ЖАНРЫ

Жыццё i дзiўныя прыгоды марахода Рабiнзона Круза (на белорусском языке)
Шрифт:

Я дайшоў да марскога берага i ўпэўнiўся,што лёс закiнуў мяне на самую горшую частку выспы.

Тут увесь бераг быў усеяны чарапахамi, а там, дзе я жыў, за паўтара года я знайшоў толькi тры. Тут была безлiч птушак разнастайных парод. Былi i такiя, якiх я нiколi не бачыў. Мяса некаторых здалося мне вельмi смачным, хоць я нават не ведаў, як iх завуць. Сярод вядомых мне птушак самымi лепшымi былi пiнгвiны.

Зноў паўтараю: гэты бераг быў лепшы ва ўсiх адносiнах i больш прывабны за мой. I ўсё роўна я не меў нiякага жадання перасяляцца сюды. Пражыўшы ў сваёй палатцы каля двух гадоў, я паспеў прывыкнуць да тых мясцiн; тут жа я адчуваў сябе падарожнiкам, госцем, тут я адчуваў сябе нiякавата, i мяне цягнула дадому.

Я выйшаў на бераг, павярнуў на ўсход i прайшоў узбярэжжам каля дванаццацi мiляў. Тут я ўмацаваў у зямлю высокi шост, каб прыкмецiць месца, таму што ў наступны раз я вырашыў прыйсцi сюды з другога боку. I накiраваўся назад. Я хацеў вярнуцца другiм шляхам.

"Выспа зусiм невялiкая, - думаў я, - i заблудзiць на ёй немагчыма. У крайнiм выпадку я падымуся на горку, агледжуся i ўбачу, дзе знаходзiцца маё старое жытло".

Аднак я зрабiў вялiкую памылку. Адышоўшы ад берага не болей дзвюх-трох мiляў, я непрыкметна спусцiўся ў шырокую далiну, якую так цесна абступалi пагоркi, парослыя густым лесам, што я нiяк не мог разабраць, дзе я знаходжуся. Я мог бы кiравацца па сонцу, але для гэтага патрэбна было дакладна ведаць, дзе знаходзiцца ў гэты час сонца. Горш за ўсё было тое, што на працягу трох цi чатырох дзён, пакуль я блукаў па далiне, надвор'е стаяла пахмурнае i сонца зусiм не паказвалася. У рэшце рэшт мне давялося зноў вярнуцца да берага мора, на тое самае месца, дзе стаяў мой шост.

Адтуль я вярнуўся дадому ранейшай дарогай. Я iшоў не спяшаючыся i часта садзiўся адпачыць, таму што было вельмi горача, а мне давялося несцi многа цяжкiх рэчаў - стрэльбу, зарады, сякеру.

РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ

Рабiнзон вяртаецца ў пячору.
– Палявыя работы.

У час гэтага падарожжа мой сабака спалохаў казляня i схапiў яго, але загрызцi не паспеў: я падбег i адабраў яго. Мне вельмi хацелася забраць яго: я страшэнна марыў набыць як-небудзь дваiх казлянят, каб развесцi статак i забяспечыць сябе мясам на той час, калi ў мяне скончыцца ўвесь порах. Я змайстраваў казляняцi нашыйнiк i павёў яго на вяроўцы; вяроўку я даўно ўжо звiў з пянькi ад старых канатаў i цяпер заўсёды насiў яе ў кiшэнi. Казляня ўпiралася, але ўсё роўна iшло. Дабраўшыся да свайго лецiшча, я пакiнуў яго ў загарадзi, а сам пайшоў далей: мне хацелася хутчэй апынуцца дома, бо я падарожнiчаў ужо больш за месяц.

Не магу выказаць, з якiм задавальненнем вярнуўся я пад дах свайго старога дома i зноў разлёгся ў гамаку. Бадзянне па выспе, калi ў мяне не было дзе прыхiлiць галавы, так стамiла мяне, што мой уласны дом (як зваў я цяпер сваё жытло) здаўся мне надзвычай утульным.

З тыдзень я адпачываў i цешыўся хатняй ежаю. Большую частку гэтага часу я быў заняты важнай справай: майстраваў клетку для Попкi, якi адразу ж зрабiўся хатняю птушкаю i надзвычай хутка прывык да мяне.

Затым я ўспомнiў пра беднае казляня, якое сядзела ў палоне на лецiшчы. "Напэўна, яно ўжо з'ела ўсю траву, - думаў я, - i выпiла ўсю ваду, якую я пакiнуў яму, i цяпер галадае". Трэба было схадзiць па яго. Прыйшоўшы на лецiшча, я застаў яго там, дзе пакiнуў. Зрэшты, яно i не магло нiкуды пайсцi. Яно памiрала з голаду. Я нарэзаў галiн з блiжэйшых дрэў i перакiнуў яму за агароджу.

Калi казляня пад'ела, я прывязаў яму за нашыйнiк вяроўку i хацеў весцi яго, як раней, але, нагаладаўшыся, казляня зрабiлася такое ручное, што вяроўка яму ўжо была непатрэбна: яно пабегла следам за мною, як сабака.

Па дарозе я ўвесь час кармiў яго, i, дзякуючы гэтаму, яно стала такiм жа паслухмяным i рахманым, як i астатнiя жыхары майго дома. Казляня так да мяне прызвычаiлася, што не адыходзiла нi на крок.

Надышоў снежань, калi павiнен быў узысцi рыс i ячмень. Уроблены мною кавалак зямлi быў невялiкi, таму што, як я казаў ужо, засуха загубiла амаль усю маю сяўбу першага года i ў мяне заставалася не больш за васьмушку бушаля* кожнага гатунку збожжа.

* Бушаль - ангельская мера сыпкiх цел; роўна 36 лiтрам.

Гэты раз можна было чакаць цудоўнага ўраджаю, як раптам выявiлася, што ў мяне ёсць пагроза зноў страцiць яго ўвесь, таму што маё поле спустошвае процьма разнастайных ворагаў, ад якiх немагчыма абаранiцца. Гэтымi ворагамi былi козы, а таксама тыя дзiкiя звяркi, якiх я назваў зайцамi. Салодкiя сцяблiны рысу спадабалiся iм: яны прападалi на полi дзень i ноч i паядалi маладыя парасткi перш, чым яны паспявалi закаласаваць.

Супроць нашэсця гэтых ворагаў быў адзiн толькi сродак: абгарадзiць усё поле плотам. Я так i зрабiў.

Але гэта работа была вельмi цяжкая, галоўным чынам таму, што трэба было спяшацца: шкоднiкi няшчадна знiшчалi калоссе. Праўда, палетак мой быў такi невялiкi, што за тры тыднi агароджа была гатова.

Агароджа аказалася даволi спраўнай. Пакуль яна не была скончана, я адпужваў шкоднiкаў стрэламi, а на ноч прывязваў да агароджы сабаку, якi брахаў да ранiцы. Дзякуючы ўсiм гэтым мерам перасцярогi шкоднiкi пакiнулi мяне ў спакоi, а мае каласы пачалi налiвацца зернем.

Але ледзь толькi хлеб закаласiўся, як з'явiлiся новыя ворагi: наляцела процьма пражэрлiвых птушак i пачала кружыць над полем, чакаючы, калi я пайду, каб накiнуцца на збажыну. Я зараз жа выпусцiў на iх зарад шроту (я нiколi не выходзiў без стрэльбы), i не паспеў я стрэлiць, як з поля ўзнялася другая чарада, якой я спачатку не заўважыў.

Я быў не на жарт устрывожаны.

"Яшчэ некалькi дзён такога разбою - i бывайце, усе мае надзеi, - сказаў я сабе, - у мяне няма больш насення, i я застануся без хлеба".

Што было рабiць? Як пазбавiцца ад гэтай новай напасцi? Нiчога прыдумаць я не мог, аднак цвёрда вырашыў: чаго б гэта нi каштавала, абаранiць свой хлеб, нават калi б мне давялося вартаваць яго цэлыя суткi.

Спачатку я абышоў усё поле, каб упэўнiцца, цi многа шкоды нарабiлi мне птушкi. Аказалася, што нямала. I ўсё ж з гэтай стратай яшчэ можна было б змiрыцца, калi б удалося захаваць астатнi ўраджай. Птушкi стаiлiся на блiжэйшых дрэвах: яны чакалi, каб я пайшоў. Я зарадзiў стрэльбу i зрабiў выгляд, што адыходжу. Зладзеi ўзрадавалiся i шуганулi на мой палетак. Гэта мяне страшэнна ўзлавала. Спачатку я думаў пачакаць, каб села ўся хмара, але ў мяне не хапiла цярпення.

"Гэта ж з кожнага зярняцi, якое яны здзяўбуць зараз, я, можа, у будучым губляю цэлы бохан хлеба", - сказаў я сам сабе.

Я падбег да агароджы i пачаў страляць; тры птушкi засталiся на месцы. Я падняў iх i павесiў на высокiм слупе, каб напалохаць астатнiх. Цяжка нават уявiць сабе, якое ўздзеянне гэта зрабiла: нi адна птушка больш не села на мой палетак. Усе паляцелi з гэтай часткi выспы; ва ўсякiм разе я не бачыў нiводнай за ўвесь час, пакуль вiселi мае пудзiлы на слупе. Няма чаго i казаць: гэта перамога над птушкамi прынесла мне вялiкае задавальненне.

К канцу снежня збажына паспела, i я сабраў другi ўраджай у гэтым годзе.

У мяне, на жаль, не было нi касы, нi сярпа, i пасля доўгiх разваг я вырашыў скарыстаць у сваёй палявой працы шырокую шаблю, якую я ўзяў на караблi разам з iншай зброяй. Праўда, збажыны ў мяне было не так ужо многа, i таму зжаць яе было зусiм не цяжка. Ды i жаў я сваiм адметным спосабам: зразаў толькi каласы i зносiў iх з поля ў вялiкiм кашы. Калi ўсё было прыбрана, я перацёр каласы рукамi i ў вынiку з адной восьмай часткi бушаля насення кожнага гатунку атрымаў каля двух бушаляў рысу i два з паловай бушалi ячменю (зразумела, па прыблiзнаму падлiку, таму што ў мяне не было меркi).

Ураджай быў выдатны, i такi поспех натхнiў мяне. Цяпер я мог спадзявацца, што праз некалькi гадоў у мяне будзе пастаянны запас хлеба. Але разам з тым у мяне ўзнiкалi i новыя цяжкасцi. Як, не маючы нi млына, нi нават жорнаў, ператварыць зерне ў муку? Як прасеяць муку? Як змясiць з мукi цеста? Як, нарэшце, спячы хлеб? Нiчога гэтага я не ўмеў. Таму я вырашыў не чапаць свайго ўраджаю i пакiнуць усё збожжа на насенне, а тым часам, да наступнага пасеву, прыкласцi ўсе намаганнi да таго, каб вырашыць галоўную задачу - навучыцца ператвараць збожжа ў хлеб.

Поделиться с друзьями: