ЖАНРЫ

Замежная фантастыка

Альдани Лино

Шрифт:

Потым яна забылася, хто я такі — з Зіраю гэта здаралася, — і засыпала мяне ідыёцкімі настаўленнямі:

— Не надумайся толькі кідацца на мінакоў або скаліць зубы… І божа цябе барані падрапаць якое-небудзь даверлівае дзіця, калі яно захоча пагладзіць цябе. Я не надзела табе наморднік, аднак…

Але тут Зіра з рогатам спынілася.

— О, прабач мне, прабач! — усклікнула яна. — Я ўвесь час забываюся, што ты разумны, як малпа…

Яна па-сяброўску паляпала мяне па плячы, просячы прабачэння. Яе весялосць прыцішыла злосць, якая пачала ўжо закіпаць ува мне. Мне заўсёды было прыемна чуць, як смяялася Зіра. Згадваючы Нову, якая ўсё яшчэ не магла выказваць гэтак сваю радасць, я толькі ўздыхаў. Неўзабаве весялосць шымпанзэ перадалася і мне. У паўзмроку калідора рысы Зіры былі амаль нябачныя — я бачыў толькі яе белую пысачку. Зіра надзела яркую сукенку, а на галаву нацягнула студэнцкі каўпачок, які закрываў яе вушы. На імгненне я нават забыўся, што гэта малпа, і ўзяў яе пад руку. Гэта здалося ёй натуральным, і яна не запярэчыла. Так, прыціснуўшыся адно да аднаго, мы прайшлі некалькі метраў. Але ў канцы калідора было бакавое акно, і, спыніўшыся перад ім, Зіра жыва вызваліла руку і адштурхнула мяне. Пасур'ёзнеўшы, яна нацягнула ланцуг.

— Ты не павінен гэтага рабіць, — сумна сказала яна. — Па-першае, я заручаная і…

— Ты заручаная?!

Недарэчнасць гэтай заўвагі, зробленай у сувязі з маім нявінным сяброўскім жэстам, мы адчулі адначасна. Пысачка ў Зіры паружавела, і яна паправілася:

— Я хачу сказаць, што ніхто не павінен падазраваць, якая твая сапраўдная сутнасць. Гэта ў тваіх інтарэсах, павер мне. Я пакорліва пацягнуўся ўслед за ёй на ланцугу. Мы выйшлі з будынка. Швейцар інстытута, здаравенны самец-гарыла ў мундзіры, ветліва пакланіўшыся Зіры, правёў мяне насмешлівым позіркам. На вуліцы я ажно хістацца пачаў: пасля трох месяцаў зняволення ў мяне ад гарадской мітусні і ззяння Бетэльгейзе кружылася галава. Я з усяе сілы ўдыхаў цёплае паветра, чырванеючы ад сораму за тое, што іду па горадзе голы. У клетцы я прызвычаіўся да поўнай адсутнасці адзежы, але тут, на вачах у мінакоў-малпаў, якія нязмушана разглядвалі мяне, зноў адчуў непрыстойнасць свайго выгляду. Зіра катэгарычна адмовілася даць мне адзежу, сцвярджаючы, што тады я буду выглядаць яшчэ больш недарэчна, бо буду падобны на дрэсіраванага чалавека, з тых, што паказваюць на кірмашах. І, вядома, яна мела рацыю. Калі мінакі і азіраліся на мяне, дык не таму, што я быў голы, а таму, што быў чалавек, рэдкае відовішча, якое выклікала такую ж цікаўнасць, якую ў французскім горадзе магло б узбудзіць з'яўленне шымпанзэ. Дарослыя, пасмяяўшыся, ішлі сваёй дарогаю. Некалькі дзяцей, узрадаваных бясплатным прадстаўленнем, паскакалі за намі. Зіра хутка давяла мяне да сваёй машыны, пасадзіла на задняе сядзенне, а сама ўладкавалася за рулём, і мы не спяшаючыся паехалі па вуліцах.

Гэты горад, сталіцу адной з буйнейшых абласцей малпавай дзяржавы, я бачыў толькі з клеткі ў дзень прыбыцця, і цяпер мне даводзілася нанова прывыкаць да таго, што ён населены малпамі-мінакамі, малпамі- кіроўцамі, малпамі-гандлярамі, малпамі-дзялкамі, малпамі-паліцэйскімі, аднымі малпамі! Калі б не гэта, горад не ўяўляў бы сабою нічога асаблівага. Дамы былі падобныя на нашыя дамы, вуліцы такія ж бруднаватыя, як і ў нас… Рух быў менш напружлівы за наш. Што ўразіла мяне найболей, дык гэта спосаб, якім мінакі пераходзілі вуліцы. Замест пешаходных дарожак тут былі паветраныя пераходы з металічнай, з буйнымі ячэйкамі, сеткі, за якую малпы чапляліся ўсімі чатырма лапамі, абутымі ў пальчаткі з тонкай скуры, якія дазвалялі малпам карыстацца ніжнімі канечнасцямі гэтаксама ж свабодна, як і верхнімі.

Павазіўшы мяне трохі па горадзе, каб я мог скласці сабе пра яго агульнае ўяўленне, Зіра спыніла машыну перад высокімі кратамі, скрозь якія віднеліся вялікія паляны ў кветках.

— Гэта парк, — растлумачыла яна. — Тут мы зможам прагуляцца. Я хацела б паказаць табе што-небудзь іншае, напрыклад, нашы выдатныя музеі, але пакуль што гэта немагчыма.

Я запэўніў яе, што буду рады размяць ногі.

— Да таго ж, — дадала яна, — у парку нас не будуць непакоіць. Народу тут мала, а нам час ужо пагаварыць сур'ёзна.

Раздзел IV

— Ты, мне здаецца, не ўяўляеш, якія небяспекі пагражаюць табе ў нас? — спыталася Зіра.

— Пра некаторыя я ўжо маю ўяўленне. Але мне здаецца, што, калі я адкрыюся — а я магу зрабіць гэта цяпер, прывёўшы неабходныя доказы, — малпы павінны будуць мяне прызнаць, як свайго брата па розуме.

— Тут ты і памыляешся. Слухай мяне…

Мы прагульваліся па парку. Прысады ў ім былі пустынныя, толькі зрэдку сустракаліся закаханыя парачкі, якія амаль не звярталі на мяне ўвагі. Я ж, наадварот, уважліва назіраў за імі, вырашыўшы не ўпускаць ніводнай магчымасці пазнаёміцца са звычаямі малпаў.

Закаханыя гулялі дробнымі крокамі, абняўшы адно аднаго за талію так, што іх доўгія рукі, цесна і мудрагеліста перапляталіся. На паваротках прысадаў яны часта спыняліся, каб пацалавацца. Іншы раз, азірнуўшыся па баках, яны хапаліся за ніжнія галіны і ўзбіраліся на дрэвы. Рабілі яны гэта не раздымаючы абдымкаў — кожны дзейнічаў адной рукою і адной нагою з зайздросным спрытам, — і ўжо праз якое імгненне знікалі ў лістоце.

— Твой касмічны катэр знойдзены, — гаварыла Зіра (я ўжо досыць падрабязна растлумачыў ёй, як мы высадзіліся на планету), — ва ўсякім разе тое, што ад яго засталося пасля пагрому. Рэшткі вывучаюцца цяпер нашымі вучонымі. Яны прызналі, што ён не мог быць пабудаваны на Сароры.

— У вас ёсць аналагічныя апараты?

— Не такія дасканалыя. Мяркуючы па тваіх расказах, мы яшчэ дужа адстаём ад вас. Аднак мы ўжо запусцілі некалькі штучных спадарожнікаў, і апошні з іх быў нават з жывой істотаю на борце — з чалавекам. На жаль, нам прыйшлося ўзарваць спадарожнік у палёце: мы не маглі павярнуць яго назад.

— Разумею, — сказаў я задуменна. — Значыцца, вы выкарыстоўваеце людзей і ў такіх эксперыментах…

— Прыходзіцца… Так што, твой катэр знойдзены.

— А наш карабель, які кружляе вакол Сароры вось ужо два месяцы?

— Пра гэта я нічога не чула. Напэўна, нашыя астраномы яго не засеклі. Толькі не перапыняй мяне на кожным слове! Некаторыя вучоныя сцвярджаюць, што твая ракета прыляцела з другой планеты нашай зорнай сістэмы і што ў ёй былі пасажыры. Далей гэтага яны не пайшлі. Нікому і ў галаву не прыходзіць, што гэтыя разумныя істоты могуць мець аблічча людзей!

— Але ж, Зіра, трэба ім гэта сказаць! — ускрыкнуў я. — Мне абрыдла быць палонным нават у найзручнейшай клетцы, якая толькі ёсць на Сароры, абрыдла, нягледзячы на твой клопат. Чаму ты мяне хаваеш? Чаму не сказаць праўду ўсім?

Зіра спынілася, азірнулася па баках і паклала руку мне на плячо.

— Чаму? Толькі дзеля цябе самога. Ты ведаеш Заюса?

— Пытаешся яшчэ! Нават хацеў з ім пагаварыць. Ну і што?

— Ты заўважыў, як ён успрыняў твае першыя спробы давесці, што ты — разумная істота? Ты ж не ведаеш, я ўжо сто разоў спрабавала праверыць яго ў гэтым ці хаця б намякнуць, — і з якой асцярожнасцю! — што, нягледзячы на знешні выгляд, ты ўсё-такі, магчыма, не жывёліна?

— Я бачыў, што вы часта спрачаліся і, здаецца, так і не прыйшлі да згоды.

— Ён упарты, як баран, і дурны, як чалавек! — выбухнула Зіра. — Але што рабіць? Такія амаль што ўсе арангутаны. Ён аб'явіў раз і назаўжды, што ўсе твае здольнасці тлумачацца высокаразвітым чалавечым інстынктам, і цяпер нішто не прымусіць яго змяніць сваю думку. Да таго ж, ён ужо нават напісаў пра цябе цэлую дысертацыю, у якой даводзіць, што ты — вучоны чалавек, гэта значыць чалавек, які пабываў у палоне, быў выдрэсіраваны і здольны цяпер выконваць бессвядома пэўныя трукі.

— Тупая жывёліна!

— Я згодная. Але ўся бяда ў тым, што ён прадстаўляе афіцыйную навуку і вельмі ўплывовы. У інстытуце ён займае адну з сама высокіх пасадаў, таму ўсе мае прапановы праходзяць праз яго. Я ўпэўнена, што калі я паспрабую расказаць пра цябе праўду, як ты хочаш, то Заюс проста абвінаваціць мяне ў навуковай ерасі. Мяне звольняць. Хоць нічога б тут асабліва страшнага не было, але ты…

— А што можа быць больш жахлівага за жыццё ў клетцы?

— Няўдзячны! Ты нават не падазраеш, на якія хітрыкі прыйшлося мне пайсці, каб цябе не перасялілі ў энцэфалічную лабараторыю! Заюс не спыніўся б ні перад чым, калі б ты працягваў даказваць яму, што з'яўляешся разумнаю істотай.

Поделиться с друзьями: