Замежная фантастыка
Шрифт:
— Сэр, — сказаў ён, — там зноў святар.
— Зрабіце ласку стаць па камандзе зважай, — строга сказаў Фетэрэр. — Нам яшчэ трэба будзе біцца і перамагчы.
— Слухаю, сэр, — адказаў ад'ютант і выцягнуўся. Радасць на яго твары крышку прыгасла.
— Святар, гм? — вярхоўны галоўнакамандуючы Фетэрэр задуменна паварушыў пальцамі.
Пасля Прышэсця, пасля таго, як стала вядома, што наперадзе Апошняя Бітва, працаўнікі на сусветнай ніве рэлігій зрабіліся сапраўднай карай Боскай. Яны перасталі грызціся паміж сабою, што само па сабе было пахвальна, але, апрача таго, яны спрабавалі забраць у свае рукі вядзенне вайны.
— Ганіце яго, — сказаў Фетэрэр. — Ён жа ведае, што мы распрацоўваем план Армагедона.
— Слухаю, сэр, — сказаў ад'ютант, адсалютаваў, па-вайсковаму павярнуўся і выйшаў, крочачы як на парадзе.
— Пойдзем далей, — сказаў вярхоўны галоўнакамандуючы Фетэрэр. — У другім эшалоне Сатаны будуць уваскрэшаныя грэшнікі і размаітыя стыхійныя сілы зла. У ролі яго бамбавой авіяцыі выступяць анёлы, што ў свой час былі зрынуты з неба. Іх сустрэнуць робаты-перахопнікі Дэла.
Генерал Дэл панура ўсміхнуўся.
— Пасля ўсталявання кантакту з праціўнікам аўтаматычныя танкавыя карпусы Мак-Фі рушаць на яго цэнтар пры падтрымцы робатапяхоты генерала Онгіна, — гаварыў далей Фетэрэр. — Дэл будзе кіраваць вадародным бамбаваннем тылоў, якое павінна быць праведзена максімальна масіравана. Я па меры неабходнасці буду ў розных пунктах уводзіць у бой механізаваную кавалерыю.
Вярнуўся ад'ютант і выцягнуўся па стойцы «зважай».
— Сэр, — сказаў ён, — святар адмовіўся ісці адсюль. Ён кажа, што павінен абавязкова пагаварыць з вамі.
Вярхоўны галоўнакамандуючы Фетэрэр хацеў быў сказаць «не», але завагаўся. Ён успомніў, што гэта ўсё-такі Апошняя Бітва і што працаўнікі на ніве рэлігій сапраўды маюць да гэтага бою нейкія адносіны. І ён вырашыў выкраіць святару пяць хвілін.
— Папрасіце яго зайсці, — сказаў ён.
Святар быў апрануты ў звычайныя пінжак і нагавіцы, якія сведчылі, што ён з'явіўся сюды не прадстаўніком нейкай канкрэтнай рэлігіі. Яго стомлены твар дыхаў рашучасцю.
— Генерал, — сказаў ён, — я прыйшоў да вас як прадстаўнік усіх працаўнікоў на сусветнай ніве рэлігіі — патэраў, равінаў, мул, пастараў і ўсіх іншых. Мы просім вашага дазволу, генерал, прыняць удзел у Бітве Божай.
Вярхоўны галоўнакамандуючы Фетэрэр нервова забарабаніў пальцамі па сцяне. Ён лічыў бы за лепшае захаваць добрыя адносіны з гэтай браціяй. Што ні кажы, а нават яму, вярхоўнаму галоўнакамандуючаму, не пашкодзіць, калі ў патрэбны момант за яго замовяць добрае слова…
— Зразумейце маё становішча, — тужліва прамовіў Фетэрэр. — Я — генерал, мне трэба будзе кіраваць бітвай…
— Ды гэта ж Апошняя Бітва, — сказаў святар. — У ёй трэба ўдзельнічаць людзям.
— Але ж яны ў ёй і ўдзельнічаюць, — адказаў Фетэрэр. — Праз сваіх прадстаўнікоў, вайскоўцаў.
Святар паглядзеў на яго. Фетэрэр гаварыў далей:
— Вы ж не хочаце, каб гэтая бітва была прайграна, хіба не так? Каб перамог Сатана?
— Зразумела, не, — прамармытаў святар.
— У такім разе мы не маем права рызыкаваць, — заявіў Фетэрэр. — Усе ўрады згадзіліся з гэтым, праўда? Так, вядома, было б вельмі прыемна ўвесці ў Армагедон масіраваныя сілы чалавецтва. Даволі сімвалічна. Але ці маглі б мы ў гэтым выпадку быць упэўнены ў перамозе?
Святар паспрабаваў штосьці запярэчыць, але Фетэрэр паспешліва загаварыў зноў:
— Нам жа невядома сіла сатанінскіх полчышчаў. Мы павінны кінуць у бой усё лепшае, што ў нас ёсць. А гэта азначае — аўтаматычныя арміі, робаты-перахопнікі, робаты-танкі, вадародныя бомбы.
Святар меў вельмі разгублены выгляд.
— Але ў гэтым ёсць штосьці амаральнае, — сказаў ён. — Няўжо вы не маглі б уключыць у свае планы людзей?
Фетэрэр абдумаў гэтую просьбу, але выканаць яе было немагчыма. Дэталёва распрацаваны план бою быў дасканалы і забяспечваў верную перамогу. І калі ўвесці ў бітву кволы чалавечы матэрыял, гэта магло б толькі ўсё сапсаваць. Ніякая жывая плоць не вытрымала б грукату гэтай атакі механізмаў, высокіх энергій, што пранізваюць паветра, усёпаглынаючай сілы агню. Любы чалавек загінуў бы яшчэ за сто міль ад поля бою, так і не ўбачыўшы ворага.
— Баюся, гэта немагчыма, — сказаў Фетэрэр.
— Шмат хто, — сурова прамовіў святар, — лічыць, што было памылкай даручыць Апошнюю Бітву вайскоўцам.
— Прабачце, — бадзёра запярэчыў Фетэрэр, — гэта паражэнчая балбатня. З вашага дазволу… — Ён паказаў на дзверы, і святар засмучана выйшаў.
— Ох, ужо гэтыя цывільныя, — уздыхнуў Фетэрэр. — Такім чынам, панове, вашы войскі гатовы?
— Мы гатовы біцца за Яго, — горача прамовіў генерал Мак-Фі. — Я магу паручыцца за кожнага аўтаматычнага жаўнера пад маім началам. Іх метал зіхаціць, іхнія рэле абноўлены, акумулятары поўнасцю зараджаны. Сэр, яны літаральна рвуцца ў бой.
Генерал Онгін выйшаў з задумення.
— Наземныя войскі гатовы, сэр.
— Паветраныя сілы гатовы, — сказаў генерал Дэл.
— Цудоўна, — падвёў вынікі генерал Фетэрэр. — Астатнія падрыхтаванні закончаны. Тэлевізійная перадача для насельніцтва ўсяго зямнога шара забяспечана. Ніхто, ні багаты, ні бедны, не будзе пазбаўлены відовішча Апошняе Бітвы.
— А пасля бітвы… — пачаў генерал Онгін і змоўк, як толькі глянуў на Фетэрэра.
Той насупіўся. Ён не ведаў, што павінна адбыцца пасля бою. Гэтым, відаць, зоймуцца рэлігійныя ўстановы.
— Магчыма, будзе наладжаны ўрачысты парад або яшчэ што-небудзь накшталт гэтага, — няпэўна адказаў ён.
— Вы маеце на ўвазе, што мы будзем адрэкамендаваны… Яму? — спытаў генерал Дэл.
— Дакладна не ведаю, — адказаў Фетэрэр, — але магчыма. Усё ж такі… Вы разумееце, што я хачу сказаць.
— Але як мы павінны будзем апрануцца? — разгублена спытаў генерал Мак-Фі. — Якая ў такіх выпадках прадпісана форма адзення?
— Што носяць анёлы? — пацікавіўся Фетэрэр у Онгіна.
— Не ведаю, — сказаў Онгін.
— Белае ўбранне? — выказаў здагадку генерал Дэл.
— Не, — рашуча адказаў Фетэрэр. — Надзенем парадную форму, але без ордэнаў.
Генералы кіўнулі.
І вось прыйшоў час.
У прыгожых баявых уборах сілы Пекла рухаліся па пустыні. Верашчалі пякельныя флейты, бухкалі пустацелыя барабаны — пасылалі наперад прывіднае воінства. Уздымаючы клубы пяску, танкі-аўтаматы генерала Мак-Фі рынуліся на сатанінскага ворага. І тут жа бамбавікі-аўтаматы Дэла з візгатам пранесліся ў вышыні, звальваючы бомбы на легіёны пагіблых душ. Фетэрэр мужна кідаў у бой сваю механічную кавалерыю. У гэты хаос рушыла робатапяхота Онгіна, і метал зрабіў усё.