Забойства на вуліцы Морг
Шрифт:
— Сядайце, прыяцель, — сказаў Дзюпэн. — Відаць, вы прыйшлі наконт арангутанга. Па праўдзе кажучы, я амаль што зайздрошчу вам, выдатны экземпляр і, безумоўна, вельмі каштоўны. Колькі яму год, як вы лічыце?
Матрос уздыхнуў з палёгкай чалавека, з плеч якога зваліўся важкі камень, і загаварыў упэўненым тонам.
— Не ведаю, што вам сказаць — гады чатыры альбо пяць, не больш. Ён тут, у вас?
— Ну, што вы, не — у нас няма ўмоў для ягонага ўтрымання. Ён на платнай стайні, што па вуліцы Дзюбур, зусім побач. Можаце забраць раніцай. Вядома, вам не цяжка будзе даказаць свае правы.
— Вядома, не, сэр.
— Шкада будзе развітвацца з ім, — сказаў Дзюпэн.
— Не думайце, што ўсе вашы клопаты не будуць аддзячаны, сэр, — сказаў матрос. — Нават не мог разлічваць на гэта. Ахвотна заплачу ўзнагароду за тое, што вы знайшлі жывёліну — вядома, згодна з маімі магчымасцямі.
— Што ж, — адказаў мой прыяцель, — вельмі прыстойна з вашага боку. Дайце падумаць, што ж я магу ў вас папрасіць? Ага! Слухайце. Узнагарода будзе вось якая. Вы паведаміце мне ўсю тую інфармацыю, якой вы валодаеце, пра забойства, што адбылося на вуліцы Морг.
Дзюпэн сказаў апошнія словы вельмі ціха і спакойна. Гэтак жа спакойна ён падышоў да дзвярэй, замкнуў іх і паклаў ключ у кішэню. Потым дастаў пісталет, які трымаў за пазухай, і паклаў без усялякага шуму на стол.
Твар матроса зрабіўся барвовы, нібыта яго нехта душыў за горла. Ён ускочыў і схапіўся за палку, але адразу ж асеў на крэсла, потым увесь закалаціўся і зрабіўся белы як смерць, не здольны вымавіць ніводнага слова. Мне было шчыра шкада яго.
— Паслухайце, прыяцель, — спагадліва звярнуўся да яго Дзюпэн, — паверце слову двараніна і француза — мы не збіраемся зрабіць вам нешта дрэннае. Мне добра вядома, што вы не вінаватыя ў тых крывавых забойствах, што адбыліся на вуліцы Морг. Аднак, разам з тым, нельга сцвярджаць, што вы не маеце да іх ніякага дачынення. З таго, што я ўжо сказаў, вы, відаць, здагадаліся, што я валодаю крыніцай інфармацыі наконт гэтай справы — пра існаванне якой вы нават не здагадваліся. Абставіны складваюцца наступным чынам. Вы не зрабілі нічога такога, за што вас маглі б прыцягнуць да адказнасці. Вас нельга абвінаваціць у рабаўніцтве, хоць вы маглі беспакарана завалодаць чужымі рэчамі. Вам няма чаго хаваць, і няма падстаў для ўтойвання чагосьці. З другога боку, згодна прынцыпам гонару, вы павінны засведчыць усё, што вам вядома. За кратамі аказаўся бязвінны чалавек, якога вінавацяць у забойстве, а вы можаце вызначыць сапраўднага злачынцу.
Словы Дзюпэна падзейнічалі — матрос у значнай ступені ачуняў, але ад яго былой самаўпэўненасці нічога не засталося.
— Ну, што ж, застаецца спадзявацца на божую літасць, — адказаў матрос, крыху памаўчаўшы. — Няхай будзе так, я раскажу вам усё, што ведаю пра гэту справу. Трэба быць дурнем, каб спадзявацца, што вы хоць напалову паверыце маім словам. І ўсё ж я не вінаваты, і хай мяне пакараюць смерцю, але я вам раскажу ўсё як на споведзі.
Паведаміў ён, па сутнасці, наступнае. Нядаўна ён плаваў на астравы Індыйскага архіпелага. Кампанія матросаў, у якой быў і ён, выйшла на бераг у Барнеа і накіравалася на прагулку. Яны з таварышам злавілі арангутанга. Кампаньён хутка памёр, і матрос застаўся адзіным уладальнікам жывёліны. Перажыўшы шмат турбот праз неўтаймавальны нораў малпы ў час вяртання на радзіму, ён нарэшце здолеў прывесці яе ў свой парыжскі дом, дзе і трымаў як мага далей ад цікаўных вачэй суседзяў, чакаючы, пакуль у арангутанга зажыве пашкоджаная на караблі нага. Матрос разлічваў яго выгадна прадаць.
Неяк вярнуўшыся дадому з гулянкі, а было гэта ў тую ноч, дакладней, у тую раніцу, калі адбылося забойства, матрос убачыў у спальні арангутанга, куды той залез, вырваўшыся з суседняй каморкі, дзе яго звычайна трымалі за, здавалася, надзейна замкнёнымі дзвярамі, трымаючы ў руцэ брытву і намыліўшыся па ўсіх правілах, малпа сядзела перад люстэркам і збіралася галіцца, пераймаючы дзеянні гаспадара, за якімі, несумненна, назірала праз замочную адтуліну. Матрос напалохаўся, убачыўшы такую грозную зброю ў руках небяспечнай жывёліны, якой яна да таго ж так спрытна ўпраўлялася, і на некалькі хвілін разгубіўся. Аднак яму неаднойчы даводзілася ўтаймоўваць арангутанга нават у момант яго неймавернай раз'юшанасці пры дапамозе бізуна, таму і цяпер ён збіраўся зрабіць тое ж самае. Убачыўшы бізун, арангутанг кінуўся да дзвярэй, паімчаў уніз па лесвіцы і адтуль праз акно, якое, на жаль, было адчынена, скочыў на вуліцу.
Француз у адчаі пабег наўздагон. Малпа, па-ранейшаму трымаючы ў руцэ брытву, раз-пораз спынялася, азіралася, крывіла морду ў бок гаспадара і, падпусціўшы яго зусім блізка, зноў кідалася наўцёкі. Вось такім чынам яны адбеглі далёка ад дома. Было тры гадзіны ночы, і на вуліцах панавала мёртвая цішыня. Прабягаючы па завулку каля вуліцы Морг, уцякач звярнуў увагу на святло, мігцеўшае праз адчыненае акно спальні мадам Л'Эспанэ на пятым паверсе яе дома. Кінуўшыся ў бок будынка, арангутанг заўважыў громаадвод, з надзвычайным спрытам палез наверх па сцяне, ухапіўся за аканіцу, якая была адчынена насцеж, і з яе дапамогай скочыў на спінку ложка. На ўсё гэта спатрэбілася менш хвіліны. Апынуўшыся ў пакоі, арангутанг штуршком зноў расчыніў аканіцу.
Матрос не ведаў, радавацца альбо бедаваць. Ён вельмі спадзяваўся злавіць уцекача, бо наўрад ці той мог выбрацца з пасткі, у якую трапіў, мінаючы громаадвод, а тут матрос якраз і меркаваў яго падлавіць. Але, з другога боку, яго непакоіла тое, што малпа магла нарабіць у доме. Менавіта гэта прымусіла матроса рушыць услед за жывёлінай. Узлезці ўверх па громаадводзе яму, матросу, было няцяжка; але апынуўшыся на ўзроўні акна, што было злева, ён вымушаны быў спыніцца. Адзінае, што ён мог зрабіць, дык гэта, учапіўшыся за аканіцу, зазірнуць у акно. Ад жаху ён ледзь не зваліўся ўніз. Якраз тады і пачуліся тыя жудасныя крыкі, што абудзілі жыхароў вуліцы Морг. Мадам Л'Эспанэ і яе дачка, пераапранутыя ў начныя кашулі, відаць, разбіралі паперы ў жалезным куфэрку, выцягнутым на сярэдзіну пакоя. Ён быў адчынены, і паперы ляжалі побач на падлозе. Нябожчыцы, пэўна, сядзелі спінай да акна, і, мяркуючы па тым, што паміж з'яўленнем арангутанга і іх крыкамі прайшоў некаторы час, яны заўважылі яго не адразу, вырашыўшы, што аканіца грукнула ад ветру.
Калі матрос зазірнуў у акно, велізарная жывёліна трымала мадам Л'Эспанэ за валасы (распушчаныя, бо яна расчэсвала іх на ноч) і, імітуючы цырульніка, круціла перад яе тварам брытвай. Дачка нерухома ляжала на падлозе. Яна страціла прытомнасць. Ад крыкаў старой жанчыны і ў выніку яе супраціўлення — менавіта тады і былі выдраны з галавы валасы — мірныя, відаць, спачатку намеры арангутанга саступілі месца раз'юшанасці. Адным рашучым рухам мускулістай рукі ён ледзь зусім не адрэзаў галаву старой.
Калі жывёліна ўбачыла кроў, яе гнеў перайшоў у раз'юшанасць. Зубы арангутанга заскрыгаталі, вочы запалалі агнём. Ён кінуўся на непрытомную дзяўчыну, учапіўся сваімі страшэннымі кіпцюрамі за горла і не расціснуў іх, пакуль тая не сканала. Азірнуўшыся ў раз'юшанасці на спінку ложка, ён разгледзеў у цемры здранцвелы ад жаху твар гаспадара. Лютасць жывёліны, якая, відаць, не паспела забыцца пра грозны бізун, імгненна перайшла ў страх. Разумеючы, што яго чакае пакаранне, арангутанг, відаць, вырашыў схаваць сляды сваіх крывавых дзеянняў і, ахоплены панікай, замітусіўся па пакоі, раскідваючы і ламаючы мэблю, сцягваючы з ложка пасцель. Нарэшце ён схапіў труп дачкі і запіхнуў у комін, дзе яго пасля і знайшлі; потым надышла чарга старой жанчыны, якую ён выкінуў праз акно.
Калі арангутанг з сваёй знявечанай ахвярай з'явіўся ў акне, матрос прыціснуўся да громаадвода і, хутчэй з'ехаўшы, чым злезшы ўніз, кінуўся адразу ж дадому, з жахам усведамляючы магчымыя вынікі крывавага забойства і ахвотна даручаючы лёсу апекавацца арангутангам. Поўныя жаху воклічы француза і раз'юшаныя крыкі малпы і былі якраз тыя галасы, што пачулі людзі, калі беглі ўверх па лесвіцы.
Вось, бадай, і ўсё. Арангутанг, відаць, знік са спальні старой, спусціўшыся ўніз па громаадводзе якраз перад тым, як узламалі дзверы. Ён жа, відаць, і апусціў за сабой акно. Праз некаторы час малпу злавіў сам яе ўладальнік і прадаў за вялікія грошы Jarden des Plantes [20] .
20
Батанічны сад (франц.).
Лё Бона адразу ж выпусцілі на волю, пасля таго як мы пайшлі да прэфекта і ўсё расказалі (з каментарамі Дзюпэна). Гэты функцыянер добразычліва ставіўся да майго прыяцеля, аднак не змог схаваць прыкрасці ад такога павароту спраў і нават не ўтрымаўся, каб не зрабіць адной ці дзвюх саркастычных заўваг наконт таго, што кожны павінен займацца сваёй справай.
— Няхай пабурчыць, — сказаў потым Дзюпэн, не палічыўшы патрэбным заўважыць што-небудзь у адказ. — Няхай пафіласофствуе і супакоіць тым самым сумленне. Я рады, што перамог у яго ж замку. Тым не менш яму не варта здзіўляцца наконт уласнай няздольнасці знайсці разгадку таямніцы, бо, па праўдзе кажучы, наш прыяцель прэфект занадта хітры для таго, каб быць здатным зазіраць у глыбіню праблем. Яго ведам бракуе грунтоўнасці. Адна галава без тулава, як у выявах багіні Лаверны, ці, у лепшым выпадку, — галава ды плечы, як у траскі. Але ўсё ж ён добры хлопец. Асабліва мяне захапляе яго здольнасць адным махам здабываць сабе рэпутацыю вялікага разумніка. Я маю на ўвазе яго манеру de nier ce qui, et d'expliquer ce qui n'est pas [21] .
21
Адмаўляць тое, што ёсць, і тлумачыць тое, чаго не існуе (франц.). — Выказванне з рамана Ж.Ж.Русо «Юлія, ці Новая Элаіза».