Залаты ключык, або Прыгоды Бурацiны (на белорусском языке)
Шрифт:
На жыватах прышлёпалi жабы...
Матылькi, уздыхаючы крыльцамi, селi на сцены пячоры, каб унутры было прыгожа i каб зямля, што асыпалася, не трапляла ў страву.
Жукi-гнаевiкi згортвалi ў шарыкi ўсё смецце на дне пячоры i выкiдвалi iх прэч.
Тлусты белы вусень успоўз на галаву Бурацiна i, звесiўшыся з яго носа, выцiснуў крыху пасты яму на зубы. Хочаш не хочаш, прыйшлося iх пачысцiць.
Другi вусень пачысцiў зубы П'еро.
З'явiўся заспаны барсук, падобны на калматае парася... Ён браў лапай карычневых вусеняў, выцiскаў з iх карычневую пасту на абутак i хвастом вельмi добра вычысцiў усе тры пары чаравiкаў - у Мальвiны, Бурацiна i П'еро.
Пачысцiўшы, пазяхнуў: а-ха-ха, - i пайшоў, перавальваючыся з боку на бок.
Заляцеў мiтуслiвы, стракаты, вясёлы ўдод з чырвоным чубком, якi ўставаў дыбам, калi ён з чаго-небудзь дзiвiўся.
– Каго прычасаць?
– Мяне, - сказала Мальвiна.
– Зрабiце завiўку i прычашыце, я раскудлачана...
– А дзе ж люстэрка? Паслухайце, душачка...
Тады лупавокiя жабы сказалi:
– Мы прынясём...
Дзесяць жаб зашлёпалi жыватамi да возера. Замест люстэрка яны прывалаклi люстранога карпа, такога тлустага i санлiвага, што яму было ўсё роўна, куды яго цягнуць пад плаўнiкi.
Карпа паставiлi на хвост перад Мальвiнай. Каб ён не задыхаўся, яму ў рот лiлi з чайнiка ваду.
Мiтуслiвы ўдод завiў i прычасаў Мальвiну. Асцярожна ўзяў са сцяны аднаго з матылькоў i прыпудрыў iм нос дзяўчынкi.
– Гатова, душачка...
I - ффрр!
– стракатым клубком вылецеў з пячоры.
Жабы зацягнулi люстранога карпа назад у возера. Бурацiна i П'еро - хочаш не хочаш - вымылi рукi i нават шыю.
Мальвiна дазволiла сесцi снедаць.
Пасля снедання, змахнуўшы крошкi з каленяў, яна сказала:
– Бурацiна, мой дружа, мiнулы раз мы з вамi спынiлiся на дыктанце. Прадоўжым урок...
Бурацiна захацелася выскачыць з пячоры - куды вочы глядзяць. Але нельга ж было кiнуць бездапаможных таварышаў i хворага сабаку! Ён прабурчаў:
– Пiсьмовых прылад не ўзялi...
– Няпраўда, узялi, - прастагнаў Артамон. Дапоўз да клунка, зубамi развязаў яго i выцягнуў бутэлечку з чарнiлам, пенал, сшытак i нават маленькi глобус.
– Не трымайце ручку сутаргава i вельмi блiзка да пяра, iнакш вы выпацкаеце пальцы ў чарнiла, - сказала Мальвiна. Узняла прыгожанькiя вочы да столi пячоры на матылькоў i...
У гэты час пачуўся хруст галля, грубыя галасы, - мiма пячоры прайшлi прадавец лячэбных п'явак Дурамар i Карабас Барабас, якi ледзь валок ногi.
На лбе ў дырэктара тэатра лялек чырванеў вялiзны гуз, нос распух, барада касмылямi i выпацкана смалой.
Вохкаючы i адплёўваючыся, ён гаварыў:
– Яны далёка не маглi ўцячы. Яны дзе-небудзь тут, у лесе.
Нягледзячы нi на што, Бурацiна вырашае выведаць у Карабаса Барабаса таямнiцу залатога ключыка
Карабас Барабас i Дурамар павольна прайшлi мiма пячоры.
У часе бою на раўнiне прадавец лячэбных п'явак, дрыжучы ад страху, сядзеў за кустом. Калi ўсё скончылася, ён пачакаў, пакуль Артамон i Бурацiна не схаваюцца ў густой траве, i тады толькi ледзь-ледзь ададраў ад ствала iтальянскай сасны бараду Карабаса Барабаса.
– Ну i даў жа вам хлапчук, - сказаў Дурамар.
– Прыйдзецца вам паставiць на патылiцу два тузiны самых лепшых п'явак...
Карабас Барабас зароў:
– Сто тысяч чарцей! Хутчэй у пагоню за нягоднiкамi!..
Карабас Барабас i Дурамар пайшлi па слядах уцекачоў. Яны рассоўвалi рукамi траву, аглядалi кожны куст, абмацвалi кожную купiну.
Яны бачылi дымок вогнiшча каля карэнняў старой сасны, але iм i ў галаву не прыйшло, што ў гэтай пячоры хавалiся драўляныя чалавечкi ды яшчэ расклалi агонь.
– Гэтага нягоднiка Бурацiна разрэжу складаным нажом на кавалачкi, - бурчаў Карабас Барабас.
Уцекачы прытаiлiся ў пячоры.
Што цяпер рабiць? Уцякаць? Але Артамон, увесь забiнтаваны, моцна спаў. Сабака павiнен быў спаць дваццаць чатыры гадзiны, каб загаiлiся раны.
Няўжо ж пакiнуць высакароднага сабаку аднаго ў пячоры?
Не, не, ратавацца - дык усiм разам, гiнуць - дык усiм разам...
Бурацiна, П'еро i Мальвiна ў глыбiнi пячоры, уткнуўшыся насамi, доўга раiлiся. Вырашылi: перачакаць тут да ранiцы, уваход у пячору замаскiраваць галлём i, каб хутчэй паправiўся Артамон, зрабiць яму спажыўную клiзму.
Бурацiна сказаў:
– Я ўсё-такi хачу, чаго б гэта нi каштавала, даведацца ў Карабаса Барабаса, дзе тыя дзверцы, якiя адмыкае залаты ключык. За дзверцамi захоўваецца штосьцi цудоўнае, дзiвоснае. I яно павiнна прынесцi нам шчасце...
– Баюся без вас заставацца, баюся!
– прастагнала Мальвiна.
– А П'еро вам нашто?
– Ах, ён толькi чытае вершыкi...
– Я буду абараняць Мальвiну, як леў, - прагаварыў П'еро хрыплым голасам, якiм размаўляюць буйныя драпежнiкi, - вы мяне яшчэ не ведаеце...
– Малайчына, П'еро, даўно б так!
I Бурацiна кiнуўся бегчы па слядах Карабаса Барабаса i Дурамара.
Ён iх неўзабаве ўбачыў. Дырэктар тэатра лялек сядзеў на беразе ручая, Дурамар ставiў яму на гуз кампрэс з лiстоў конскага шчаўя. Здалёк было чуваць страшэннае бурчанне ў пустым жываце ў Карабаса Барабаса i сумнае папiскванне ў пустым жываце ў прадаўца лячэбных п'явак.
– Сiньёр, нам неабходна падсiлкавацца, - гаварыў Дурамар, - пошукi нягоднiкаў могуць зацягнуцца да глыбокай ночы.
– Я з'еў бы цяпер цэлае парася i парачку качачак, - панура адказаў Карабас Барабас.
Прыяцелi павалаклiся да харчэўнi "Трох печкуроў" - яе шыльда вiднелася на прыгорку. Але хутчэй, чым Карабас Барабас i Дурамар, кiнуўся туды Бурацiна, прыгiнаючыся да травы, каб яго не прыкмецiлi.
Каля дзвярэй харчэўнi Бурацiна падкраўся да вялiкага пеўня, якi, знайшоўшы зернетка цi кавалачак кураняцiнай кiшкi, ганарлiва трос чырвоным грабеньчыкам, шаркаў кiпцюрамi i з трывогаю клiкаў курэй на пачастунак:
– Ко-ко-ко!
Бурацiна падаў яму на далонi крошкi мiндальнага пiрожнага:
– Частуйцеся, сiньёр галоўнакамандуючы.
Певень строга зiрнуў на драўлянага хлапчука, але не ўтрымаўся i дзеўбануў яго ў далонь.
– Ко-ко-ко!..
– Сiньёр галоўнакамандуючы, мне трэба было б прайсцi ў харчэўню, але так, каб гаспадар мяне не заўважыў. Я схаваюся за ваш цудоўны рознакаляровы хвост, i вы даведзяце мяне да самага камiнка. Добра?
– Ко-ко!
– яшчэ з большым гонарам вымавiў певень.