ЖАНРЫ

Залаты ключык, або Прыгоды Бураціны

Талстой Аляксей Мікалаевіч

Шрифт:

Але як толькі скончыў выстругваць апошні пальчык, Бураціна пачаў лупіць кулачкамі Карла па лысіне, шчыпацца і казытаць.

— Паслухай, — сказаў Карла строга, — я ж яшчэ не скончыў цябе майстраваць, а ты ўжо дурэць пачынаеш… Што ж потым будзе… Га?..

І ён строга паглядзеў на Бураціна. І Бураціна круглымі вачыма, як мыш, глядзеў на тату Карла.

Карла зрабіў яму з лучынак доўгія ногі з вялікімі ступнямі. На гэтым закончыўшы работу, паставіў драўлянага хлапчука на падлогу, каб навучыць хадзіць.

Бураціна пахістаўся, пахістаўся на тоненькіх ножках, ступіў раз, ступіў другі, скок, скок, — проста да дзвярэй, цераз парог і — на вуліцу.

Устрывожаны Карла пайшоў за ім.

— Гэй, дураслівец, вярніся!..

Дзе там! Бураціна бег па вуліцы, як заяц, толькі драўляныя падэшвы яго — тукі-тук, тукі-тук — пастуквалі па бруку…

— Трымайце яго! — закрычаў Карла.

Прахожыя смяяліся, паказваючы пальцамі на шустрага Бураціна. На скрыжаванні стаяў высозны паліцэйскі з закручанымі вусамі і ў трохкутным капелюшы.

Убачыўшы драўлянага чалавечка, які бег па бруку, ён шырока расставіў ногі, загарадзіўшы імі ўсю вуліцу. Бураціна хацеў праскочыць у яго паміж ног, але паліцэйскі схапіў яго за нос і так трымаў, пакуль не падаспеў тата Карла…

— Ну, пачакай жа ты, я з табой ужо распраўлюся, — аддыхваючыся, прагаварыў Карла і хацеў засунуць Бураціна ў кішэню курткі…

Бураціна зусім не хацелася ў такі вясёлы дзень пры ўсім народзе тырчаць нагамі дагары з кішэні курткі, — ён спрытна выкруціўся, бразнуўся на брук і прыкінуўся мёртвым.

— Ай, ай, — сказаў паліцэйскі, — справа, здаецца, кепская.

Пачалі збірацца прахожыя. Гледзячы на распластанага Бураціна, ківалі галовамі.

— Небарака, — гаварылі адны, — мабыць, з голаду…

— Карла яго да смерці прыбіў, — гаварылі другія, — гэты стары катрыншчык толькі прыкідваецца добрым чалавекам, ён ліхі, ён злы чалавек…

Чуючы ўсё гэта, вусаты паліцэйскі схапіў няшчаснага Карла за каўнер і пацягнуў у паліцэйскае аддзяленне.

Карла пыліў чаравікамі і моцна стагнаў:

— Ох, ох, на бяду сабе я зрабіў драўлянага хлапчука!

Калі вуліца апусцела, Бураціна падняў нос, агледзеўся і, падскакваючы, пабег дадому…

Цвыркун, які ўмее гаварыць, дае Бураціна мудрую параду

Прыбегшы ў каморку пад лесвіцай, Бураціна пляснуўся на падлогу каля ножкі крэсла.

— Што б такое яшчэ прыдумаць?

Не трэба забывацца, што Бураціна ішоў усяго першы дзень ад нараджэння. Думкі ў яго былі маленькія-маленькія, кароценькія-кароценькія, дробязныя-дробязныя.

У гэты час пачулася:

— Крры-кры, крры-кры, крры-кры.

Бураціна пакруціў галавой, аглядваючы каморку.

— Гэй, хто тут?

— Тут я, — крры-кры…

Бураціна ўбачыў стварэнне, крыху падобнае на таракана, але з галавой, як у коніка. Яно сядзела на сцяне над камінкам і ціха патрэсквала, — крры-кры, — глядзела пукатымі, як са шкла, вясёлкавымі вачыма, варушыла вусікамі.

— Гэй, ты хто такі?

— Я — цвыркун, які ўмее гаварыць, — адказала стварэнне, — жыву ў гэтым пакоі больш за сто гадоў.

— Тут я гаспадар, прэч адгэтуль.

— Добра, я пайду, хоць мне вельмі шкада пакідаць пакой, дзе я пражыў сто гадоў, — адказаў цвыркун, — але раней чым я пакіну пакой, выслухай карысную параду.

— Надддта мне патрэбны парады старога цвыркуна…

— Ах, Бураціна, Бураціна, — прагаварыў цвыркун, — пакінь сваволіць, слухайся Карла, без патрэбы не бегай з дому і заўтра пачні хадзіць у школу. Вось мая парада. Інакш цябе чакаюць жахлівыя небяспекі і страшэнныя прыгоды. За тваё жыццё я не дам і здохлай сухой мухі.

— Ччччаму? — спытаў Бураціна.

— А вось ты пабачыш — ччччаму, — адказаў цвыркун.

— Ах ты, стогадовая казяўка-маляўка! — крыкнуў Бураціна. — Больш за ўсё на свеце я люблю страшэнныя прыгоды. Заўтра, як толькі развіднее, уцяку з дому — лазіць па платах, разбураць птушыныя гнёзды, дражніць хлапчукоў, цягаць за хвасты сабак і кошак… Я яшчэ не тое прыдумаю!..

— Шкада мне цябе, шкада, Бураціна, праліеш ты горкія слёзы.

— Ччччаму? — зноў спытаў Бураціна.

— Таму што ў цябе дурная драўляная галава.

Тады Бураціна ўскочыў на крэсла, з крэсла на стол, схапіў малаток і шпурнуў яго ў галаву цвыркуна.

Стары разумны цвыркун цяжка ўздыхнуў, паварушыў вусамі і папоўз за камінак, — назаўсёды з гэтага пакоя.

Бураціна ледзь не гіне праз уласную легкадумнасць. Тата Карла склейвае яму адзенне з каляровай паперы і купляе азбуку

Пасля здарэння з цвыркуном, які ўмее гаварыць, у каморцы пад лесвіцай стала зусім сумна. Дзень цягнуўся і цягнуўся. У жываце ў Бураціна таксама было сумнавата.

Ён заплюшчыў вочы і раптам убачыў смажаную курыцу на талерцы.

Жвава расплюшчыў вочы, — курыца на талерцы знікла.

Ён зноў заплюшчыў вочы, — убачыў талерку маннай кашы папалам з малінавым варэннем.

Расплюшчыў вочы, — няма талеркі маннай кашы папалам з малінавым варэннем.

Тады Бураціна здагадаўся, што яму страшэнна хочацца есці.

Ён падбег да камінка і сунуў нос у кацялок, што кіпеў на агні. Але доўгі нос Бураціна праткнуў наскрозь кацялок, таму што, як мы ведаем, і камінак, і агонь, і дым, і кацялок былі намаляваны бедным Карла на кавалку старога палатна.

Бураціна выцягнуў нос і паглядзеў у дзірку, — за палатном у сцяне было нешта падобнае на невялікія дзверцы, але там было так заткана ўсё павуціннем, што нічога не разабраць.

Бураціна пайшоў шукаць па ўсіх кутках, — ці не знойдзецца скарыначкі хлеба або курынай костачкі, абгрызенай кошкай.

Ах, нічагусенькі, нічагусенькі не было ў беднага Карла прызапашана на вячэру!

Раптам ён убачыў у кошыку са стружкамі курынае яйка. Схапіў яго, паставіў на падаконнік і носам — цюк-цюк — разбіў шкарлупіну.

Поделиться с друзьями: