ЖАНРЫ

Здубавецьця (кнiга) (на белорусском языке)
Шрифт:

– Брэшаш, мамулька, хачу...

Дачушка была настроена на канкрэтную лiрыку.

Набытак

Любiлi вушацкiя прыпавесьць пра прасталытку й пра бяззаганку. Памерлi абедзьве. У нябеснае канторы адной выдалi даведку (у нас казалi дублiкат) аб бязгрэшнасьцi, аб прыстойнасьцi. Другой нагрузiлi мех, ня раўнуючы як бычыных хвастоў, мужчынскiх патарчакаў. I падалiся бяззаганка й прасталытка ў рай. А рай абнесены ровам, у якiм палае агонь пякельны. Як нi торкала бяззаганка даведку - гарыць папера. А прасталытка зьвязала свае сувенiры накшталт каната (ёсьць жа вясёлая папеўка: "Як я была малада, тады была рэзва, да салдата па канату сама ў хату лезла") i перайшла цераз роў у рай. Прыдаўся матэрыяльны набытак.

Ванцак

Захварэла маладзiца на ванцак. Якiя лекi нi давалi - рады ня маглi даць. Тут аднекуль вазьмi дый зьявiся здаравiла. Узяўся вылечыць. Толькi ўсiх з хаты выгнаў, каб ня пярэкалiся. А ўсiм жа цiкава, як жа лячыць будзе. Праз запятыя вокны ўсё-ткi згледзiлi. Толькi й разважалi:

– Як паглядзець, дык дзярэць, а як знаiць, дык ванцак выганяiць...

Разважалi, пакуль лекуну моцы было.

Сьветач

– А ты што, за сьветача быў?
– пыталiся ў таго, хто даводзiў бацькоўства банкарта. Быць сьветачам - значыць стаяць у нагах з лучынкай, калi дзяцей робяць. Напрыклад, вушацкiя былi перакананыя, калi рабiць гэтую адказную працу на гарохавiнах, малое будзе сукрыстае, цi, кажучы лiрычна, амурыстае. Таму й цешыла вушацкiх кнiгарня ў Полацку зь iмем "Сьветач". Усьмiхалiся старэйшыя, якiя мову ведалi ня па казённых падручнiках.

I мне

Кум запрасiў кума ў госьцi. Частуе. Налiвае. Але калi поўнiць сваю чарку, гаспадар увесь час пералiвае, прыгаворваючы разгублена: "Ух ты!" Глядзеў, глядзеў госьць дый папрасiў:

– Кумок, налi ты й мне хоць раз з ухты!..

Чычылiць

Носiць бусел сыноў-пагоднiчкаў i носiць. А ў селянiна ня хапае рашучасьцi, як у драўлянага дзядзькi, зразьбяранага славутым Апалiнарам Пупкам, зашчамiць адной рукой буслову дзюбу пад паху, а другой, трымаючы сякеру, як адсекчы: "Досыць!" Вяртаецца з ворыва заезджаны, як i ягоны конь, гэты багатыр на дзяцей, а перадапошнi сынок пра самага малога здалёку крычыць:

– Тата, тата, i Мiкiтка ўжо хлебец чычылiць...

Абрадаваў.

Як садзяць бульбу

Заўсягды паўтарала мама, як трэба садзiць бульбу - каб роўненька клалася ў разору. А то iншы садзiць так, як бык сцыць.

I яшчэ трэба, каб кожная бульбiнка была адбаблена - адарваны расток (як пупок у нараджэнца).

Зарабiла крыж

Мужык ваяваў у вайне за цара. Жонка дома ня сумавала. Дзецюкi былi нявыводныя. Аднойчы чарговыя дзецюкi завялi маладуху на магiльнiк i, нацешыўшыся ўволю, вырашылi павесялiцца: прывязалi шчодрую на ласкi часовую ўдаву да крыжа. Дый зьнiклi. I абначавала кахальнiца на магiльнiку. Недзе пад ранiцу ўсё-ткi вывернула крыж ды зь iм i вяртаецца дадому. А якраз мужык прыйшоў з вайны. Грукаецца жонка ў дзьверы. Убачыў служывы, пачаў дзiвiцца:

– Я за ўсю вайну й медаля ня заслужыў, а ты, жонка мая верная, за ноч крыж атрымала...

Цi б я...

Любiлi вушацкiя показку пра старога кавалера, як ён усё ўмеў абгрунтаваць:

– Цi б я гальштук ня насiў? Надзену, а хто-небудзь цоп i панёс сабе.

Цi б я на рыбу ня схадзiў? Злавi, а пасьля ня ведай, што зь ёй рабiць. Калi яе ля ракi варыць, раскладзеш агонь, а лес загарыцца. А пакуль дамоў занясеш, згнiе.

Цi б я на базар ня пайшоў ды ня купiў скаромiны якой? Ды грошы ў руках ня будзеш несьцi, выставiўшы, а ў кiшэню пакладзеш, басякi падцiкуюць - хоп, i ня зловiш. Так i ем поснае.

Цi б я ня жанiўся? Жанюся, а жонку возьмуць ды перахопяць.

Цi б я ня купiў парасё? Ды парасё нанач адно ня пакiнеш - ваўкi сьцягнуць. А ў хаце зь iм ня спаць.

Так i жыву аб нiчым, нiшчымнiцай даўлюся, неабмыты, неабшыты, непрыкаяны, непрыхаiны.

Пырскi

Вушацкi малец быў на заробках там, "где золото роют в горах". Вярнуўся з нейкiмi шэлегамi, якiя тут жа i пусьцiў на вецер у "Вецярку". У кожным райцэнтры такiя ўстановы былi абавязкова. Пiў, ня прасыхаючы, мок у гарэлцы.

Вушацкiя жанчыны казалi як бы спагадлiва:

– Прыехаў з залатых пырскаў...

Пырскаў хапала напачатку ад шампанскага, а напрыканцы ад пiва.

Хор

Так казала вушацкая цётка пра сьпевы:

– Пачынаюць, як камары, тады, як мухi, тады, як аваднi, а тады як гiкнуць!

За што?

Мама распавядала, як у трыццатыя гады прывялi ў суд старую. Ёй пад восемдзесят гадоў. Прыйшлi дзецi, унукi, праўнукi. Чытаюць прысуд - дзесяць гадоў. Уся радня ў сьлёзы. А старая нiчога ня разумее:

– За што? Цi ж я крала? Я ж на сваiм шнурку два снапкi на нiткi ўзяла.

Показка спачувае: за маё жыта i я ж бiта. А тут бабка за свой лянок.

Адметны

У партработнiка пасьля вайны галiфэ былi абшытыя скурай, працiралiся ад паседжаньняў. Усё яшчэ пад камiсараў старалiся саўслужбакi. А вушацкiя яго адразу ж празвалi - хромавая срака.

Добра

Маладзiца, у якой зноў завёўся прытыка (так вушацкiя завуць прымакоў), радуецца:

– За пнём галава, за калодай ногi. Добра, калi ў хацi якi шавель ёсь...

Проста хацеў

Званок у вушацкую мiлiцыю - у Сарочыне (вёрст з дзесяць ад мястэчка) аварыя! Мiлiцыя. Хуткая дапамога. Прылятаюць - нiкога няма, нiчога ня стрэслася. Выходзiць спакойны, пад добрай чаркай дзядзька:

– Ды нiчога ня было, я проста хацеў заехаць у Вушачу...

Давезьлi. Заехаў дзядзька за колькi хвiлiн на пятнаццаць сутак.

Старцы пабiлiся за сухарцы

Каб неяк скрасiць нуду дарогi й голад хоць на словах ашукаць, старцы разважаць пачалi. Адзiн папросiць хлеба, другi малака. Той, хто будзе прасiць хлеба, задуменна й кажа:

– Укушу я хлеба ды хлiб-хлiб малака.

– Ах ты такi-растакi, я малако буду прасiць, а ты па два разы хлiбаць?

I сварка ў бойку перайшла - счубiлiся. I на паўшкi пайшлi. Як ня пазабiвалi адзiн аднога, яшчэ да вёскi ня дайшоўшы. I нi вячэры, нi цяцеры...

Сама

Маладзiца галосiць, запытваючыся, цi то ў мужа, якi ляжыць на куце на паповых санях, цi то ў тых, хто прыйшоў разьвiтацца з суседам:

– А хто ж мяне пабуджаць будзiць?

Адна ня вытрымала дый кажа:

– Сраць захочаш, сама ўскочыш.

Местачковы дыялог

– А што ў цябе зялёнае ў роце?

– А хiба знатка? Гэта ж я тваю зялёнку выпiла.

На пахмельле й зялёнка, як самагонка.

Драматургiя побыту

Мая апошняя радня па бацькавай лiнii, пратарэклiвая цётка Марушка скардзiцца:

– У зялезным магазiне тапароў людскiх няма, толькi такiя, як галовы па тэлевiзару адсякаюць...

Выходзiць, цётка i алебарды бачыла.

Ён, паночак...

Прывяла маладзiца малога да доктара. У яго, кажа, з жыватом нешта. Доктар пачынае пытацца:

Поделиться с друзьями: