. Я не гавару ўжо пра сінякі на целе мадам Л'Эспанэ. Месье Дзюма і яго шаноўны калега месье Эцьен лічаць іх вынікам удараў нейкай тупой зброяй, і трэба сказаць, панове маюць рацыю. Тупой зброяй, цяпер гэта ўжо відавочна, быў брук, на якім аказалася мадам Л'Эспанэ, калі вывалілася з акна, застаўленага ложкам. Аднак гэта ідэя, якая, хоць і здаецца цяпер вельмі простай, не прыйшла ў галаву паліцэйскім, яны не звярнулі ўвагі на шырыню аканіц — і гэта таму, што праз тыя самыя цвікі канчаткова атрафіраваліся ўсе іх здольнасці думаць і такім чынам пагадзіцца з магчымасцю таго, што вокны ўсё ж маглі адчыняцца.

Калі цяпер яшчэ і ўважліва паразважаць наконт незразумелага беспарадку ў спальні, застаецца толькі супаставіць неймаверны спрыт, нечалавечую сілу, звярыную жорсткасць, беспадстаўнасць крывавага забойства, неверагодную жахлівасць зусім не ўласцівых чалавеку паводзін і незразумеласць інтанацыі голасу людзям самых розных нацыянальнасцей, якія не змаглі разабраць не тое што ніводнага слова, але нават складу. Што ж вынікае з усяго гэтага? Які вобраз я стварыў у тваім уяўленні?

У мяне ад гэтага пытання па целе папаўзлі мурашкі.

— Вар'ят, — усклікнуў я, — гэта справа рук шаленца, які, відаць, уцёк з бліжэйшага вар'яцкага дома.

— У нейкай ступені, — заўважыў Дзюпэн, — твая версія не такая ўжо і недарэчная. Але выкрыкі вар'ята нават у час самых шалёных прыпадкаў непадобныя на гукі таго голасу, што чулі людзі, калі беглі ўверх па лесвіцы. У вар'ята ёсць нацыянальнасць, мова. Ён можа вярзці нешта незразумелае, вымаўляючы словы без усялякай сувязі, але захоўваючы тым не менш сувязь паміж складамі. Апрача таго, валасы чалавека, хоць і вар'ята, непадобныя на тыя, што я трымаю ў руцэ. Я выцягнуў гэтую пасмачку са счэпленых у кулак пальцаў мадам Л'Эспанэ. Ну, што ты наконт гэтага скажаш?

— Дзюпэн! — усклікнуў я канчаткова разгублены. — Валасы гэтыя вельмі незвычайныя — яны не чалавечыя!

— А я і не сцвярджаю, што яны чалавечыя, — сказаў Дзюпэн, — але перш чым прыйсці да нейкай высновы, хачу, каб ты зірнуў вось на гэты рысунак, які я намаляваў на паперы. Гэта дакладная ілюстрацыя той часткі сведчання, дзе ішла гаворка пра «чорныя сінякі і глыбокія сляды ад пазногцяў» на шыі мадэмуазель Л'Эспанэ, а таксама і другога сведчання, якое атрымалі ад паноў Дзюма і Эцьена, дзе ішла размова пра «шэраг сініх плям, што відавочна былі слядамі пальцаў».

— Пагадзіся, — працягваў мой прыяцель, распраўляючы перада мной на стале паперу, — што, мяркуючы па рысунку, хватка моцная і ўчэпістая. У ахвяру ўпіліся ўсімі пальцамі і не адпускалі шыю, пакуль нябожчыца не сканала. Паспрабуй зараз адначасова пакласці пальцы на ўсе адпаведныя адбіткі. Паглядзім, як табе гэта ўдасца.

Я паспрабаваў зрабіць так, як сказаў Дзюпэн, але ў мяне нічога не атрымалася.

— Можа, мы робім гэта не так, як трэба, — сказаў Дзюпэн. — Папера ляжыць на роўнай паверхні, чалавечая ж шыя — круглая. Вось палена, прыкладна такога ж радыуса, што і шыя. Абгарні яго паперай з рысункам і паспрабуй правесці эксперымент яшчэ раз.

Я ўсё зрабіў, як ён сказаў, але зрабіць гэта было яшчэ больш цяжка, чым раней.

— Гэта, — сказаў я нарэшце, — адбітак не чалавечай рукі.

— А зараз, — прапанаваў Дзюпэн, — прачытай вось гэты ўрывак з Кюўе [17] .

Гэта былі падрабязныя анатамічнае і агульнае апісанні бурага арангутанга, які водзіцца на Ост-Індскіх астравах. Велізарная жывёла, яе неймаверныя моц і спрыт, неўтаймавальная злосць і надзвычайныя здольнасці да пераймання — агульнавядомыя. Я адразу ж зразумеў увесь жах забойства.

17

Жорж Кюўе — французскі натураліст дзевятнаццатага стагоддзя, які займаўся класіфікацыяй жывёльнага свету.

— Апісанне пальцаў, — сказаў я, закончыўшы чытанне, — дакладна супадае з рысункам. Цяпер я разумею, што ніякая другая жывёла, акрамя арангутанга, не магла пакінуць такіх адбіткаў, якія ты тут намаляваў. Жмуток рудой поўсці таксама адпавядае апісанню, дадзенаму Кюўе. Але я ніяк не магу зразумець акалічнасцей гэтай жахлівай таямніцы. Да таго ж людзі чулі, як сварыліся два чалавекі, і адзін голас бясспрэчна належаў французу.

— Сапраўды так; і табе запомніўся выраз, які ледзь не ўсе прыпісваюць гэтаму голасу, — «Mon Dieu!». Гэтыя словы, улічваючы абставіны, як справядліва ахарактарызаваў адзін сведка (Мантані, уладальнік крамы), выказвалі пратэст і папрок. Таму менавіта з дапамогай гэтых двух слоў я і спадзяваўся знайсці разгадку да таямніцы. Нейкі француз быў сведкам забойства. Магчыма, і нават больш чым верагодна, ён не вінаваты ў крывавым забойстве. Арангутанг мог ад яго ўцячы. Француз жа, відаць, адшукаў яго ў тым самым пакоі, але ў сумятні, што там узнікла, не здолеў яго злавіць. Малпа па-ранейшаму на волі. Я не хацеў бы падрабязна гаварыць аб сваіх здагадках, бо пакуль не маю права называць іх інакш, таму што хісткія меркаванні, на якіх яны заснаваны, далёка не такія глыбокія, каб я мог канчаткова ўпэўніцца ў іх грунтоўнасці, а таксама таму, што не магу сцвярджаць, што яны будуць пераканаўчымі для іншых. Таму будзем па-ранейшаму называць іх здагадкамі і ставіцца да іх адпаведна. Калі той самы француз, як я спадзяюся, на самай справе не вінаваты ў жорсткім забойстве, дык вось гэта аб'ява, што я занёс учора вечарам па дарозе дадому ў рэдакцыю газеты «Монд», папулярнай сярод маракоў, прывядзе яго да нас.

Дзюпэн даў мне газету, і я прачытаў наступнае:

«Злоўлены — у Булонскім лесе, на досвітку — адпаведнага дня (якраз тады, калі адбылося забойства) вельмі вялікіх памераў буры арангутанг, з тых, што водзяцца на востраве Барнеа, будзе вернуты ўладальніку (згодна са звесткамі матросу мальтыйскага судна) пры ўмове дастатковых доказаў прыналежнасці яму жывёлы і кампенсацыі выдаткаў, звязаных з яе лоўляй і ўтрыманнем. Звяртацца па адрасе: дом No… па вуліцы… у Сен-Жэрменскім прадмесці, спытаць на трэцім паверсе».

— Як гэта, — спытаў я, — ты даведаўся, што гэты чалавек — матрос, ды яшчэ з мальтыйскага судна?

— Я гэтага не ведаю, — адказаў Дзюпэн. — І не ўпэўнены ў гэтым. Але вось кавалачак стужкі, якім, калі меркаваць па знешнім выглядзе і зашмальцаванасці, відавочна завязвалі валасы, queues [18] , якія так падабаюцца матросам.

Болей таго, такі вось вузел мала хто можа завязаць, акрамя матросаў, а дакладней, мальтыйскіх матросаў. Я падабраў стужку пад громаадводам. Яна не магла належаць забітым жанчынам. Калі ж усё-такі я і памыляюся ў сваіх высновах і наконт стужкі, і наконт таго, што француз — матрос з мальтыйскага судна, вялікай бяды з таго, што я напісаў у аб'яве, — няма. Калі гэта памылка, ён проста падумае, што мяне ўвяла ў зман якая-небудзь акалічнасць, пра якую і дазнавацца не будзе. Калі ж я маю рацыю, такім чынам будзе вырашана важная справа. Як сведка, хоць і не віноўны ў забойстве, француз, натуральна, будзе вагацца, перш чым адгукнуцца на аб'яву наконт арангутанга. Разважаць ён будзе так: «Я невіноўны; да таго ж чалавек я бедны, арангутанг наогул каштуе шмат, а для такога, як я — ён сапраўднае багацце — навошта ж мне губляць яго толькі таму, што баюся невядома чаго? Ён тут, побач — толькі руку працягні. Знайшлі арангутанга ў Булонскім лесе — гэта значыць вельмі далёка ад месца таго жорсткага забойства. Хто здагадаецца, што гэта зрабіла малпа? Паліцыя — у тупіку, не здолела знайсці нават самага нязначнага ключа да разгадкі. Калі яны і выйшлі на след малпы, ім не ўдасца даказаць, што я быў сведкам забойства або прышыць мне адказнасць за тое, што здарылася толькі таму, што я ведаў пра здарэнне. Галоўнае ж тое, што пра мяне ведаюць. Той, хто даў аб'яву, вызначыў мяне як уладальніка жывёлы. Не ведаю, наколькі падрабязныя яго звесткі пра мяне. Калі ж я не прызнаюся, што з'яўляюся ўладальнікам такой каштоўнай маёмасці, а гэта ўжо вядома, па меншай меры, жывёла акажацца пад падазрэннем. Такім чынам, не варта залішне звяртаць увагу на сябе ці на малпу. Лепш я з'яўлюся па аб'яве, забяру арангутанга і схаваю яго, пакуль уся гэта справа не атрымала агалоскі».

18

Хвасты (франц.).

У той самы момант мы пачулі, як нехта затупаў па лесвіцы.

— Трымай пісталеты напагатове, — звярнуўся да мяне Дзюпэн, — але не паказвай іх і не страляй без маёй каманды.

Уваходныя дзверы былі незачыненыя, наведвальнік зайшоў не пазваніўшы і пачаў уздымацца па прыступках. Але, відаць, завагаўся. Мы пачулі, як ён пайшоў уніз. Дзюпэн кінуўся да дзвярэй, але тут мы пачулі, што прышэлец вяртаецца. Больш ён не рабіў спробы павярнуць назад, рашуча пайшоў уверх па лесвіцы і хутка пастукаў у дзверы пакоя.

— Уваходзьце! — бадзёра і добразычліва адгукнуўся Дзюпэн.

У пакой зайшоў мужчына. Гэта быў, відавочна, матрос — высокі дужы атлет. На выгляд, той яшчэ вісус, але нельга сказаць, каб ён быў зусім несімпатычны. Моцна загарэлы твар быў напалову схаваны пад бакамі і mustachio [19] .

У руках матрос трымаў тоўстую дубовую палку, відаць, адзіную сваю зброю. Ён няўклюдна пакланіўся і пажадаў нам «добрага вечара» на добрай французскай мове, праўда, з лёгкім неўшатэльскім акцэнтам, але ўсё ж было зразумела, што ён карэнны парыжанін.

19

Вусы (італ.).

Поделиться с друзьями: