Зорны спеў
Шрифт:
Калі параўнаць гэтую карціну Палесся з той ранняю, дзе «малоў гром над полем хмары», дык мы адчуем не толькі шырокі дыяпазон эстэтычных ацэнак у Танка, але заўважым і прынцыповую важнасць для паэта ацэначнай суб'ектыўнасці. Сапраўдны паэт, ствараючы новы твор, стварае нанова самога сябе. У яго столькі народзін, колькі выдатных твораў. Праўда, стыхія ацэначнай суб'ектыўнасці ў мастака не якісьці хаос. У прывідлівай зменлівасці светабачання і паэтычнай светабудовы прыкметна свая тыпалогія, свой падзел стыхій і сфер. Так і ў Максіма Танка.
У давераснёўскай творчасці ён малюе барацьбу двух антаганістычных светаў — свету ўціску і змагання. Але змаганне гэтае часта пераносіцца ў трэці свет — свет мары, казкі, дзе характары і падзеі ўзрастаюць да гераічных маштабаў, ачышчаюцца ад пылу штодзённасці. I ўзнік гэты цудоўны свет не з прыхамаці аўтара. Неабходнасць у такім свеце выцякае з эстэтычнай канцэпцыі жыцця і чалавека. Па словах паэта:
Дрэвы паміраюць, Калі перастаюць паказваць Змены года I не адгукаюцца рэхам... Чалавек — калі страчвае здольнасць Здзіўляцца і захапляцца Жыццём (ХБС, 223).Сюды, у казачны свет, перамяшчаюцца глабальныя канфлікты і антаганізмы.
...Восенню змярканне млявае, маруднае. Ноч нібы вагаецца, ці сысці на зябкую зямлю, ці застацца там, у зорным прасторы, сярод звонкай цішыні. У пералеску, да якога прывяла нас усё тая ж калдобістая дарога, між соснаў крадзецца паўзмрок. Сямён Васільевіч у парыве гасціннасці прапануе:
— Можа, пройдземся па ўскрайку, ад поля, ды шарака пабудзім? На змярканні зайцы да палёў цягнуцца. Пальнём?
(У мяне ў машыне заўсёды ляжыць стрэльба).
Яўген Іванавіч завагаўся:
— Прайсціся... хіба так, для цікавасці. Паляванне ж на зайцоў пачынаецца толькі з заўтрашняга дня. А ведаеце, заяц пайшоў цяпер адукаваны, радыё па рэпрадуктарах, што на фермах скрозь грымяць, слухае і на вус матае. Вось збяруць сёння ноччу зайцы свой сход ды пашлюць дэлегатаў у Саюз паляўнічых — маўляў, тут, у Драгічынскіх лясах, начальства на сем гадзін з паловай раней тэрміну нашага брата страшыць пачало. Як тады мы апраўдаемся? Вось пытанне...
Жмурачыся ад усмешкі, ён глядзіць на Сямёна Васільевіча. Потым прымірэнча прапануе:
— Давайце, можа, лепш стрэльбу паспытаем на нежывой мішэні. Згода?
Павесілі на сасну кавалак паперы, адмералі дыстанцыю. Страляем па парадку — гаспадар, старэйшы госць і малодшы госць. Значыць, я завяршаю. Старанна падлічваюцца прабоіны ў мішэні: пасля першага стрэлу — чатыры, пасля другога — яшчэ тры. Я хітрую: даў ім па патроне з нулёўкаю, а сабе бяру двойку. Шаснаццаць дзюрачак пасля майго стрэлу.
— О, глядзіце! Як добра страляе,— шчыра дзівіцца Максім Танк.
А я, адкрыўшы ім сакрэт, усміхаюся: мой эксперымент выявіў, што Яўген Іванавіч бярэ паляўнічую справу паэтычна, а не практычна. У вершах ён куды лепшы паляўнічы, малюе паляванне як праяву чалавечага жыцця і трактуе як нейкі асаблівы тып адносін да прыроды.
Паляванне ў Максіма Танка — цэлая краіна. Яна размясцілася недзе на паграніччы паміж явай і казкай. Тут свабодна дзейнічаюць выпадковасці, іх прывідлівая мітусня пацясняе цвярозы жыццёвы разлік. Тут здзяйсняецца мара аб вяртанні чалавека ў глыбіні прыроды, у лона натуры. Праўда, у гэтым царстве прыроды добра адчуваюць сябе не ўсе людзі, а толькі тыя, каго лёс надарыў бескарысліваю фантазіяй, здольнасцю здзіўляцца і захапляцца жыццём. Паэт забараняе ў сваёй цудоўнай маляўнічай краіне стрэлы, страх і крыўды.
У вершы «На паляванні з вабікам» ён абарваў нітку паляўнічай гульні на тым месцы, дзе раз ятраны цецярук рынуўся з дрэва на зямлю, каб пакараць няўдаліцу-саперніка, які пасмеў пераймаць яго зорны спеў. Што было далей з гэтым гордым маэстра, паэт не сказаў, пакінуў на волю і ласку чытача.
Верш «Зімовая прырода» як бы спецыяльна напісаны на сённяшні выпадак, хоць адрасаваны дзецям. Падзея адбываецца ў першы дзень паляўнічага сезона. Лірычная, гарэзлівая і дзесьці сур'ёзная казка-быль. Паляўнічая забава, убачаная вачыма зайца, і атрымлівае назву паляўнічага няшчасця. Бедны шарак, напалоханы пагрозай, узяўся пісаць завяшчанне:
Як загіну — перадайце Хвосцік мой маленькім зайцам, Каб слядоў не пакідалі, Снежным пылам замяталі. Вушы — жоначцы, каб чула Ўсе трывогі, шумы-гулы. Ёй — і лапкі, каб было чым Удаве уцерці вочы.Хаўтурную інтанацыю зайцавага маналога аздабляюць іскрынкі ўсмешак, мажлівых толькі ў гэтым напаўказачным свеце. Усмешкі патрабуе несамавітасць трэцяга пажадання:
Ну, а шкурку — на каўнерык Лесніковай ўнучцы Веры, Што ўсіх шаракоў любіла I гароднінай карміла...Гэтая страфа падводзіць наша ўспрыманне да эмацыянальнага павароту. Пасля трывог і чулага развітання з белым светам — нечакана аптымістычная развязка. Развязка напалову казачная — не проста для разрадкі пачуццяў, а і для развянчання «практычнасці» зайца і падганятай гэтаю практычнасцю баязлівасці:
Глянуў заяц і здзівіўся — Раптам віхрам снег узвіўся, Снег — ратунак ад напасці, Паляўнічага няшчасця. Аж вачам сваім не верыць, Пад ялінкай скача шэры. А снег болей, болей, болей Засыпае ў чыстым полі. Гончых брэх, ражкоў ігранне, Зайца след і завяшчанне (III, 386).Ёсць нешта палемічнае ў карцінах казачнай рэчаіснасці, прыроднай нерушы, створанай паэтам. Каб гэтую палемічнасць адчуць, трэба параўноўваць казачнае царства прыроды не з рэальным светам, а з пэўнымі вытворамі чалавечага свету, вытворамі сацыяльнымі (пра іх мы гаварылі, прыгадваючы вершы пра заграніцу) і тэхнічнымі. Менавіта транзістарна-тэлекамерная мадэль свету, створаная ў наш тэхнічны век,— вось антыпод казачнага свету прыроды. Падлічыўшы баланс масавага шчасця, электронны робат прапануе замяніць натуральнае асяроддзе больш зручным — штучным. Але чалавек покуль што прыходзіць на свет натуральным шляхам і належыць натуры, адсюль яго недапасаванасць да рацыянальных абставін — драма жыцця.
Некалі пад сінтэтычнаю елкай Дзед-мароз ці мы самі Будзем... Слухаць, як шуміць галасамі Загубленых дрэў Магнітафонная лента (ХБС, 163).Покуль што гэта толькі прадчуванне, якое можа стаць, а можа не стаць явай. Але ўсе знакі на зямлі, на небе кажуць паэту, што стане явай. Вось вам і новы этап — прывыканне чалавека да штучных пейзажаў:
Усё часцей спыняюся я Ля слупоў рэкламных, Якія ўжо здаюцца мне Сучаснымі бярозамі З рознакаляроваю лістотаю афіш (ХБС, 125).