Чтение онлайн

ЖАНРЫ

1984 (на белорусском языке)

Оруэлл Джордж

Шрифт:

Ўiнстан трохi апрытомнеў i мог ужо гаварыць.

– Вы не здолееце!
– ледзь вымавiў ён.

– Што значыць гэта ваша заўвага, Ўiнстан?

– Вы не здолееце стварыць такi свет, як вы толькi што апiсалi. Гэта пустая мара. Гэта немагчыма.

– Чаму?

– Немагчыма заснаваць цывiлiзацыю на страху, нянавiсцi i жорсткасцi. Такi свет не выжыве.

– Чаму?

– У iм не будзе жыццёвае сiлы. Ён распадзецца. Ён заб'е сам сябе.

– Бязглуздзiца. Вам здаецца, што нянавiсць знясiльвае больш, чым любоў. Хiба гэта так? А калi нават i так, дык што з таго? Дапусцiм, што мы будзем зношвацца хутчэй. Дапусцiм, што мы паскорым тэмп жыцця так, што людзi будуць старэць ужо ў трыццаць гадоў. I зноў, што з таго? Як вы не можаце зразумець, што смерць iндывiда - гэта не смерць? Партыя неўмiручая.

Як звычайна, гэты голас загнаў Ўiнстана ў стан бездапаможнасцi. Да таго ж, ён увесь час з жахам думаў, што, калi ён будзе зацята пярэчыць, О'Браэн зноў пацягне за рычаг. I ўсё ж ён не мог маўчаць. Слаба, не маючы нiякiх аргументаў, нiчога, што магло б яго падтрымаць, апроч немага жаху ад слоў О'Браэна, ён перайшоў у наступ.

– Я не ведаю - ну i напляваць. Неяк вы прайграеце. Нешта павiнна перамагчы вас. Жыццё вас пераможа.

– Мы кантралюем жыццё, Ўiнстан, на ўсiх яго ўзроўнях. Вам думаецца, быццам нешта, што завецца чалавечай натурай, будзе зняважана праз тое, што мы робiм, i павернецца супраць нас. Але мы самi ствараем чалавечую натуру. Людзi надзвычай падатны матэрыял. Цi, можа, вы вярнулiся да вашай старой iдэi, што пралетарыi або рабы ўзнiмуцца i скiнуць нас? Выкiньце гэта з галавы. Яны бездапаможныя, як жывёлы. Чалавецтва - гэта Партыя. Астатнiя не маюць да справы нiякага дачынення.

– Усё роўна. Урэшце яны разаб'юць вас. Раней цi пазней яны разгледзяць, якiя вы ёсць i разарвуць вас на шматкi.

– Цi можаце вы прывесцi якiя доказы, што гэта адбудзецца? Або прычыны, з якiх гэта мусiць адбыцца?

– Не. Я веру ў гэта. Я ведаю, што вы прайграеце. Ёсць нешта ў свеце - не ведаю што, нейкi дух, нейкi прынцып - i вам яго не перамагчы.

– Цi верыце вы ў Бога, Ўiнстан?

– Не.

– Дык што гэта тады за прынцып, што пераможа нас?

– Я не ведаю. Дух Чалавечы.

– А вы лiчыце сябе чалавекам?

– Так.

– Калi вы чалавек, Ўiнстан, дык вы апошнi чалавек. Ваш род вымер, мы вашыя нашчадкi. Вы разумееце, што вы адзiн? Вы iснуеце па-за гiсторыяй, вы няiсны, тон голасу змянiўся, i ён гаварыў ужо больш рэзка.
– I вы лiчыце сябе маральна вышэйшым за нас, з нашай хлуснёй i жорсткасцю?

– Так, я лiчу сябе вышэйшым.

О'Браэн не сказаў нiчога. Загаварылi iншыя галасы. Праз хвiлiну Ўiнстан у адным з iх пазнаў свой голас. Гэта быў запiс iх размовы з О'Браэнам у той вечар, калi ён уступiў у Братэрства. Ён чуў, як ён сам абяцае хлусiць, красцi, падрабляць дакументы, забiваць, спрыяць наркаманii i прастытуцыi, распаўсюджваць венерычныя хваробы, залiць кiслатою дзiцячы твар. О'Браэн зрабiў урывiсты нецярплiвы рух, быццам кажучы, што не варта было i слухаць. Тады ён выключыў запiс, i галасы сцiхлi.

– Устаньце з ложка, - сказаў ён.

Яго кайданы самi па сабе аслаблi. Ўiнстан спусцiўся на падлогу i няўпэўнена стаў на ногi.

– Вы апошнi чалавек, - сказаў О'Браэн.
– Вы абаронца чалавечага духу. Дык паглядзiце на сябе. Раздзеньцеся.

Ўiнстан развязаў матузок, на якiм трымаўся камбiнезон. Замок-маланка ўжо даўно быў зламаны. Ён не памятаў, цi ён калi здымаў з сябе ўсё адразу, з таго часу, як яго арыштавалi. Пад камбiнезонам цела Ўiнстана было абкручана бруднымi пажоўклымi рызманамi, у якiх можна было пазнаць рэшткi сподняй бялiзны. Калi ён скiнуў iх, ён заўважыў, што ў дальнiм канцы пакоя стаiць люстэрка на тры створкi. Ён падышоў да яго i спынiўся як укапаны. Мiжвольны крык вырваўся з грудзей.

– Ну, давайце, - сказаў О'Браэн.
– Станьце памiж створкамi. Паглядзiце на сябе яшчэ i збоку.

Ён спынiўся, бо напалохаўся. Яму насустрач iшло нешта сагнутае, шэрае, падобнае да шкiлета. Яго цяперашнi выгляд быў страшны, i не толькi таму, што ён ведаў, што гэта ён сам. Ён падышоў блiжэй да люстэрка. З-за сагнутай паставы здавалася, што твар iстоты выпiнае наперад. Мiзэрны твар зэка з пукатым iлбом, якi пераходзiў у лысы чэрап, нос кручком, вострыя скулы, а над iмi - гордыя i пiльныя вочы. Шчокi былi парэзаныя зморшчынамi, а рот выглядаў западзiнай. Без сумнення, гэта быў яго твар, але яму здалося, што твар змянiўся болей, чым ён сам змянiўся ўнутры. Пачуццi, адбiтыя на iм, былi не тыя, што ён адчуваў. Ён аблысеў. Спачатку яму здалося, што ён зрабiўся шэры, але шэрай была толькi скура на чэрапе. Усё цела ягонае, апроч далоняў i твару, было шэрае ад даўняга ўкарэлага бруду. Сям-там пад брудам чырванелi зажывы ад ран, а варыкозная язва каля костачкi на назе была вялiзнай ятрыстай плямай, з якой звiсалi шматкi мёртвай скуры. Але сапраўды страшнай была змарнеласць яго цела. Грудная клетка была вузкая, як у шкiлета; ногi ссохлi так, што ў каленях былi шырэйшыя, чым у клубах. Цяпер ён зразумеў, што хацеў сказаць О'Браэн, калi параiў паглядзець на сябе збоку. Неверагодна скрывiўся хрыбет. Худыя плечы выпнулiся наперад так, што ўгнулiся грудзi, тонкая шыя нiбы сагнулася ўдвая пад цяжарам чэрапа. Як з выгляду, дык можна было сказаць, што гэтае цела належыць чалавеку гадоў на шэсцьдзесят, якi пакутуе ад нейкай страшнай хваробы.

– Часам вам здавалася, - сказаў О'Браэн, - што мой твар - твар сябры Ўнутранай Партыi - выглядае старым i змардаваным. А што вы скажаце пра свой твар?

Ён схапiў Ўiнстана за плячо i павярнуў, каб той стаў да яго тварам.

– Паглядзiце, якiя вы сталi!
– сказаў ён.
– Паглядзiце на гэтае паскудства па ўсiм целе. Паглядзiце на бруд мiж пальцаў на нагах. Паглядзiце на гэтую агiдную цякучую рану на назе. Вы ведаеце, што ад вас смярдзiць, як ад казла? Можа, вы ўжо гэтага не заўважаеце. Паглядзiце, як вы здыхлелi. Бачыце? Я магу двума пальцамi абхапiць ваш бiцэпс. Я мог бы перагрызцi вам шыю, як морквiну. Цi ведаеце вы, што вы страцiлi дваццаць пяць кiлаграмаў з таго часу, як вы ў нашых руках? Нават валасы ў вас выпадаюць пасмамi. Паглядзiце!
– ён пацягнуў Ўiнстана за валасы i вырваў цэлую жменю.
– Раскрыйце рот. Засталося дзевяць, дзесяць... адзiнаццаць зубоў. А колькi ў вас было, калi вас сюды прывезлi? Дый тыя, што засталiся, ужо выпадаюць. Глядзiце!

Ён схапiў сваiмi магутнымi вялiкiм i ўказальным пальцамi адзiн з ацалелых Ўiнстанавых пярэднiх зубоў. Рэзкi боль працяў Ўiнстанаву скiвiцу. О'Браэн вырваў расхiстаны зуб з коранем i шпурнуў яго ў канец камеры.

– Вы гнiеце жыўцом, - сказаў ён, - вы развальваецеся на кавалкi. Што вы ёсць? Мех бруду. А цяпер павярнiцеся i гляньце яшчэ раз у люстэрка. Бачыце вось гэта, што стаiць перад вамi? Гэта - апошнi чалавек. Калi вы - чалавек, дык гэта - чалавецтва. А цяпер адзеньцеся.

Ўiнстан пачаў адзявацца павольнымi няўмелымi рухамi. Дагэтуль ён, здаецца, не заўважаў, якi ён быў схуднелы i слабы. Толькi адна думка круцiлася ў яго ў галаве: ён прабыў тут значна болей, чым сабе ўяўляў. I тады раптам, калi ён заўважыў на сабе ўбогiя лахманы, яго ахапiла пачуццё жалю за сваё зруйнаванае цела. Не паспеўшы зразумець, што ён робiць, ён звалiўся на невялiчкi зэдлiк, што стаяў побач з ложкам, i залiўся слязьмi. Ён разумеў, што гэта брыдка, агiдна - убогi касцяк у бруднай сподняй бялiзне сядзiць i румзае пад рэзкiм белым святлом, - але не мог спынiцца. О'Браэн амаль прыязна паклаў яму руку на плячо.

– Гэта не будзе цягнуцца вечна, - сказаў ён.
– Вы можаце вызвалiцца, калi толькi захочаце. Усё залежыць ад вас.

– Гэта вы зрабiлi!
– хлiпнуў Ўiнстан.
– Вы давялi мяне да гэткага стану.

– Не, Ўiнстан, вы самi давялi сябе да такога. Вы пагадзiлiся на гэта, калi паўсталi супраць Партыi. У гэты першы ўчынак уключалася ўсё наступнае. Не адбылося нiчога, што не было б прадбачна.

Ён спынiўся, пасля працягваў далей:

– Мы бiлi вас, Ўiнстан. Мы зламалi вас. Вы бачылi, да чаго падобнае цяпер ваша цела. Ваш розум у такiм самым стане. Не думаю, што ў вас яшчэ засталося шмат колiшняй ганарыстасцi. Вас бiлi нагамi, лупцавалi бiзуном, зневажалi, вы крычалi ад болю, вы качалiся па падлозе ў крывi i ванiтах. Вы малiлi аб лiтасцi, вы здрадзiлi ўсiм i ўсяму. Цi ёсць яшчэ якая ганьба, да якой бы вы не апусцiлiся?

Ўiнстан перастаў плакаць, хоць слёзы ўсё яшчэ кацiлiся па шчоках. Ён паглядзеў на О'Браэна.

– Я не здрадзiў Джулii, - сказаў ён.

О'Браэн задумлiва паглядзеў на яго.

– Так, - згадзiўся ён, - так, гэта праўда. Вы не здрадзiлi Джулii.

Асаблiвая павага да О'Браэна, якую, як здавалася, нiчога не магло пахiснуць, зноў напоўнiла Ўiнстанава сэрца. "Якi ён разумны, - думалася яму, якi разумны". О'Браэн заўсёды разумеў усё, што яму нi казалi. Любы iншы адразу адказаў бы яму, што ён усё ж здрадзiў Джулii. Бо чаго толькi яны не выцiснулi з яго пад час катаванняў. Ён сказаў iм усё, што ведаў пра яе, яе звычкi, яе характар, яе мiнулае жыццё; ён выдаў у самых найменшых дэталях усё, што адбывалася пад час iх сустрэч, усё, што ён казаў ёй, а яна яму, iх ежу з чорнага рынку, iх пахацiмства, iх невыразныя планы змовы супраць Партыi - усё. I ўсё ж у тым сэнсе, як ён разумеў гэтае слова, ён ёй не здрадзiў. Ён не перастаў яе кахаць, яго пачуццi да яе засталiся тыя самыя. О'Браэн зразумеў, што ён хацеў сказаць, i не патрабаваў нiякiх тлумачэнняў.

– Скажыце мне, цi хутка мяне расстраляюць?
– спытаўся ён.

– Можа, прыйдзецца i пачакаць, - адказаў О'Браэн.
– У вас цяжкi выпадак. Але не губляйце надзеi. Усе раней цi пазней вылечваюцца. А пасля ўсяго мы вас расстраляем.

4

Яму было значна лепей. Ён дужэў i гладчэў з кожным днём, калi можна было гаварыць пра днi.

Белае святло i няспыннае гудзенне былi тыя самыя, што i раней, але камера была трошкi больш утульная за ранейшыя. На дашчаным ложку быў матрас i падушка, побач быў зэдлiк, каб пасядзець. Яго адмылi i дазволiлi даволi часта ўмывацца ў бляшанай умывальнi. Яму нават давалi мыцца цёплай вадой. Яму выдалi новую бялiзну i чысты камбiнезон. Яго варыкозную язву змазалi заспакойлiвай маззю. Яму вырвалi рэшткi зубоў i ўставiлi новы зубны пратэз.

Поделиться с друзьями: