Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Жыцьцё пад агнём

Юрэвіч Лявон

Шрифт:

У школе, апрача вайсковага вышкаленьня, адбываліся таксама курсы агульнага вышкаленьня беларускай мовы, гісторыі, геаграфіі. Прыходзілі паважныя настаўнікі даваць лекцыі, як Акінчыц, д-р Орса й іншыя.

На жаль, як прадбачыў мой былы начальнік, немцы слова не датрымалі. Гэнэрал Цэннэр дзесь прапаў. Немцы спалохаліся вялікага беларускага вайсковага ўздыму. Не даставілі абяцанага ўмундзіраваньня й лепшай зброі (апрача старых савецкіх стрэльбаў). Хлопцы-падафіцэры падзерлі на цьвічэньнях свае апошнія боты — абутак і адзёжу. Дух пачаў падупадаць. Сам я быў добры да камандаў і загадаў, але слабы прамоўца. Часта прасіў камандзера Барыса пад'яжджаць у школу, каб талкова прамаўляць да курсантаў і падтрымоўваць іх на духу.

Ня помню, як ішла арганізацыя батальёнаў у раёнах, куды мае курсанты павінны былі пераходзіць у якасьці камандзераў дружынаў ці зьвязаў. Немцы пачалі прапанаваць і разьбіраць нашых падафіцэраў у іншыя дапаможныя паравайсковыя аддзелы, як, напр., лейтэнанта Орсіча забралі ў Менск на камандзера добра ўмундзіраванай і ўзброенай роты пры жандармэрыі, Ул. Сацэвіча й Бітуса на камандзераў лясной аховы. Мяне асабіста выклікалі ў Менск, дзе ў вялікім будынку — быўшым доме «правіцельства» — спаткаў мяне ў чорным і гранатовым чыгуначным мундзіры капітан Кушаль і таксама нізенькі палкоўнік Мірскі ў такім самым мундзіры.

Капітан Кушаль дае мне загад: забраць з Наваградку мінімум 50 чалавек і ехаць у Ліду, дзе будуць дабаўленыя змабілізаваныя ў БСА жаўнеры, каб школіць і камандаваць т. зв. «чыгуначным батальёнам». Паўстала гарачая дыскусія. Я прабаваў пратэставаць ізноў, што зь немцамі немагчыма йсьці на нейкае супрацоўніцтва, але капітан Кушаль, пасьля сьцьверджаньня, што нам трэба хапаць зброю, дзе толькі даецца, закончыў — «непатрэбныя далейшыя дыскусіі, а мусіце падпарадкавацца загаду» — павёў мяне ў канцылярыю галоўнага камандзера чыгуначнай аховы, які быў у чыне гэнэрала. Там ён мяне прадставіў як кандыдата на камандзера ў Ліду. Той выясьніў мне, што атрымаем добрае абмундураваньне, зброю й закватэраваньне з харчамі, а таксама, што буду мець поўную свабоду ў шкаленьні й камандаваньні гэтай адзінкі, толькі мушу пазнаёміць і навучыць крыху сваіх школьнікаў нямецкае каманды і, бязумоўна, пазнаць добра лёгкую нямецкую зброю: вінтоўкі, пісталеты, кулямёты й мінамёты і ў вагульным — гранаты. Будуць прызначаны да мае адзінкі двох немцаў-афіцэраў з чыгуначнай аховы як інспэктары. Падаў мне руку й пажадаў добрых усьпехаў. Спадары Кушаль і Мірскі абнімалі мяне й падкрэсьлівалі нейкую гістарычную ролю новаарганізаванага беларускага чыгуначнага батальёну. Завялі мяне дзесь у нейкі чыгуначны склад і выбралі прыгожы да меры кангэровы гранатовы мундзір, выдалі новы бэльгійскі браўнінг. На круглай шапцы была начэпленая беларуская Пагоня, а на каўнярох — Ярылавыя крыжы.

Прыехаўшы назад у Наваградак, я перадаў камандаваньне ўжо расьцярушанае падафіцэрскае школы штабс-капітану Сьцяпуржынскаму. Выбраў дзесяць падафіцэраў, пераважна маладых, ізь зьвязу «стрымгалоўцаў» на інструктараў у Ліду. Агаласіў: 

 «Хто хоча, на ахвотніка, ехаць зы мною ў Ліду [працаваць] спасярод радавых жаўнераў, далучаных ужо ў той час да школы для фармацыі батальёну БСА».

Ізноў з ахвотнікамі ня было праблемы, бо згаласілася замнога й трэба было выбіраць найлепшых, напр., адзін вельмі гарачы беларус і адважны жаўнер Міхась Чартко з Далятыч, прасіўся з плачам, каб яго ўзяў з сабою. У мяне былі засьцярогі, што ён часам выпіваў замнога. Ня ведаю чаму, але мне прышлося зарганізаваўшы аддзел замэльдавацца ў Акруговага Кіраўніка Беларускай Самапомачы сп-ра Якуцэвіча. Той прыняў мяне ў сваёй канцылярыі зь вялікай «помпай». Даў мне напісаны загад — гэтым загадваецца Вам на чале аддзелу ў сіле 50 чалавек неадкладна ехаць у горад Ліду й замэльдавацца ў «Бангофсафіцыра». Таксама выдаў мне пасьведку па-нямецку із штэмпелем Гэбіткамісара.

У Лідзе па прыбыцьці нас памясьцілі ў кашары (быўшая фабрыка галёшаў у Лідзе). Даслалі, больш зь Лідзкай акругі, змабілізаваных жаўнераў, на чале зь вельмі добрым камандзерам Клінцэвічам. Разам стварылі тры зьвязы па 60 чалавек. Цікава, што немцы вельмі неахвотна прызнавалі афіцэрскія рангі, як лейтэнанта або капітана, а ўжылі тытулаў «фюрэр» — zugf"uhrer і gruppenf"uhrer. Мяне мае падначаленыя называлі «Спадар ротны».

Пачаліся заняткі вышкаленьня. Нямецкія афіцэры-інспэктары падавалі прапановы, каб галоўна школіць у валоданьні аружжам, муштры й вартавой функцыі. Але пакідалі поўную свабоду камандзеру як школіць, бачачы спраўнасьць, дысцыпліну й прагрэс нашых вайскавікоў — некаторых зусім без вайсковага вопыту перад гэтым.

Бязумоўна, нашым цэлем было даць поўнае ваеннае вышкаленьне, дык выходзілі за горад у поле, цьвічачы наступ і абарону (з капаньнем акопаў).

Маршыруючы праз горад на цьвічэньні ці заняткі, заўсёды вельмі спраўна грымелі беларускія маршавыя песьні. Памятаю на каталіцкія грамніцы 2-га лютага, якраз рота маршыравала па сьнягу, па вуліцы каля касьцёла і сьпявала песьню «У гушчарах». Усе вырынулі з касьцёла на двор і прыглядаліся, ня ведаючы, што гэта за вайсковы аддзел (не паліцыя), а ў чорных мундзірах у поўным баявым узбраеньні, плецакі з лапаткамі, вінтоўкі і штыхі, гранаты й тры кулямёты. Расказвалі потым мне, што паніка панавала сярод «палякаў» — думалі, што гэта нейкі карны атрад і распаўсюджвалі плёткі, што ямы за горадам капаюць; а мы цьвічыліся ў рыхтаваньні акопаў, хоць вельмі плыткіх і правізарычных.

Вечарамі часта з падафіцэрамі прыгатоўвалі новыя песьні. Прыслалі мне зь Менску ад Саковіча словы і ноты да песьні першага зьвязу штурмовага «Чутно гоман — там войска сьпявае». Падафіцэры, быўшыя сэмінарысты з Наваградку, памагалі мне развучыць гэтую песьню пры помачы мандалінаў, але неяк не выходзіла гэта добра да маршу, а словы вельмі прыгожыя і баявыя, дык я сам дабраў мэлёдыю да гэтай песьні і цікава, што яна сталася вельмі папулярнай сярод нашых вайсковых аддзелаў па ўсёй Беларусі.

Да прыезду «беларускіх чыгуначнікаў» у Лідзе ўжо працавалі ў школах маладыя настаўнікі, якія закончылі сэмінарыю ў Наваградку і пачалі беларусізаваць спольшчаныя пачатковыя школы, але спачатку ім ішло гэта вельмі цяжка, бо былі тэрарызаваныя й [знаходзіліся] пад страхам польскай помсты. Як пачаў дзейнічаць чыгуначны батальён, дык палякі на чале зь іхнай паліцыяй прыціхлі, а нашыя настаўнікі «паднялі вушы». Ніколі не забуду, як у нядзелю спацыруючы з маладою настаўніцай Соняй у цэнтры гораду, многа якраз праходзіла па ходніках людзей з касьцёлаў. Ідуць супроць нас дзьве панюсі зь дзьвюма дзяўчынкамі-школьніцамі, а гэтыя, убачыўшы настаўніцу, паднімаюць ручкі і голасна вітаюць: «Жыве Беларусь». Я прыгожа адсалютаваў ім, а панюсі-полькі аж захлыснуліся: «Co sie robi, pani droga, 'swiat sie ko'nczy».

Вельмі сардэчна мы пасьмяяліся з Соняю і цешыліся сваёй перамогай. У вольным часе пазнаёміўя зь беларусамі, працуючымі пры gebiets-камісары, і дзіўна быў заскочаны, што там у канцылярыях панавала поўнасьцю польская мова, але сьведамейшыя беларусы пачалі «адважна» гаварыць па-беларуску, маючы за плячыма сваё «войска».

Памятаю, спаткаў там інж. Клімовіча, т. зв. палкоўніка Дзямідава, сп-ра Вітаўта Рамука.

Хутка ўсе мы — афіцэры і падафіцэры, бел.[арускія] чыгуначнікі, настаўнікі, пераважна маладыя і прыгожыя паненкі і працаўнікі з адміністрацыі — наладзілі вялікае спатканьне — банкет і забаву. Забава была вельмі ўрачыстая. Помню, як плачучы горача прамаўляў палкоўнік Дзямідаў, вітаючы нашых вайскавікоў першы раз тут у гісторыі Ліды.

Не абышлося й без малых інцыдэнтаў. Танцуючы ў поўнай салі мае падафіцэры, як пачуюць, што нейкая парачка танцуе й па-польску гаворыць, дык ня могуць устрымацца й зачапаюць такіх, гаворачы «хто вас сюды запрасіў — палякаў». Здарылася гэта нават і са сп-ром Рамуком, які танцаваў зь нейкай сакратаркай і па-польску гаварыў. А мне прыкра было ўспакайваць іх і тлумачыць. Цікава таксама, што мы даведаліся, што ёсьць дзесь на могілках праваслаўная царкоўка, а я сам любіў у нядзелі быць на богаслужбах і многія з маіх жаўнераў жадалі. Дык у нядзелю стройна са сьпевам маршыравалі ў царкву, але як пасьля службы выйдуць усе з царквы й знаёмяцца, дык цяжка было паверыць, што асабліва маладыя пераважна гавораць між сабою па-польску. Знаёмячыся з нашымі вайскавікамі, цяжка ім, дзяўчатам, было пераломлівацца і нейк са страхам, аглядаючыся — гаварыць па-беларуску. Паколькі ў Лідчыне быў тэрор і палянізацыя, многія ўспамінаюць, што пакуль нашае «войска» там стаяла, панаваў крыху беларускі дух. На жаль, доўга гэта не патрывала, толькі 2 - 3 месяцы й немцы, пераканаўшыся, што нашыя «ваякі» ўжо добра пашколеныя — загадалі разьдзяліць гэтую вялікую роту на малыя аддзелы (па 10 да 15 чалавек) і рассылаць па меншых чыгуначных станцыях для аховы. Да кожнае дружыны я вымагаў далучыць свайго падафіцэра, каб камандаваў сваімі людзьмі. Пакінуў пры сабе сталы «штаб» — інструктараў, зь якімі пасьля Ліды быў пераведзены ў Маладэчну, дзе вышкаліў таксама роту маладых юнакоў, потым у Стоўпцы, а там, цікава, атрымаў рэкрутаў пераважна з усходняй Беларусі — са Случчыны, якія спачатку вельмі насьцярожана на нас, камандзераў, глядзелі (заходнікаў — ці «нямецкіх наймітаў»), але потым у часе шкаленьня здабылі да нас давер і пашану. Адзін з такіх пазьней стаўся падафіцэрам, расказваў мне, што баяўся мяне і не разумеў, чым я «пахну» — ці я за немцаў, ці за чырвоных, бо ў сваёй прамове казаў «напляваць нам на новую Эўропу ці новыя парадкі, а толькі трэба аружжа ў свае рукі хапаць й свайго дабівацца». Ад случчакоў шмат падхапіў песьняў і ўвёў іх да маршавога сьпеву.

Са Стоўпцаў перавялі мяне ў Баранавічы й тут ужо астаўся як бы ў «Галоўнай кватэры чыгуначнага батальёну». Паралельна з арганізацыяй мною роты ў Лідзе была арганізавана падобная рота ў Менску пад камандаю Зьмітрука Чайкоўскага, але зь Менску гэтая арганізацыя далей не пасунулася. 

 Будучы ў Баранавічах, мяне лічылі «Verbindungs-афіцэрам» [15] паміж усімі аддзеламі, раскіданымі па станцыях. 

 На мясцох па станцыях нямецкія «вахтмайстры» стараліся апанаваць нашых чыгуначнікаў і поўнасьцю камандаваць імі, абкрадаючы іх у Verpflegung [16] і іншых запасах. Нашыя падафіцэры змагаліся за ўтрыманьне кантролі над сваімі жаўнерамі й часта здараліся інцыдэнты варожасьці, сутычкі.

15

Сувязным афіцэрам (ням.).

16

Харчовым пайку (ням.).

Так, напр., на станцыі Выгода — паміж Баранавічамі і Менскам — камандзер зьвязу Слонімскі збунтаваўся супроць нямецкай Bahnschutzpolizei [17] , разаружыў іх, разьдзеў і пашоў са сваім аддзелам у лес, залажыўшы беларускі партызанскі атрад імя К. Каліноўскага. Прысылаў ганцоў да мяне й наракаў, што доўга ня зможа самастойна ўтрымацца й будзе змушаны здацца чырвоным партызанам. Апошнiя два хлапцы вярнуліся да нас зь лесу, якіх мы захавалі перад немцамі. Расказвалі, што камандзера Слонімскага загналі дзесь узад у табар — не давяраючы яму.

17

Чыгуначнай паліцыі (ням.).

Поделиться с друзьями: