80000 кіламетраў пад вадой
Шрифт:
Дзесяць яго сяброў паследвалі яго прыкладу, і ўсе дзесяць такім-жа чынам адступілі.
Кансель быў у захапленні. Нэд Лэнд, пад уплывам свайго ваяўнічага тэмперамента, кінуўся праведваць адступаючага ворага; але не паспеў ён ухапіцца рукою за поручні, як у сваю чаргу быў адкінуты назад.
— Тысяча чарцей! — закрычаў ён. — Мяне ўдарыла маланка!
Гэтыя словы растлумачылі мне ўсё. Поручні лесвіцы былі ператвораны ў праваднік току высокага напружання. Кожны, хто датыкаўся да іх, атрымліваў страшэнны штуршок. Гэты штуршок быў-бы смяротным, каб капітан Нэма пажадаў накіраваць у поручні ток з усіх сваіх батарэй. Але ён абмежаваўся тым, што стварыў не смяротны, але непраходны бар’ер паміж нападаючымі і нутром свайго карабля.
Між тым перапалоханыя насмерць папуасы паспешна адступалі. Мы, стрымліваючы ўхмылкі, суцяшалі Нэда Лэнда, які лаяўся, як вар’ят.
У гэтую хвіліну «Наўтылус», падняты хваляй прыліву, усплыў на паверхню акіяна. Было роўна дзве гадзіны сорак хвілін — момант, вызначаны капітанам Нэма.
Вінт карабля паважана пачаў біць ваду. Але паступова хуткасць вярчэння павялічвалася, і цэлы, някрануты «Наўтылус» выгнаў з небяспечных месцаў Тарэсавай пратокі.
Раздзел дваццаць трэці
Зноў у турме
На другі дзень, 10 студзеня, «Наўтылус» зноў плыў у адкрытым акіяне. Але на гэты раз хуткасць яго была вельмі значная — не менш трыццаці пяці міль у гадзіну. Вінт круціўся з такой шпаркасцю, што сачыць за ім і падлічыць колькасць абаротаў у хвіліну я не мог.
Калі я ўспомніў, што гэтая цудоўная сіла — электрычнасць — не толькі прыводзіла ў рух «Наўтылус», але і асвятляла, і ацяпляла яго, і абараняла ад нападкаў звонку, ствараючы загароду, за якую не мог ступіць ніхто без рызыкі загінуць на месцы ад удару маланкі, — калі я ўспомніў усё гэта, майму захапленню не было мяжы, і ад апаратаў яно пашырылася на пабудаваўшага іх інжынера.
Мы трымалі курс на захад. 11 студзеня мы абмінулі мыс Весель пад 135° даўгаты і 10° паўночнай шыраты, які пільнуе ўваход у затоку Карпентарыя. Тут было нямала падводных скал, але яны былі параскіданы на значных адлегласцях адна ад адной і з вялікай дакладнасцю азначаны на карце.
«Наўтылус» лёгка прайшоў паміж рыфамі Монэ злева і скаламі Вікторыі справа, размешчанымі пад 130° даўгаты на той-жа дзесятай паралелі, усцяж якой мы плылі.
13 студзеня мы ўвайшлі ў воды мора Цімор ля вострава таго-ж імя, які ляжыць пад 120° даўгаты. Гэты востраў, плошчай у тысячу шэсцьсот дваццаць пяць квадратных лье, кіруецца некалькімі раджамі. Гэтыя ўладары завуць сябе сынамі кракадзілаў, гэта значыць, лічуць сябе самымі шляхетнымі істотамі, якія толькі могуць існаваць на свеце. Драпежныя продкі раджаў у вялікай колькасці водзяцца ў рэчках вострава і, дзякуючы свайму сваяцтву з манархамі, карыстаюцца надзвычайнай пашанай насельніцтва. Іх даглядаюць, ім дагаджаюць, кормяць маладымі дзяўчатамі, і гора таму, хто адважыцца падняць руку на аднаго з гэтых свяшчэнных паўзуноў!
Але «Наўтылус» не цікавіўся гэтымі агіднымі гадамі. Мы бачылі востраў Цімор усяго некалькі хвілін, у поўдзень, калі памочнік капітана рабіў чарговае назіранне. Таксама мімаходзь я ўбачыў маленькі востраў Році, які належыць да той-жа групы; насельніцтва яе славіцца сваёй пекнатой і высока цэніцца на меланезійскіх нявольнічных рынках.
Адсюль «Наўтылус» раптам завярнуў на паўднёвы захад, да Індыйскага акіяна. Куды нас занясе капрыз капітана Нэма? Ці падымемся мы да берагоў Азіі? Ці наблізімся мы да еўрапейскага сухазем’я? Гэтыя дапушчэнні цяжка ўзгадніць са звычайнай нянавісцю капітана Нэма да заселеных зямель. Значыцца, мы спусцімся яшчэ паўднёвей? Можа «Наўтылус» абыйдзе мыс Добрай Надзеі і мыс Горн і даплыве да паўднёвага полюса? Якім шляхам мы вернемся ў воды Ціхага акіяна, дзе падводнаму караблю было больш за ўсё прастору? Толькі будучыня магла даць адказ на гэтыя пытанні.
Прайшоўшы ўдоўж падводных рыфаў Карц’е, Гіберніі, Серынгапатама і Скота, апошніх аплотаў цвёрдай зямлі, высунутых глыбока ва ўладанні варожай вадкай стыхіі, 14 студзеня мы апынуліся ў адкрытым моры, далёка ад сухазем’я. Хуткасць руху «Наўтылуса» значна знізілася. Капрызны і нясталы карабель альбо ўвесь час ішоў на вялікай глыбіні, альбо доўга не пакідаў паверхні акіяна.
У часе гэтага плавання капітан Нэма зрабіў цікавыя назіранні тэмпературы марской вады на розных глыбінях. У звычайных умовах гэтыя назіранні ажыццяўляюцца пры дапамозе даволі складаных прылад; але паказанні іх не заўсёды заслугоўваюць веры, ці будуць гэта тэрмаметрычныя зонды, шкло якіх часта не вытрымлівае высокага ціску, ці прылады, дзейнасць якіх грунтуецца на неаднолькавай электрычнай супраціўляльнасці розных металаў. Да таго-ж атрыманыя такім чынам вынікі цяжка паддаюцца кантролю.
А тут капітан Нэма сам апускаўся на патрэбную глыбіню, і тэрмометр, апушчаны ў розныя пласты вады, адразу-ж даваў зусім дакладнае і бясспрэчнае паказанне.
Такім чынам, то апускаючыся пры дапамозе напоўненых вадою рэзервуараў, то з дапамогаю нахіленых рулёў глыбіні, капітан Нэма паслядоўна дасягаў узроўню ў тры, чатыры, пяць, сем, дзевяць і дзесяць тысяч метраў пад паверхняю акіяна і прыйшоў да канчатковага вываду, што пад усімі шыротамі тэмпература вады на глыбіні ніжэй тысячы метраў раўняецца заўсёды чатыром з паловаю градусам Цэльсія.
Я сачыў за гэтымі даследваннямі з вялікай цікавасцю. Часта я пытаў сябе: навошта капітану Нэма гэтыя навуковыя даследванні? Няўжо ён думае аб карысці людзей? Гэта было непраўдападобна, бо рана ці позна яго работы павінны былі разам з ім назаўсёды загінуць у глыбіні якога-небудзь далёкага мора. Хіба толькі ён хацеў перадаць мне вынікі сваіх даследванняў. У гэтым выпадку трэба было дапусціць, што ён думае абмежаваць нейкім тэрмінам маё пражыванне на борце «Наўтылуса». На жаль, покуль што не было падстаў так думаць.
Як-бы там ні было, але капітан Нэма падзяліўся са мною вынікамі зробленага ім даследвання шчыльнасці вады ў важнейшых морах зямнога шара. З гэтага паведамлення я разам з тым атрымаў асабіста для сябе ўрок, нічым не звязаны з навукай.
Гэта здарылася раніцай 15 студзеня. Я прагульваўся з капітанам Нэма па палубе «Наўтылуса», калі ён нечакана запытаў мяне, ці ведаю я, што марская вада ў розных месцах мае неаднолькавую шчыльнасць. Я адказаў адмоўна і дадаў, што навука не мае правераных звестак па гэтаму пытанню.
— Я сам зрабіў гэтае даследванне, — сказаў мне капітан Нэма, — і ручаюся за дакладнасць яго.
— Добра, — адказаў я, — але «Наўтылус» — гэта абасоблены свет, і вынаходствы яго вучоных ніколі не дойдуць да жыхароў зямнога шара.
— Ваша праўда, прафесар, — сказаў капітан Нэма, трохі падумаўшы, — «Наўтылус» сапраўды абасоблены свет. Ён таксама далёка знаходзіцца ад зямлі, як планеты, якія круцяцца разам з ёю вакол сонца. І таксама, як на зямлі не даведаюцца ніколі аб працы вучоных Сатурна, альбо Юпіцера, таксама застануцца невядомымі работы вучоных «Наўтылуса». Але вам, лёс якога выпадкова аказаўся з лёсам «Наўтылуса», я магу паведаміць вынікі сваіх назіранняў.
— Я слухаю вас з увагаю, капітан.
— Вы пэўна ведаеце, спадар прафесар, што марская вада мае большую шчыльнасць, як прэсная? Але гэтая шчыльнасць неаднолькавая. Сапраўды, калі прыняць за адзінку шчыльнасць прэснай вады, дык шчыльнасць вод Атлантычнага акіяна будзе раўняцца адной цэлай і дваццаці васьмі тысячным, Ціхага акіяна — адной цэлай і дваццаці шасці тысячным. Гэтая шчыльнасць раўняецца для вод Міжземнага мора…
«Ага, — падумаў я, — ён забіраўся і ў Міжземнае мора!»
— Адной цэлай і трыццаці адной тысячнай, для вод Іёнічнага мора — адной цэлай і васямнаццаці тысячным і для вод Адрыятычнага мора — адной цэлай і дваццаці дзевяці тысячным.