Жалезныя жалуды
Шрифт:
Далібор зваліў тры або чатыры казулі і быў задаволены сабою. У ягоным Новагародку не было такога размаху на ловах. Князь Ізяслаў стараўся ашчаджаць лясных насельнікаў, і не часта на зялёную траву цякла звярыная кроў.
Глыбока ў лесе пачулася песня. Збіраліся ў адну купу асочнікі і паляўнічыя.
Любяць песню літоўцы. Спяваюць у полі і на лузе, у час адпачынку і ў час працы, спяваюць маладзенькія дзяўчаты і хлопцы, старыя дзяды і бабулі, спяваюць пад шэрым дажджом і пад іскрыстым сонцам.
Пад'ехаў на замыленым кані ваявода Хвал, шапнуў Далібору:
— Ну, што я казаў, княжыч? Цягнуць з пушчы на туравай шкуры Вісманта і Спрудзейку. Абодва мёртвыя. У лоўчую яму зваліліся. А ў той яме іх паранены тур стаптаў.
— Як жа яны, такія спрытнюгі, у яму ўляцелі? — здзівіўся Далібор.
Ваявода нічога не сказаў, толькі паглядзеў на яго доўгім праніклівым позіркам, і адчувалася, што з кончыка языка ў ваяводы, як птушка, гатова сарвацца слова, што свярбіць, дужа свярбіць кончык языка, але стрымаўся стары вой.
Нявесела скончыліся ловы. Вісманта і Спрудзейку разам з іхнімі коньмі, разам са зброяй павезлі на жоглішча і там спалілі. У Міндоўга быў змрочны твар. Трэба было на некім спатоліць злосць.
— Дзе конюх кунігаса Спрудзейкі?! — закрычаў Міндоўг.
Прывялі, а дакладней — прынеслі, бо ад страху запляліся ногі конюха. Ен нешта хацеў сказаць, нешта патлумачыць і тым самым адвесці ад сябе смяротную бяду, але толькі бялеў і чырванеў і з горла вырывалася нейкае булькатанне.
— Вазьміце яго ў абцугі,— загадаў Міндоўг. — З першага абцуга скажа, навошта завёў свайго гаспадара ў яму.
Бедалагу павалаклі на катаванне, дзе ўжо чакала ягоную плоць гарачае жалеза.
— Вялікі кунігас, я не вінаваты, — вымавіў нарэшце ён, але ніхто не слухаў. Тых, каму не пашанцавала, хто прагневаў зямных уладароў, не слухаюць. Адно ім суцяшэнне дадзена — ведаюць яны, што ўсе людзі прыходзяць на гэты свет і выходзяць з гэтага свету не па сваёй волі.
У той вечар шмат пілі, шмат елі печанай зверыны. Лугавіну над ракой Рутаю заслалі дарагімі апонамі, шкурамі тураў, мядзведзяў і ласёў. Прыслужнікі ўскочвалі на апоны і на шкуры бочкі піва, падносілі ўсім ражны з велізарнымі кавалкамі мяса. Тады ж убачыў Далібор Міндоўгаву дачку князёўну Рамуне, з такімі ж чорна-зялёнымі, як у бацькі, вачыма, але светлавалосую.
— Вось якая ў мяне дачка, — пахваліўся Міндоўг. — Вось якая ў маім небе аўшра 22 свеціць.
І загадаў:
— Кланяйцеся маёй дачцы. Усе кланяйцеся літоўскай князёўне.
Госці, хто са шчырасцю, хто таймуючы крыўду і злосць, пачалі кланяцца, трымаючы ў руках кубкі з віном і півам. Кунігас абыходзіў кожнага і цалаваў. І адным здавалася, што само сонца наблізілася да іх, іншыя ж з гідлівасцю думалі, што Міндоўг не цалуе, а нібы кусае за шчаку. Розныя вочы глядзелі на кунігаса і бачылі рознае. Адны — нястомнага ваяра, ахоўніка Літвы, барацьбіта і дыпламата, чалавека, які здолее ўзвысіць Літву над яе суседзямі, другія — славалюба і пыхліўца. Новагародскі княжыч Далібор бачыў перад сабой чалавека, у саюзе з якім Новагародак павінен выбіць зубы Ардзе і Ордэну, цвёрдай рукой сабраць у адну дзяржаву землі крывічоў і дрыгавічоў. Паходня Полацка ўжо адгарэла, адпалала. Надышоў час Новагародку запальваць сваю паходню, каб асвяціць ёю будучыя шляхі і будучыя дні. Не адзін раз Літва разам з Полацкай і Панямонскай Руссю ішла ў сечы пад аднымі і тымі ж сцягамі, за адну справу. Гэта павялося яшчэ да таго часу, калі жыхары Крывога горада 23 ўзялі да сябе князем полацкага Давыда, якога вялікі князь кіеўскі Мсціслаў Уладзіміравіч выслаў з усімі ягонымі чадамі ў Візантыю. Дзве ракі, што заўсёды беглі поруч, не могуць не зліцца ў адзін струмень, дзеля таго каб зберагчы сябе, сваю глыбіню і чысціню.
22
Аўшра (літоўск.) — зара, дзянніца.
23
Крывы горад — адна з першапачатковых назваў Вільнюса.
— Княжыч Глеб, кланяйся таксама маёй дачцы, — памякчэлым, але ўсё роўна ўладным голасам сказаў Далібору Міндоўг.
Далібор пакланіўся Рамуне і куточкам вока заўважыў, як спахмурнеў Войшалк. Няўжо яны, брат і сястра, варагуюць між сабою? Хіба можна не любіць гэту прыгажуню, мілагучны голас у якой повен шчасця, як спелая ягадзіна соку? А можа, Войшалк, дужа любячы сястру, раўнуе яе да ўсіх астатніх мужчын? Бо кожны з іх (у гэтым Далібор не сумняваўся) у думках, як пчала ў кветку, упіваўся ў пунсовыя вусны князёўны.
Удзячны Міндоўг моцна абняў, пацалаваў Далібора. Зноў матлянуўся перад вачамі ў новагародскага княжыча жалезны жолуд, што вісеў на танюсенькім срэбным ланцужку, абцяжарваючы загарэлую шыю кунігаса. Ці прасветліцца калі-небудзь тайна гэтага жолуда? Ці даведаецца ён, Далібор, кім даводзіцца яму варуцкі кунігас?
— Не глядзі, аблізваючыся, на Рамуне, — ціскануў Далібору плячук, пажартаваў Міндоўг. — За галіцкім князем яна замоўлена. Праз два леты паедзе ў Галіч. Цябе ж, я ведаю, таксама чакае князёўна з Ваўкавыйска. Так?
— Так, — адказаў Далібор.
— Яшчэ больш пашырыцца зямля Новагародская, — як бы пажаліўся Міндоўг. — А што сёння маю я? Шматок лясоў і балот. Ды і гэта хочуць вырваць з маіх рук ненажэрцы.
Ен узмахнуў кулаком ды раптам, быццам нешта прыпомніўшы, спытаў:
— Ты, княжыч, на ловах быў не побач з Вісмантам і Спрудзейкам?
І пільна-пільна, нейкім вострым тхарыным позіркам, зірнуў на Далібора. Такія насцярожана-спалоханыя вочы ўбачыў Далібор на кунігасавым твары ўпершыню.
— Я быў са сваім ваяводам Хвалам, — спакойна адказаў новагародскі княжыч. — Вісманта і Спрудзейку напаткаў ужо тады, як везлі іх да жоглішча.
Пра варуцкага ж кунігаса падумаў: «Пранырлівыя ў цябе вочы». Міндоўг з відавочнай палёгкаю ўздыхнуў, як самаму сардэчнаму сябру, паабяцаў Далібору:
— Толькі пачне жолуд з дуба сыпацца, паедзем мы з табой, княжыч, яшчэ на адно паляванне. Гэта будуць не сённяшнія ловы. Але сам пабачыш. Скажу адно: рэдка каго са сваіх гасцей запрашаю я на тое паляванне. А цябе запрашу.
V
Міндоўг стрымаў слова. Праплыло-праляцела некалькі сядміц, паспелі некалькі разоў варутчане і новагараджане скрыжаваць зброю з Таўцівілам і Эдзівідам, і ў акно святліцы, дзе жыў Далібор, шкрабануў кашчавай лёгкай рукой незнаёмы непрыкметны чалавечак.
— Кунігас княжыча Глеба да сябе ў нумас кліча.
І адразу знік чалавечак, як не было яго. А можа, і сапраўды прымроіўся? Але Найдзён, верны халоп, які нейкім незвычайным чынам ужо ведаў усё і ўсіх у Варуце, упэўнена сказаў:
— Гэта Казлейка, Міндоўгаў шапатнік і навушнік. Гавораць людзі, што ён як цень у кунігаса — усюды за ім валочыцца.
Напружыўшы памяць, Далібор успомніў гэты востры лісіны тварык і бясколерныя вочы, якія глядзелі з глыбокіх вачніц, быццам з прорвы. На ловах у пушчы быў Казлейка як прылеплены да Міндоўга. І заўсёды чамусьці трымаўся левага кунігасава пляча.
Далібор накінуў плашч, начапіў меч і пайшоў у нумас. Восеньская знямога прыроды адчувалася ва ўсім. Выў халодны вецер, абсяваў наваколле рэдкім краплістым дажджом. Яшчэ некалькі дзён назад радавалі вока зялёныя клубкі дрэў на небасхіле. А ўжо сёння большасць гэтых дрэў былі распрануты холадам і ветрам. Праз праломы ў хмарах бачылася неба, нізкае і няўтульнае.