Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Залатая дзіда

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

Базыль моўчкі глядзеў на балота. Куды ж цяпер ісці? Цераз такое балота, ведаў ён, не пройдзеш, тут можна праваліцца, згінуць бясследна. Назад вярнуцца? А калі там Бардун па лесе блукае, шукае яго? Не жадае ён адзін адпраўляцца на той свет… Не верыцца, што клікаў, прасіў, каб не ўцякаў. Згарэў разам са сваёй хацінай, а ўсё роўна ходзіць, бы жывы. Клікаў, прасіў… Скура шэрхне, як успомніш. І за што ж такое пакаранне наслалі на яго, на Базыля? Можа, за тое, што маці не паслухаўся? Яна ж казала, каб быў каля хаты. Неслухам заўжды прыходзіцца кепска.

— Што ж мне цяпер рабіць? — Базыль ў роспачы ўсклікнуў, павярнуўся і ўбачыў Бурхана.

— Ты… Ты сваю душу шукаеш? — ні з таго ні з сяго вырвалася ў Базыля. Ён зусім забыўся, што Бардун вярнуў татарыну душу. Бурхан грукнуў сабе кулаком у грудзі.

— Мая душа тут! Тут яна! Аддаў яе мне ваш лясны шайтан, а я яго агню аддаў! Твой дзядуля… Твой стары не захацеў яго дабіць.

— Гэта ты на паляне пусціў чорную стралу? — спытаў Базыль.

— Я!

— Па тваім знаку на нас напалі?

— Па маім. Чорная страла страх наганяе. А ведаеш, што яшчэ яна нясе?

— Ведаю.

— Што?

— Пагібель.

Базыль стаяў бы ў тумане. Словы быццам самі сабою зляталі з ягонага языка.

— Правільна ты сказаў. Пагібель нясе чорная страла, — усміхнуўся Бурхан. — Усім вам, усяму вашаму роду нясе пагібель. Мяне паслалі, каб праверыў, дзе знаходзяцца вашы. Ты не ведаеш, дзе яны?

— Не ведаю.

— Не хочаш казаць? Што ж мне рабіць з табою? З сабою забраць? Не, будзеш нам замінаць. Цягай цябе за сабою па лесе… Вашы нам на пяты наступаюць.

На вачах у Базыля выступілі слёзы. Ён зразумеў, што татарын задумаў нядобрае. Бурхан стаў на край балота, тупнуў нагою.

— Не хочаш галавою ў балота? Мяне ў яму пасадзілі, радаваліся… Ты тут застанешся. Тут!

"Ён жа хоча мяне ў балоце ўтапіць, — дайшло да яго, да Базыля. — Утопіць… Не здрыганецца ягоная рука. Хіба яму шкада мяне?" Базыля быццам нейкая невядомая сіла падштурхнула. Ён прыгнуўся і з разгону стукнуў Бурхану галавою ў жывот. Татарын узмахнуў рукамі і пляснуўся ў ваду. Вада ўраз скаламуцілася, пачарнела, і дрыгва праглынула Бурхана. Толькі чорныя бурбалкі пабеглі па паверхні мутнай вады.

Базыля затрасло. Ён не стрываў і заплакаў. Неспадзявана нечая рука лягла на ягонае плячо. Ён ірвануўся. Што за ліха? Бардун стаіць каля яго. Усё-ткі знайшоў, дагнаў, на той свет за сабою пацягне.

— Патануў татарын? — прагаварыў Бардун.

— Патануў. А вас татары ў хаціне спалілі! Чаму вы тут? — праз плач прамовіў Базыль.

— Не, мяне не спалілі. Я жывы. Я ўцёк з хаціны. Кхе-кхе-кхе…

— Як уцяклі?

— З маёй хаціны ў лес вядзе падземны ход. Праз падземны ход я і вылез. Я цябе клікаў. Ты баяўся мяне?

Бардун кажа, што жывы. Кажа, што з хаціны выбраўся праз падземны ход. Няўжо гэта праўда?

— Жывы я. Жывы. Пакратай мяне, калі не верыш, — прагаварыў Бардун.

Базыль адхіснуўся.

— Вы… Вы мяне ненавідзіце… Вы майго дзядулю ненавідзіце.

— Маўчы! Не ўспамінай пра гэта, — спахмурнеў Бардун.

— Чаму?

— Не квялі маю душу. Ты бачыў, як мяне татары ў хаціну кінулі?

Свідруе вачыма вядзьмак. Як жа ўцячы ад яго? Не, не ўцячэш. Можа, адразу галавою ў балота, каб доўга не глуміўся?

— Дык бачыў ты?

— Бачыў.

— Холадна мне, — нечакана сказаў вядзьмак.

— Чаму? — шчыра здзівіўся Базыль.

— Холадна, бо адзінока. Холадна бывае не толькі тады, калі мароз прыціскае. Ты не ведаеш, як ад адзіноцтва вее холадам. Не ведаеш, дык запомні гэта. Запомніш?

— Запомню, — сказаў Базыль, каб толькі не маўчаць. Чаго ж дамагаецца ад яго вядзьмак? Чаму даганяў, чаму клікаў? Каб пагаварыць, каб скінуць з душы набалелае? Не адгадаеш, што ён задумаў.

— Кажаш, што запомніш?

— Запомню, — прамармытаў Базыль.

— Не бойся. Ты мяне не бойся, — два разы паўтарыў Бардун. — Я хацеў сказаць пра тых, хто ад людзей адарваўся. Цяжка ім. Калісьці і я адарваўся ад людзей, а сёння ледзь не загінуў.

— Вы можаце вярнуцца да людзей. Яшчэ не позна. Зло з душы выкіньце.

Базыль са страхам глядзеў на Бардуна і чакаў, што ён затупаціць нагамі, закрычыць, плюючыся, а вядзьмак неспадзявана сказаў:

— Вы з братам ехалі на маім чоўне?

— На якім? — не зразумеў Базыль.

— На тым, які на лясным возеры. Ну, можаш не казаць. Я і без цябе ведаю, што вы яго ўзялі. Ад татараў ратаваліся? Так?

— Так, — кіўнуў галавою Базыль.

— Мой човен вас выратаваў. Выходзіць, я вас выратаваў. Кхе-кхе-кхе… Ніколі не думаў, што Піліпавых унукаў буду ратаваць. Раіш мне да людзей вярнуцца. Ужо позна. Не змагу я вярнуцца да людзей. Ад сваёй зямлі я адарваўся.

— Чаго ж вы ад мяне хочаце?

— Хачу твайго дзядулю выратаваць. Хачу, каб ты пабачыў, як я яго выратую.

— Вы ж яго ненавідзіце! — усклікнуў Базыль. Бардун махнуў рукою, як бы паказваючы, што яму надакучыла весці такую гаворку.

— Татары мяне жывым хацелі спаліць. Я ведаю, дзе яны. Зараз паклічу вашых вояў-мужчын. Яны тут, непадалёку. Яны, вядома, убачылі, што нешта гарыць, і прымчаліся сюды. Татары таксама не лыкам шытыя. Ведалі, што вашы воі прыскачуць, што тут ці не ўсе збяруцца. А самі ў гэты час паспрабуюць з кола вырвацца. Ты не верыш, што я задумаў твайго дзядулю выратаваць?

Базыль адвёў вочы ўбок.

Нарэшце разам

Бардун прыклаў далоні да рота трубкай і закрычаў:

— О-го-го!.. "Го-о-о… о-о-о…" — панеслася па лесе рэха. А ў адказ ні слова. Базыль не паверыў Бардуну. Хіба Бардун пашкадуе дзядулю? Базыль добра помніў, як аднаго разу дзядуля казаў: "Унучак, ніколі не вер ведзьмакам. Яны, як і чэрці, стараюцца добрага чалавека абмануць, у грэх увесці". Бардун стаіць, прыслухоўваецца. Базыль не сцярпеў, запытаў у Бардуна:

Поделиться с друзьями: