Залатая дзіда
Шрифт:
Звер проста ашалеў ад злосці. Ён падняў татарына, потым кінуў на зямлю і з яшчэ большай лютасцю накінуўся на яго.
Бурхан саскочыў з каня, выхапіў шаблю, падбег да мядзведзя і секануў адзін раз, другі, трэці… Мядзведзь паваліўся на бок. Бурхан усё сек і сек яго. Ён, відаць, і сам ашалеў, раз'юшыўся, як нядаўна той мядзведзь.
— Татарын Бурхан засек Касмача, — не стрымаўся Раман.
— Бардун яму не даруе, — заўважыў Базыль. Нарэшце Бурхан зразумеў, што мядзведзь мёртвы, і адышоў убок.
Бардун і Бурхан
— Братка, уцякайма, пакуль не позна, — прагаварыў Раман.
Базыль і без яго разумеў, што трэба ўцякаць. Але яму вельмі хацелася паглядзець, што будзе далей. Бурхан, вядома, проста так не паедзе. Яму трэба праверыць, хто жыве ў хаціне. Відаць, не думаў ён, як і ягоны сябрук, якога задраў Касмач, што тут стаіць хаціна. Яны ж шукалі Рамана і яго, Базыля.
— Братка, уцякайма, — у другі раз прагаварыў Раман.
— Крыху пачакаем, — трымцячы ад хвалявання, сказаў Базыль.
Бурхан, убачылі яны, нарваў у жменю травы і, выцершы кроў з шаблі, засунуў яе ў ножны. Скрыпнулі, адчыніліся дзверы, і паказаўся Бардун. Базыль думаў, што вядзьмак залямантуе, убачыўшы забітага мядзведзя. Але ён моўчкі стаяў і гладзіў рукою сваю сівую бараду.
Бурхан пазіраў на яго.
— Прыехаў? — першым парушыў маўчанне Бардун.
— Хто ты? — усклікнуў Бурхан. А Бардун, не зважаючы, сказаў:
— Прыехаў, майго Касмача забіў. Ну, чаму ты падняў на яго руку? Не баішся, што адсохне яна?
Базыль глядзеў і ўсё болей дзівіўся. Стары, нямоглы Бардун зусім не баіцца маладога, добра ўзброенага Бурхана. Нават пагражае яму. Бурхан зараз выхапіць шаблю і засячэ Бардуна, як засек ягонага мядзведзя. Не паспее Бардун наслаць на яго сваё пракляцце.
— Хто ты? — паўтарыў Бурхан.
— Я зерне, якое калісьці ў коласе налівалася. А падзьмуў вецер — і шпурнуў мяне ў лясныя нетры. Тут коласам я не прарасту. Калі гляджу на сонца, то мае вочы слязьмі заплываюць. Калі гляджу на начныя зоркі, то сіверам-марозам маю душу праймае. Доўга я глядзеў на зоркі. Доўга… Аж пакуль мая душа не стала халоднай, аж пакуль не замарозіла яе.
Бурхан ступіў уперад.
— Кажаш, ды не даказваеш. Не магу я цябе зразумець. А таго, каго не магу зразумець, не люблю я. Душа ў цябе халодная. Глядзі, каб і сам не стаў халодным.
— Вельмі ж ты прыткі. Думаеш, што сілай мяне возьмеш? І над табою ёсць сіла.
— Якая? — усміхнуўся Бурхан.
Бардун, узмахнуўшы рукою, злавіў у жменю пчалу, паднёс яе да рота, штосьці прашаптаў і падкінуў угору. Пчала стала кружыцца над Бурханам. Бурхан, адскочыўшы, замахаў рукамі.
— Кхе-кхе-кхе… — затросся ад смеху Бардун. А ў самога вочы блішчаць, твар быццам скамянеў.
— Братка, Бардун нават пчоламі камандуе, — заварушыўся Раман.
— Маўчы, — папярэдзіў яго Базыль.
А Раману не церпіцца, не можа маўчаць.
— Ён зараз і на нас напусціць пчолаў. Казаў табе, што трэба ўцякаць. Не паслухаўся ты мяне.
— Маўчы!
Бурхан, бегаючы каля хаціны, усё махаў рукамі. Нарэшце стаў і выдыхнуў:
— Задушыў! Я яе задушыў! Ты, стары, вельмі ж хітры. Хітрасці ў цябе яшчэ болей, чым у лісіцы.
— Я ж табе казаў, што і над табою ёсць сіла. Вось гэтая маленькая пчолка магла б цябе ў нос уджаліць. А што ты рабіў бы, калі б цэлы рой табе на галаву сеў, каб пачаў джаліць? Ці дапамагла б табе твая сіла? Не, не дапамагла б. Крычаў бы, енчыў бы ты, забыўшыся пра сваю сілу.
— Ціпун табе на язык, — буркнуў Бурхан.
— Мне? — бліснуў вачыма Бардун. — А можа, табе ціпун на язык? Майго Касмача ты засек. Нядаўна выціраў кроў з шаблі. Кроў не вытраш. Яна прыстае, што ржа. Бачыў, як іржа прыстае да жалеза? Вядома, можна да бляску вычысціць іржавае жалеза. Але з цягам часу ўсё роўна жалеза заржавее і рассыплецца ў парахно. Было — і няма. І цябе з'есць кроў забітага табою Касмача, як з'ядае ржа жалеза.
Бурхан узяўся за шаблю.
— Ты мне пагражаеш? А ты ведаеш, што я табе з аднаго разу галаву знясу?
— Знясеш шабляй, на якой кроў майго Касмача? Знясі. Калі знясеш, то на месцы гэтай галавы цэлых тры вырасце.
Базыль чакаў, што зараз Бурхан выхапіць шаблю, секане ёю ведзьмаку па шыі, пасля чаго (а ён усёй душой у гэта верыў) на месцы адной ссечанай галавы вырастуць аж тры. Яму хацелася заплюшчыць вочы, каб не бачыць гэтага, але з заміраннем сэрца ён глядзеў і чакаў. Невядома, ці паверыў Бурхан, што ў старога, які выйшаў з гэтай хаціны, вырастуць тры галавы, але ён адступіўся назад і працадзіў праз зубы:
— Недзе я цябе бачыў, стары!
— Няўжо бачыў? Я не першае лета жыву ў лясных нетрах. На людзі я не выходжу, — усміхнуўся Бардун.
— Хлусіш, стары. Усё-ткі недзе я цябе бачыў.
— Дык успомні, дзе бачыў.
— Не ўспомню. Туман у галаве. У гэтым тумане твой твар расплываецца.
— Не ўспомніш, не старайся. Можа, у сне я да цябе прыходзіў? Бывае, што прысніш таго, пра каго зусім не думаеш, не гадаеш. Кхе-кхе-кхе… Напалохаць мяне задумаў! Зараз расплачуся, літасці ў цябе папрашу… А ці ведаеш ты, што дзікі кот, які вырас на волі, ніколі, калі нават вельмі галодны, есці не папросіць? Свойскі кот просіць. Занясі яго ў лес, выкінь з мяшка. Калі згаладаецца і ўбачыць людское жытло, абавязкова папросіць есці. Прыйдзе, сядзе паблізу парога і пачне жаласна мяўкаць… Дзікі ж кот не замяўкае, ніколі есці не папросіць. Запомні.
— Ды я… Ды ты… Ты з мяне здзекуешся! Я зараз! — Бурхан выхапіў з-за плячэй лук, дастаў з калчана стралу.
— Братка, у татарына чорная страла, — прашаптаў Раман.
Сапраўды, Бурхан дастаў чорную стралу, такую ж самую, якая ўторкнулася ў ствол дуба.
— Стары, стань на калені. Хутчэй. Табе мала жыць засталося, — прагаварыў Бурхан.
— Не ты мне жыццё даў — не ты яго ў мяне і адымеш.
— Я! Я адыму! — працадзіў праз зубы Бурхан. Бардун падняў рукі, уперыўся вачыма ў Бурхана і, нешта шэпчучы, пайшоў на яго. Бурхан апусціў лук. Ен, нібы дзіця, бездапаможна глядзеў на Бардуна.
— Ну, што? Дрыжыць? — запытаў у яго Бардун. Бурхан некалькі разоў стукнуў сябе кулаком у грудзі.
— Во тут усё дрыжыць! — Моцна дрыжыць?
— Нібы цапамі малоцяць.
— Добра. Няхай памалоцяць. Яшчэ крыху памалоцяць і вымалацяць тваю душу. Навошта табе душа? Душа — лішні цяжар, яна як лішні мяшок на возе. Часта людзі скардзяцца: "Цяжка ў мяне на душы". А не будзе душы — не будзе і цяжару. Дык ці патрэбна табе душа? Га?
— Не, — замахаў галавою Бурхан.
Вядзьмак тыцнуў пальцам, паказваючы на мядзведзя.