Зорны спеў
Шрифт:
Ухапіўшыся за гэтыя факты, я тады ж пайшоў у Архіў Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Але тут узніклі новыя цяжкасці. У картатэцы значыцца некалькі дзесяткаў беларускіх партызан з прозвішчам Адынец.
— Удакладніце,— прапануюць мне,— як яго звалі: — Адынец, Одынец, Адзінец? Ян ці Іван?
Ізноў іду я ў рэдакцыю «Полымя» да Максіма Танка. Ён пытаецца па тэлефоне ў жонкі, Любові Андрэеўны.
— Ян псеўданім, а ён жа Паўлік,— чуем у адказ.— Ён на Новым Свеце20 камсамол арганізаваў, Мы ж поблізу жылі. Я часам хадзіць позна ноччу баялася, хуліганаў шмат было, вядома, на ўскраіне. Дык пазней Паўлік хваліўся: «Мы, камсамольцы, вас ахоўвалі. Здагадваліся, што вы ў партыйным падполлі працуеце...»
Сапраўды, камсамольцы не памыляліся. Паліцыя не спускала вачэй з Любові Андрэеўны. Ахова была, так сказаць, з двух бакоў: камсамольцы — сабе, паліцыя — сабе. У адным з архіваў мне трапіўся матэрыял, які сведчыць, што аж на радзіму суправаджала пільнае паліцэйскае вока сясцёр Асаевіч — Любу і Соню. Віленская паліцыя інфармуе 25 кастрычніка 1935 года павятовае паліцэйскае ўпраўленне ў Паставах: «Соня ў мінулым месяцы прыязджала да Асаевіча, затым пасля 2 дзён выехала назад у Вільню. Люба была каля 10 кастрычніка г. г. і, пераначаваўшы, таксама выехала цераз Мядзель у Вільню. У часе прабывання абедзве кантактаваліся... са Скурко Яўгенам»21.
Дзякуючы дапамозе Любові Андрэеўны мне тады ўдалося зрабіць больш дакладны заказ наконт Адынца ў Архіў і атрымаць звесткі менавіта пра таго чалавека, якім я цікавіўся: Адынец Павел Фаміч, беларус, 1916 года нараджэння, камандзір партызанскага атрада імя Суворава брыгады Аляксандра Неўскага, памёр ад ранаў і тыфу 12 красавіка 1944 года, пахаваны ў вёсцы Зачэпічы.
Восенню 1965 года я трапіў у тыя мясціны. Аб'ездзіў Ліпічанскую пушчу ля развілкі Шчары і Нёмана. Яшчэ ўсё ў памяці свежае ад тае паездкі. У мястэчку Орля прачытаў на абеліску чатыры прозвішчы партызан, усе з 1922 года — мае аднагодкі. Потым на памяць прыходзілі партызанскія сябры, якім не давялося дажыць да канца вайны. З'явілася недарэчнае адчуванне, быццам Паўла Адынца таксама сустракаў у партызанах, быццам разам хадзілі на падрывы, разам пераплывалі Нёман пад абстрэлам, хоць партызаніў я не тут.
Каля Орлі Нёман шырокі і быстры, у пойме — магутныя дубы над ціхаводдзем старыц. Урачыста рабілася на душы, стоячы ў засені гэтых волатаў. Маё верхняе Наднямонне дзівосна прыгожае, але хараство там іншае, больш пяшчотнае, лагоднае, коласаўскае хараство:
Дзе на свеце ёсць такая, Як Нёман, рэчанька другая? Тут хвалі светлы, срэбралітны, А беражкі — ну аксамітны...А тут усё велічнае, маштабнае. Ехаў нібы праз свяшчэнныя язычаскія гаі, разглядаўся, каб не наткнуцца дзе на святое вогнішча перуна. Мой добраахвотны памочнік у пошуках дзён былых — тутэйшы чалавек, ветэран партызанскай барацьбы Уладзімір Шымановіч глядзіць на рэчы больш празаічна. «Тут калгаснікі свіней на жалудах адкормліваюць, а дзеці паназбіраюць цэлыя тоны гэтага корму. Тут свіны корм не праблема». Я прыгадваю артыкул са старадаўняга юрыдычнага статута: «А хто свіней у чужы лес на жолудзь пагоніць, а той застанет, чый лес, то аднаго вепра з правам сабе забіць мае». Часы і норавы...
У размове з Танкам я не магу перадаць гэтай спракаветнай рамантыкі. Няёмка займацца паэтызацыяй у прысутнасці сапраўднага паэта. Расказваю толькі пару эпізодаў з жыцця Паўла Адынца (аказваецца, імя Ян — адзін з яго падпольных псеўданімаў, якімі ён карыстаўся і тут, у Шчучынскай зоне).
Другі раз Адынец трапіў у варожы тыл у сорак трэцім. Яго як інваліда доўга не хацелі залічыць у войска. Сакратар Беластоцкага абкома КПБ тав. Самуцін, выпраўляючыся ў тыл ворага, узяў яго ў сваю групу на ўласную руку. У 30-я гады Васіль Амельянавіч Самуцін узначальваў Беластоцкі падпольны акружком КПЗБ, таму паважаў былых капэзэбаўцаў, чые высокія маральныя якасці пазнаў яшчэ тады. Адынец жа выхоўваўся ў радах КПЗБ.
З партызанскім злучэннем генерала Капусты яны прайшлі летам 1943 года ад Старобіна, куды іх прывезлі самалёты, да Ліпічанскай пушчы. Мелі заданне прабрацца пад Беласток па тэрыторыі, якую акупанты ўключылі ва Усходнюю Прусію. На выхадзе з пушчы, у Зубераўскіх лясах, завязаўся бой. Дывізія эсэсаўцаў перарэзала шлях партызанскаму злучэнню. Праціўнік атакаваў, стараўся раздзяліць партызан, каб знішчыць па частках. Тры атакі адбілі за дзень партызаны. Ноччу немцы на пяці машынах вывозілі трупы. Назаўтра пайшлі ў бой нямецкія танкі. Партызаны вымушаны былі адступаць у глыб Ліпічанскай пушчы пад Орлю. Камандзір першай роты атрада імя Аляксандра Неўскага, нядаўні кадравы афіцэр Аляксандр Іванавіч Аношын атрымаў загад прыкрыць адыход злучэння. Павел Адынец вызваўся далучыцца да гэтага заслону, хоць камандаваў тады дыверсійнаю групай і мог адступаць з асноўнаю масай.
Заслон рушыў насустрач ворагу. Павел ішоў побач з камандзірам роты. Змяркалася. Раптам трасіруючая куля шмыганула паміж імі. Адынец усміхнуўся: «Добрая прыкмета, камандзір, жыць суджана!» Ледзь занялі прыстойны рубеж, а карнікі ўжо тут. Аношын шапнуў Адынцу: «Пашка, пагавары з імі па-нямецку». Аношын не чакаў такога — Адынец устаў і пайшоў у кірунку немцаў, адышоў, праўда, усяго некалькі крокаў і стаў падклікаць праціўніка на перагаворы. Карнікі спыніліся. Нямецкая мова дзейнічала на іх, як заклінанне. Завязаліся перагаворы, цэлая цырымонія знаёмства. На пярэднюю групу ворагаў сталі напіраць, падыходзячы ззаду, салдаты. Атрымалася табала. Тады Аношын урэзаў з аўтамата ва ўпор, на цэлы дыск... Адынец адскочыў да сваіх, а ўслед за ім шыбанулі гранаты. Загудзеў бор. Бой сціх глыбокай ноччу. Партызаны адышлі на новы рубеж.
Засталіся жывыя.
Неўзабаве Адынца назначылі інструктарам у Скідзельскі падпольны райком партыі. Ды там ён не прыжыўся, шукаў самай небяспечнай работы. Сакратар райкома таварыш Аўсейчык вярнуў Адынца назад у атрад да Аношына (першая рота перарасла ў асобны атрад імя Аляксандра Неўскага).
— Вазьмі ты, Аношын, калі ласка, гэтага чудзіка. Мне такіх забіякаў не трэба.
— А мне якраз патрэбны такія. Дыверсійная група Адынца ўзрывала эшалоны, чыгуначныя масты, не раз біла ворага з засадаў — і ўсё гэта акрамя асноўнай работы разведчыка. Капітан дзяржбяспекі Адынец меў спецдаручэнні. Як гаварыў мне партызанскі ўрач Іван Пляўко, яму часта даводзілася рабіць сяброўскія паслугі Паўлу — круціць ручку бабіны, каб той мог перадаць на Вялікую зямлю зашыфраваныя звесткі.
Незадоўга да трагічнай пагібелі Адынец прыняў камандаванне атрадам імя Суворава, пачаў падцягваць баявую дысцыпліну. Выхоўваў прыкладам. Яго паранілі белапалякі на Бярозаўскіх хутарах. А як, бывала, хітра ўмеў ён прашмыгнуць цераз іх зону! Прыкінецца якім-небудзь панам паручнікам Рысем, загаворыць на сваёй віленскай пальшчызне, дазнаецца пра размяшчэнне белых і пройдзе як па сваёй зоне. На гэты раз падвёў нейкі зацялёпа з ягонай групы. Не паслухаў камандзіра, самахоць зайшоў на польскі хутар і загаварыў па-руску. Гэтага хапіла. Адынец адбіваўся. Разрыўная куля прайшла па рэбрах. Заціснуўшы рану, ён выводзіў сваіх к Нёману. Пераплыў яшчэ Нёман у разліве. Дабрыў да свайго атрада і асунуўся непрытомны.
— Рана? Ён бы выжыў,— запэўніваў мяне доктар Іван Сямёнавіч Пляўко,— але тыф якраз падключыўся. Я, брат, сам тады,— нібы апраўдваецца медык,— на тыф злёг. У гарачцы бот за халяву схапіў і давай сваіх санітараў дубасіць... Выдалася, быццам яны немцы...
Дагарэў Павел Адынец за некалькі дзён. Трызніў, у гарачцы лаяў таго неслуха-партызана, то па-дзіцячы клікаў маці і жаласліва плакаў, што яна не прыходзіць.
...Плакаў не толькі непрытомны, у гарачцы камандзір. Яго дужа любілі. Бывала, як толькі ўбачаць — вяртаецца з задання,— бягуць насустрач хлопцы: «Пашка, прывет! Прыйшоў! Расказвай жа, што там?» Яго абкружаць і не адпусцяць, покуль не раскажа навін, прынесеных з паходу. А майстра быў на штукі, любіў пажартаваць... Гаварыў, праўда, шапялявячы — ніжняя сківіца ўстаўная, пасля першага ранення,— але ён не моцна бянтэжыўся з гэтай прычыны...
— Вось бы і напісаў пра яго,— гаворыць Яўген Іванавіч.— Варта ж?! Такі цудоўны хлопец.
Мяне прыемна кранае такая гарачая рэакцыя паэта на гераічнае. Хоць і ведаю, што героіка рэвалюцыі — адна з карэнных тэм яго творчасці. З яе пачынаўся струмень паэзіі Максіма Танка. Набраўшыся сілы, гэты струмень тады яшчэ вынес сціплую літаратуру Заходняй Беларусі ў рэчышча сацыялістычнага рэалізму. Азораныя рэвалюцыйнаю героікай творы Максіма Танка гулкім рэхам адазваліся ў польскай прагрэсіўнай літаратуры другой палавіны 30-х гадоў. Яго творы надавалі рэальны сэнс ідэі духоўнага яднання мастацкай інтэлігенцыі даваеннай Польшчы на платформе народнага антыфашысцкага фронту. У вершах і паэмах беларускага мастака польскія пісьменнікі бачылі зайздросны ўзор высокай ідэйнасці, народнасці, эстэтычнай дзейснасці. Яны слушна лічылі, што вызваленчы рух, да якога належаў Максім Танк, апладняў яго паэзію. Польскія літаратары ўлоўлівалі пэўныя аналогіі, паміж беларускім паэтам і сваімі славутымі рамантыкамі XIX стагоддзя, нацыянальнымі вешчунамі, будзіцелямі.