Чтение онлайн

ЖАНРЫ

1984 (на белорусском языке)

Оруэлл Джордж

Шрифт:

Музыка ў тэлеглядзе змоўкла, яе змянiў голас дыктара. Ўiнстан падняў галаву i прыслухаўся. Аднак гэта было не паведамленне з фронту, а проста кароткая абвестка Мiнiстэрства Дастатку. У мiнулым квартале, як аказалася, план Дзесятай Трохгодкi па вытворчасцi матузкоў на чаравiкi быў перавыкананы на 98 адсоткаў.

Ён праглядзеў шахматную задачу i расставiў фiгуры. Гэта была хiтрая канцоўка з удзелам двух коней. "Белыя пачынаюць i ставяць мат за два хады". Ўiнстан падняў вочы на партрэт Вялiкага Брата. Белыя заўсёды ставяць мат, падумаў ён з няяснай таемнасцю. Заўсёды, без выключэнняў, усё абладжана так. Нi ў воднай шахматнай задачы ад стварэння свету нiколi не выйгравалi чорныя. Цi не сiмвалiзавала гэта адвечны i неадменны трыумф Добрага над Злым? Вялiзны твар глядзеў на яго, поўны спакойнае велiчы. Белыя заўсёды выйграюць.

Голас у тэлеглядзе сцiх, пасля дадаў iншым, паважнейшым тонам:

– Просiм вас паслухаць важнае паведамленне ў пятнаццаць трыццаць. Пятнаццаць трыццаць! Навiны надзвычайнай важнасцi. Просьба не прапусцiць. Пятнаццаць трыццаць!

I з тэлегляда зноў забрынкала музыка.

Ўiнстанава сэрца сцiснулася. Гэта мусiла быць паведамленне з фронту; iнстынктыўна ён прадчуваў, што навiны благiя. Цэлы дзень, разам з кароткiмi ўспышкамi ўзрушанасцi, яму не давала спакою думка пра знiшчальнае паражэнне ў Афрыцы. Ён ужо ўяўляў сабе, як эўразiйская армiя прарывае непарушную дагэтуль гранiцу i, нiбы споўзiшча мурашак, мкне да поўдня Афрыкi. Няўжо немагчыма было iх неяк адбiць? Абрысы заходнеафрыканскага ўзбярэжжа выразна стаялi ў яго ўваччу. Ён узяў белага каня i перасунуў яго на дошцы. Вось куды трэба было паставiць. Бачачы, як чорныя орды пасоўваюцца на поўдзень, ён бачыў i iншую сiлу, таемна згуртаваную, якая нечакана абрынулася на чорных з тылу i адрэзала iх камунiкацыi на моры i на сушы. Ён адчуў, як сiла гэтая ўзнiкла з ягонае волi. Але трэба было дзейнiчаць хутка. Калi яны возьмуць пад свой кантроль усю Афрыку, калi яны размесцяць на Мысе свае аэрадромы i базы падводных лодак, Акiянiя будзе перарэзаная напалам. Гэта можа значыць усё што заўгодна: паражэнне, распад, перападзел свету, знiшчэнне Партыi! Ён глыбока ўздыхнуў. Дзiўная мешанiна пачуццяў - а дакладней кажучы, шматслойны пласт пачуццяў, дзе было невядома, якi слой найглыбейшы, - змагалiся мiж сабою ў яго душы.

Прыступ мiнуўся. Ён вярнуў белага каня на сваё месца, але нейкую хвiлiну не мог спакойна засяродзiцца на задачы. Ягоныя думкi зноў заблыталiся. Амаль несвядома ён накрэслiў пальцам на пыле, што ўкрываў столiк:

2+2=

"Яны не могуць залезцi нам у душу", - сказала неяк яна. Але ж яны здолелi залезцi ў душу. "Тое, што адбываецца з вамi тут - гэта назаўсёды", - казаў О'Браэн. Слушныя словы. Адбылiся такiя рэчы, у тым лiку i ўласныя ўчынкi, ад якiх ужо нiколi не акрыяеш. Нешта ўнутры было забiта, выпалена, вынiшчана.

Неяк ён бачыў яе, ён нават гаварыў з ёй. Гэта не было небяспечна. Неяк iнстынктыўна ён адчуваў, што цяпер iм амаль не цiкавяцца. Ён мог бы сустрэцца з ёй i другi раз, калi б ён цi яна гэтага захацелi. Фактычна яны сустрэлiся выпадкова. Гэта было ў парку, пахмурным i золкiм сакавiцкiм днём, калi зямля была як жалеза, трава здавалася мёртвай, нiдзе не было нi покаўкi, i толькi некалькi крокусаў прабiвалiся ўгору i былi здратаваныя злым ветрам. Ён iшоў паспешлiвым крокам, рукi ў яго змерзлi, вочы налiлiся слязьмi, калi раптам убачыў яе метраў за дзесяць ад сябе. Яго адразу ўразiла тое, што яна неяк невызначальна змянiлася. Яны амаль прамiнулi адно аднаго, не падаўшы знаку, тады ён павярнуўся i пайшоў за ёй, без вялiкай ахвоты. Ён ведаў, што iм нiчога не пагражае, што нiхто iмi не зацiкавiцца. Яна маўчала. Яна павярнула i пайшла наўскос па траве, быццам хацела ад яго пазбавiцца, але ўрэшце, здаецца, пагадзiлася з яго прысутнасцю. Цяпер яны былi сярод купы голых калматых кустоў, якiя не хавалi нi ад чужых вачэй, нi ад ветру. Яны спынiлiся. Было золка. Вецер свiстаў у голлi i абрываў самотныя брудныя кветкi крокусаў. Ён абняў яе за талiю.

Тэлегляда побач не было, але навокал маглi быць схаваныя мiкрафоны, да таго ж iх маглi ўбачыць. Але гэта iх не хвалявала, нiчога iх не хвалявала. Яны маглi легчы на зямлю i зрабiць тое, калi б захацелi. Плоць яго здранцвела ад жаху на адну думку пра гэта. Яна нiяк не адказала на яго абдымкi, яна нават не паспрабавала вызвалiцца. Цяпер ён ведаў, што ў ёй змянiлася. Яе твар пажаўцеў, праз увесь лоб аж да скронi цягнуўся доўгi шнар, часткова прыкрыты валасамi; але не ў гэтым была перамена. Яна была ў тым, што талiя ў яе зрабiлася таўсцейшая i неяк дзiўна зацвярдзела. Ён прыгадаў, як аднойчы, пасля выбуху ракетнай бомбы, ён дапамагаў выцягваць труп з-пад руiнаў i быў уражаны не толькi яго неверагоднай цяжкасцю, але i зацвярдзеласцю i тым, што яго вельмi нязручна несцi, што ён нагадваў хутчэй камень, чым чалавечае цела. I яе цела было цяпер такое самае. А яшчэ яму падалося, што скура ў яе зусiм не такая, як раней.

Ён не спрабаваў яе пацалаваць, яны маўчалi. Калi яны iшлi назад праз траву, яна першы раз паглядзела яму проста ў вочы. Але гэта быў усяго толькi хуткi, няўважны позiрк, поўны пагарды i непрыязнасцi. Ён задумаўся, цi гэтая непрыязнасць iшла каранямi ў мiнуўшчыну, або была выклiкана яго азызлым тварам i слязьмi, якiя вецер павыцiскаў у яго з вачэй. Яны селi на два жалезныя крэслы, побач, але не надта блiзка адно ад аднаго. Ён заўважыў, што яна збiраецца нешта сказаць. Яна трохi пасунула свой нязграбны туфель i расцiснула галiнку. Ён заўважыў, што ногi ў яе зрабiлiся нiбы шырэйшыя.

– Я здрадзiла табе, - сказала яна без намiнкi.

Я здрадзiў табе, - сказаў ён.

Яна зноў непрыязна глянула на яго.

– Часам яны нечым пагражаюць, - сказала яна, - нечым, што не можаш вынесцi, пра што не можаш нават думаць. I тады ты кажаш: "Не рабiце гэта мне, зрабiце гэта каму-небудзь iншаму, зрабiце гэта Такому-i-такому". А пасля ты можаш думаць, што ўсё гэта было толькi хiтрыкамi, што ты сказаў толькi, каб яны спынiлiся, i зусiм не меў тое на ўвазе. Але гэта няпраўда. Тады, калi гэта адбываецца, ты якраз тое i маеш на ўвазе. Думаеш, што няма iншай магчымасцi ўратавацца, тады ты гатовы ўратаваць сябе менавiта гэтак. Ты хочаш, каб гэта здарылася з другiм чалавекам. I табе напляваць, як ён там будзе пакутаваць. Ты клапоцiшся толькi пра сябе.

– Клапоцiшся толькi пра сябе, - паўтарыў ён.

– I пасля ўжо не адчуваеш да гэтага другога чалавека таго, што адчуваў раней.

– Не, - сказаў ён, - не адчуваеш.

Здавалася, iм не было больш чаго сказаць. Вецер прыляпляў iх тонкiя камбiнезоны да цела. Неяк адразу зрабiлася няўтульна сядзець моўчкi, да таго ж было занадта холадна, каб сядзець проста так. Яна сказала, што ёй трэба паспець на метро, i ўстала, каб пайсцi.

– Нам трэба сустрэцца зноў, - сказаў ён.

– Так, - адказала яна, - нам трэба сустрэцца зноў.

Ён нерашуча пайшоў за ёй, адстаючы на паўкроку. Яны зноў маўчалi. Хоць яна i не спрабавала пазбавiцца ад яго, аднак iшла якраз так хутка, каб ён не мог iсцi з ёю крок у крок. Ён быў вырашыў правесцi яе да самай станцыi метро, але раптам гэтае бадзянне на такiм холадзе падалося яму бязглуздым i невыносным. Яго ахапiла жаданне не так адчапiцца ад Джулii, як вярнуцца ў кавярню "Каштан", якая нiколi не здавалася яму такой прывабнай, як у гэты момант. Яму шчымлiва прыгадваўся яго столiк у кутку з газетай, шахматнай дошкай i з джынам, што лiецца няспынным патокам. А галоўнае - там цёпла. Праз момант, не зусiм ненаўмысна, ён даў невялiчкай купцы людзей аддзялiць сябе ад яе. Ён не надта спрытна паспрабаваў яе дагнаць, пасля адстаў, развярнуўся i пайшоў у другi бок. Прайшоўшы метраў пяцьдзесят, ён азiрнуўся. На вулiцы не было надта людна, але ён ужо не мог яе адрознiць. Любая з тузiна паспешлiвых постацяў магла быць ёю. А можа, яе распаўнелы нягнуткi стан ужо болей нельга было пазнаць ззаду.

"Калi гэта адбываецца, - сказала яна, - ты якраз тое i маеш на ўвазе". Ён якраз тое i меў на ўвазе. Ён не проста сказаў гэта, ён i сапраўды хацеў гэтага. Ён хацеў, каб яе, а не яго аддалi гэтым...

Нешта змянiлася ў музыцы, што лiлася з тэлегляда. У ёй загучалi пранiзлiвыя, з'едлiвыя ноты. I тады - можа, гэтага i не было, можа, проста ўспамiны набылi форму гукаў - голас з тэлегляда заспяваў:

Там, пад раскiдзiстым каштанам

Ты здрадзiў мне, а я табе...

Вочы ў яго налiлiся слязьмi. Афiцыянт, праходзячы мiма, заўважыў, што шклянка ў яго пустая, i вярнуўся з бутэлькай джыну.

Ён падняў шклянку i панюхаў яе. Пойла смярдзела не менш, а яшчэ больш жахлiва з кожным глытком. Але джын стаўся стыхiяй, у якую ён цяпер акунуўся з галавою. Гэта было яго жыццё, яго смерць i яго ўваскрэсенне. Джын знячувальваў яго штовечар, i джын шторанiцы ажыўляў яго. Калi ён прачынаўся, а гэта рэдка здаралася раней за адзiнаццаць нуль-нуль, са злiплымi павекамi, з агнём у роце i спiнай, што, здавалася, зараз пераламаецца напалам, ён нiколi не змог бы нават падняцца з ложка, калi б яшчэ звечара не ставiў побач з ложкам бутэльку i кубачак. Удзень ён сядзеў са шкляным тварам з бутэлькай пад рукою i слухаў тэлегляд. Ад пятнаццацi нуль-нуль i да закрыцця ён быў неадменнай часткай iнтэр'ера "Каштана". Нiхто болей не цiкавiўся, што ён робiць, нiякая сiрэна яго болей не будзiла, нiякi тэлегляд яго не дапякаў. Час ад часу, можа, разы два на тыдзень, ён прыходзiў у пыльны, занядбаны кабiнет у Мiнiстэрства Праўды i рабiў дробную працу або тое, што звалася працай. Ён уваходзiў у склад падкамiтэта аднаго iншага падкамiтэта, якi адгалiнаваўся ад аднаго з незлiчоных камiтэтаў, што займалiся дробнымi праблемамi, узнiклымi пад час працы над Адзiнаццатым выданнем Слоўнiка навамоўя. Яны займалiся складаннем нечага, што звалася "Папярэдняе паведамленне", але пра што ў iм паведамлялася, ён гэтак да канца i не разабраўся. Там было нешта звязанае з пытаннем пра тое, дзе трэба ставiць коску - унутры двукосся цi па-за iм. Разам з iм працавала яшчэ чацвёра, усе гэткiя, як i ён сам. Былi днi, калi яны збiралiся i адразу разыходзiлiся, шчыра прызнаўшыся адзiн аднаму, што рабiць, па праўдзе кажучы, дык i няма чаго. Але былi i iншыя днi, калi яны з ахвотаю сядалi за працу, выяўляючы надзвычайную заўзятасць у пiсаннi дробных нататак i складаннi доўгiх тлумачальных запiсак, якiя пасля нiколi не дапiсвалiся да канца; калi аргументы ў iхнiх уяўных спрэчках рабiлiся неверагодна цьмяныя i заблытаныя, з дробязнымi бойкамi над дэфiнiцыямi, бясконцымi спаўзаннямi на староннiя тэмы, сваркамi i нават пагрозамi звярнуцца да вышэйшага начальства. Але тады раптам iх запал сунiмаўся i яны сядзелi вакол стала i глядзелi адзiн на аднаго згаслымi вачыма, як зданi, што знiкаюць з першым крыкам пеўня.

Поделиться с друзьями: