Чтение онлайн

ЖАНРЫ

80000 кіламетраў пад вадой

Верн Жуль

Шрифт:

Відаць было, што «Наўтылус» не ўхіляўся ад самых ажыўленых мораў зямнога шара. Адгэтуль я зрабіў вывад, што калі-небудзь, а можа і хутка — ён наблізіцца да больш цывілізаваных земляў. Я падумаў аб тым, што гэтая навіна найбольш спадабаецца Нэд Лэнду.

На працягу наступных дзён мы разам зрабілі рад доследаў, маючых дачыненне да насычанасці вады солямі на розных глыбінях, даследванні электрычнасці, афарбоўкі, празрыстасці вады. Увесь гэты час я здзіўляўся надзвычайнай вынаходлівасці капітана Нэма, з якою магла спрачацца толькі яго ласкавасць да мяне. Але па сканчэнні гэтых доследаў ён зноў знік, і па-ранейшаму я застаўся адзінокім на борце падводнага карабля.

16 студзеня «Наўтылус» нібы заснуў на некалькі метраў ніжэй паверхні мора. Яго электрычныя машыны спыніліся, і скаваны вінт не перашкаджаў плыні несці падводнае судна абы куды. Я меркаваў, што машыны спынены для дробнага цякучага рамонту, неабходнасць якога абумоўлівалася толькі што зробленым вялікім прабегам пры значнай хуткасці.

У гэты дзень мае таварышы і я заўважылі цікавае з’явішча. Акяніцы на вокнах салона расчыніліся і, паколькі пражэктар «Наўтылуса» бяздзейнічаў, а неба, пакрытае густымі навальнічнымі хмарамі, амаль не асвятляла ніжнія пласты вады, у акаляючым нас асяроддзі панаваў паўзмрок.

Я цешыўся дзіўным выглядам мора, як раптам «Наўтылус» трапіў у паласу яскравага святла. Спачатку я падумаў, што запаліўся электрычны пражэктар і асвятліў водныя пласты. Але ўгледзеўшыся ўважлівей, я пераканаўся, што гэта не так.

«Наўтылус» быў знесены плынню ў фасфарасцыруючы пласт вады, свячэнне якога па кантрасту з акаляючай цемрай здавалася асляпляюча яркім. Гэтае свячэнне стваралася мірыядамі мікраскапічных фасфарасцыруючых жывёлінак, вылучэнні якіх узмацняліся, адбіваючыся ад металічнай паверхні падводнага карабля. Я заўважыў нечаканае шуганне святла сярод гэтага бліскучага мора, падобнае на струмень растопленага свінца ў распаленай печы; дзякуючы гэтаму шуганню, па кантрасту, некаторыя ўчасткі фасфарасцыруючага пласта рабілі ўражанне цёмных. Не, гэтае святло зусім не было падобнае на спакойную прамяністасць нашага пражэктара, у ім адчувалася сіла і рух. Адразу можна было заўважыць, што гэта святло жыве!

Сапраўды, гэта было згрупаванне незлічонай колькасці марскіх інфузорый, падобных да шарыкаў з празрыстага кісяля і маючых ніцевідныя шчупальцы. У трыццаці кубічных сантыметрах вады налічваецца не менш дваццаці пяці тысяч гэтых драбнюткіх прасцейшых істот. Светланоснасць іх павялічваецца з прычыны мільгацення, уласцівага медузам, астэрыям, аўрэліям і іншым фасфарасцыруючым зоафітам, убіраючым у сябе прадукты гніцця арганічных матэрый у марской вадзе, а магчыма і слізь, якую вылучаюць рыбы.

На працягу многіх гадзін «Наўтылус» плаваў у гэтых празрыстых водах. Наша захапленне яшчэ больш павялічылася, калі мы ўбачылі вялікіх марскіх жывёлін, якія жвава гулялі ў гэтым святле, напрыклад саламандры. Я ўбачыў у гэтым халодным агні нястомных акрабатаў дэльфінаў і мечаносаў даўжынёю ў тры метры, вялізныя мячы якіх некалькі разоў закраналі акно салона. Потым з’явіліся больш дробныя рыбы, разнастайныя спінарогі, макрэлі і сотні іншых.

Якое нечаканае ачараванне было ў гэтым відовішчы! Магчыма, што атмасферныя ўмовы павялічвалі інтэнсіўнасць свячэння інфузорый. Можа над паверхняй мора разгулялася навальніца? Але на глыбіні некалькіх метраў, дзе плыў «Наўтылус», непагадзь не мела сілы, і мы ціха гойдаліся ў спакойнай вадзе.

Гэтак мы ціханька прасоўваліся сярод усё новых і новых цудаў: Кансель глядзеў ва ўсе вочы і класіфікаваў бясконца ўсё новых зоафітаў, членістаногіх, малюскаў і рыб.

Дні цяклі хутка, і я перастаў іх лічыць. Нэд, з уласцівай яму прывычкай, імкнуўся ўнесці разнастайнасць у наша харчаванне.

Мы не пакідалі сваёй ракавіны, як слімакі. Я на сабе самім упэўніўся, што быць слімаком зусім няцяжка.

Такім чынам, мы прызвычаіліся да свайго спосабу жыцця, лічылі яго лёгкім і прыемным і зусім забыліся на тое, што на паверхні зямнога шара жыццё ідзе зусім па-іншаму. Раптам адно здарэнне напомніла нам пра рэчаіснасць.

18 студзеня «Наўтылус» знаходзіўся пад 105° даўгаты і 15° паўднёвай шыраты. Надвор’е было навальнічнае, мора лютавала высокімі хвалямі. Вецер дзьмуў з усходу з вялікай, бадай, ураганнай сілай. Барометр ужо некалькі дзён безупынна падаў і абяцаў блізкую буру.

Я падняўся на палубу ў тую хвіліну, калі памочнік капітана рабіў назіранні. Я чакаў, што ён, як звычайна, скажа сваю таямнічую фразу. Але ў гэты дзень ён сказаў іншую, хоць і ў такой-жа ступені незразумелую фразу. Амаль зараз-жа ўслед за гэтым на палубу выйшаў капітан Нэма і, прыставіўшы да вачэй бінокль, пачаў углядацца ў кругавід.

На працягу некалькіх хвілін капітан стаяў, не адводзячы бінокля ад нейкай кропкі на кругавідзе. Першым, апусціўшы бінокль, ён сказаў памочніку некалькі слоў на незразумелай мне мове.

Памочнік здаваўся нечым узбуджаным і ледзь стрымліваў хваляванне. Капітан Нэма лепш уладаў сабою і захоўваў спакой.

Мне здалося, што ён зрабіў заўвагу памочніку, на што той адказаў палкім абяцаннем. Прынамсі гэткае ўражанне засталося ў мяне ад інтанацыі іх галасоў і жэстаў.

Я ўважлівейшым чынам углядаўся ў тое месца на кругавідзе, куды глядзелі капітан Нэма і яго памочнік, але нічога не бачыў. Вада і неба злучаліся здалёк у адну рысу, ідэальная прамізна якой нідзе не парушалася.

Тым часам капітан Нэма хадзіў па палубе з канца ў канец, не гледзячы, а магчыма, і не заўважаючы мяне. Яго крокі былі такімі-ж упэўненымі, толькі можа крыху менш раўнамернымі, як звычайна. Часам ён спыняўся і, скрыжаваўшы рукі на грудзях, аглядаў мора.

Што ён шукаў у вялізнай воднай пустыні? «Наўтылус» знаходзіўся на адлегласці некалькіх міль ад бліжэйшай зямлі.

Памочнік капітана зноў паднёс бінокль да вачэй і паглядзеў у тым-жа кірунку. Пасля ён замітусіўся па палубе ўперад, назад, раптам спыняўся, тупаў нагой і зноў пачынаў бегаць. Яго хваляванне асабліва рэзка вызначалася ў параўнанні са стрыманасцю капітана.

Тайна, відаць, павінна была хутка высветліцца, бо па загаду капітана Нэма машыны пусцілі поўным ходам, і вярчэнне вінта адразу паскорылася.

У гэтую хвіліну памочнік зноў гукнуў свайго начальніка. Той спыніў хаду па палубе і ўтаропіў бінокль ва ўказаную кропку. Ён доўга не адымаў бінокль ад вачэй.

Зацікаўлены дзіўнымі паводзінамі гэтых звычайна спакойных людзей, я спусціўся ў салон і ўзяў там надзвычай добрую падзорную трубу, якой звычайна карыстаўся. Затым, вярнуўшыся на палубу, я ўсеўся на ўзвышэнні, дзе змяшчаўся пражэктар, і паднёс трубу да вока, каб агледзець кругавід. Але не паспеў я наставіць трубу, як яе раптам вырвалі ў мяне з рук.

Я жвава абярнуўся. Перада мной стаяў капітан Нэма, але я не пазнаў яго. Твар яго змяніўся. Вочы яго бліскалі хмурым полымем. Рот скрывіўся, паказваючы зубы. Яго напружанае цела, сціснутыя кулакі, уцягнутая ў плечы галава гаварылі аб тым, што ўся яго істота ахоплена вялікай нянавісцю і гневам. Ён не варушыўся. Труба, якую ён вырваў з маіх рук, валялася каля ног.

Няўжо гэта я выклікаў гэты выбух гневу? Можа гэты дзівак падумаў, што я разгадаў нейкую тайну, якую нельга было ведаць палонніку «Наўтылуса».

Поделиться с друзьями: