Змагарныя дарогi (на белорусском языке)
Шрифт:
Нацiсканьне з усiх бакоў зрабiла сваё. Загад быў выданы. На просьбу прафэсара Гука капiтан Загурскi, што меў добрыя кантакты ў польскай газеце "Дзеньнiк польскi i дзеньнiк жолнежа", пастараўся, каб газэта зьмясьцiла вайсковы загад. Гэткiм чынам шмат беларусаў даведалася, што ад гэтага часу, цi былi-б яны ў наземных, паветраных цi марскiх польскiх збройных сiлах, маглi належаць да свае беларускае арганiзацыi самапомачы. Загад меў быць прачытаны i па ўсiх адзьдзелах, але шматлiкiя, нязычлiвыя беларусам афiцэры наўмысьля яго iгнаравалi.
Вiктар Сянькевiч, вярнуўшыся ў свой адзьдзел, з большай энэргiяй узяўся за працу. Быў сакратаром у батальёне й таму позьнiмi вечарамi пасьля службовых гадзiн мог карыстацца машынапiскай i рататарам. Праўда, стараўся рабiць гэта ўпотайку ад начальства.
У працы арганiзацыйнай i публiцыстычнай Вiктар быў пачаткоўцам, асаблiва калi iшла гаворка пра статут, камунiкаты й iншыя справы афармленьня. Тут на помач прыйшла дасьпеласьць i дасьведчанасьць прафэсара Гука. Стары настаўнiк i арганiзацыйны працаўнiк яшчэ з Бацькаўшчыны цешыўся, што ў асобе маладога юнака знайшоў добрую тэхнiчна-канцылярскую сiлу. Хутка зьявiўся першы нумар часопiса "На шляху", пасьля прыйшлi камунiкаты й розныя пiсьмы арганiзацыйнага характару. Быццам жаўранкi напрадвесьнi, цешыла роднае слова рассеяных суродзiчаў. Надыходзiў новы пэрыяд у жыцьцi выгнаньнiкаў. Лучылiся адзiнкi й групы, на чужой глебе паказалiся парасткi новага беларускага арганiзму.
Нягледзячы на афiцыяльны характар захадаў, шмат беларусаў не магло пазбыцца нагнанага да гэтага часу палякамi страху перад самавыяўленьнем. Арганiзаваньне йшло марудна. У кожным амаль адзьдзеле меншыя афiцэры стаўлялi розныя перашкоды. Адны застрашвалi, фабрыкавалi iнтрыгi й плёткi, iншыя адмаўлялi, трэцiя iгнаравалi просьбы iнiцыятыўных арганiзатараў, чацьвёртыя адкрыта ставiлi перашкоды й не дазвалялi анi нарадаў, анi тварэньня адзьдзелаў. Перамагаў ранейшы недавер i нялюбасьць палякаў да ўсяго чужога.
Адылi арганiзацыйнага прагрэсу беларусаў не ўдалось iм спынiць. Хутка расло новае цела. Выяўлялiся людзi, дужэў нованароджаны арганiзм. У Лондане навокал двух першых iнiцыятараў зьбiралася кiраўнiчая група. Адбывалiся паседжаньнi часовае ўправы Згуртаваньня Беларусаў у Вялiкай Брытанii, рабiлiся пляны першага агульнага зьезду, апрацоўваўся праект статуту, абмяркоўвалiся пляны куплi першага Беларускага дому.
IV
Зiмовым вечарам 1947-га году ў перапоўненай пiўнушцы лёнданскага раёну Сого пры колькiх сталах на покуцi сядзелi тры групы маладых жаўнераў. Сталы былi застаўленыя пляшкамi й шклянкамi зь пiвам. Жаўнеры ня прыглядалiся, здавалася, да каляровай публiкi, што тут зьбiралася. Таўставатая жанчына сярэднiх гадоў, перакулiўшы, вiдаць, некалькi порцый вiскi, барабанiла разбразганым пiянiнам i падпiтым голасам то цягнула "Му Johnу is over the ocean", то зноў вярталася да "Onlу Five minutes more"*.
* "Мой Джонi за акiянам", "Толькi пяць хвiлiн больш" (англ.)
Пры адным стале сядзелi Вiктар Сянькевiч, Кастусь Дзежка, Вiктар Караткевiч i Сымон Спарыш. Па суседзтву былi сябры, зь якiмi некалi пачалi супольную вандроўку з Паўночных казармаў на менскiм бруку. Ад гэтага дня мiнула два з паловаю гады. Час узбагацiў iх вялiкай практыкай, прыспорыў цярпеньняў i выкiнуў на чужы незнаёмы бераг. У сэрцах гарэў нязгасны зьнiч вялiкага каханьня да паняволенага народу. Няведаньне лёсу пакiнутых дома блiзкiх й найдаражэйшых, вечная журбота па родных, цяжкое перажытае ды няпэўнасьць заўтрашняга адлюстравалася як на iхных выглядах, так i ў духовых iстотах. За пару зь лiшнiм гадоў перажылi тое, што людзi ў нармальныя мiрныя часы праходзяць за дзесяткi, калi наогул спатыкаюць на жыцьцёвых дарогах сваiх нейкiя лiхалецьцi.
У пiўнушцы пры сталох былых менскiх кадэтаў вялiся ажыўленыя гутаркi. Шмат хто даўно мiжсобку ня сустракаўся. Заўтра мае адбыцца першы агульны зьезд Згуртаваньня Беларусаў у Вялiкай Брытанii, i гэта падзея была для iх ня толькi днём супольнае сустрэчы, але й пэўнага трыюмфу. Як-нiяк будавалi новае, пракладалi новыя шляхi на тым агульным шляху, якi некалi мае завярнуць на вызваленую Бацькаўшчыну.
Пад хмяльком дзялiлiся цяпер рознымi згадкамi зь перажытага, чутага, бачанага. Нагода-ж была першая й агульная.
– Маладзец ты, Вiктар. Адным словам, Капанскаму кажаш, межы беларускiя паказаў. Нявузка!
– гаварыў Сянькевiчу Кастусь Дзежка.
– За тваю працу мала цябе пахвалiць, але, мусiць, прыйдзецца й паставiць. Як ты думаеш, Сымон?
– Прапанову падтрымоўваю.
– Гэй!
– паклiкаў Дзежка кельнара й замовiў чатыры вiскi.
– А ты помнiш, Кастусь, як мы ў Занеўскага твае боты ў Вiльнi на адыходзе з Бацькаўшчыны прапiлi?
– прыгадаў Вiктар Караткевiч.
– I добра зрабiлi, а то чорту рагатаму Веньцю засталiся-б.
– Хапiла яму й Сымонавага кажушка.
– Ха-ха-ха!
– зарагаталi дружна два Спарышовы сябры.
– Ты, мусiць, не ведаеш, Сянькевiч, пра Сымонаў кажушок. Трэба будзе табе пры нагодзе расказаць, - прыабяцаў Дзежка, а Вiктар Сянькевiч слухаў зь ветлiвай загадкавай усьмешкай.
Кельнар паставiў перад хлопцамi чатыры порцыi шкоцкага вiскi.
– Ну то, хлопцы...
– За што-ж вып'ем?
– Ты, Дзежка, прапануй.
– Сябры, як паперакульваем чаркi, то вобземлю iх, бо будзем пiць тост за нашу галоўную мэту!
– прыўстаў Дзежка, а за iм i сябры.
– Добра. Дык аб гэтай мэце давай.
– Сябры! Прапаную выпiць за хуткае вызваленьне нашае Бацькаўшчыны! I давайце будзем старацца ўсiмi сiламi, каб тое вызваленьне прысьпешыць!
– За вызваленьне!
У адзiн мiг апусьцелi чаркi й адна за другой пырснулi кавалкамi дробнага шкла на падлозе ў кутку.
– Брава, хлопцы!
– захапiўся Дзежка й зрокам нявiннага сустрэў устрывожаны погляд кельнара. Падхмеленая публiка прыцiхла, зацiкавiўшыся водгаласам шкла.
– А ты чаго, брат, так перапалохаўся?
– гаварыў Дзежка кельнару.
– За чаркi зараз плачу. Мы пiлi за вызваленьне! Разумееш? Адкуль ты можаш разумець. Ты думаеш, братка, што Гiтлер быў найгоршы, але пачакай. Ты ня ведаеш маскалёў!
V
Назаўтра вялiкая заля ў будынку на Лiндэн Гардэнс была перапоўненая жаўнерскай масай. Пазьяжджалiся з розных адзьдзелаў чужое армii, з усiх закуткаў Вялiкае Брытанii. Сабралася звыш паўтары сотнi сяброў i дэлегатаў. Было-б, пэўна, больш, калi-б не перашкоды шматлiкiх афiцэраў, якiя адмаўлялiся выдаваць пропускi на гэты, паводле iх, некарысны для польскiх iнтарэсаў зьезд. Але лёд быў праламаны. Першы зьезд Згуртаваньня Беларусаў Вялiкае Брытанii меў быць асноўнай вехай на шляху да самавыяўленьня й згуртаваньня беларусаў з польскае армii, а пасьля й iншых беларускiх эмiгрантаў у Ангельшчыне.
I гэтыя сябры й дэлегаты арганiзацыi, першыя жаўранкi першага ў гiсторыi беларускага зьезду-зьлёту ў Ангельшчыне, адчувалi ўрачыста-сьвяточны настрой дня. Як-нiяк гэта яны, сыны працоўнага беларускага народу, сяньня яшчэ жаўнеры-выгнаньнiкi, мелi палажыць трывалкiя падвалiны пад першую беларускую нацыянальна-грамадзкую арганiзацыю на гэтым iмглiстым абтоку. Вонкавай адзнакаю сьвяточнасьцi i ўрачыстасьцi была вялiкая "Пагоня" на сьцяне й засланы нацыянальным бел-чырвона-белым сьцягам стол прэзыдыюму.