Жыцьцё пад агнём
Шрифт:
20 студзеня, калі я вячэраў, у хату ўвайшоў таварыш Сакалоў, які быў школьным інспектарам, і сказаў, што мусіць абмеркаваць са мной пэўныя прапановы ў дачыненьні да спартовых мерапрыемстваў. Я адказаў, што даем і тады сустрэнуся зь ім, але ён настойваў на тым, што гэта тэрміновая справа, і што яна зойме ня больш за паўгадзіны. Я апрануў зімовае паліто з футраным каўнерам і кучомку (падарунак маці), і мы рушылі ўздоўж Замкавай вуліцы. Мяне вельмі ветліва запрасілі зайсьці ў нейкі будынак, каб пагутарыць пра заняткі лыжамі. Я не ўсьведамляў, што гэны будынак — сядзіба КГБ, і што людзі, якія пераступаюць ейны парог, рэдка выходзяць адтуль вольнымі.
Начальнік КГБ спытаўся, ці не хацеў бы я вучыць новых рэкрутаў хадзіць на лыжах. Я адказаў, што заняты ў школе, але магу дапамагаць па выходных і пасьля паўдня, калі буду вольны. Ён запрасіў мяне прайсьці ў кабінет, каб далей абмеркаваць гэную справу, і загадаў таварышу Сакалову пачакаць палову гадзіны. Начальнік вельмі ветліва запрасіў мяне ў пакой, ля дзьвярэй якога стаялі два салдаты зь вінтоўкамі. Я быў зьдзіўлены, але ўсё яшчэ нічога не падазраваў. Мне загадалі сесьці, хаця я й выказаў жаданьне пастаяць. Калі я сеў, гэбіст запусьціў рукі ў мае кішэні, выцягнуў некаторыя дакументы й паведаміў, што я арыштаваны. Я быў агаломшаны. Я спытаў, за што, і начальнік адказаў, што гэта будзе вядома празь некалькі дзён. Я хацеў ведаць, у чым мяне абвінавачваюць альбо падазраюць. Мне адказалі, што ні ў чым, але я мушу застацца ў іхнай установе на ноч.
Мяне разьмесьцілі ў цёмным пакоі, футаў чатырох-шасьці. Я ня мог спаць. Мае думкі круціліся вакол савецкага панятку «вызваленьня». Тыя людзі, якім не давяралі, сыстэматычна, бясьсьледна зьнікалі. Цяпер надышла мая чарга. Уся гэная вайна, усе гэныя ўцёкі — нашто яны былі? Я ўзгадаў чалавека, якога мы пабудзілі, калі перайшлі мяжу: «Ідыёты! Вяртайцеся да немцаў і прыходзьце зь імі, каб вызваліць нас». Я быў маладым, дваццацігадовым ідэалістам, і я быў моцна расчараваны.
Ноччы мне прынесьлі колькі хлеба й кавы. Нараніцу мая стрыечная сястра Ніна прынесла мне крыху паесьці, бялізну, швэдар і настаяла на тым, каб разьвітацца. Каля 7:30 раніцы два ахоўнікі адвялі мяне на чыгуначную станцыю. У цягніку я сядзеў паміж імі, і яны загадалі мне маўчаць і ні з кім не размаўляць, нават калі пабачу знаёмых. Я меў права адказваць на прывітаньні, але толькі не ўступаць у размову. Калі я аслухаюся, то ахоўнікі мелі права ўжыць сілу, каб прымусіць мяне маўчаць. Гэта гучала даволі дзіўна, быццам яны размаўлялі са злачынцам.
Спачатку мяне адвезьлі ў Наваградак, а потым — у астрог у Баранавічах. Шнуркі й папругу ў мяне забралі, і нагавіцы боўталіся ў мяне на клубах. Таксама ў мяне адабралі гадзіньнік, ярлык ваеннапалоннага й усе паперы, якія меліся. Мяне ўкінулі ў камеру, і я апынуўся каля цэбру з экскрэментамі, які мянялі, калі ён напаўняўся. Як навічку мне дасталося самае пачэснае месца.
Было недзе пяць вечара, калі прынесьлі вячэру, якая складалася з надта салонай вэнджанай рыбы й нейкага кшталту вадкага ячневага супу. Хутка соль пачала паліць мне горла, бы агнём, але піць не было чага. Я пагрукаў у дзьверы й папрасіў вады. Мне адказалі, што дадуць вады, калі надыдзе на тое час, і рыкнулі, каб маўчаў. Раптам дзьверы адчыніліся, і было названае маё імя. Мне загадалі йсьці за ахоўнікамі. Я выйшаў, і яны папярэдзілі мяне, каб я трымаў галаву апушчанай і адварочваўся, калі нехта будзе праходзіць. Яны дадалі, што я мушу выконваць іхныя загады, бо інакш са мной можа здарыцца ўсё, што заўгодна.
Як высьветлілася, мяне вялі ў пакой для допытаў. Ён аказаўся амаль пустым — там былі толькі стол, крэсла й савецкі сьцяг. Крэсла стаяла перад сталом і нагадвала, хутчэй, крэсла з бара. Мне загадалі сесьці. Я пачуваўся ня надта каб утульна. Нехта ўвайшоў. Я зірнуў угору й пабачыў маёра КГБ. Ахоўнікі выйшлі, і мужчына спытаўся, ці не хачу я цыгарэту. Я адказаў, што нам давалі надта салоную ежу й мне больш хацелася б вады. Гэбіст сказаў, што я атрымаю ўсё, што захачу, пасьля таго, як ён высьветліць колькі пытаньняў. Ён спытаў маё імя, імя маёй маці, чым яна займаецца й усё пра маю сямью. На ўсё гэта спатрэбілася недзе каля гадзіны, і мяне ўсё мацней мучыла смага. Я сказаў, што ў мяне перасохла ў горле і што мне было б лягчэй гаварыць, калі б я папіў. Маёр параіў ня быць такім нецярплівым, таму што хутка мне дадуць вады. Ён затым пачаў пытацца, як я трапіў у Любчу й ці зьяўляюся я ваеннапалонным. Я распавёў сваю гісторыю й нагадаў, што ім і так добра вядома, што я ваеннапалонны, бо яны забралі мае ярлыкі. Маёр паглядзеў на мяне й сказаў, што, хаця ён не мусіць называць «таварышам» чалавека, які можа быць шпіёнам, але ён верыць, што я не шпіён, і таму назаве мяне «таварышам». Маёр папрасіў мяне расказаць пра палон. І я распавёў яму ўсё, хаця й апусьціў той факт, што пераходзіў мяжу задам-напярод, а таксама папярэджаньні палякаў. Я сказаў, што палякі, наадварот, падбухторвалі мяне ўцячы дамоў і вярнуцца з саветамі, каб вызваліць іх ад немцаў.
Пасьля гадзінаў дзьвюх допыту маёр пакінуў мяне й увайшоў другі гэбіст, які вельмі ветліва павітаў мяне. Ён сказаў мне, што ёсьць навічком, але прагледзеў ужо маю гісторыю наконт таго, як я перайшоў мяжу. Ён хацеў ведаць дэталі, а таксама, чаму я не паведаміў уладам пра сваё вяртаньне, калі апынуўся ў Беларусі. Я паўтарыў, што не лічыў гэна неабходным, бо ўцёк зь нямецкага палону на радзіму. Я пачуваўся вольным у сваёй роднай краіне й хацеў дабрацца дадому, як мага хутчэй. Я паведаміў, што, як толькі я прыехаў у Наваградак, я пайшоў у гарадзкую адміністрацыю, атрымаў дакументы й зьбіраўся паступаць ва ўніверсітэт у Львове. Я яшчэ раз распавёў гіторыю пра тое, як апынуўся настаўнікам у Любчы. Гэбіст на гэна заўважыў, што ўсё правільна, але немцы, магчыма, парушаюць пагадненьне, падпісанае Молатавым і Рыбентропам, і засылаюць у Беларусь шпіёнаў і агітатараў, каб падарваць палітычную стабільнасьць у Савецкім Саюзе. Я пацікавіўся, пытаецца ён альбо сьвярджае гэна як факт. Гэбіст параіў мне падумаць над тым, што ён сказаў, і спытаўся, ці не заўважыў я чаго-небудзь падазронага, што выдавала б на тое, што немцы зьбіраюцца напасьці на Савецкі Саюз. Я ветліва адказаў, што быў ваеннапалонным і што мы не абмяркоўвалі там ваенную стратэгію Нямеччыны, і таму я не магу пацьвердзіць ягоныя падазрэньні. Гэбіст прамаўчаў. Ён прабег вачмі па запісах маёра. У роце ў мяне зусім перасохла, мне рабілася млосна й я пачуваўся няўтульна на гэным крэсьле. Я папрасіў дазволу пайсьці ў прыбіральню, дзе я спадзяваўся папіць вады. Гэбіст даў мне дазвол, але, надзіва, ніякай вады там не было. Аднак я ўсё адно быў рады прайсьціся, разьмяцца, бо ў мяне ўсё цела здраньцьвела ад пастаяннага сядзеньня.
Калі я вярнуўся, мне загадалі сесьці йзноў, так, каб ногі не даставалі да зямлі, і пакласьці рукі на калені. Уся вага майго цела сканцэнтравалася цяпер на задзе, да таго ж я сядзеў на цьвёрдым няўтульным крэсьле. Празь нейкі час гэбіст схапіў графін з вадой і пачаў піць так, што вада цякла ў яго па падбародзьдзі й крапала на кашулю. Гэны кат назваў мяне «Барысам Дзьмітрычам», што лічылася ветлівай формай, і запытаў, ці не хачу я папіць вады. Калі я адказаў станоўча, ён сказаў, што, калі я падпішу прызнаньне, то атрымаю вады і мяне вызваляць. Я не разумеў, як чалавека могуць выпусьціць, калі ён прызнае, што зьяўляецца шпіёнам і займаецца контррэвалюцыйнай дзейнасьцю, што да таго ж і няпраўда. Я з выклікам адказаў, што не хачу піць і што мне няма ў чым прызнавацца. Я апусьціў галаву й вырашыў больш нічога не казаць. Мінуў пэўны час, калі гэбіст спытаўся, ці не хачу я пацьвердзіць сваё жаданьне служыць Савецкаму Саюзу і такім чынам атрымаць свабоду. Я спытаўся, што яшчэ яны ад мяне хочуць. Як яшчэ я магу запэўніць іх, што хачу служыць Савецкаму Саюзу лепш, чым я гэта ўжо рабіў. Я працаваў настаўнікам, займаўся з вучнямі спортам і рабіў усё магчымае для выхаваньня моладзі, што задаволіла б любую дзяржаву. Гэбіст заўважыў, што гэта файна, але было б яшчэ лепш, калі б я пагадзіўся даносіць на сваіх дзядзькоў Барыса й Шчатырку, каб запэўніць дзяржаву ў сваёй надзейнасьці. Я быў агаломшаны і сказаў, што, калі я пагаджуся, нават ён ня дасьць мне рукі, бо данос — гэта найбруднейшая справа. Тым больш што й даносіць не было пра што, бо яны ёсьць лаяльнымі грамадзянамі Савецкага Саюза й адданымі настаўнікамі. Я даў гэбісту зразумець, што ня стану шпіёнам у саёй сямьі. Вочы ў гэнага нахабніка шырока адкрыліся. Ён сказаў мне, што найлепшае, што я магу зрабіць для сваёй краіны, — гэта даносіць на антысаветчыкаў, і пацікавіўся, ці не лічу я працу на карысьць Савецкага Саюза ніжэй сваёй годнасьці. Ён распавёў мне пра Марозава, сямігадовага хлопчыка, які стаў героем Савецкага Саюза, бо данёс на сваіх бацькоў-контррэвалюцыянераў. Іх расстралялі, а ён стаў героем. Я падзякаваў, але заўважыў, што не лічу Марозава героем і не шукаю для сябе геройства такога кшталту. Сьледчы адказаў, што я яшчэ пашкадую, што адмовіўся, але, калі я перадумаю, то мушу паведаміць аб гэтым.
Ён устаў, выйшаў, і затым увайшоў іншы сьледчы. Ён сеў за стол, запаліў цыгарэту й пачаў піць ваду. Паверце, калі хто-небудзь хацеў піць гэтак сама, як я тады, той зразумеў бы, якая гэта пакута — глядзець на некага, хто п’е ваду. У мяне язык прысох да нёба, а цела гарэла. Мне было млосна, мяне мучыла смага, і я ня ведаў, што рабіць. Сьледчы зірнуў на мяне, і я заўважыў лютую жорсткасьць у ягоных вачах. Празь нейкі час ён назваў мяне па-бацьку й спытаўся, як я пачуваюся. Я зманіў, што добра. Ён спытаў, ці абдумаў я прапанову ягонага калегі. Я адказаў станоўча й дадаў, што маё рашэньне канчатковае й што я не хачу ўздымаць гэнае пытаньне йзноў. Ён заўважыў, што й не зьбіраецца гэтага рабіць, а проста хоча, каб я яшчэ раз распавёў гісторыю сваіх уцёкаў. Я спаслаўся на тое, што рабіў гэта ўжо два разы, але сьледчы настойваў, бо я, быццам бы, прапусьціў нейкія дэталі. Ці можаце вы сабе ўявіць, што вам трэба распавядаць тую ж самую гісторыю, зь перасохлым ротам, пасьля чатырох-пяці гадзінаў допыту? Калі я пачаў, сьледчы перарваў мяне й загадаў адразу перайсьці да дэталяў, кшталту імені першага чалавека, зь якім я размаўляў на тэрыторыі Савецкага Саюза. Я адказаў, што гэна была мая маці. Сьледчы заявіў, што я маню, і гэта праўда, але што я мог ведаць пра гэнага селяніна? Ды я й ня стаў бы ўблытваць яго. Я сказаў, што мы з Косьцікам разышліся, і я сеў на цягнік у Наваградак. Гэбіст хацеў ведаць, дзе я ўзяў грошы, і я зхлусіў, што Косьцік прынес мне іх на станцыю. Там мы разьвіталіся й ніколі больш ня бачыліся. Сьледчы пачаў даводзіць, што я не дастаткова шчыры зь імі, у адрозьненьне ад Косьціка. Я на гэна заўважыў, што, калі Косьцік казаў нешта іншае, то гэта таму, што яго прымусілі. Я вырашыў прытрымлівацца свайго варыянта падзеяў, бо калі я пачну мяняць усё больш і больш дэталяў, супраць мяне будзе больш абвінавачаньняў.
Допыт працягваўся. Сьледчы хацеў даведацца пра маю дзейнасьць у гімназіі й пра тое, як я падбухторваў вучняў зьбіраць грошы, каб пабудаваць школу. Гэбіст паведаміў, што я вядомы ім як беларускі нацыяналіст, і што немцы, магчыма, зьбілі мяне з панталыку сваёй нацыяналістычнай і антысавецкай прапагандай. Сьледчы даводзіў, што немцы проста гулялі з маімі пачуцьцямі й перацягнулі мяне на свой бок, каб заслаць у Савецкі Саюз зь нейкім заданьнем. Гэбіст хацеў ведаць канкрэтна, якія заданьні я меў для дзядзькі Базыля, якога кшталту шпіёнскую дзейнасьць я распачаў і якую зброю я хаваю ў Налібоцкай пушчы.
Допыты, здаецца, цягнуліся бясконца, а сьледчыя мяняліся раз на дзьве гадзіны. Наступны ўвайшоў і прапанаваў цыгарэту. Я адмовіўся. Потым ён прапанаваў мне вады. Я ведаў, што ён ня дасьць мне яе, і йзноў адхіліў прапанову. Мне рабілася ўсё горш. Вочы ў мяне зьліпаліся. Пакой, здаецца, пачаў круціцца, і мне выдавала, што я падаю з крэсла. Я папрасіўся ўстаць, але гэбіст ня даў мне дазволу. Сьледчы паліў цыгарэту, праглядаў запісы, сьпяваў сабе пад нос папулярную савецкую песеньку й не зьвяртаў на мяне ніякай увагі. Усё было, як у тумане, і я ня ведаў, размаўляю я ўслых ці пра сябе. Мне здавалася, што я на рыбалцы, а потым — у арміі, што я ваеннапалонны й спрабую ўцячы. Гэна было так, быццам у галаве маёй круціўся фільм. Затым я пачуў загад гэбіста распавесьці сапраўдную гісторыю сваіх уцёкаў. Я адказаў, што ўжо паведаміў ім усю праўду й не магу больш нічога дадаць. Ён параіў мне добра падумаць, бо я падабаўся яму, таму што я, відаць, чалавек інтэлігентны. Ён параіў мне падумаць пра маці, якая нават ня ведае, дзе цяпер ейны адзіны сын. Падумаць, што яна будзе адчуваць, калі даведаецца, што я контррэвалюцыянер, які адмаўляецца служыць на карысць Савецкаму Саюзу. Падумаць, як шмат Савецкі Саюз зрабіў пасьля рэвалюцыі, колькі людзей ахвяравалі сваім жыцьцём, каб працоўная кляса, зь якой я паходжу, атрымала свабоду. Падумаць пра дыктатуру пралетарыята, і колькі было праліта крыві. Я сапраўды пачаў думаць пра тое, колькі крыві невінаватых людзей было праліта, колькі сялянаў, якія не хацелі ўваходзіць у калгасы, прафесароў, настаўнікаў было саслана, расстраляна, адпраўлена ў лягеры паміраць павольнай сьмерцю. Я быў крыху разгубленым, бо ня ведаў, сказаў я ўсё гэна ўслых альбо не. Я згубіў арыентацыю ў часе, і мне здавалася, што я зараз страчу прытомнасьць. Раптам сьледчы падышоў да мяне, узьняў і два разы ўдарыў па твары, каб прымусіць мяне гаварыць. Мне хацелася вырвацца й даць яму здачы, але я стрымаў сябе й не сказаў ні слова. Гэна ўзлавала гэбіста. Ён выцягнуў пісталет, прыставіў яго да маёй скроні й сказаў, што маё жыцьцё будзе каштаваць сем капеек, калі я не пагаджуся супрацоўнічаць. Затым ён націснуў на курок. Відаць, я зьнепрытомнеў ад страху альбо шоку, бо, калі я ачуняў, то заўважыў, што гэны сьледчы выйшаў і яго замяніў новы. Ён выглядаў такім сьвежым, шчасьліва ўсьміхаўся, і допыт пачаўся ўзноў.
Тыя самыя пытаньні, нанова й нанова. Я ўжо не заўважаў, як мяняюцца сьледчыя. Нарэсьце ў вачах у мяне пацямнела, і калі я апрытомнеў, то апынуўся ўжо ў камеры з трыццацьцю-сарака іншымі зьняволенымі. Я ляжаў каля цэбра, напоўненага фекаліямі й мачой. Каля мяне сядзеў чалавек, гадоў шасьцідзесяці-шасьцідзесяці пяці, з добрымі блакітнымі вачыма й прыемнай усьмешкай. Ён спытаўся, як мяне клічуць, і ветліва называў мяне Барысам Дзьмітрычам. Стары заўважыў, што я дрэнна выглядаю й прапанаваў мне вады й крыху свайго хлеба. Пасьля таго, як я паеў і папіў, мне палепшала. Мяне моцна кранула абыходжаньне старога. Ён паклаў мне руку на лоб і папрасіў расказаць, як я тутака апынуўся. Я адказаў, што мне варта было паслухацца селяніна, які параіў вярнуцца ў Польшчу й прыйсьці потым зь немцамі, каб вызваліць Беларусь ад саветаў. Я дадаў, што моцна расчараваўся ў савецкай Беларусі, якая была цяпер усяго толькі калёніяй Савецкага Саюза, поўнай хлусьні й незаконнага перасьледу. Пасьля доўгай размовы, у якой я сказаў больш, чым, напэўна, усім астатнім людзям, бо мяне ўсхвалявала спагадлівасьць старога, ён сказаў, што мне прыдзецца заплаціць па вялікім рахунку і што яму моцна мяне шкада.