Жалезныя жалуды
Шрифт:
Ці задумваўся ён над тым, якую дзяржаву хоча ўзгадаваць і як цяжка гэта будзе? Незадоўга да яго велізарную дзяржаву стварылі Чынгісхан і Батый, заліўшы крывёй Азію, растаптаўшы сваёй конніцай трэць Еўропы. Яна была як перакаці-поле, гэта Дзяржава, — кацілася з усходу на захад, падмінаючы пад сябе ўсё жывое, захопліваючы ў свой нястрымны рух шматлікія плямёны і народы. Вялікага чалавечага стогну і енку каштавала яна, і сам Чынгісхан, «патрасальнік Сусвету», як называлі яго, калі паміраў, загадаў, каб ягоную магілу не маглі адшукаць нашчадкі. «Патрасальніка» закапалі пасярод шырокага стэпу, а на тым месцы, дзе ён нарэшце супакоіўся, прапусцілі тысячныя табуны коней. Ні каменя, ні кургана не пакінуў пасля сябе хан. Дарэчы, амаль такім самым чынам схаваўся ад нашчадкаў пасля сваёй смерці заваёўнік Рыма Аларых. Перакрылі раку плацінаю, на дне выкапалі магілу, а потым зноў пусцілі ваду. Плюскоча рака, бягуць хвалі, і хто здагадаецца, што на ціхім дне, куды ніколі не кіне свой позірк сонца, вечным сном спіць той, хто з аднолькавай асалодай крышыў камень крапасных сцен і людскія косці.
З усіх бакоў астравок зямлі, на якім сядзеў Міндоўг, акружалі моцныя, ваяўнічыя суседзі — Полацк, Менск і Новагародак, Нальшанская зямля, дзе ўладарыў Доўмант. Гэта было першае, самае цеснае кола. Але варуцкі кунігас сваім вострым зрокам воя і дыпламата бачыў і другое кола, больш моцнае і шырокае. На поўдні, за Пінскімі балотамі, Галіцка-Валынскае княства, землі якога аб'яднаў сваёй дзяржаўнай рукою Даніла Галіцкі. На захадзе, за Жамойцю, дзе ў сваіх гарадах сядзелі шматлікія кунігасы і кунігасікі, стаў на жалезныя ногі Тэўтонскі ордэн. Не пашанцавала прусам, гэтым «блакітнавокім людзям з ружовымі шчокамі і доўгімі валасамі», як пісаў пра іх Адам Брэменскі. Уважлівы нямецкі храніст адзначыў, што прусы вельмі чалавекалюбівыя, ахвотна дапамагаюць тым, хто церпіць бедства на моры або падвяргаецца нападу піратаў. Яны ядуць конскае мяса, кабыліна ж малако і кроў ужываюць як хмельнае пітво. Срэбра і золата прусы шануюць не дужа. Зусім не шануюць незвычайна багатыя футры, якіх маюць незлічонае мноства, абменьваючы іх на адзенне з воўны. Не пашанцавала ж прусам у тым, што да іх падсуседзіўся Тэўтонскі ордэн і, як рысь упіваецца ў шыю ласю, упіўся ў прускія землі. Там зараз ідзе бясконцая вайна. Калі прусы не вытрымаюць, Ордэн выйдзе на Нёман, і Крыва-Крывейта твар у твар сутыкнецца з лацінскім Хрыстом. Ен ужо з ім сутыкнуўся, бо кінуў святы дуб у Ромаве і пабег у жамойцкія пушчы шукаць іншы.
З далёкага поўдня чуецца дыханне Залатой Арды.
Стэпавікі зламалі хрыбетнік Кіеву, садралі залатыя дахі і купалы з рускіх цэркваў. Кожны міг, як шалёная нястрымная вада, іхнія тумены могуць рынуцца з Дняпра на Нёман. Есць такая жахлівая смерць, такое пакаранне — чалавека расціскаюць дзвюма тоўстымі дубовымі дошкамі. Міндоўг заўсёды адчуваў сябе, сваю сям'ю і свой народ між гэтых няўмольных дошак Ордэна і Арды. Спыніць іх, зламаць іх можна, толькі сабраўшы вялікую супольную сілу. Але дзе ўзяцца той сіле, калі ў маленькай Літве, у гэтым чырвоным Міндоўгавым яблычку, у самай сярэдзіне завяліся ненаедныя лютыя чэрві. Яны грызуць яблык, сэрца кунігасава грызуць. Даўспрунк з Таўцівілам і Эдзівідам, Выкант, Рушкавічы, Булевічы… Праўда, Рушкавічаў Міндоўг знішчыў, хоць і ездзіў з імі ў Галіч на перамовы з рускімі князямі. Знішчыў з незвычайнай жорсткасцю. Перад смерцю загадаў у кожнага з мужчын дома Рушкавічаў выразаць з жывога цела па кавалку мяса. Мяса выразалі, падсмажылі, і было загадана, каб брат еў мяса брата. Баючыся новых, яшчэ больш жудасных пакут, Рушкавічы зрабілі такое і былі забіты мачугамі. Толькі багам і кунігасам дадзена высокім небам права дараваць людзям жыццё або смерць. Гэта Міндоўг ведаў цвёрда, гэтаму быў прывучаны змалку. Не выпадала быць добрым, добрым, як дзіця ў калысцы. Жыццё вучыла насцярозе і жорсткасці. Заставаўся пад сонцам дужэйшы або той, хто ўмеў вельмі хутка бегаць, уцякаць, не пакідаючы нават на зямлі слядоў. Міндоўг з агідаю думаў пра палахліўцаў. Ен любіў моцных душою людзей. Яны былі падобныя на агонь, што крушыць усё жывое на сваёй дарозе. Ен сам імкнуўся зрабіцца чалавекам-агнём, якога баяцца ворагі і слухаюцца сябры. Жорсткасць была разліта ў прыродзе. Маланка бязлітасна шчапала дубы. Воўк рэзаў авечку. Снег валіўся на цёплыя вясновыя кветкі. Пярэстая рысь, тыгр мясцовых лясоў, душыла казуль і ласіц. Трохгадоваму Міндоўгаваму брату Мантвілу певень, якога прывезлі ад індусаў, выдзеўбнуў зрэнку ў воку — падумаў, што гэта бліскучы каменьчык. Нельга было раскісаць, як сыраежка пад дажджом, чакаць, пакуль нехта прыйдзе і прыкончыць цябе самога і ўсіх тваіх сямейцаў. Варуцкі кунігас не аднойчы пасылаў сваім ваяўнічым суседзям борць пчол. У Літве, калі хочуць пасябраваць, заўсёды дораць пчол. Пэўна, таму, што пчала працавітая, багатая і ніколі не дасць сябе ў крыўду. Тыя пчол ахвотна бралі, але ўсё роўна плялі змовы, шкодзілі на кожным кроку. Апошнім разам накіраваў Міндоўг да Таўцівіла свайго лепшага ваяводу асілка Гедруса. Таўцівіл разам з Эдзівідам шчодра частавалі ваяводу мёдам і смажанай зверыной, да нябёс праслаўлялі Міндоўга, а потым Таўцівілаў чалавек (нават імя яго невядома) абняў захмялелага Гедруса, спытаў: «Дзе ў цябе сэрца?» — «Тут, — адказаў даверлівы асілак, нават ляпнуўшы рукою па сваёй левай грудзіне. І Таўцівілаў чалавек па самую рукаятку ўсадзіў доўгі нож дакладна ў тое самае месца. Нечаканая смерць ваяводы ўразіла Міндоўга. «Сам сябе праспаў», — такія былі першыя словы кунігаса, калі ён дачуўся, што Гедруса ўжо няма на гэтым свеце. Зноў полымя вайны пакацілася па Літве. Іскры ж ад яе ляцелі ў Дзяволтву, Дайнаву, Нальшу, усюды, дзе ляжала зямля Зялёных Дубоў і Чорных Вужоў. Міндоўг пачаў ліхаманкава ўмацоўваць Варуту і свае шматлікія гарадзішчы-пількальнісы, бо ўжо пабеглі па ўсіх сцежках варожыя людарэзы і людаловы. Да гэтага сцены сваіх умацаванняў літоўцы рабілі з дрэва, пяску і каменняў, але каменні сыпалі проста кучаю, бо не ведалі, як злучаць, звязваць у адно цэлае. Новагародак адкрыў ім сакрэт вапнавага раствору, цамянкі. Таўцівіл з Эдзівідам, апёкшыся каля такіх сцен, пачалі паліць навакольныя весі, браць у палон Міндоўгавых коймінцаў 16 . Варуцкі кунігас адказваў тым жа і бяссоннымі начамі думаў, шалеючы ад гневу: «Пачакайце, хутка так удару — чорныя іскры пасыплюцца ў вас з вачэй». Вось чаму з такой радасцю сустрэў ён дружыну, што прыйшла з Новагародка. Цяпер удача і ўлада не вылузнуцца з ягоных рук, бо моцнае плячо падстаўляў Ізяслаў Новагародскі.
16
Коймінцы — нявольныя людзі, якіх гаспадар надзяляў зямлёй.
Весела было ў Варуце наступнай ноччу. На вялізных вогнішчах смажыліся дзікі і ласі. Міндоўг з Войшалкам і сваімі ваяводамі, Далібор з Хвалам і Косткам сядзелі за багатымі сталамі пад адкрытым небам, пілі мёд, рамейскае віно і светлае літоўскае піва-алус. Міндоўг са смакам еў ласіныя губы ў воцаце, кідаў хуткія позіркі то на Далібора, то на Хвала, і ў чорна-зялёных вачах яго ўспыхвалі яркія бліскаўкі.
— Чаму сам князь Ізяслаў не прыехаў? — спытаў ён у Далібора, паклаўшы цяжкую руку яму на плячо.
— Да князя Данілы Раманавіча ў Галіч збіраецца, — адказаў Далібор.
Кунігасава рука сціснулася ў кулак, гэтым кулаком ён шкрабануў княжычу па хрыбетніку, быццам выпрабоўваў на моц. Потым ускочыў з-за стала, загадаў Войшалку:
— Кліч дружыннікаў! Хай новагараджане паслухаюць нашы дайны!
Прыйшло чалавек дзесяць — пятнаццаць, сталі паўколам, заспявалі. Пад начным небам, пад срэбнадымнымі воблакамі шырока паплыла песня:
Сёння п'ём мы піва, Ну, а заўтра выйдзем На рубеж угорскі. Вінныя там рэкі, Яблыкі на дрэвах Чыста залатыя.Міндоўг падбег да спевакоў, ушчаміўся між імі, паклаўшы ім рукі на плечы, заспяваў-запытаў:
— Што ж рабіць мы будзем На зямлі угорскай? — Мы збудуем горад З камянёў каштоўных, З яркіх самацветаў,—адказаў хор.
— А калі ж мы прыйдзем З той зямлі угорскай? —зноў запытаў кунігас.
— Калі ў сінім моры Зашапочуць дрэвы, Зацвітуць каменні,—паляцела ў чорную ноч, паляцела да зорак. Расступіўся, раскалоўся змрок, і ў кожнага, хто слухаў песню, пранеслася ва ўспамінах, як вогненны шар маланкі, уласнае жыццё ад самага пачатку да вось гэтай песні, У якой абудзіліся ўсе выявы зямлі: таемны лес, глыбозная вада, крыкі-шэпты прыроды. Далібор убачыў расахатую бярозу над пясчанай туманнай дарогай, кроплі расы на кветках, дзявочую постаць ва ўсім белым. Туман цёк, наплываў на дзяўчыну, вось толькі тоненькая рука, як крыло птушкі, мільганула ў хвалях шэрага туману і знікла. Дзе гэта было? Хто гэта быў?
Зноў селі за багатыя сталы. Міндоўг быў дужа вясёлы, усмешлівы, шмат еў і піў. Чаляднікі падавалі смажаных качак і гусей, вэнджаных вугроў, халодныя цялячыя языкі.
— Есці ўжо няма куды, а вочы ядуць, — задаволена выгукнуў адзін з літоўскіх ваяводаў, і ўсе засмяяліся. Але Міндоўг раптам пацямнеў у твары, схапіў ваяводу за доўгія валасы, тыцнуў яго тварам у тлустыя кавалкі смажаніны, закрычаў:
— Распусціў чараво! Помніш, як мы галадалі над ракой Нявежай? Як кару грызлі? Як лівонцы кідалі нам цераз вал дохлых кошак?
Ен перакуліў стол, пайшоў у змрок, апусціўшы галаву. Нечаканая змена ў настроі кунігаса перапалохала чаляднікаў, здзівіла новагараджан. Толькі ваявода, быццам нічога не здарылася, спакойна сядзеў на кляновай лаве з перапэцканым тварам. Па шчоках цяклі бліскучыя ручайкі. І не слёзы гэта былі, а гусіны тлушч.
— Ідзі сюды, княжыч, — паклікаў Далібора Міндоўг. Калі Далібор падышоў, горача схапіў яго за плячук, загаварыў: — Я самы моцны і самы багаты ў Літве. У мяне ёсць рабы, у мяне ёсць зямля. Мае коймінцы аруць на валах, а не на худых конях, як у Даўспрунка. У мяне тысячы сярпоў і сох, а кавалі куюць лепшыя баявыя сякеры, лепшыя, чым у лівонцаў. Мае людзі вязуць за рубеж футравіну, якой дзівяцца Рым і Брэмен. Вы ў Новагародку моліцеся пры свечках, зробленых з майго воску. Ты верыш мне? — запытаў ён раптам.
— Веру, — адказаў Далібор.
— Літву хачу бачыць моцнаю, як святы дуб, пад якім сядзіць Крыве, — казаў далей варуцкі кунігас, і чорна-зялёныя вочы натхнёна свяціліся. — Усіх, хто пакланяецца Пяркунасу, хачу сабраць пад сваім сцягам. Ты верыш мне?
— Веру, — зноў адказаў новагародскі княжыч, бо што інакшае мог ён сказаць. Гэты чалавек быў як магніт, як бераг, да якога, хочуць яны ці не хочуць, але абавязкова павінны прыплыць некалі ўсе чоўны. Той жа, хто не прыплыве, ляжа мерцвяком на дно.
— У мяне шмат валоў, і я сам раблю, як вол. Хіба гэта дрэнна, княжыч? — спяшаючыся, гаварыў Міндоўг. — Калі я караю ворагаў, здраднікаў, адступнікаў, калі я на сваю зялёную зямлю лью іхнюю чорную кроў, я мацую Літву. Хіба гэта дрэнна?
«Ён размаўляе са мной, як размаўляў бы са сваім духоўнікам, калі б быў хрысціянінам, — здагадаўся Далібор. — Ен хоча аблегчыць душу, а тут, у Варуце, няма перад кім — яго або баяцца і, як рабы, поўзаюць каля ягоных ног, або не жадаюць зразумець, хоць прыкідваюцца, што згодныя з кожным кунігасавым словам. Ен — няшчасны». Новагародскі княжыч, зрабіўшы такое адкрыццё, паўжыцця аддаў бы, каб прасвятліць яшчэ адну пякучую таямніцу — даведацца, ці родная ў іх кроў. Але як разблытаць і вымудрыць такое? Не спытаеш (вочы ў вочы) у кунігаса. Міндоўг, як баявы сокал, пэўна, бачыў на сваім жыцці нямала светлых саколак. Але ж адна з гэтых саколак, калі верыць праклятаму ведзьмаку з Цёмнай гары, княгіня Новагародская. Як падступіцца да гэтай загадкі?