Залатая дзіда
Шрифт:
— Дзе ж нашы воі? Вы казалі, што яны блізка, тут.
— Зараз з'явяцца, — прагаварыў Бардун і зноў крыкнуў: — 0-го-го-о!..
Базыль падаўся ўперад, прыслухоўваючыся. Здаецца, тупат капытоў даносіцца. Няўжо коннікі скачуць? Можа, не коннікі, а чэрці? Лупяць па зямлі капытамі, спяшаючыся сюды. Звяла ж дарога з ведзьмаком…
Дарма Базыль хваляваўся, дарма наракаў на сваю долю.
На гэты раз Бардун не абмануў. З лесу вынесліся коннікі. Сярод іх быў і бацька.
— Татка! — крыкнуў Базыль і кінуўся да яго. Бацька саскочыў з каня.
— Базылёк, як ты сюды трапіў?
— Ён татарына ў балоце ўтапіў,— падаў голас Бардун. Бацька, нібы толькі што яго ўбачыўшы, здзіўлена прагаварыў:
— Бардун? Ты?
— Я! — з выклікам прамовіў вядзьмак.
— Гэта ты гукаў, нас клікаў? Анічога я не разумею. Базыль здагадаўся, чаму разгубіўся бацька. Ведае ён, што Бардун ненавідзіць іх усіх. І раптам так выйшла, што ён, Базыль, разам з Бардуном бацьку чакае.
— Зараз усё зразумееш, — ледзь прыкметна ўсміхнуўся Бардун. — Твой сын нядаўна татарына ўтапіў. Я казаў табе пра гэта, а ты між вушэй прапусціў.
— Якога татарына? — усклікнуў бацька. Базыль вызваліўся з ягоных абдымкаў, сказаў:
— Бурхана.
У бацькі бровы прыўзняліся ўгору.
— Дык ён у яме сядзіць.
— Сядзеў,— прамовіў Бардун.
— Але, сядзеў,— пацвердзіў Базыль. — Цяпер яго там няма.
— Няўжо ён вылез з ямы?
Бардун з нейкім асаблівым гонарам сказаў:
— Я яго адтуль вызваліў.
Базыль заўважыў, як у бацькі сціснуліся кулакі. Ён з нянавісцю зірнуў на Бардуна:
— Каму ж ты служыш?
Бардун махнуў рукою, паказваючы на лес:
— Гэтаму лесу.
— Ад тваёй службы лес на корані засохне.
— Татка, не трэба сварыцца, — папрасіў Базыль. Бацька павярнуўся да яго.
— Сынок, як ты сюды трапіў?
Базылю не хацелася ўспамінаць нядаўняе, перажытае, ды мусіў расказаць бацьку, як яны з Раманам убачылі каля ямы Бардуна, як дзядуля пайшоў у лес, як яны з Раманам адправіліся за ім, як сустрэлі Марысю, як сказаў ён Раману, каб завёў яе дамоў. Пачуўшы гэта, бацька аж з твару перамяніўся.
— Базылёк!.. Ты не махлюеш?
— Сыну не верыш? — уставіў сваё слова Бардун. Бацька пляснуў рукою па назе.
— Базыль! Нам трэба ехаць дамоў! Пакуль Марысю на свае вочы не ўбачу, датуль не супакоюся!
— Ты вельмі не спяшайся. Да канца паслухай сына. Калі ўсё пачуеш, то невядома, ці захочацца табе дамоў,— усміхнуўся Бардун.
— Што ты хочаш мне сказаць? — незычліва прамовіў бацька.
— Свайго сына выслухай. Няхай сын скажа. Родны сын! Бацька скрыгатнуў зубамі.
— Ну й яду ў табе! Не даводзь мяне! Бардун развёў рукамі.
— Я магу пайсці. Мне дарога не заказана.
— Ну і ідзі. Вольнаму воля.
Базыль глядзеў то на бацьку, то на Бардуна. Вядома, бацьку няма за што любіць ведзьмака. Але ж чаму ён такі нястрыманы, чаму да канца не хоча паслухаць? Гэтая сварка дабром не скончыцца. Зараз бацька скажа Бардуну што-небудзь крыўднае, і пойдзе вядзьмак у лес. А дзядуля ў татараў застанецца. Як жа падступіцца да бацькі, як папрасіць яго, каб памаўчаў, каб усё да канца выслухаў? З чаго ж пачаць?
Бардун калупнуў нагою мох, зрабіўшы круглую ямінку.
— То мне ісці?
— І…— пачаў бацька.
— Татка! — перапыніў Базыль, — Я табе яшчэ не ўсё сказаў.
І расказаў, як яны з Раманам даведаліся ад Марысі, што дзядулю схапілі татары, што яны хацелі спаліць Бардуна. Расказаў і пра тое, што адбылося каля дрыгвы.
— Рыгор, то мне ісці? — зноў запытаў Бардун у бацькі.
— Сам ведаеш, што табе рабіць. Бардун пагладзіў бараду.
— Твая праўда, Рыгор. Ведаю, нада мною няма пана. Э-э, ды што табе казаць! Выручу з бяды Піліпа. Няхай трое мужчын спешацца. Яны пойдуць з намі. А іншыя пасля прыйдуць. Я галінкі на кустах буду абломваць. Знойдуць, дзе мы. І твой сын няхай ідзе з намі.
— Базылю там няма чаго рабіць, — паспрабаваў запярэчыць бацька.
— Не. Няхай і ён ідзе. Няхай пабачыць, як ягонага дзядулю выратую. Можа, пасля пакаецца.
— Ён жа цябе не выганяў з вёскі. За што яму каяцца? Ягоная душа…
— Чыстая? — не даў дакончыць бацьку Бардун.
— Незамутнёная, — сказаў бацька.
— А слязьмі хіба незамутнёная?
— І слёзы ягоныя чыстыя, што божая раса. А ты…
— Маўчы, — перапыніў бацьку Бардун. — Ты хочаш сказаць, што я сам сябе выгнаў з вёскі? Ну, не будзем. Хопіць пра гэта. З намі пойдзе Базыль. Можа, я перад ім пакаюся. А ён няхай помніць, што быў такі Бардун. Калісьці раскажа пра мяне. Бачыў, як іншы раз зорачка з неба падае і знікае? І я некалі ўпаду. Ды я не хачу згінуць. Хадзем.
— Няхай будзе па-твойму. — Бацька, як відаць, зразумеў, што не пераканаць яму Бардуна.
Невялікі атрад, які вёў Бардун, накіраваўся ў лес. За Бардуном ішлі Базыль і бацька, а ззаду — трое мужчын, якія па бацькавым загадзе спешыліся, злезлі з коней. Базылю здавалася, што вельмі павольна яны ідуць, што не паспеюць дапамагчы дзядулі.
— Вунь яны! — данёсся да Базыля Бардуноў голас.
Базыль, забыўшыся пра ўсё на свеце, ступіў убок і ўбачыў дзядулю, прывязанага да сасны. У ствале, над галавою дзядулі, тырчала чорная страла. А насупраць яго стаялі тры татарыны, трымаючы ў руках нажы. Вось адзін з іх падняў нож, замахнуўся ім і кінуў. Нож засеў над дзядулевай галавой, побач з чорнаю стралою. Татары радасна закрычалі. Базыль спалохаўся: "Яны ж заб'юць дзядулю! У некага раптам рука здрыганецца! Чаго бацька стаіць? Чаго марудзіць, не ратуе дзядулю?"
Базыль таргануў бацьку за рукаў, і ў гэты момант у паветры прасвісталі тры стралы, пушчаныя мужчынамі-воямі. Татары снапамі ўпалі на зямлю.
Да дзядулі падбег бацька, развязаў яго. Дзядуля тыцнуў пальцам, паказваючы на татараў.
— Джавад загадаў нажы кідаць, хацеў мяне настрашыць. Думалі, што спалохаюся, з лесу іх выведу… Добра, што вы прыйшлі.
— Нас Бардун прывёў. Татары ягоную хаціну падпалілі, а ён праз падземны ход вылез, — сказаў Базыль.
Дзядуля памкнуўся наперад, хацеў нешта сказаць, ды Бардун апярэдзіў яго:
— Не трэба, Піліп. Пасварымся мы з табою. Ты гэта добра ведаеш.
— Ведаю, — прагаварыў дзядуля. — Толькі аднаго не ўцямлю: хто даў Бурхану чорныя стрэлы? Сам ён не даўмеўся б іх пускаць.
— Хто? Я. Я яго ў горадзе ў ціхім месцы сустрэў. Я яму на вуха нашаптаў, каб чужы атрад прывёў, каб чорныя стрэлы пускаў. Гэтага ён зусім не памятае. Я хацеў, каб вас калаціла ад страху.
— Ах ты!.. — усклікнуў бацька. Бардун павярнуўся і пайшоў.
— Куды ён? — запытаў у дзядулі бацька. Дзядуля выцер успацелы лоб.