Ад сяўбы да жніва
Шрифт:
Так думала старая, засынаючы.
…I заспала.
Бо прыснілася ёй Лідачка, зорачка яе ненаглядная, унучка, хоць і не родная. Прыснілася так, як калісьці было ў сапраўднасці. Пакупала яна Лідачку, здаецца, і калыша, спявае:
Люлі, люлі, люлі, Ката ў лапці абулі…— А-а-а, — цягне Лідачка з-пад хусцінкі, памагаючы сваёй бабе. А потым — і спіць жа, здаецца! — падняла лобікам хустку, сцягнула яе ручкай з галавы, смяецца, рыбка, і кажа: — Бабуля, бу-у!..
— Бу-у, бу, нягодніца, бу-у-у, — упіраецца старая маршчыністым ілбом у цёпленькі лабок унучкі. Тады Лідачка ловіць бабуліны «бусі» адчыненым ратком, як птушанё… А потым, шэльма, за бусі:
— Бабуля, — кажа, — опа-па…
— Бяссонніца ты мая, — наракае бабуля. Бярэ Лідачку на рукі і садзіцца з ёю на нізкім услончыку перад грубкай.
— Зі-зя, зі-зя, — паказвае Лідача пальчыкам на агонь у грубцы.
— Жыжа, жыжа, каток, — адказвае старая. А сама заглядзелася, як зыбаюцца цені на моцным бярозавым жары, і думае зноў аб тым, што пайшоў з іхняй хаты спакой і лад, і толькі Лідачка, як тая божа я іскра, тлее між імі і лучыць іх у адну сям'ю. А то б і насы адно аднаму паадкусвалі…
Прачнулася старая і задумалася. Як яны цяпер — і Ванька, і Ганна, і Лідачка?.. Стары насценны гадзіннік цік-так, цік-так, а Грыбіха думае. А пасля гадзіннік захроп, зашыпеў і, набраўшы духу, бомкнуў адзін раз і зноў пачаў махаць маятнікам пад барадой і стукаць: цік-так, цік-так…
«Першая гадзіна, — падумала старая, — паспее яшчэ, хаця б у тры выехаць з дому. А то яшчэ і сам акалее недзе пад кустом, чакаючы злодзея».
Задумалася зноў…
Усё тое самае круціцца: то начлежнік і сын, нябожчык Міхась, то прымакі і Лідачка… Сумна стала старой на сваю адзіноту. Падумаеш, багатая, а і спамянуць ніхто не спамяне па смерці…
«А можа, ён нядобра ідзе?» — раптам падумала яна. Паднялася, абмацала на камінку запалкі і злезла з печы. Запаліла лямпу на стале і падышла з ёй да гадзінніка. Падняла агонь, зажмурылася. Праз пыл на шыбе на Грыбіху глядзелі цыфры і стрэлкі старога, як яна сама, гадзінніка. Цік-так, цік-так, цік-так…
«Ах ты! — без нечага тры, вось-вось зазвоніць. А тут яшчэ і каня не карміў, і снеданне не гатова…»
— Пятрусь, уставай! — гукнула старая на печ. — Уставай, падла ты, тры гадзіны!..
Пятрусь, хоць і глухаваты і спіць яшчэ моцна, раскатурхаўся хутка, сцяміў, у чым справа, і, злазячы з печы, пачаў:
— Дурніца ты, забрында! Цяпер што? — дарма я Лейзару каня накарміў, каб ты наелася чэмеру! А там увесь лес пасякуць!..
Старая зноў успомніла Лідачку, Міхася, і ўся тая злосць на жыццё, якую яна толькі мела, сабралася, здаецца, адразу.
— А я што, — заскрыпела яна, — камень? Мне мора трэба? Ты вось ляжы, як пан, а я табе ўсюды спраўлюся. Скулу! Ступаліся ногі за ўсім… З табою ж не ўбудзе ніхто. Ганну прагнаў…
Удар кулаком у сухія, уцягнутыя пад плечы грудзі перабіў ёй гаворку. Колькі там трэба было!.. Старая так і асунулася каля стала, аберуч схапіўшыся за сэрца. Стары збянтэжыўся, што і гэтага выйшла зашмат, аднаго кулака. Ён пастаяў, пасля дзьмухнуў на лямпу, апрануўся і выйшаў. А старая адвяла дух і заплакала.
Начлежнік на куфры прачнуўся яшчэ на першы крык, але толькі цяпер уцяміў, у чым справа. «У-ух ты, якое гняздо!» — падумаў ён учарашняю думкай.
— Цётка, што з вамі?
Старая прыціхла: схамянулася, што ён не спіць.
— Цётка, чаго вы?
Такім голасам гаварыў тады Міхась… Ды яшчэ: «Мама, старэнькая мая…»
А хлопцу ўспомнілася раптам далёкая, родная вёска. Там, за Баранавічамі, дзе пачынаецца Палессе. Тая вёска, куды ён вярнуўся з астрога, пасля таго як
…аб'ездзіў без білета далёкія старонкі — Каранова, Гродна, Вронкі… [1]Як шмат змяніўся ён за тры гады! А вёска і мама былі, здавалася, тыя самыя. Ен вярнуўся сталейшым, як выйшаў. Ужо не саромеўся свайго жалю і тваіх старэчых пяшчотаў, ён цалаваў твае сухія, спрацаваныя рукі і нечакана дрыжаў. А цёплыя слёзы каціліся… А ты — усё ж тая самая: замучаная працай, у лапцях, — ты цалавала яго, не могучы звясці губы ад плачу, туліла да сухіх грудзей яго худую астрыжаную галаву, мурзала гарачымі слязьмі і плакала: «Коля мой, мілы мой Колік… Дзіцятка маё, што яны з цябе вырабілі!.. Што яны зрабілі!..»
1
Палітычныя турмы ў буржуазнай Польшчы.
I цяпер вось гэтая другая маці плача. Толькі ж аб чым і чаму?.. Мікола ўстаў з куфра і, басанож па халоднай земляной падлозе, пачаў шарыць у цемры. Рог стала… запалкі… Запаліў адну, пасля лямпу. Разгледзеўся. Старая сядзела на зямлі, ля печы.
— Уставайце, цётка, я памагу.
— Я сама, сынок, я сама, — баранілася яна. I ўстала сама. У выступках патэпала да ўслона. Села. А Мікола лёг ізноў. Доўга маўчалі абое. Ён глядзеў на яе ўпаўшымі, зашклёнымі ад слёз вачыма, а пасля павярнуўся на спіну, уперыўся зрокам у столь…
— У мяне быў таксама сынок, — пачала, памаўчаўшы, старая. — Таксама добрае сэрца, няхай яму бог даруе…
— Я ведаю, чуў.
Ды тут зашлёпалі валёнкі Петруся, пасля грукнулі дзверы, і, не дачакаўшыся яшчэ, пакуль ён увойдзе ў кануру, гутарка абарвалася. Пятрусь распрануўся, патушыў агонь, палез на печ. Там ён нагой аб нагу скінуў з валёнкаў галёшы, і, адзін за адным, яны мякка ляпнулі аб падлогу. Гэта былі апошнія гукі. Потым цемра злучылася з цішынёй.
Пакуль стары распранаўся, начлежнік вадзіў вачыма за яго павольнымі, важнымі рухамі, і ўчарашняе прыкрае пачуццё вярнулася зноў…
«Які ён дзікі, гэты стары! I як усё ж такі дзіўна складаецца часта жыццё: у такой сям'і, як колас на смецці, узрастае такая адзінка, як той іхні сын…»
Учора ўвечары солтыс, ведучы Міколу сюды на начлег, расказваў аб Грыбавым сыне чамусьці з хітранькай усмешкай…
«Той быў талстовец, але ўсё ж такі неяк імкнуўся да лепшага. Бачыш, не пайшоў за бацькамі, цягнуў за беднатой, загінуў у змаганні з хваробай… А маці яго?.. Усе яны крышку падобныя, нашыя маці… Шкада старой… А стары кулачына — агідны…»
2
Раніца ўстала марозная, ясная. Пакуль парастайвалі ў небе зоркі, збялеў асколак мссяца і зарумяніўся над лесам усход, — вёскі ўжо не спалі. Світанне ніколі не застае іх у сне, бо працоўны зімовы дзень у вёсках пачынаецца ноччу.
У Балотцы, той самай вёсачцы, каля якой быў лес Петруся Грыба, вядома, таксама не спалі. Над стрэхамі шэрых хатак, заваленых снегам, слупамі стаялі дымы. Сям-там скрыпеў журавель або тарахцела круцёлка над студняй. Сцежкамі да гумнаў праходзілі мужчыны. I толькі дзе-нідзе свяціўся ў хаце спознены агеньчык.