Замежная фантастыка
Шрифт:
Я ўмольна зірнуў на яе. Яна вагалася, але потым паціснула плячыма.
— Калі хочаш, хадзем са мною, — сказала яна. — Урэшце, ты вольны і, магчыма, здолееш супакоіць яе хутчэй за мяне.
Услед за Зіраю я ўвайшоў у аддзяленне. Прыкмеціўшы мяне, палонныя адразу ж супакоіліся, і гвалт змяніўся напружлівай цішынёю. Яны, несумненна, пазналі мяне, нягледзячы на адзежу, і, здавалася, разумелі, што з'яўляюцца сведкамі нейкай дзівоснай метамарфозы.
Стрымліваючы дрыготку, я накіраваўся да клеткі Новы, да маёй клеткі. Я наблізіўся да яе, усміхнуўся, загаварыў з ёю, на нейкае імгненне ў мяне з'явілася адчуванне, што яна мяне разумее і вось-вось адкажа мне. Але гэта, вядома, было немагчыма. Проста мая прысутнасць супакоіла яе, гэтаксама як і астатніх. Яна ўзяла кавалачак цукру, які я ёй працягнуў, і ўсё яшчэ грызла яго, калі я з цяжкім сэрцам ішоў да выхаду.
Пра гэтую вечарыну, наладжаную ў модным кабарэ, — Карнэлій вырашыў адразу ж пачаць далучаць мяне да малпінага жыцця, бо цяпер я мусіў кантактаваць пастаянна з малпамі, — у мяне захаваліся ўражанні вельмі цьмяныя і дзіўныя.
Прычынаю іх цьмянасці быў выпіты мною ў пачатку вечара алкаголь, ад якога мой арганізм на Сароры адвык. А дзіўнасць тлумачылася, бадай, асаблівым пачуццём, якое і пасля не раз авалодвала мною: паступовым згасаннем у маёй свядомасці ўяўлення пра ўсіх тых, хто быў вакол мяне, як пра малпаў — я ўсё часцей успрымаў іх у залежнасці ад іх прафесіі ці становішча ў грамадстве. Метрдатэль, напрыклад, які ўгодліва сустрэў нас і правёў да нашага стала, быў для мяне перш за ўсё метрдатэлем і толькі потым самцом-гарылаю. Гідка нафарбаваная арангутанка ў гадах успрымалася мною як старая какетка, а калі я танцаваў з Зіраю, то зусім забываўся, што яна шымпанзэ, адчуваў толькі гнуткую талію партнёркі. Аркестр шымпанзэ быў усяго толькі звычайным аркестрам, і элегантныя малпы, якія жартавалі за нашым сталом, нічым не адрозніваліся ад звычайных свецкіх жартаўнікоў.
Не буду расказваць падрабязна пра тое, якія пачуцці выклікала ў малпаў мая прысутнасць. Скажу толькі, што апынуўся ў цэнтры ўвагі. Мне прыйшлося бясконца раздаваць аўтографы, і два вартаўнікі-гарылы, якіх Карнэлій прадбачліва прывёў з сабою, ледзь баранілі мяне ад нападаў самак усіх узростаў і парод, якія спрачаліся за права выпіць са мною ці патанцаваць.
Заседзеліся мы да глыбокай ночы. Я ўжо быў добра п'яны, як раптам успомніў пра прафесара Антэля. Гэтая думка абудзіла ўва мне сама горкія згрызоты сумлення. Я ледзь не зароў ад сораму, падумаўшы пра тое, што сяджу вось цяпер тут, баўлю бесклапотна вольны час, п'ю з малпамі, а мой няшчасны таварыш дрыжыць на саломе ў клетцы заасада.
Зіра спыталася, што мяне так засмучае. Я адказаў. Тады Карнэлій паведаміў мне, што ўжо цікавіўся прафесарам і той пачувае сябе добра. Цяпер нішто не перашкаджае яго вызваленню. У адказ я рашуча заявіў, што не магу больш чакаць ні хвіліны і хачу перадаць яму гэтую навіну неадкладна.
Ї Урэшце, — падумаўшы, згадзіўся Карнэлій, — у такі дзень вам ні ў чым нельга адмовіць. Хадземце! Я знаёмы з дырэктарам заасада.
Мы выйшлі ўтраіх з кабарэ і неўзабаве дабраліся да заалагічнага сада. Разбуджаны дырэктар паспяшаўся нам насустрач. ён ужо ведаў маю гісторыю. Карнэлій адкрыў яму сапраўднае паходжанне аднаго з людзей, выстаўленых тут у клетцы. Дырэктар не верыў сваім вушам, але таксама не рашыўся адмовіць мне.
— Вядома, прыйдзецца дачакацца дня, — сказаў ён, — каб выканаць сякія-такія фармальнасці, неабходныя для вызвалення вашага прафесара, але нішто не замінае вам пагаварыць з ім хоць цяпер.
Ён абраўся праводзіць нас.
Ужо пачынала світаць, калі мы спыніліся перад клеткаю, у якой небарака-прафесар жыў, нібыта якая жывёліна, разам з паўсотняю іншых мужчын і жанчын. Палонныя яшчэ спалі, уладкаваўшыся парамі ці групамі па чатыры-пяць чалавек. Калі дырэктар запаліў у клетцы святло, усе расплюшчылі вочы.
Я нядоўга шукаў майго таварыша па няшчасці. Як і ўсе астатнія, ён ляжаў скурчыўшыся на саломе, і побач з ім была жанчына, як здалося мне, досыць маладая. Убачыўшы прафесара, я здрыгануўся і ледзь не заплакаў ад спагады да старэйшага сябра дый да сябе самога, згадаўшы, што перажыў за гэтыя чатыры месяцы.
Я быў такі ўсхваляваны, што не мог гаварыць. Але разбуджаныя людзі не дзівіліся нам ані кроплі. Яны ўжо былі прыручаныя і добра выдрэсіраваныя, таму адразу ж сталі выконваць свае звычайныя трукі, спадзеючыся атрымаць што-небудзь ва ўзнагароду. Дырэктар кінуў ім жменю пячэння. Адразу ж, як і ўдзень, пачалася штурхатня і калатнеча, а ўмудроныя старыя паспяшаліся ўладкавацца на кукішках перад самымі кратамі, з мальбою працягваючы нам рукі.
Прафесар Антэль далучыўся да папрашаек. Ён прыціснуўся як мага бліжэй да дырэктара і пачаў выпрошваць у яго ласунак. Такія несамавітыя паводзіны спачатку абурылі мяне, але неўзабаве маё горкае пачуццё перайшло ў вялікую занепакоенасць. Я стаяў за тры крокі ад прафесара, ён глядзеў мне ў самы твар — і не пазнаваў. Вочы яго, яшчэ нядаўна такія жывыя і праніклівыя, здаваліся цяпер патухлымі і пустымі, як у іншых палонных, — я не заўважыў у іх аніводнай іскрынкі розуму! Я ўсё больш і больш пераконваўся з жахам, што не выклікаю ў прафесара ніякіх пачуццяў, апроч недаўмення: пры выглядзе чалавека ў адзежы ён паводзіў сябе гэтаксама ж, як і ўсе палонныя.
Я жудасна напружыўся і загаварыў, каб прагнаць нарэшце гэты кашмар:
— Прафесар, — сказаў я, — мэтр, гэта я, Уліс Меру. Мы ўратаваныя. Я прыйшоў, каб паведаміць вам пра гэта…
І тут я змоўк у поўнай збянтэжанасці. Пачуўшы мой голас, прафесар уцягнуў галаву ў плечы і адступіў ад кратаў — зусім як любы яго іншы сусед па клетцы!
— Прафесар, прафесар Антэль! — ледзь ужо не плакаў я ўмольна. — Гэта я, Уліс Меру, ваш спадарожнік па вандроўцы. Я вольны, і праз некалькі гадзін вас таксама вызваляць. Малпы, якіх вы бачыце цяпер — нашы сябры. Яны ведаюць, хто мы такія, і прымаюць нас як братоў.
Ні слова ў адказ. Здавалася, Антэль нічога не зразумеў. Ён толькі зноў адступіў назад, сціснуўшыся, усё роўна як спалоханая жывёліна.
Я быў у бязмерным адчаі, малпы здзіўлена пазіралі на нас. Задуменны Карнэлій хмурыўся. Мне прыйшло ў галаву, што, магчыма, прафесар сімулюе неразуменне, баючыся малпаў. Тады я папрасіў іх адысці куды-небудзь, каб пакінуць нас сам-насам, што яны і зрабілі адразу ж. Калі малпаў не стала, я абышоў клетку, каб быць бліжэй да кута, у які забіўся прафесар, і зноў загаварыў з ім:
— Мэтр, — маліў я яго, — я разумею вашую асцярожнасць. Я ведаю, што пагражае людзям Зямлі на гэтай планеце. Але цяпер мы адны, клянуся вам, і вашыя выпрабаванні мінулі. Гэта я вам кажу, я, ваш спадарожнік, ваш вучань, ваш сябра, я, Уліс Меру!
Ён зноў адскочыў назад, спалохана гледзячы на мяне. Я ўвесь дрыжаў, не ведаючы, якімі ж словамі пераканаць яго. Раптам прафесар разявіў рот.
Божа, мне нарэшце ўдалося пераканаць яго?! Я глядзеў на яго затаіўшы дыханне. Але пачуўшы яго, здранцвеў ад жаху. Так, прафесар разявіў рот, ды гэта не быў свядомы рух чалавека, які збіраецца загаварыць. З ягонага горла вырваўся гук, які выдаюць дзіўныя людзі гэтай планеты, каб выказаць сваю задаволенасць або страх.
Прафесар Антэль стаяў перада мною ў клетцы і, не варушачы вуснамі, злосна ўлюлюкаў. Сэрца маё халадзела.
Частка трэцяя
Раздзел I
Сон у мяне гэтай ноччу быў неспакойны. Я рана прачнуўся, але доўга круціўся ў ложку і праціраў вочы, пакуль не прыйшоў у сябе. Вось ужо месяц я ўсё яшчэ не мог прызвычаіцца да цывілізаванага жыцця і кожнае раніцы прачынаўся ў трывозе, бо не чуў шаргацення саломы і не адчуваў побач з сабою цёплага цела Новы.