ЖАНРЫ

Змагарныя дарогi (на белорусском языке)

Акула Кастусь

Шрифт:

Аднойчы маёр Карпiнскi, пасьля трохгадзiннага п'янства, устаў з-за стала й голасам цьвёрдае каманды загадаў Плiнту, каб зьвяз за паўгадзiны стаяў у поўнай гатоўнасьцi на начныя практыкаваньнi. Маёр выразна хiстаўся, Плiнта й падафiцэры падзялiлiся мнагазначнымi позiркамi, але не пярэчылi. Апаля хутка перадаў загад экiпажам танкаў. Жаўнеры, сьцямiўшы, у чым рэч, чакалi, што станецца нешта нештодзённае. Пакуль сабралiся, зайшло сонца й пачало шарэць.

Маёр Карпiнскi, падсаджаны чатырма рукамi, ускарабкаўся наверх першага танка i, абхапiўшы рукамi руль гарматы, загадаў каля сябе сесьцi Плiнту й Апалю. На iншых вярхах танкаў селi рэшта падхаронжых i радавыя. Карпiнскi загадаў поўнай хуткасьцю ехаць у Матэру. Кожны танк запалiў зыркi верхнi пражэктар, што сьвяцiў найменш на дзвесьце мэтраў. Чатыры цяжкiя стальныя чарапахi, зьзяючыя доўгiмi конусамi сьвятла, пад гоман i песьнi ды п'яную балбатню маёра й спадарожнiкаў, хутка карабкалiся на стромы бугор, а пасьля, узьехаўшы на шашу, поўнай хуткасьцю накiравалiся ў гарнiзонны гарадок.

Жыхары Матэры, пачуўшы здалёк гул, цеснай сьцяной заграмадзiлi ходнiкi. Палавiна зацiкаўленых была вайскоўцамi. Панцырны зьвяз нiколi дагэтуль не заглядаў у Матэру ня толькi ў п'яным, але нат i ў цьвярозым вiдзе. Спасьцярогшы падпiтых афiцэраў i танкiстаў, гледачы смяялiся й махалi рукамi. Карпiнскi ахрыплай глоткай зацягваў уланскую песню, а Апаля, збоку размахваючы рукамi, намагаўся не заставацца ззаду. Танкi, аб'ехаўшы блёк будынкаў гарнiзоннага штабу ў цэнтры мястэчка, павярнулi налева на малы пляц перад афiцэрскiм казiно.

Адны павыходзiлi на вулiцу. Iншыя выглядалi зьверху праз вокны. П'янага маёра звалаклi з першага танку й памаглi зайсьцi ў клюб. Апаля, хiстаючыся на нагах, загадваў заварочвацца. Плiнта, пасадзiўшы Карпiнскага за сталом, вярнуўся, сваiмi сiламi ўзлез на танк i загадаў вяртацца ў Парко Гатынi.

Назаўтра ранiцою, калi Карпiнскi а восьмай гадзiне зьявiўся ў штаб гарнiзона, палкоўнiк Заорскi, што не забыўся маёравай парады, дзе здабыць нямецкiя лiмузiны, са зласьлiвай ухмылкай зьвярнуўся да ўладальнiка "Вiкторыi Крос":

– Пане маёр, чым можаце вытлумачыць учарашнюю прысутнасьць позьнiм вечарам танкаў у горадзе? Што гэта вы выраблялi?

– Праводзiлi начныя практыкаваньнi, пане палкоўнiк!
– адрэзаў Карпiнскi i, не чакаючы далейшага, завярнуўся й выйшаў. Заорскi са злосьцi ледзь ня ўкусiў нiжнюю губу. На гэтым справа закончылася. Калi-ж iншыя афiцэры пыталiся Карпiнскага, чаго прыяжджалi ўчора танкi ў горад, гэрой з усмешкай адказаў:

– Хацелi, дык i прыяжджалi.

VI

Даўно перастала быць тайнiцай, што ўсе польскiя адзьдзелы ў Заходняй Эўропе, а ў iх лiку й Другi корпус Андэрса зь Iталii, мелi быць у хуткiм часе дэмабiлiзаваныя й дзеля таго насамперш перавезеныя з кантынэнту ў Ангельшчыну. Другi корпус меў быць хутка дэмабiлiзаваны не таму, што ягонага выезду зь Iталii дамагаўся Сталiнаў прадстаўнiк у Аб'яднаных Нацыях Вышынскi i не таму, што цэнтральны прэсавы ворган iтальянскай камунiстычнай партыi "Ль-Унiта" з Рыму штодзённа пiсаў аб нападах палякаў на камунiстаў i рабiў буру ў шклянцы вады, а таму, што брытанцам два гады пасьля заканчэньня вайны надакучыла харчаваць i апранаць колькi сотняў тысяч бязьдзейных жаўнераў, якiх мяркавалi выкарыстаць на рынку працы. Ды хоць справа выезду й дэмабiлiзацыi ня была ўжо тайнiцай, жыцьцё ў гарнiзоне Матэры плыло нармальна.

Напрыканцы чэрвеня Сымон атрымаў загад прывезьцi з Галiполi танкавай амунiцыi. Узяўшы пяцiтонную транспартную машыну й зьвязнога падафiцэра-шафёра, зрабiў падарожжа за тры днi. Зараз пасьля прывозу амунiцыi маёр Карпiнскi загадаў наладзiць практыкаваньнi ў полi са страляньнем.

На палёх ужо стаялi першыя сьцiрты зжатага збожжа, а дасьпелая пшанiца аж прасiлася пад серп. Дзень для практыкаваньняў выпаў даволi ветраны, хоць, як амаль заўсёды, сонечны й гарачы. Чатыры танкi з Парко Гатынi выехалi вельмi рана. На базе зьвязу застаўся сам Спарыш. Паволi зьеў сьнеданьне й пасьля вылежваўся на гарачым сонцы, а калi занадта дапякло, уцёк у цень палаткi i ўзяўся за чытаньне нейкай няцiкавай, трапiўшай пад руку, кнiжкi.

Каля гадзiны першай папаўднi ў адкрытых дзьвярох палаткi вырасла замурзаная й запыленая фiгура Сварычэўскага.

– Гэ-э-эй! А што гэта з табою? Чаго ты так рана дома? Ужо выстралялi ўсю амунiцыю?
– схапiўся Сымон.

– Але дзе-ж там! Стралянiна спынена. Зрабiлi такi пажар, што спалiлi вялiзарныя абшары збожжа. Е-э-э-зус каханы, Езус!
– абхапiў Рэмi рукамi галаву й апусьцiўся на пасьцелю.
– Каб ты бачыў!

– Пажар? Якiм чынам?

– Ну бо гэты... Плiнта, як толькi прыехалi й паставiлi на пазыцыi танкi, даў загад заладаваць дымнымi й вызначыць мэту. Перад намi была невялiкая гара - бок ейны паверхнi мо як сьцяна добрага дома. Навокал-жа ўсюды збожжа. За гарой, як пасьля даведалiся, была ў лагчыне вёска. Занялi мы пазыцыi адлеглыя ад гары на нейкiх 1000 ярдаў. Плiнта загадаў нам страляць з наставы. Што за ёлап! Гэта-ж хапiла розуму. Я адразу спасьцярог, што ў гару ня траплю, бо, зiрнуўшы праз рулю, убачыў голае неба. Я крыху стрымаўся. Там трэба было дасканалых стральцоў, каб пацэлiлi ў тую гару, а не такiх зялёных, як ён паўсаджваў у танкi, каб навучылiся. Першыя ладункi казаў выстралiць нам, падхаронжым. Нядзьвецкi тады, доўга ня думаючы, луп!
– адзiн, другi, трэцi. Я ўбачыў, што ладункi ляцяць цераз гару. Давай сваю гармату ўнiз i пачаў. Трапiў у самую сярэдзiну скалы. Значыцца, мы страляем сабе. А там, як аказалася, за гарою ўжо гарыць ад першых трох, бо Нядзьвецкi трапiў акурат у сьцiрту. Але мы нiчога аб гэтым ня ведаем i страляем далей. Выбiлi ўсе супрацьпанцырныя й па некалькi гранатаў, як раптам бачу, колькi мага сiлаў iмчыць у нашым кiрунку на белым канi Кэнсiк i махае рукамi. Ён быў адным з тых, што стаяў збоку для назiраньня. I яздок ьз яго не абы-якi - я гэта заўважыў. Як даведаўся - ён сын селянiна. Ну i як кiнецца ён да Плiнты ды як крыкне: "Спадар лейтанант! Вы страляеце, а нiхто не бачыць, што пажар людзям збожжа палiць. Там, за гарой, агонь бушуе, пекла несамавiтае!"

Плiнта зьбялеў як палатно й чаго не звар'яцеў ад страху. Зачаў тупаць у панiцы, страцiўшыся зусiм. Хлопцы кiнулiся за гару, а там ужо цэлае мора агню. Пазьбiралiся iтальянцы. Крык, гоман, плач. На цэлае шчасьце, хата нiякая шчэ не занялася. Гарыць стог адзiн, другi, трэцi, а вецер агонь па полi стралою нясе. Плiнта паслаў некалькi хлапцоў, бо ня ведаў, што там мора агню. Казаў страляць далей з двухцалёвага мiнамёта. Страляйце, кажа, у гэтую чорную полаць раллi. Як так, то давай!
– хлопцы зноў пачалi. Не прайшло й пару хвiлiн, як адзiн ладунак трапiў на ржышча, якое тут-жа ўмiг занялося полымем. Нiчога дзiўнага, бо сьпякота страшэнная. Там абы лёгкая iскра, i ўсё пайшло-б з дымам, а што гаварыць, калi некалькi фосфарных ладункаў звалiлася.

Вецер маланкаю паганяў агнём, i не агледзелiся, як полымя абняло цэлыя нiвы. Ну што-ж ты будзеш рабiць. Пабеглi мы ратаваць. Але дзе-ж там!
– навет мовы ня было, каб маглi што зрабiць. Напрацавалiся, як дурнi, аж дух занiмала. Я апарыў сабе плечы й рукi, бо вопратку быў ськiнуў. Лапаты й гасьнiцы, што мы мелi, гэта - капля ў моры. Перш пачалi капаць канавы, каб агонь адгарадзiць, але што пачнём якiх сто метраў наперадзе, то за пару мiнут агонь нас дагонiць. Бачым тады, што не дамо рады. Зрэзыгнавалi ўжо зусiм з гашэньня, адно пачалi капаць канавы па баках, каб не даць пажару пашырыцца, бо спынiць яго было зусiм немагчыма. Удалося нам скiраваць яго з ветрам на суседнюю гару, дзе й пагас. Маткi мае боскiя! Ты не ўяўляеш сабе, што за велiзарныя абшары збожжа спалiлi. I то пераважна пшанiцы, ды такой сьпеленькай, што толькi на серп чакала. Як станеш на суседнiм узгорку, то пад табою чорнае мора, як вокам сягнуць. Шчасьце, што хаты не пагарэлi. А людзi пазьбягалiся з усёй ваколiцы. Iтальянкi кiнулiся ў лямант: "О мiо панэ, мiо панэ!" О хлеб мой, значыцца. Жандармэрыя наша й iтальянская, поўна iхных i нашых афiцэраў, шмат лiмузiнаў панаяжджала. Там багатых мужыкоў маса, што аддаюць зямлю ў арэнду. Для iх страта не так балючая, як для тых бедных арандатараў. Там-жа на месцы даходжаньнi, тэлефоны, тэлеграмы, я цябе... калатня будзе, якой сьвет не бачыў. Наш Плiнта бегае як звар'яваны.

– Ну й што, яны яшчэ ня скончылi?

– Скончылi, недзе ўжо едуць. Я прыехаў з Тадзiкам паўтаратонкай, а Плiнта застаўся быў ззаду для выясненьня гэнага цэлага б...

– Дзе ляжыць тая бедная вёска?

– На захад ад Мiлiёнiко. Як яна завецца - ня ведаю. Будзе адсюль кiлямэтраў сорак пяць - пяцьдзесят. Але што за прыгожая ваколiца! Шкада мне гэных людзей. Ты ведаеш, на колькi ацанiлi шкоду?

– Ну?

– На восем мiльёнаў лiраў. Цiкава, хто iх заплацiць. Хiба-ж не наш Плiнта.

– А дзе-ж быў наш самы галоўны гэрой?

– Карпiнскi?

– Так.

– Прыехаў, як пажар ужо бушаваў.

– Дык i хто-ж за гэта будзе адказным?

– Хiба-ж што не я. Плiнта цьвердзiць, што яму гарнiзонны афiцэр па справах стрэльбiшчаў вызначыў там месца, хаця ў ваколiцы ёсьць такiя дзiкiя горы, што самi просяцца...

– Але-ж там мусiла быць весела. Добра, што я не паехаў.

– Маеш шчасьце. Глянь во!
– паказаў Рэмi Сымону паабсмальваныя рукi.
– Я дзякую iм за такую прыемнасьць. Плiнта будзе адказваць за неасьцярожнасьць пры страляньнi, а афiцэр ад стрэльбiшчаў - за неадпаведнае месца. Як справа пойдзе ў суд, тады пазнаюць. А Плiнта кажа: "Гэта нiчога. Мы ў Рыеты, кажа, ня гэтулькi папалiлi. I ты думаеш, ангельцы далi адшкадаваньне? Анi на ногаць. Казалi iтальянцам пазвозiць збожжа, а як ня справiлiся, то маеце..."

– Я-б хацеў бачыць, каб падобнае нешта здарылася ў Ангельшчыне. Нам танкамi навет па дарогах езьдзiць не дазвалялi, каб, баранi Божа, асфальту не пашкодзiлi.

Падхаронжыя змоўклi. Рэмi курыў бесьперапынна ўжо трэцюю з чаргi сыгарэту. Сымон пазiраў на яго ды нешта мяркаваў у галаве. Паважнае аблiчча твару паступова пачало перамяняцца ў грымасу, i раптам Спарыш зарагатаў голасна й працяжна. Сьмех быў нейкай канвульсiяй, пачаўся ўнiзу ў жываце й страсануў усiм целам. Сымон ускочыў з ложка, падскакваў па палатцы, часамi аж прысядаў i, стукаючы абедзьвюма далонямi па каленях, рагатаў бесьперапынна, ажно вочы набеглi сьлязьмi, а на лбе пачалi выступаць каплi поту. Напаўдзiкi канвульсыйны грымотны сьмех ня спыняўся.

Поделиться с друзьями: