80000 кіламетраў пад вадой
Шрифт:
Я зноў прамаўчаў, і зусім свядома. Навошта абгаварваць падобнае пытанне, калі сіла можа зруйнаваць вашы лепшыя довады?
— Я доўга хістаўся, — казаў тымчасам капітан. — Нішто не прымушала мяне быць гасцінным. Каб я хацеў пазбавіцца вас, мне не было ніякага сэнсу бачыцца з вамі яшчэ раз. Я мог выставіць вас назад на палубу гэтага судна, пагрузіцца ў мора і… забыцца, што вы некалі існавалі. Хіба гэта не было-б маім правам?
— Гэта было-б права дзікуна, але не культурнага чалавека, — адказаў я.
— Спадар прафесар, — жыва адказаў капітан, — я не ведаю, што вы называеце «правам культурнага чалавека». Я парваў з грамадствам з прычыны, аб значэнні якой я адзін маю права судзіць. Я не падпарадкуюся яго законам, і я прапаную вам ніколі не ўспамінаць мне пра іх.
Гэта было сказана вельмі рэзка. Вочы невядомага загарэліся гневам і пагардай. У гэты міг у мяне мільганула дагадка, што ў мінулым гэтага чалавека было затоена нешта страшнае. Нездарма-ж ён паставіў сябе вышэй законаў, перайшоў за межы, недаступныя для чалавецтва, стаў незалежным і вольным у самым шырокім сэнсе гэтага слова.
Хто-б адважыўся праследваць яго ў марской глыбіні, калі і на паверхні ён лёгка адбіваў кожны напад? Якое судна ўтрымаецца перад яго падводным маніторам? Якая броня будзе настолькі моцнай, каб вытрымаць удары яго страшэннага біўня? Ніхто ў свеце не можа патрабаваць у яго справаздачы ў яго дзеяннях.
Усё гэта хуценька пранеслася ў маіх мазгах у той час, калі гэты дзіўны чалавек хадзіў, пра нешта думаючы. Я разглядаў яго са змяшаным пачуццём цікавасці і жаху.
Пасля доўгага маўчання капітан зноў загаварыў:
— Так, я хістаўся, але я падумаў, што мае інтарэсы можна сумясціць з натуральным жалем, на які мае права кожная чалавечая істота. Вы застанецеся на маім судне, калі ўжо выпадак закінуў вас сюды. Вы будзеце вольнымі, і за гэтую волю, дарэчы вельмі адносную, я пастаўлю вам толькі адну ўмову. Ваша абяцанне падпарадкавацца ёй цалкам мяне задаволіць.
— Кажыце, капітан, — адказаў я. — Спадзяюся, што ваша ўмова такая, што сумленны чалавек можа прыняць яе?
— Бясспрэчна! Вось яна: магчыма, што некаторыя непрадбачаныя абставіны прымусяць мяне часам трымаць вас зачыненымі ў вашых каютах па некалькі гадзін, а можа нават і дзён, — цяпер цяжка сказаць. Не жадаючы ні пры якіх умовах прымушаць вас да гэтага сілком, — я хачу заручыцца вашым абяцаннем, што вы будзеце без супярэчанняў падпарадкавацца ў такіх выпадках. Прапануючы вам гэта, я цалкам здымаю з вас адказнасць за тое, што можа здарыцца, бо вы не будзеце нават бачыць тое, што вам не трэба ведаць. Прымаеце вы гэтую ўмову?
Значыць, на борце падводнага судна часам адбываюцца падзеі, якіх нельга нават бачыць людзям, што не парвалі з чалавечымі законамі? З усіх нечаканасцей, якія рыхтавала мне будучыня, гэтая была, мажліва, адной з самых непрыемных.
— Мы прымаем, — адказаў я. — Толькі… дазвольце мне, капітан, задаць вам адно пытанне?
— Калі ласка.
— Вы сказалі, што мы, будзем вольнымі ў вас на борце?
— Так, зусім.
— Я прашу вас растлумачыць, як трэба разумець гэтую волю?
— Вольна хадзіць па ўсяму судну, глядзець, назіраць усё, што тут адбываецца, — за рэдкімі выключэннямі,—адным словам, такая-ж воля, якою карыстаюся я сам і мае спадарожнікі.
Я ўбачыў, што мы адзін аднаго не зразумелі.
— Выбачайце, капітан, — сказаў я, — але-ж гэтая воля — воля вязня, якому дазволена хадзіць па яго турме. Мы не можам задаволіцца ёю.
— І тым не менш вам прыдзецца задаволіцца ёю.
— Як, мы назаўсёды павінны адмовіцца ад звароту на радзіму, да сем’яў, да сяброў?
— Так. Але адмовіцца ад цяжару агіднага прыгнёту, які завецца законамі грамадства і які людзі ў сваім асляпленні лічаць за волю, — гэта ўжо не так цяжка, як вы думаеце.
— Што да мяне, — ускрыкнуў Нэд Лэнд, — дык я ніколі не дам абяцання не спрабаваць уцячы адгэтуль!
— Я і не патрабую ад вас гэтага, містэр Лэнд! — халодна адказаў капітан.
— Капітан! — закрычаў я, не стрымаўшыся. — Вы злоўжываеце сваёй уладай над намі. Гэта лютасць!
— Не, спадарства, гэта міласэрнасць! Вы трапілі да мяне ў палон пасля бою. Я дарую вам жыццё, хоць мог-бы выкінуць вас у акіян. Вы напалі на мяне! Вы даведаліся пра тайну, якую не павінен быў ведаць ніводзін чалавек — пра тайну майго існавання! І вы думаеце, што я дазволю вам бесперашкодна вярнуцца на гэтую зямлю, дзе ніхто не павінен нават здагадвацца аб маім існаванні? Ніколі! Затрымліваючы вас на барту, я думаю не пра вашы інтарэсы, а пра свае ўласныя!
У голасе і словах капітана гучэлі такія ноткі, якія паказалі, што спрачацца больш няма сэнсу.
— Такім чынам, капітан, вы проста прапануеце нам выбар між жыццём і смерцю?
— Зусім так.
— Сябры мае, — звярнуўся я да Канселя і Нэда Лэнда. — Пры такой пастаноўцы пытання нам няма чаго спрачацца. Але памятайце, што ніякае абяцанне не звязвае нас з гаспадаром гэтага судна.
— Ніякае, — пацвердзіў капітан
І больш мяккім тонам ён сказаў.
— Цяпер выслухайце, калі ласка, тое, што я яшчэ хачу сказаць вам. Я ведаю вас, спадар Аранакс. Не ведаю, як вашы таварышы, але вы асабіста не павінны скардзіцца на выпадак, які звёў вас са мною. Сярод кніг, якімі я звычайна карыстаюся, вы знойдзеце і сваю працу пра тайны марскога дна. Я часта перачытваю яе. Вы ў сваёй кнізе дасягнулі таго, што толькі было даступна для зямной навукі. Але вы не ўсё ведаеце, бо вы мала бачылі. Дазвольце мне запэўніць вас, што вы не будзеце шкадаваць часу, праведзенага на маім барту. Вы зробіце падарожжа ў краіну цудаў. Здзіўленне і захапленне не пакіне вас на ўвесь гэты час.
Вы не хутка нацешыцеся відовішчамі, якія бесперапынна будуць разгортвацца перад вашымі вачыма. Я рашыў распачаць новае кругасветнае падарожжа, магчыма апошняе — хто ведае? — каб падвесці вынікі ўсім назіранням, зробленым у час ранейшых бясконцых падарожжаў. Вы будзеце дапамагаць мне ў гэтай рабоце. З сёнешняга дня вы трапіце ў зусім новы свет. Вы ўбачыце тое, чаго не бачыў ніводзін чалавек — я і мае таварышы не лічымся, — і нашая планета, дзякуючы мне, раскрые вам свае апошнія таямніцы!
Не магу не прызнацца, што словы капітана зрабілі на мяне вялікае ўражанне. Ён крануў самую чулую маю струнку, і я забыўся сам на міг, што назіранне гэтых цудаў не можа замяніць страчанай волі. Але я меркаваў у будучым яшчэ вярнуцца да гэтага важнага пытання. Таму я абмежаваўся такім адказам:
— Капітан, я спадзяюся, што страціўшы сувязь з чалавецтвам, вы не адмовіліся ад чалавечых пачуццяў. Мы — пацярпеўшыя крушэнне, якіх вы міласэрна прытулілі на сваім караблі. Мы не забудзем пра гэта. Прызнаюся, што асабіста мяне магчымасць служыць інтарэсам навукі да некаторай ступені ўзнагароджае за страчаную волю.
Я думаў, што капітан працягне мне руку, каб замацаваць нашу ўмову. Але ён не зрабіў гэтага. І я шчыра пашкадаваў яго ў душы.
— Яшчэ адно пытанне, — сказаў я ў той момант, калі гэты дзіўны чалавек хацеў ісці.
— Слухаю, спадар прафесар.
— Якім імем мы павінны вас зваць?
— Для вас я толькі капітан Нэма, а вы самі і вашы спадарожнікі для мяне толькі пасажыры «Наўтылуса».
Капітан Нэма штосьці крыкнуў. У каюту ўвайшоў сцюард. Капітан яму нешта загадаў на той-жа незразумелай мне мове. Потым, павярнуўшыся да канадца і Канселя, ён сказаў:
— Снеданне чакае вас у вашай каюце. Прашу вас пайсці за гэтым чалавекам.
— Не адмаўляюся, — сказаў гарпуншчык.
Кансель і ён вышлі з гэтай клеткі, у якой мы прабылі. нявольнікамі амаль трыццаць гадзін.