80000 кіламетраў пад вадой
Шрифт:
— Спадар прафесар, — сказаў ён пасля некалькіх хвілін раздум’я, — вы не ведаеце, што павінны рабіць людзі, якія не могуць уцячы з сваёй турмы?
— Не, дружа мой.
— Але-ж гэта вельмі проста. Яны абсталёўваюцца ў сваёй турме так, каб у ёй было прыемна заставацца…
— Але, — сказаў Кансель. — Лепш ужо быць унутры падводнай турмы, чым пад ёю, або над ёю заставацца.
— Толькі раней выкідаюць адтуль гаспадароў і вартаўнікоў,— дадаў Нэд Лэнд.
— Ды што вы, Нэд! Няўжо вы сур’ёзна думаеце заўладаць гэтым суднам?
— Зусім сур’ёзна, — адказаў канадзец.
— Гэта немагчыма.
— Чаму немагчыма, прафесар? Вельмі можа здарыцца, што будзем мець зручны выпадак. І я не бачу прычыны, чаму-б не скарыстаць яго. На борце гэтага карабля, я думаю, не больш за дваццаць чалавек. Такая жменька людзей не можа прымусіць адступіць двух французаў і аднаго канадца!
Лепш было абыйсці моўчкі прапанову гарпуншчыка, як завязваць з ім спрэчкі. Таму я абмежаваўся тым, што сказаў:
— Пачакаем такога выпадку, Нэд, і тады пабачым. Але да таго часу папрашу вас стрымліваць сваю нецярплівасць. Тут можна дзейнічаць толькі хітрасцю, а ваш запал менш за ўсё дапамагае стварэнню зручнага выпадку. Абяцайце мне цярпліва і без гневу чакаць яго.
— Я абяцаю вам гэта, спадар прафесар, — адказаў Нэд Лэнд не зусім упэўненым голасам. — Вы не пачуеце ад мяне ніводнага грубага слова, не ўбачыце ніводнага рэзкага руху, нават калі яда не будзе падавацца нам з усёю жаданаю акуратнасцю.
— Памятайце-ж ваша абяцанне, Нэд, — адказаў я канадцу.
Гутарка спынілася, і кожны з нас пачаў разважаць сам з сабою. Што датычыцца мяне, дык павінен прызнацца, што, не гледзячы на ўсе пераконанні гарпуншчыка, я не суцяшаў сябе ніякімі надзеямі. Я не дапускаў ніякіх шчаслівых вьпадковасцей, пра якія гаварыў Нэд Лэнд. Бясспрэчна, што падводнае судна мела шматлікую каманду, а таму на выпадак барацьбы нам давялося-б сустрэцца з дужа моцным супраціўнікам. Перш за ўсё, для таго каб думаць сур’ёзна пра ажыццяўленне плана Нэда Лэнда, нам трэба было быць вольнымі, а мы былі палоннікамі. Я не бачыў ніякай магчымасці вызваліцца з гэтай жалезнай, герметычна зачыненай клеткі.
І калі толькі дзіўны капітан гэтага судна хавае нейкую тайну, што здавалася зусім магчымым, — ён не дазволіць нам вольна дзейнічаць на яго барту. Ці вызваліцца ён ад нас сілаю зараз-жа, ці закіне нас калі-небудзь на які-небудзь астравок — гэта было зусім невядома. Усе гэтыя меркаванні здаваліся мне вельмі праўдападобнымі, і трэба было быць Нэдам Лэндам, каб спадзявацца на заваяванне волі ў такіх умовах. Я разумеў, аднак, што чым больш Нэд Лэнд будзе разважаць, тым больш ён будзе раздражняцца. Я адчуваў ужо, што ў яго горле застралі праклёны, і я бачыў, што яго жэсты рабіліся ўсё больш пагражальнымі. Ён бегаў узад і ўперад, як дзікі звер па клетцы, і стукаў у сцены нагамі і кулакамі. Між тым час ішоў, голад сурова напамінаў пра сябе, а сцюард усё не з’яўляўся. Гэтая няўвага да пацярпеўшых крушэнне нічога добрага нам не абяцала. Нэда Лэнда мучылі спазмы голаду, і ён усё больш і больш лютаваў. Не гледзячы на яго абяцанне, я баяўся, што ён наробіць бяды, калі з’явіцца хто-небудзь з каманды.
На працягу наступных двух гадзін гнеў Нэд Лэнда ўвесь час нарастаў. Канадзец клікаў, крычаў, але дарэмна: жалезныя сцены былі глухімі.
Я не чуў аніякага шуму ў глыбіні гэтага судна, якое здавалася мёртвым. Яно стаяла на месцы, інакш мы адчувалі-б уздрыгі корпуса ад руху вінта. Пагружанае ў вадзяную прорву, яно больш не належала зямлі. Гэтая магільная ціша была жахлівай.
Я баяўся і думаць пра тое, колькі можа працягвацца наша зняволенне ў гэтай жалезнай клетцы.
Надзеі, якія ўзніклі былі ў мяне пасля сустрэчы з капітанам судна, паступова зніклі. Ласкавы погляд, адкрыты выраз твара, благародная постаць — усё сцерлася з маёй памяці. Я ўяўляў сабе гэтага загадковага чалавека такім, якім ён павінен быў быць — жорсткім і бязлітасным. Я ўявіў сабе яго, як стаячага вышэй чалавечнасці, недаступнага пачуццю літасці, непрымірымага ворага людзей, якім ён пакляўся ў вечнай нянавісці. Але няўжо-ж гэты чалавек дасць нам загінуць ад голаду ў цеснай турме, ва ўладзе страшных спакус, на якія нас штурхаў голад? Гэтая страшная думка цалкам завалодала маім розумам. Жах ахапіў мяне. Кансель заставаўся спакойным, Нэд распаляўся ўсё больш і больш.
У гэты момант пачуўся шум. Гукі крокаў адбіваліся ў металічных плітах. Заскрыпелі запоры. Дзверы адчыніліся, і з’явіўся сцюард.
Не паспеў я агледзецца як канадзец кінуўся на гэтага няшчаснага, паваліў яго на падлогу і схапіў за горла. Сцюард задыхаўся ў яго дужых руках.
Кансель кінуўся вырываць з рук гарпуншчыка яго напалову задушаную ахвяру, я рыхтаваўся далучыць да яго намаганняў свае, як раптам скамянеў на месцы ад слоў, вымаўленых па-фрацузску:
— Супакойцеся містэр Лэнд, і вы спадар прафесар! Выслухайце мяне, калі ласка!
Раздзел дзесяты
Чалавек прорвы
Гэта казаў капітан карабля.
Нэд Лэнд адразу ўскочыў. Сцюард, ледзь жывы, хістаючыся, выйшаў з каюты па знаку свайго гаспадара. І такая была ўлада капітана на судне, што чалавек гэты ніводным жэстам не выявіў пачуцця нянавісці, якое бясспрэчна павінен быў мець да канадца. Я і Кансель са здзіўленнем чакалі, развязкі гэтай сцэны.
Капітан, злажыўшы накрыж рукі на грудзях, разглядаў нас з глыбокаю ўвагаю. Можа ён не адважыўся гаварыць? Ці можа шкадаваў, што выказаўся па-французску? Гэта было магчыма.
Мінула некалькі секунд, і ніхто з нас не парушыў маўчання.
— Спадарства, — сказаў нарэшце капітан, — я аднолькава добра валодаю французскаю, англійскаю, нямецкаю і лацінскаю мовамі. Значыцца я мог-бы вам адказаць пры першай нашай сустрэчы. Але мне хацелася спачатку прыгледзецца да вас, падумаць пра вас. Усе вы па-рознаму расказалі мне пра сябе адно і тое-ж— гэта зусім пераканала мяне ў тым, што вы і ёсць тыя людзі, за якіх сябе выдаеце. Я цяпер ведаю, што выпадак мяне звёў са спадаром П’ерам Аранаксам, прафесарам прыродазнаўства Парыжскага музея, накіраваным за граніцу з навуковай місіяй, Канселем, яго слугой і канадцам Нэдам Лэндам, гарпуншчыкам з фрэгата «Аўраам Лінкальн», які ўваходзіць у склад ваеннага флота Паўночнаамерыканскіх Злучаных штатаў.
Я пакланіўся ў знак згоды. Капітан не зварачаўся да мяне з пытаннем, значыць і адказаў не патрабавалася. Гэты чалавек гаварыў па-французску зусім правільна, без ніякага акцэнту. Яго вымаўленне не мела ніякіх хібаў, словы дакладныя, лёгкасць мовы выключная. І не гледзячы на гэта, я не адчуваў у ім земляка.
Ён працягваў сваю прамову.
— Вядома, спадарства, вы думаеце, што я крыху спазніўся з сваім другім візітам. Але, даведаўшыся хто вы такія, я павінен быў абмеркаваць, што зрабіць з вамі. Я доўга хістаўся. Прыкрыя абставіны сутыкнулі вас са мною, — чалавекам, які парваў сувязь з усім чалавецтвам. Вы парушылі маю адзіноту…
— Мімаволі,—сказаў я.
— Мімаволі? — паўтарыў незнаёмы, узвышаючы голас. — Хіба «Аўраам Лінкальн» мімаволі паляваў на мяне па ўсіх морах? Хіба мімаволі вы згадзіліся плаваць на гэтым фрэгаце? І вашы ядры мімаволі трапілі ў корпус майго судна? А Лэнд, ён таксама мімаволі кінуў у мяне гарпуном?
Я адчуў у яго словах стрыманую злосць. Але на ўсе гэтыя папрокі ў мяне быў зусім слушны адказ.
— Судар, — сказаў я — вы, зразумела, не ведаеце тых спрэчак, якія вы выклікалі ў Амерыцы і Еўропе. Вы не ведаеце, што рад выпадкаў, выкліканых сутычкамі з вашым падводным суднам, ўсхвалявалі грамадскую думку на двух кантынентах. Я пазбаўляю вас ад пералічэння ўсіх незлічоных гіпотэз, якімі прабавалі рашыць гэтую загадку, ключ якой вядомы толькі вам. Але ведайце, што, праследуючы вас да самых далёкіх частак Ціхага акіяна, «Аўраам Лінкальн» быў упэўнены, што ганяўся за нейкім магутным марскім «страшыдлам», ад якога ён абавязкова павінен вызваліць моры.
Нешта накшталт ухмылкі прабегла па твары капітана. Ён працягваў больш спакойным тонам:
— Спадар Аранакс, ці адважыцеся вы сцвярджаць, што ваш фрэгат не пачаў-бы праследваць і абстрэльваць падводнае судна таксама, як і марское страшыдла?
Гэтае пытанне збянтэжыла мяне, бо сапраўды капітан Фарагут без разваг і хістанняў зрабіў-бы гэта. Ён лічыў-бы сваім абавязкам знішчыць падводнае судна таксама, як і гіганцкага нарвала. Я нічога не адказаў.
Капітан казаў далей:
— Значыцца, вы разумееце, што я маю права абыходзіцца з вамі, як з ворагамі?