ЖАНРЫ

Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча

Мальдис Адам Иосифович

Шрифт:

— Ведалі, што браць, гады! Білі прама пад дых!

Але ад канкрэтызацыі ўхіляўся, пераводзіў гаворку на іншае, на Рыгора Семашкевіча, амаль суседа па кватэры, чыё жыццё недарэчна абарвалася, калі Караткевічы былі ў Сімферопалі:

— Я ўсе транты аддаў бы, абы Рыгор быў жывы… З дакорам думаю, што ўжо больш не пабачу яго вінаватай усмешкі.

У росшук грабежнікаў былі ўключаны лепшыя мінскія шэрлакі холмсы (у іх асяроддзі было нямала добрых Валодзевых прыяцеляў). Але і яны не змаглі нічога зрабіць. Казалі, што папрацавалі тут "класныя спецыялісты", што не абышлося без наводчыка. Відаць, тады, побач з каштоўнымі рэчамі (не выключана, што іх бралі для адводу вачэй), знік і рукапіс другой палавіны "Каласоў…"). Прынамсі, не прыпомню, каб пасля таго здарэння Караткевіч гаварыў пра заканчэнне і выданне "Каласоў…" як пра нешта рэальнае.

Хто мог зрабіць? Дзеля чаго? Рознае думаецца. І цепліцца надзея, што рукапіс недзе ўсплыве, што злачынства веку (пішу без іроніі) будзе калісьці раскрыта.

Аднак вернемся зноў у другую палову шасцідзесятых гадоў. Абмеркаванне "Каласоў…" у Саюзе пісьменнікаў БССР, галасы грамадскасці ўсё ж зрабілі сваю добрую справу. Алесь Адамовіч прайграў бы заклад, бо асобнае кніжнае выданне рамана пабачыла свет не праз пяць гадоў, а хутчэй — у 1968 годзе. На гэты раз Герцовіч змаўчаў (скардзіўся толькі на адной высокай нарадзе, што ў сувязі з яго артыкулам пра Караткевіча нават "Звязда" патрабуе, каб ён падпісваўся псеўданімам, на што Адамовіч падаў рэпліку: "Гэта робіць гонар "Звяздзе"). Затое "левая" і "ўмераная" крытыка (С. Андраюк, М. Ермаловіч, Г. Кісялёў) сустрэла кніжны варыянт рамана як творчую ўдачу аўтара, дасягненне ўсёй беларускай літаратуры. І сапраўды, "Каласы пад сярпом тваім", няхай і не закончаныя, з'явіліся адным з першых нашых гістарычных раманаў у поўным сэнсе гэтага слова. Лёс беларускай літаратуры склаўся так, што ў ХІХ стагоддзі ў ёй не было, не магло яшчэ быць свайго Вальтэра Скота, Генрыка Сянкевіча ці Алойза Ірасека. Не з'явіліся яны ў нас і ў першай палове стагоддзя дваццатага, бо "Салавей" З. Бядулі, "Спрадвечнае" Б. Мікуліча або "На шляху з варагаў у грэкі" Я. Дылы — гэта толькі першыя подступы да такога жанру. Аднак літаратура, як і прырода, не церпіць незапоўненай "пустаты", пераскоквання праз ступені развіцця. Раней або пазней, але гістарычны раманіст павінен быў прыйсці ў нашу прозу. І ён прыйшоў у асобе Уладзіміра Караткевіча, стаў яваю дзякуючы "Каласам…". Яны — не выпадковасць, а заканамернасць, абумоўленая заканамернасцямі фарміравання самой літаратуры. У "Каласах…" нас здзіўляе ўменне пісьменніка пранікнуць у сутнасць, дух эпохі, аддаленай ад нас больш чым на стагоддзе, узнавіць колішняе жыццё, асэнсаваць яго, не мадэрнізуючы, — і адначасова з пазіцый сённяшняга дня. Для гэтага патрэбны былі не толькі глыбокія і разнастайныя веды, але і творчая інтуіцыя. Патрэбен быў вялікі талент.

Неўзабаве раман быў перакладзены Валянцінай Шчадрыной на рускую мову і двойчы выдадзены ў Маскве. Да яго аўтара паступова прыходзіла не толькі ўсесаюзнае, але і міжнароднае прызнанне. Аналізуючы раман у артыкуле пад нязвычнай для нас назвай, якая павінна была "справакаваць" польскіх перакладчыкаў, — "Польска-беларуская эпапея Караткевіча", Фелікс Фарнальчык пісаў у кракаўскім штотыднёвіку "Жыце Літэрацке" 2 чэрвеня 1974 года: "Каласы пад сярпом тваім" — гэта адзін з самых амбітных гістарычных раманаў нашых усходніх суседзяў, асабліва важкі для нас, калі ўлічыць месца, якое ў ім займаюць польскія справы напярэдадні студзеньскага паўстання 1863 года. Нездарма Уладзіміра Караткевіча называюць "беларускім Сянкевічам", бо гэтую дылогію Караткевіча можна параўнаць з "Трылогіяй", як і з "Панам Тадэвушам", і з "Ганнай Карэнінай", і з іншымі гэтага роду вялікімі эпічнымі панарамамі".

Прымаючы пад увагу поспех, няхай і запознены, "Каласоў…", Караткевічу пісаць ды пісаць новыя гістарычныя раманы. Але ён на нейкі час, відаць, стомлены змаганнем за "Каласы…", адышоў ад прозы, амаль цалкам аддаўся кінематографу. У шасцідзесятыя гады з-пад яго пяра выйшлі сцэнарыі многіх мастацкіх і дакументальных фільмаў. Адны з іх — "Памяць", "Будзь шчаслівай, рака…", "Сведкі вечнасці" — шчасліва выйшлі на экраны. Другія — "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" — леглі на паліцы. Трэція — "Расказы з каталажкі", заснаваныя на магілёўскіх анекдотах — увогуле не здымаліся, адхіляліся ў Мінску або Маскве. Было яшчэ некалькі кароткаметражак, якія адымалі многа часу і нерваў, але не давалі сцэнарысту нават маральнай сатысфакцыі, нават патыражнага ганарару.

— Навошта табе ўсе гэтыя скандальныя сітуацыі, пaданне на калені ў імя нейкага эпізода?! — упікалі мы Валодзю. — Пішы найперш гістарычную прозу. Захочуць — экранізуюць.

— Ні чорта вы не шупіце ў кіно! — злаваў Караткевіч. — Гэта ж магутная сіла! Раман у нашых беларускіх умовах прачытае ну дзесяць, ну дваццаць тысяч чалавек. А добры фільм паглядзяць мільёны. Разумееце, якая мажлівасць уздзейнічаць на народ, абуджаць яго годнасць, яго памяць. Вось выйдзе мой "Хрыстос" — тады ўзрыдаеце ад зайздрасці! — і, прымружваючы разнаколерныя вочы, выкладваў апошні козыр: — Не забывайце, панове, што я канчаў сцэнарныя курсы. Навошта дзяржава мяне вучыла?!

Здымкі "Хрыста" праходзілі ў 1967 годзе, якраз тады, калі вырашаўся лёс кніжнага выдання "Каласоў…", і дужа адцягвалі Караткевіча ад работы з выдавецкім рэдактарам. Праходзілі яны пераважна на ўзбярэжжы Чорнага мора, у Сімеізе, і аўтар сцэнарыя некалькі разоў лятаў туды, каб уносіць у яго бясконцыя змены. Памятаецца, 18 верасня ён вярнуўся з Крыма і прама з аэрапорта, нагружаны рукзакамі, стомлены, загарэлы, разам з артыстам Уладзімірам Паначэўным і аднакурсніцай з Кіева Рэгінай прыехаў на пяцідзесяцігоддзе Вячаслава Зайцава, на яго напаўхаласцяцкую кватэру. Быў пахмурны: прапанавалі змяніць назву фільма на "Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка", выкідвалі ўсю "філасофію", увесь здаровы сэнс.

— Вечна ім здаецца, што мой Хрыстос нешта не тое гаворыць, — скардзіўся. — Занадта сучасны.

Акрамя таго, на здымках Караткевіч згубіў частку вершаў з крымскага цыкла.

— Суцэльная трагедыя! — бурчэў, гуляючы з кацянём, якое невядома адкуль ("ці не з космасу?") прыбілася з акальцаванай лапкай. — Уявіце сабе, што Міцкевіч згубіў "Крымскія санеты"! Тая ж непапраўная страта!

Потым аказалася, што не ўсё згублена. Некалькі вершаў знайшлося ў адной з кішэняў рукзака. І Валодзя, супакоіўшыся, прачытаў нам адзін — пра Чуфут-Кале. Потым — пераклад з Лоркі.

— Хацеў жыць, калі яго вялі расстрэльваць, — успамінаў недзе вычытанае пра іспанскага паэта-змагара. — Чапляўся за крыло аўтамашыны. Во быў хлопец! — І потым пра Лорку і Мачада: — Калі бог захоча пакараць краіну, ён дае ёй дзесяць цудоўных паэтаў, а потым адбірае іх.

Гаспадар паказваў нам нейкі італьянскі здымак Месяца, на якім нібыта віднеліся чалавечыя сілуэты. Але яны былі настолькі цьмяныя, што Караткевіч не стрываў:

— З такім жа поспехам я магу заявіць, што гэта сапсаваны кадр з майго "Хрыста", — і зноў пра фільм: — Ой, рэжуць, бязбожна рэжуць прама па-жывому. Адно "піф-паф" застаецца. З філасофскай трагедыі — баявік.

Нарэшце "Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка" было закончана. На кінастудыі, а затым у Саюзе пісьменнікаў БССР адбыліся прагляды. І мы пераканаліся, што Караткевіч шмат у чым меў рацыю. Сапраўды, як намякаў мне ў інтэрв'ю сам аўтар сцэнарыя, перамогу над Тылем Уленшпігелем у фільме атрымаў Лама Гудзак. Кудысьці зніклі філасофскія разважанні аб сэнсе гісторыі, чалавечага быцця. І галоўнае, у фінале не аказалася самога "ўзнясення" — узыходжання "Хрыста" на Галгофу, яго распяцця ў поўнай адзіноце, — калі ўсе апосталы яго баязліва пакідаюць, а ля крыжа застаецца адзін Іуда.

— Разумееце, — растлумачыў нам праз дваццаць год, на паўторнай "прэм'еры" фільма ў Доме кіно, рэжысёр фільма В. Бычкоў. — Камусьці ўбачыўся тут намёк на Хрушчова, якога таксама пакінулі ўсе верныя паплечнікі. І хаця аналогія была абсурдная, давялося канцоўку скараціць.

Аднак і ў такім, скалечаным, выглядзе фільм глядзеўся. Добра ігралі акцёры (асабліва Данатас Баніёніс). Хораша паказаў свае здольнасці сам сцэнарыст — ён іграў дзве эпізадычныя, але яркія ролі (ксяндза і татарына), за кадрам спяваў старадаўні гімн. Радавалі масавыя сцэны, аператарская работа. І галоўнае, у фільме заставаўся нацыянальны каларыт, беларуская гісторыя. Гэта, мусіць, і палохала тагачасных чыноўнікаў ад кіно. І яны прынялі саламонава рашэнне: адзіны экземпляр — пакласці на паліцу. Праўда, Караткевічу ўдалося выкрасці нейкую няпоўную копію, і ён трымаў яе "да лепшых часоў".

Сёння, калі глядзіш на тыя гады з пэўнай аддаленасці, разумееш, што забарона фільма "Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка" была не выпадковай, а заканамернай. Сваёй "несіметрычнасцю", выключнасцю героя і абставін, адмаўленнем усяго афіцыйнага і кананічнага, урэшце, метафарычнасцю, дзёрзкасцю, гарэзлівасцю ён выбіваўся з застойнай атмасферы, пярэчыў ёй. Зрэшты, такі ж лёс напаткаў тады многія лепшыя кінастужкі.

У адным са сваіх выступленняў Васіль Быкаў сказаў, што Уладзіміру Караткевічу было пры жыцці недададзена ўвагі. Гэтыя агульныя словы патрабуюць канкрэтызацыі: калі было недададзена, па чыёй віне, чаго (бо чытацкую ўвагу і любоў ён меў заўсёды, а пад канец гадоў сямідзесятых з'явілася і ўвага органаў улады). Мне ўяўляецца, што самым цяжкім перыядам у жыцці Караткевіча былі другая палова шасцідзесятых — пачатак сямідзесятых гадоў, калі аўтар "Каласоў…" сапраўды хадзіў у "чорным целе", калі ў кожным яго радку шукалі крамолу. І віна за цікаванне пісьменніка ў вялікай ступені кладзецца, сёння трэба прама сказаць, на тагачаснага сакратара ЦК КПБ па пытаннях ідэалогіі С. А. Пілатовіча. Гэта ён быў супраць выдання "Каласоў…" асобнай кніжкай. Гэта па яго ўказанні ў "Літаратуры і мастацтве" быў дадзены "адпор" цудоўнаму эсэ "Званы ў прадоннях азёр". Прозвішча Караткевіча ўпаміналася ў розных афіцыйных выступленнях як жупел ідэйнай заганнасці, ледзь не варожасці. Даведаўшыся пра яшчэ адно з такіх выступленняў, пісьменнік толькі цяжка ўздыхаў. У крайнім выпадку прарочыў:

Поделиться с друзьями: