ЖАНРЫ

Жыццё i дзiўныя прыгоды марахода Рабiнзона Круза (на белорусском языке)
Шрифт:

Аднак вопыт гэты каштаваў мне вельмi дорага. Пра гэта сведчыць хоць бы такая падзея, якая здарылася са мною ў той час. Адразу ж пасля дажджоў, калi сонца прайшло ў Паўднёвае паўшар'е, я вырашыў, што настаў зручны час, каб пасеяць тыя мiзэрныя запасы рысу i ячменю, пра якiя гаварылася вышэй. Я пасеяў iх i з нецярпеннем пачаў чакаць ураджаю. Але надышлi сухiя месяцы, у зямлi не засталося нi кроплi вiльгацi, i нi адно зерне не ўзышло. Добра, што я адклаў у запас па жменьцы рысу i ячменю. Я так i сказаў сабе: "Лепш не высяваць усяго насення; я ж не ведаю добра яшчэ тутэйшы клiмат, i я не ведаю напэўна, калi сеяць i калi збiраць ураджай". Я вельмi хвалiў сябе за гэту перасцярогу, бо быў упэўнены, што ўвесь той пасеў загiнуў ад засухi. Але ж як я быў здзiўлены, калi праз некалькi месяцаў, як толькi пачалiся дажджы, амаль усё маё зерне ўзышло, як быццам я толькi што яго пасеяў!

Пакуль рос i паспяваў мой хлеб, я зрабiў адно адкрыцце, якое потым прынесла мне немалую карысць.

Як толькi спынiлiся дажджы i надвор'е ўсталявалася, недзе прыблiзна ў лiстападзе, я сабраўся на сваё лясное лецiшча. Я не быў там некалькi месяцаў i з радасцю ўпэўнiўся, што ўсё там засталося без змены, у тым самым выглядзе, як было i пры мне. Змянiлася толькi агароджа вакол майго будана. Яна была, як вядома, з двайнога частаколу. Агароджа была цэлая, толькi частаколiны, на якiя я высек маладыя дрэўцы не вядомай мне пароды, што раслi паблiзу, частаколiны мае пайшлi ў рост, гэтак як расце ў нас лаза, калi зрэзаць верхавiнку. Я вельмi здзiвiўся, убачыўшы гэтыя свежыя галiны, i мне было вельмi прыемна, што агароджа мая ўся ў зелянiне. Я падстрыг кожнае дрэўца, каб па магчымасцi надаць iм усiм аднолькавы выгляд, i яны дзiвосна разраслiся.

Хоць круглая плошча майго лецiшча мела каля дваццацi пяцi ярдаў у дыяметры, дрэвы (так я мог цяпер называць свае частаколiны) хутка засланiлi яе сваiмi галiнамi i давалi такi густы цень, што ў iм можна было хавацца ад сонца ў любую пару дня. Таму я вырашыў ссекчы яшчэ некалькi дзесяткаў гэтакiх жа калоў i ўбiць iх паўкругам вакол агароджы майго старога дома. Так я i зрабiў. Я ўбiў iх у зямлю ў два рады, адступiўшы ад сцяны ярдаў на восем. Яны прынялiся, i неўзабаве ў мяне вырасла жывая агароджа, якая спачатку баранiла мяне ад спякоты, а пазней саслужыла мне i зусiм iншую, больш важную службу.

Да гэтага часу я канчаткова ўпэўнiўся ў тым, што на маёй выспе поры года трэба падзяляць не на летнi i зiмовы перыяды, а на сухi i дажджлiвы, прычым гэтыя перыяды размяркоўваюцца прыблiзна так:

– ----

Палова лютага.

Сакавiк.

Палова красавiка.

Дажджы.

Сонца стаiць у зенiце.

– ----

Палова красавiка.

Май.

Чэрвень.

Лiпень.

Палова жнiўня.

Суха.

Сонца рухаецца да поўначы.

– ----

Палова жнiўня.

Верасень.

Палова кастрычнiка.

Дажджы.

Сонца ў зенiце.

– ----

Палова кастрычнiка.

Лiстапад.

Снежань.

Студзень.

Палова лютага.

Суха.

Сонца рухаецца на поўдзенi.

– ----

Дажджавы сезон можа быць даўжэйшы i карацейшы - гэта залежыць ад ветру, а ўвогуле я вызначыў iх правiльна. Паступова, з практыкi, я ўпэўнiўся, што мне вельмi небяспечна ў перыяд дажджоў знаходзiцца пад адкрытым небам: гэта шкодзiць здароўю. Таму перад пачаткам дажджоў я кожны раз рабiў запас правiзii, каб як мага радзей выходзiць за парог, i ўсе дажджлiвыя месяцы стараўся сядзець дома.

РАЗДЗЕЛ АДЗIНАЦЦАТЫ

Рабiнзон працягвае даследаваць выспу

Не раз спрабаваў я сплесцi сабе кош, але дубцы, якiя мне траплялiся, былi такiя крохкiя, што ў мяне нiчога не атрымлiвалася.

Дзiцем яшчэ любiў я хадзiць да карзiншчыка, якi жыў у нашым горадзе. Я ўважлiва назiраў, як ён робiць кашы. I цяпер гэта мне вельмi прыдалося. Усе дзецi назiральныя i любяць дапамагаць дарослым. Прыгледзеўшыся да работы карзiншчыка, я неўзабаве скемiў, як ён пляце свае кашы i карзiны, i, як умеў, хутка пачаў i сам памагаць яму. Паступова я навучыўся плесцi не горш за свайго прыяцеля... I вось цяпер у мяне не было толькi адпаведнага матэрыялу. Нарэшце мне прыйшла ў галаву думка: а цi не паспрабаваць мне дубцы тых дрэў, з якiх я гарадзiў свой частакол? У iх жа галiны павiнны быць гэтакiя ж гнуткiя, як у нашае лазы цi вярбы. I я вырашыў паспрабаваць.

На другi ж дзень я пайшоў на лецiшча, выбраў i зрэзаў некалькi самых тонкiх дубцоў i ўпэўнiўся, што яны як лепш не трэба прыгодныя для пляцення кашоў. У наступны раз я прыйшоў з сякераю, каб адразу насекчы дубцоў як найбольш. Мне не прыйшлося доўга шукаць iх, таму што дрэвы гэтай пароды раслi тут скрозь. Насечаныя дубцы я перанёс за агароджу майго будана i схаваў там.

Як толькi пачалiся дажджы, я сеў за працу i пачаў плесцi кашы. Яны служылi мне на розныя патрэбы: я насiў iмi зямлю, складаў у iх розныя рэчы i г. д. Праўда, кашы ў мяне атрымлiвалiся не вельмi каб зграбныя, але яны былi трывалыя i добра апраўдвалi сваё прызначэнне. А мне гэта толькi i трэба было.

З таго часу мне нярэдка даводзiлася плесцi кашы: старыя ламалiся i зношвалiся i патрэбны былi новыя. Я плёў розныя кашы - i вялiкiя i маленькiя, але галоўным чынам назапашваў глыбокiя i шчыльныя кашы, каб хаваць збожжа: я хацеў, каб яны служылi мне замест мяхоў. Праўда, цяпер у мяне збожжа было яшчэ мала, але ж я меў намер назапашваць яго на працягу некалькiх год.

Я казаў ужо, што мне вельмi хацелася абысцi ўсю выспу i што я некалькi разоў даходзiў да ручая i яшчэ вышэй - да таго месца, дзе я збудаваў будан.

Адтуль лёгка можна было прайсцi да супрацьлеглага берага, якога я яшчэ нi разу не бачыў. Я ўзяў стрэльбу, сякеру, добры запас пораху, шроту i куляў, прыхапiў на ўсякi выпадак два сухары i вялiкую гронку разынак i падаўся ў дарогу. За мною, як заўсёды, пабег сабака.

Калi я дайшоў да свайго будана, я не спынiўся i рушыў далей на захад. I раптам, прайшоўшы з паўгадзiны, я ўбачыў перад сабою мора, а ў моры, на маё вялiкае здзiўленне, паласу зямлi.

Быў яркi сонечны дзень, я добра бачыў зямлю, але не мог пэўна вызначыць, мацярык гэта цi выспа. Высокае пласкагор'е цягнулася з захаду на поўдзень i знаходзiлася ад маёй выспы вельмi далёка - па майму разлiку, мiляў за сорак, калi не больш.

Я не меў анiякага ўяўлення, што гэта была за зямля. Адно я ведаў пэўна: гэта, безумоўна, частка Паўднёвай Амерыкi, што ляжала, як вiдаць, непадалёку ад гiшпанскiх уладанняў. Зусiм магчыма, што там жывуць дзiкуны-людаеды i што, калi б я трапiў туды, становiшча маё было б куды горшае, чым зараз.

Гэта думка мiжволi ўзрадавала мяне.

Значыць, зусiм дарэмна праклiнаў я свой горкi лёс. Жыццё маё магло б скласцiся куды горш. Значыць, я зусiм дарэмна мучыў сябе марным шкадаваннем, навошта бура выкiнула мяне менавiта сюды, а не ў нейкае iншае месца. Значыць, я павiнен радавацца, што жыву тут, на бязлюднай выспе.

Разважаючы такiм чынам, я не спяшаўся i паволi iшоў наперад, i пры гэтым на кожным кроку ўсё больш i больш пераконваўся, што гэта частка выспы, дзе я знаходзiўся зараз, была куды больш прывабнай, чым тая, дзе я збудаваў сваё першае жытло. Усюды тут распасцiралiся зялёныя квiтнеючыя паляны, цудоўныя гаi, звiнела спевам птаства.

Я заўважыў, што тут вадзiлася мноства папугаяў, i мне захацелася аднаго злавiць: я спадзяваўся прыручыць яго i навучыць гаварыць. Пасля некалькiх няўдалых спроб мне ўсё ж удалося злавiць маладога папугая: я падбiў яму палкаю крыло. Аглушаны маiм ударам, ён звалiўся на зямлю. Я падняў яго i прынёс дадому. Пазней мне ўдалося дабiцца, каб ён клiкаў мяне маiм iмем.

Поделиться с друзьями: