ЖАНРЫ

Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча

Мальдис Адам Иосифович

Шрифт:

"Сярод перафразіровак вядомай прымаўкі, відаць будзе слушнай і такая: "Пакажы мне твой рабочы стол — і я скажу, хто ты". На рабочым месцы заўжды адчуваецца адбітак індывідуальнасці чалавека.

Пісьмовы стол Уладзіміра Караткевіча — гэта стол-рамантык. Пасля кожнага чарговага падарожжа гаспадара на ім з'яўляюцца новыя і новыя дзівы: рэдкія каменьчыкі і засушаныя марскія зоркі, цагліны тысячагадовай даўнасці і ўпрыгожанні нашых продкаў. Да стала прыхінулася старадаўняя разнaя прасніца. Аднак галоўнае на ім — наклеены на шэрае палатно велізарны партрэт Кастуся Каліноўскага. Тут жа — каваны ў жалезе свяцільнік. Нібы агромністая кропля крыві, чырванее ў ім падфарбаваны воск. Гаспадар запальвае свяцільнік толькі раз у год — 21 сакавіка, у гадавіну гераічнай смерці таго, хто стаў самай вялікай любоўю Уладзіміра Караткевіча, яго натхненнем і героем яго твораў.

І адначасова — гэта стол-працаўнік. На ім заўсёды грудзяцца папкі з рукапісамі. За гэтым сталом былі напісаны вядомыя ўжо чытачу раманы "Каласы пад сярпом тваім" і "Нельга забыць", аповесці "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" і "Чазенія", шматлікія вершы, рэцэнзіі, артыкулы, сцэнарыі кароткаметражных і доўгаметражных фільмаў. Сотні і сотні старонак, спісаных дробненькім, вуглаватым почыркам, які нельга зблытаць з нічыім іншым.

У дзень, калі вялася наша размова, Уладзімір Караткевіч закончыў праўку першай і другой кніг рамана "Каласы пад сярпом тваім". Рыхтуючы рукапіс да друку ў выдавецтве "Беларусь", аўтар улічыў заўвагі рэдактара, рэцэнзентаў, чытачоў, выкрасліў многія мясціны і дапісаў новыя.

— Прыемна адчуваць, што ўрэшце закончана тое, над чым працаваў амаль дванаццаць год. У параўнанні з тым варыянтам, які друкаваўся ў "Полымі", у рукапіс унесены вялікія змены. Прыйшлося пагадзіцца з некаторымі заўвагамі. Вядома, не з усімі. Сёй-той з рэцэнзентаў хацеў, каб у цэнтры рамана аб паўстанні 1863 года я паставіў не князя Алеся Загорскага і яго сяброў, а селяніна накшталт Корчака. Але ж гэта супярэчыла б гістарычнай праўдзе. З новых прац рускіх, беларускіх, літоўскіх і польскіх гісторыкаў — для прыкладу назаву прозвішчы Смірнова, Кісялёва, Кяневіча — бачна, што рухаючай сілай у паўстанні ў Беларусі была якраз шляхта. Не мог я згадзіцца і з тымі заўвагамі, дзе мне прапанавалася "абяліць" некаторых прыгоннікаў накшталт Кроера, зрабіць іх менш жорсткімі.

— Значыць, задума "Каласоў…" з'явілася прыкладна дванаццаць гадоў назад? Калі? Пад уплывам якіх абставін?

— Задума з'явілася яшчэ тады, калі я быў студэнтам Кіеўскага універсітэта. Замест таго каб хадзіць на лекцыі, — сядзеў у бібліятэцы над старымі кнігамі. Паступова перад маімі вачыма паўставалі прываблівыя постаці маіх продкаў — мужных, свабодалюбівых людзей. І сярод іх — паўстанцы 1863 года, якія не шкадавалі жыцця, змагаючыся за "вашу і нашу свабоду". А потым дзядзька паказаў мне на Дняпры мясціны, дзе адбываліся тыя падзеі. Руіны гаўптвахты, дзе расстрэльвалі людзей, і конскія могілкі, дзе іх потым закопвалі. Паступова ў мяне расло жаданне расказаць аб іх подзвігу, зберагчы памяць. Пачаў вывучаць архіўныя дакументы, запісваць мясцовыя паданні. Спачатку падзеі рамана былі лакалізаваны толькі ў Прыдняпроўі. Потым прыйшлося пашырыць рамкі, перакінуць з Прыдняпроўя "мосцікі" ў Вільню, Пецярбург, Варшаву.

— У пачатку года "Полымя" абвясціла, што сёлета ў часопісе будзе друкавацца другая кніжка рамана. Значыць, яна таксама ўжо напісана?

— У асноўным, так. Уласна кажучы, гэта будзе не другая, а трэцяя і чацвёртая кніжкі, таму што першую я вымушаны быў падзяліць на дзве. Праўда, работа над імі крыху зацягваецца. Па-першае, паступаюць усё новыя і новыя матэрыялы. Напрыклад, зусім нядаўна ўдалося знайсці дужа "каларытны" "Указ аб косах". Аказваецца, напярэдадні паўстання царскі ўрад быў настолькі напалоханы, што нават забараняў сялянам купляць і прадаваць косы.

— Значыць, у цэлым "Каласы…" будуць мець каля дзвюх тысяч старонак. Ці не занадта многа гэта ў наш час, калі ў моду ўвайшлі "мікрараманы"?

— Па-мойму, усё гэта — лухта. Чалавецтва працягвае накопліваць інфармацыю. Вядома, яму сёння не патрэбна такое дэталёвае апісанне інтэр'ера або чалавечага аблічча, якое мы бачым у пісьменнікаў і мастакоў ХІХ стагоддзя, напрыклад, у Аляшкевіча. Але чалавецтву вельмі важна ведаць факты, мець іх аб'етыўнае апісанне. Вернецца, скажам, чалавек з Марса — і якой каштоўнай будзе яго падрабязная інфармацыя аб невядомай планеце, яго ўменне перадаць нам натуральны выгляд марсіян. А для нас жа беларуская гісторыя — у многім нязведанае. Мы пакуль што мала ведаем аб жыцці, звычаях, побыце нашых продкаў. І кожны, хто ведае, хто можа ведаць, павінен збіраць гэтыя падрабязнасці і перадаваць іншым. Па меры магчымасці я і рабіў гэта ў "Каласах…". У выніку — шматлікія апісанні, вялікі аб'ём рамана. Для тоненькіх гістарычных раманаў, такіх, як у Друона, у Беларусі яшчэ прыйдзе свая чарга. А пакуль што… Мне хочацца, каб, чытаючы "Каласы…", чытач адкрываў для сябе мінулае свайго народа і сваёй краіны.

І словы гэтыя не здаліся мне штучнымі ці нясціплымі. Прыгадаліся словы студэнткі, прыведзеныя ў нарысе У. Калесніка "Партрэт друга": "Дагэтуль я думала, што ў нас няма такой гісторыі, як у іншых народаў. А пачытала "Дзікае паляванне караля Стаха", "Каласы пад сярпом тваім" — дык убачыла, што ёсць!" Сказана крыху наіўна, але дастаткова дакладна: найвялікшая каштоўнасць усяго, што пішацца Караткевічам, заключаецца ў тым, што яго творы выхоўваюць патрыятычныя пачуцці, вучаць лепш разумець мінулае і сучаснае. Для нашага сучасніка вельмі важна мець дакладнае ўяўленне аб усіх тых падзеях, пра якія гаворыцца ў "Каласах…".

— Так, вельмі важна! — пагаджаецца пісьменнік. — Шляхецкія рэвалюцыянеры, якія ўзнялі паўстанне, рэвалюцыйныя дэмакраты накшталт Каліноўскага былі, калі карыстацца вядомым ленінскім вызначэннем, прамымі папярэднікамі марксізму. Першы Інтэрнацыянал быў утвораны якраз на вечары, прысвечаным памяці ахвяр 1863 года. У падзеях мінулага — нашы карані. А дрэва без каранёў не можа ні існаваць, ні, тым больш, прыносіць плады.

— А наколькі паказанае ў рамане адпавядае сапраўднасці? Ці існаваў, скажам, рэальны прататып Алеся Загорскага?

— Перш за ўсё я імкнуўся праўдзіва перадаць дух таго складанага і супярэчлівага часу. Узнавіць дэталі мне дапамаглі архіўныя дакументы. Часам яны пацвярджалі тое, да чаго я ўжо раней дайшоў інтуіцыяй. Прывяду адзін прыклад, але не з "Каласоў…", а з "Нельга забыць". У пралогу да рамана расказваецца аб трагічнай гібелі паўстанца 1863 года Грынкевіча. Пісаў я гэтыя старонкі, пераважна абапіраючыся на мясцовыя паданні. Потым жа, на маё ўласнае здзіўленне, Генадзь Кісялёў паказаў мне ў Вільнюскім архіве дакументы пра рэальнага Грыневіча, расстралянага пры тых жа акалічнасцях, што і апісаныя мною ў рамане. Што ж датычыць "Каласоў…", то ў іх ёсць некаторыя прыватныя адступленні ад сапраўднасці. Напрыклад, тры важныя для лёсу паўстання пасяджэнні царскага дзяржаўнага савета зліты ў адно. У адно зліты вобразы некаторых рэальных людзей. Так узнік Алесь Загорскі. Іншыя ж вобразы — Біскуповіч, стары Вежа — узяты з мінулага цалкам. Зразумела, што зусім інакш узнікалі ўсе жаночыя вобразы…

— Аднак хопіць пра тое, што ёсць у рамане. Некалькі слоў аб тым, што будзе ў апошніх дзвюх кнігах. Які фінал рамана?

— Крах усіх спадзяванняў, усіх ілюзій і — нават у гэтых абставінах — чалавечая нязломнасць! Паўстанне пацярпела паражэнне, але мужнасць — засталася. А значыць, засталося і спадзяванне, што чалавек, свабода і народ — выжывуць! Найбольш поўна гэтая думка праведзена на прыкладзе Алеся Загорскага.

— Раман закончыцца паражэннем паўстання 1863 года ці — па ўзору "Нельга забыць" — падзеі будуць даведзены да нашых дзён?

— Давесці падзеі да нашых дзён будзе вельмі цяжка. Магчыма, потым і прадоўжу сюжэтныя лініі рамана. Хацелася б паказаць нарадавольцаў, першыя марксісцкія гурткі, сялянскі рух. Але гэта — потым. Цяпер жа абмяжуюся невялікімі лірычнымі ўстаўкамі. У іх будзе ацэнка падзей 1863 года з пазіцый нашых дзён. Будзе роздум аб тых часах — мой і маіх сяброў. Да кніжнага выдання дапісаны некалькі ўстаўных навел, якіх не было ў часопісным варыянце.

Нашу размову увесь час перапыняюць тэлефонныя званкі. Звоняць з "Беларусьфільма", дзе па сцэнарыі У. Караткевіча здымаецца поўнаметражны фільм "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", з кінастудыі дакументальных фільмаў, дзе толькі што закончыліся здымкі кароткаметражкі "Будзь шчаслівай, рака…", прысвечанай роднай рацэ пісьменніка — Дняпру. Звоняць з гаркома камсамола, каб дамовіцца аб сустрэчы з моладдзю. Прыходзіць пошта: балгарскі паэт Найдан Вылчаў паведамляе, што ў "Анталогію сучаснага беларускага апавядання", якая выходзіць ў Сафіі, уключаны пераклады караткевічаўскіх апавяданняў; аб выданні зборніка перакладаў на ўкраінскай мове пішуць са Львова. І зноў званок з кінастудыі: у вядомага літоўскага акцёра Баніёніса не "кладзецца" фраза, трэба перарабіць дыялог… І наша размова таксама пераключаецца на тэмы кіно.

Поделиться с друзьями: