80000 кіламетраў пад вадой
Шрифт:
— Зусім правільна, прафесар, бо мой карабель дыхае таксама, як кіты.
— Але-ж, калі ў гэты час папуасы будуць яшчэ на палубе карабля, я не бачу, як вы можаце перашкодзіць ім уварвацца ўнутр?
— Значыцца, вы ўпэўнены, прафесар, што яны прыйдуць на борт «Наўтылуса»?
— Зусім упэўнены.
— Што-ж, няхай прыходзяць. Не бачу ніякіх падстаў перашкаджаць ім у гэтым. Гэта-ж толькі бедныя, цёмныя дзікуны. І я нізавошта не хачу, каб маё наведванне вострава Гвебараара каштавала жыцця аднаму з гэтых няшчасных.
Я хацеў развітацца і пайсці, але капітан Нэма затрымаў мяне і запрасіў сесці побач з ім. Ён з цікавасцю распытваўся пра нашы экскурсіі на востраў, пра паляванне, і зрабіў выгляд, нібы не разумее, чаму канадзец так нудзіцца без мяса. Потым гутарка перайшла на іншыя тэмы. І на гэты раз ён застаўся стрыманым, але ўсё-ткі выявіў больш далікатнасці.
Гутарка між іншым закранула і становішча «Наўтылуса», сеўшага на мель акурат у той пратоцы, дзе амаль не загінулі караблі Дзюмона-Дзюрвіля. Па гэтаму поваду капітан Нэма сказаў:
— Дзюрвіль быў адным з найвялікшых маракоў і адным з адукаванейшых людзей Францыі. Гэта французскі капітан Кук. Бедны вучоны! Змагацца з ільдамі паўднёвага полюса, з караламі Акеаніі, з людаедамі Ціхаакіянскіх астравоў і нарэшце быць забітым у час крушэння поезда прыгараднай чыгункі! Каб акалічнасці далі час на развагу гэтаму мужнаму чалавеку ў апошнія хвіліны яго жыцця, ці ўяўляеце вы сабе, што ён павінен быў-бы думаць?
Гаворачы гэта, капітан Нэма здаваўся ўсхваляваным. Гэта хваляванне рабіла яму гонар. Затым, узброіўшыся картай, мы пераглядзелі ўсе работы вялікага французскага мораплаўцы, усе яго кругасветныя падарожжы, яго двухразовую спробу адкрыць паўднёвы полюс, што скончылася няўдачай, але затое прывяло да адкрыцця зямель Адэлі і Луі-Філіпа.
Нарэшце мы ўспомнілі зробленыя ім гідраграфічныя даследаванні вакол важнейшых астравоў Ціхага акіяна.
— Тое, што ваш Дзюрвіль зрабіў на паверхні акіяна, я паўтараю ў яго глыбінях, але больш вычарпальным і пэўным спосабам і з меншай тратай энергіі. «Астралябія» і «Старанная» — караблі Дзюмона-Дзюрвіля, якія ўвесь час траплялі ў буры і гураганы, вядома, не могуць параўняцца з «Наўтылусам» — сапраўдным падводным домам, у спакойных кабінетах якога ніхто не перашкаджае працаваць.
— Аднак, капітан, з аднаго боку лёс «Наўтылуса» падобны да лёсу «Астралябіі» і «Стараннай», — сказаў я.
— З якога, спадар прафесар?
— З таго, што «Наўтылус» сеў на мель таксама, як і яны, і ў тым-жа месцы.
— «Наўтылус» не садзіўся на мель — няветліва адказаў мне капітан Нэма. — «Наўтылус» пабудаваны для таго, каб адпачываць на марскім дне, і мне не прыдаецца столькі пакутваць, як Дзюмон-Дзюрвілю пры спуску на ваду яго караблёў. «Астралябія» і «Старанная» ледзь не загінулі, між тым як майму «Наўтылусу» не пагражае ніякая небяспека.
Заўтра, у вызначаны мною час, у азначаны мною дзень, прыліў павольна падыме яго, і ён зноў паплыве па морах.
— Капітан, — пачаў я, — не сумняваюся, што…
— Заўтра, — перапыніў мяне капітан Нэма, устаючы з крэсла, — у дзве гадзіны сорак хвілін па поўдні «Наўтылус» паплыве і без ніякага пашкоджання выйдзе з Тарэсавай пратокі!
Сказаўшы гэтыя словы адрывістым голасам, капітан Нэма трохі пакланіўся. Гэта значыць, што ён лічыць гутарку скончанай. Мне засталося толькі выйсці, што я і зрабіў.
Вярнуўшыся ў свой пакой, я застаў там Канселя, які жадаў ведаць вынікі маёй гутаркі з капітанам.
— Сябар мой, — сказаў я яму, — капітан пасмяяўся з мяне, калі я сказаў, што яго «Наўтылусу» пагражаюць тубыльцы. Магу табе сказаць толькі што капітану можна даверыць. Можаш спакойна спаць!
— Гаспадар не адчувае зараз патрэбы ў маіх паслугах?
— Не, дзякую. Што робіць Нэд Лэнд?
— З дазволу гаспадара скажу, што Нэд Лэнд у гэты час гатуе паштэт з кенгуру, ад якога пальчыкі абліжаш!
Застаўшыся адзін у пакоі, я лёг у пасцелю, але спаў вельмі дрэнна.
Над маёй галавою часта раздаваўся тупат ног дзікуноў па жалезнай абшыўцы палубы і іхнія гучныя галасы.
Ноч прайшла спакойна. Каманда па-ранейшаму заставалася бяздзейнай. Як відаць, яе столькі-ж турбавала прысутнасць дзікуноў на палубе, як салдат якога-небудзь бліндыраванага форта непакояць мурашкі, што бегаюць па бліндажах.
У шэсць гадзін раніцы я ўстаў. Люкі яшчэ не адчыняліся. Значыцца, паветра не аднаўлялася з учорашняга дня. Але гэта і не адчувалася, бо рэзервуары своечасова дадалі ў збяднеўшую атмасферу падводнага карабля некалькі кубічных метраў кісларода.
Я працаваў у сваёй каюце да поўдня, не бачыўшы капітана Нэма. На борце судна не было відаць ніякіх рыхтаванняў да адплыцця.
Я пачакаў яшчэ некалькі часу, а потым пайшоў у салон. Гадзіннік паказваў палову трэцяй. Праз дзесяць хвілін прыліў павінен быў дасягнуць вышэйшага пункта і, калі капітан Нэма не памыліўся ў сваіх разліках, «Наўтылус» павінен быў усплыць на паверхню вады. Калі-ж гэта не здарыцца, пройдзе яшчэ шмат месяцаў, пакуль ён здолее пакінуць каралавае дно.
Неўзабаве корпус судна пачаў уздрыгваць. Я пачуў, як рыпела абшыўка аб шурпатае дно.
У дзве гадзіны трыццаць пяць хвілін капітан Нэма выйшаў у салон.
— Зараз мы адправімся, — сказаў ён.
— Ага, — буркнуў я.
— Я загадаў адчыніць люкі.
— А папуасы?
— Папуасы? — капітан Нэма паціснуў плячыма.
— Яны-ж забяруцца ў сярэдзіну «Наўтылуса».
— Якім чынам?
— Праз люк, які вы загадалі адчыніць.
— Прафесар, — спакойна адказаў капітан Нэма, — праз люк «Наўтылуса» не заўсёды можна прайсці нават тады, калі ён адчынены.
Я паглядзеў на капітана.
— Вы не разумееце? — запытаўся ён.
— Нічога не разумею.
— У такім выпадку ідзіце за мной. Вы ўбачыце.
Мы пайшлі да сходаў, што вялі да люка. Там ужо знаходзіліся Нэд Лэнд і Кансель, з вялікай цікавасцю глядзеўшыя на працу некалькіх матросаў, адчыняўшых люк пад акампанімент шалёных крыкаў і лямантаў, якія несліся з палубы.
Дзверцы люка адкінуліся ў бакі. Адразу-ж у адтуліне паказаліся дваццаць раз’юшаных твараў. Але першы-ж з дзікуноў, які палажыў руку на поручні лесвіцы, быў адкінуты невядома якой сілай і пабег эксцэнтрычна падскокваючы і дзіка крычучы.