Замежная фантастыка
Шрифт:
— Я знайшоў яго.
— Анэля?
— Так. Ён упаў. Ляжыць там, унізе.
Спуск заняў не менш як гадзіну; Піркс без жалю расставаўся з крукамі; наогул, гэта было цікавае пачуццё — думаць, што ніколі ўжо не паставяць тут свае нагі ні ён, ні нейкі іншы чалавек, а ў гэтай скале будуць тырчаць кавалкі жалеза, апрацаванага на Зямлі, і што гэта будзе ўжо на стагоддзі — а магчыма, назаўсёды.
Круль падбег да іх, калі яны, стаўшы нагамі на роўнае, зрабілі некалькі няўпэўненых крокаў, нібы адвыклі ад звычайнай хады; Круль здалёк закрычаў, што знайшоў непадалёку кінутыя Анэлем рэактыўныя кабуры; робат зняў іх знарок, перш чым узысці на сцяну, што было яўным доказам яго аберацыі, бо толькі яны ў выпадку падзення маглі яго выратаваць.
Масена, здавалася, наогул не звяртаў увагі на гэтыя адкрыцці Круля — ён не збіраўся хаваць, чаго каштавала яму гэтая дарога; наадварот — дэманстратыўна ўсеўся на валун, шырока расставіў ногі і нібы раскашаваў ад адчування цвёрдага грунту, занадта старанна выціраў хустачкай твар, лоб і шыю.
Піркс сказаў Крулю, што Анэль упаў; праз некалькі хвілін яны пайшлі яго шукаць. Пошукі былі кароткія. Ён падаў сама меней з вышыні трыста метраў. Панцыр яго разляцеўся на кавалкі, металічны чэрап таксама, і яго монакрышталічны мозг стаў дробнымі шклянымі асколкамі, раскіданымі ва ўсе бакі — яны блішчалі на белаватых каменнях нібы слюда. На шчасце, Круль не аказаўся дробязным і не пачаў даказваць, што ўзыходжанне было цалкам непатрэбным. Ён толькі не без задавальнення паўтараў, што Анэль распраграмаваўся — пакінутыя кабуры стоадсоткавы доказ. На Масену ўзыходжанне паўплывала не лепшым чынам; ён не спрабаваў нават пярэчыць, і ўвогуле здавалася, што ён будзе тым больш задаволены, чым хутчэй іх група будзе расфармавана і яны па-добраму расстануцца. Таму вярталіся моўчкі, тым больш што Піркс не лічыў патрэбным дзяліцца з таварышамі сваімі ўражаннямі аб здарэнні. Ён быў перакананы, што Анэль разбіўся не ад непаладкаў, а тое, што адбылося, не мела нічога агульнага з нейкімі монакрышталямі або мнестронамі, бо хіба ж ён, Піркс, таксама «распраграмаваўся», што так настойліва хацеў пакарыць гэтую сцяну? Проста Анэль больш быў падобны на сваіх канструктараў, чым ім гэтага хацелася. Калі ён выконваў сваё заданне, у яго заставалася яшчэ шмат часу — бо ён быў надта кемлівы і акуратны выканаўца. Ён не толькі бачыў, але і разумеў наваколле; ён быў створаны для вырашэння складаных задач, гэта значыць для гульні, а там спатрэбілася гульня не абы-якая — а з найвышэйшай стаўкай. Піркс не мог стрымацца ад усмешкі, калі падумаў пра слепату Круля і Масены; тое, што яны знайшлі свядома адкладзеныя Анэлем рэактыўныя патроны, узялі за доказ — да таго ж цалкам — бяспрэчны, — што робат распраграмаваўся. Але кожны чалавек зрабіў бы менавіта так, у іншым выпадку справа ўвогуле не мела б сэнсу, а ператварылася б у разнавіднасць гімнастыкі. О не, гаворка не пра тое. І ніякія вывады, ураўненні, ніякія крывыя не здолелі б яго пераканаць. Піркса здзіўляла толькі адно — што Анэль не ўпаў раней, бо ён ішоў адзін, без навыкаў, без трэніроўкі — гэтага ён не ведаў, бо яго стваралі не дзеля таго, каб ён змагаўся са скаламі. Што было б, калі б ён вярнуўся? Піркс зноў, невядома чаму, быў перакананы, што яны ніколі не даведаліся б пра гэта. Ва ўсякім разе ад Анэля. А ў тым месцы, не маючы ні крукоў, ні напарніка, а можа, нават не ведаючы пра іх існаванне наогул, ён адважыўся скокнуць. Што ён тады думаў? Напэўна, нічога, як і сам Піркс. Ці дакрануўся ён, хоць на імгненне, да краю расколіны? Калі так, то там павінен застацца след, шчопці радыеактыўных атамаў, якія будуць пакрысе распадацца, аж пакуль не выпарацца і не знікнуць.
Піркс ведаў яшчэ адно: ён нікому пра гэта не скажа. Кожны на яго месцы настойліва прытрымліваўся б гіпотэзы дэфекту, найбольш простай і найбольш натуральнай, адзінай, якая не змяняла карціны свету.
Да стаянкі дайшлі пасля поўдня. Іх выцягнутыя цені жвава рухаліся падчас працы; яны паспешна збіралі барак, які знікаў цэлымі секцыямі, аж пакуль ад яго не засталася ўтаптаная чатырохвугольная пустка; плылі хмары, а Піркс пераносіў скрынкі, згортваў лісты — рабіў усё тое, што павінен быў рабіць Анэль; на гэтай думцы, калі ён яе ўсвядоміў, Піркс затрымаўся, перш чым перадаў груз у працягнутыя рукі Масены.
Эрык Фрэнк Расэл
Неба, неба…
Ён шырока расчыніў літыя чыгунныя дзверцы, загледзеўся ў вогнетрывалае чэрава печы, што адкрылася перад ім, і ўздыхнуў на поўныя грудзі. Быццам узіраешся ў машынны адсек касмічнага карабля. Тут, за дзверцамі, павінны быць полымя і грукат, а з таго боку агню — зоркі. Падлога пад нагамі ўздрыгвае. На куртцы ў яго срэбныя гузікі, на каўняры і пагонах — маленькія срэбныя каметы.
— Ну вось, — грымнула над вухам. — Зноў ты як адчыніў дзверцы, дык адразу і аслупянеў. І што ўжо там такога незвычайнага ў гэтай печы?
Куртка з срэбнымі гузікамі і каметамі знікла, застаўся толькі засалены белы халат. Падлога пад нагамі больш не ўздрыгвала, адно рыпелі маснічыны. Зоркі пагаслі, нібыта іх ніколі і не было.
— Нічога, мсье Траба.
— Тады ўвага! Распалі агонь, як цябе вучылі.
— Зараз, мсье Траба.
Ён схапіў ахапак пахучага хваёвага галля, сунуў яго ў печ і доўгай жалезнай качаргой запхнуў як мага глыбей. Потым другі ахапак, трэці. Пасля падабраў з падлогі дзесятак маленькіх, клейкіх ад смалы хваёвых шышак і па адной закінуў туды ж, у самую сярэдзіну. І задуменна паглядзеў на ўсё, што зрабіў сваімі рукамі. Ракета, зараджаная хваёвымі шыпулькамі і шышкамі. Ото дурнота!
— Жуль!
— Зараз, мсье Траба.
Ён хуценька хапаў хваёвыя галінкі, сучкі і маленькія паленцы і соваў іх у печ, пакуль не напхаў колькі можна было. Ну вось, усё гатова.
Цяпер, каб узляцець, караблю патрэбна адна толькі іскра. Хтосьці на самым версе павінен пільна сачыць, каб разбеглася ўся наземная каманда, каб не трапіў ніхто пад полымя, што зараз вырвецца з соплаў. Вось умелая шматвопытная рука ледзь прыкметна кранула пурпуровую кнопку. І адразу ж недзе пад нагамі выццё, шалёны дрогат і пад'ём, спачатку павольны, потым усё хутчэйшы і хутчэйшы…
— Ото гора маё! Зноў ён нібы скамянеў! І завошта толькі, за якую віну лёс паслаў мне такога разяву!
Траба рынуўся паўз яго да печы, сунуў у яе запалены жмут паперы і з бразгам зачыніў дзверцы. Потым павярнуўся да свайго памочніка, грозна ссунуў калматыя чорныя бровы.
— Жуль Рыу, табе ўжо шаснаццаць. Так?
— Ага, мсье Траба.
— Значыцца, ты ўжо дарослы і павінен разумець: каб хлеб спёкся, у гэтым пекле павінна быць па-сапраўднаму горача. А на гэта патрэбен агонь. А каб быў агонь, яго трэба запаліць. Правільна я кажу?
— Ага, мсье Траба, — сарамліва згадзіўся ён.
— Дык чаму ж ты прымушаеш мяне паўтараць табе ўсё гэта тысячу разоў?!
— Я абэлтух, мсье Траба.
— Калі б ты быў проста абэлтух, усё было б зразумела і я табе дараваў бы. Пан Бог на тое і стварае дурняў, каб людзям было каго шкадаваць.
Траба сеў на даверху насыпаны, прыпарушаны мукою мех, валасатай рукою прыгарнуў да сябе хлапчука і даверліва загаварыў зноў:
— Твае думкі блукаюць, як у закаханага, якога сяброўка прагнала прэч, — дзесьці далёка-далёка. Скажы мне, дружа, хто яна?
— Яна?
— Ну але, гэтая дзяўчына, гэтае нябеснае стварэнне, якое задурыла табе галаву.
— Ніякай дзяўчыны няма.
— Няма? — Траба шчыра здзівіўся. — Ты пакутуеш, перажываеш, і тут не замешана дзяўчына?
— Не, мсье.
— Дык пра што ж ты марыш?
— Пра зоркі, мсье.
— Сто тысяч чарцей! — Траба бездапаможна развёў рукамі і з нямою мальбою ўтаропіўся ў столь. — Пекарчук! І пра што ж ён марыць? Пра зоркі!
— Я нічога не магу з сабою зрабіць, мсье.
— Вядома, не можаш. Табе ўсяго шаснаццаць. — Траба паціснуў плячамі. — Я задам табе два пытанні: як жыць людзям, калі ніхто не будзе пячы хлеб, і як ляцець да зорак, калі на свеце не застанецца людзей?
— Не ведаю, мсье.
— Сярод зорак лятаюць касмічныя караблі, — разважаў далей Траба. — А чаму? Ды толькі таму, што на Зямлі ёсць жыццё. — Ён нагнуўся і падняў даўжэзны цудоўна ўпечаны хлеб з залацістай скарыначкай. — А жыццё падтрымліваецца вось гэтым!
— Праўда, мсье.
— Думаеш, мне не хацелася б паблукаць сярод зорак? — спытаў Траба.
— Вам, мсье? — Жуль вылупіў на яго вочы.
— Само сабой зразумела. Але я ўжо стары і сівы і ў сваёй справе таксама праславіўся. Шмат ёсць такога, чаго я рабіць не ўмею і ніколі ўжо не навучуся. Але я стаў майстрам: я пяку цудоўны хлеб.
— Гэта праўда, мсье.
— І не забудзься, — Траба пагразіў пальцам, — гэта не якая-небудзь размазня машыннага замесу ў безансонскай электрычнай пякарні. Не, гэта сама сапраўдны хлеб, ад душы прыгатаваны жывымі чалавечымі рукамі. І я пяку яго старанна, пяку з любоўю — вось у чым сакрэт. У кожную выпечку я ўкладваю часцінку свае душы. Таму вось я і майстар. Ты зразумеў?
— Зразумеў, мсье.
— Дык вось, Жуль: людзі прыходзяць сюды не проста купіць хлеба. Канечне, на шыльдзе над маім акном сказана: «П'ер Траба, пекар». Але гэта, як і належыць, усяго толькі сціпласць. Бо што вылучае майстра, што для яго характэрна? Сціпласць!