Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Албанскае танга
Шрифт:

Прызнацца, я штосьці падобнае чуў і ад маці, але не надаваў таму ўвагі, і вось цяпер адчуў у сэрцы, якое толькі што трапятала ад радасьці, нейкую халодную паныласьць. Паныласьць гэтая выплывала зь цёмных кутоў двара, струменіла мляўкім сьвятлом ліхтароў; яе нёс, разам з папяровым сьмецьцем, гарэзьнік-вецер, які цяпер, позьнім вечарам, стаў яшчэ больш няўрымсьлівым і рашучым.

Да майго дому ідзем разам. Мішка наагул гатовы цягацца хоць да ранку, балазе маці пайшла ў начную зьмену, а бацька, інжынэр-будаўнік, знаходзіцца ў замежнай камандзіроўцы. Будуе горад Дархан у братняй Манголіі. Бяз бацькі сябрук, як кажа клясная, зусім ад рук адбіўся: зьехаў на тройкі ды стаў адрошчваць валасы. Праўда, яны ў яго пакуль не такія даўгія, як у «бітлух» – Галузы і Шутовіча.

Па дарозе абмінаем школу. Школьны гмах зьліваецца зь цемрай і ад таго здаецца аграмадным цыклёпам, які глядзіць на нас сваім адзіным вокам – асьветленым вакном. Сьвятло гарыць на першым паверсе і ў кволай, што ў той дзяжурнай аптэцы, яснасьці кратаецца чыясьці пахілая постаць.

Мы падыходзім бліжэй.

За сталом сядзіць старая вахцёрка і штосьці вяжа: у руках яе цьмяна бліскаюць вязальныя пруткі.

– Пазнаеш? Гэта тая корга, што мяне ў школу не пускала, – бубніць ля вуха Мішка Дасюлін. – У суботу сябрук забыўся зьменны абутак і цёткі-прыбіральшчыцы затрымалі яго каля школьных дзьвярэй. – Чым бы яе пужнуць? – Мішка зыркае пад ногі, выглядаючы каменьчык каб шпурнуць у шыбу, ды раптам пляскае кулаком у далонь і бяжыць некуды ўбок, ляпаючы рукой па школьным падмурку.

Хвілю стаю ў непаразуменьні, маракуючы – куды гэта ён?… і якім чынам зьбіраецца пужаць коргу? – і толькі калі сябрук спыняецца каля пажарнай лесьвіцы, што вядзе на дах, становяцца зразумелымі ягоныя пляны.

Лесьвіца высока, рукой не дастаць. Я згінаюся, Мішкава калена балюча цісьне на пазваночнік, потым, другім каленам, Мішка б’е мне ў вуха і, нарэшце, хапаецца за ніжнюю парэнчу. Мацаючы зьвінючае вуха, гляджу ўгору і шчыра зайздрошчу сябру. Лезьці ў цямноцьці на школьны дах па пажарнай лесьвіцы, якая, да таго ж, уся праржавела і гучна рыпае – на такое ў нашай занюханай школе мала хто здольны. Штосьці ляціць згары, я адлятаю ў бок і на асфальт з гучным рэхам падаюць Мішкавы кеды – адзін, потым другі…

Мне нічога не застаецца, як прыхавацца за рог майстэрань і адтуль цікаваць за цёткай у асьветленым вакне. Старая вяжа, раз-пораз адкідваючы нітку ўбок, і толькі на імгненьне пакідае варушыць пруткамі ды салодка пазяхае. Змагаючыся з хваляваньнем, таксама спрабую пазяхнуць і ў гэты момант вахцёрка адцягвае нітку і рука яе – на кароткае імгненьне – застывае ў паветры. Цётка наструнена тузае падбародзьдзем, прыслухоўваецца і неўзабаве, кінуўшы на стол вязаньне і страсянуўшы наастачу пакульлем сівых валасоў, зьнікае зь відавоку.

На першым паверсе паволі, як бы з неахвотаю, запаляецца сьвятло і школьны гмах скаланаецца ад зычнагалосага званка. Самая пара сігануць дахаты, але ў руках маіх сьмярдзючыя Мішкавы кеды і я, увабраўшы голаў у плечы, бягу на паўсагнутых да лесьвіцы.

Званок неўзабаве аціхае, я ціснуся сьпінай да падмурку, каб прыхавацца ў прыцемку і на супрацьлеглым баку школы азываецца легкавушка. Ці не міліцыя?!

Чорт ведае колькі часу прамінула, пакуль над галавой не зарыпела жалезьзе і сябрук – з неверагоднай вышыні – абрынуў долу. І вось мы ўжо ляцім, як ачумелыя, у бок майстэрань і Мішка, на хаду насунуўшы кеды, задышліва выдыхае:

– Зь перапуду… пад стол залезла… потым ужо сьвятло ўрубіла!

Дзьверы, як заўсёды, адчыняе маці.

– Дзе гэта цябе носіць супраць ночы?

Ні слова ні сказаўшы, іду на кухню, дастаю зь лядоўні бутэльку малака і прагна, са стогнам, глытаю гаючую халадзёнку.

– Хто там за табою гнаўся? – цяпер ужо пытаецца бацька.

– У футбол гулялі…

Маці ідзе разаграваць кашу (ізноў, відаць, панцак… як я яго ненавіджу!), а я падаюся да свайго пісьмовага стала. Над сталом вісіць табліца чэмпіянату СССР па футболе. На перакрыжаваньні менскага «Дынама» і растоўскага СКА малюю тлустую адзінку.

– Што, выйгралі? – пытаецца бацька, прыклаўшы вуха да радыёлы. – Пасьля таго, як перагарэў тэлевізар, бацька цэлымі вечарамі сядзіць ля прыймача ды слухае варожыя радыёстанцыі.

– Йес! – ляканічна адказваю бацьку, сьліню хімічны аловак і малюю яшчэ больш тлусты нуль.

– Хто забіў – Малафееў ці Мустыгін?

– Сахараў, – адказваю, наструніўшы нюх, і задаволена крэкаю. – З кухні цягне духавітым пахам грэчкі, а грэчку я люблю.

Доўга спрабую заснуць – сплю я ў сьвятліцы, на старой канапе, – але сон не ідзе і сэрца па-ранейшаму ўлякнута б’ецца ў грудзіне.

Усё ж такі малайчына Мішка! Я б да такога нават не дадумаўся – убіцца ў школу праз паддашкавы люк. А да люка трэба яшчэ па іржавай лесьвіцы лезьці. А па ёй, відаць, як школу збудавалі, ніхто і ня лазіў… Нечакана ў душы, пад самым сэрцам, пачынае ціхенька стагнаць трывожна-салодкая думка: а страшнавата сядзець ноччу ў пустым будынку…

Мінулай зімы ў нашай школе ладзілі вечар сустрэчы з выпускнікамі. І вось адзін выпускнік, ладна кірнуўшы ў сваім былым клясе, пабег па лесьвіцы ды так шпарка, што праскочыў першы паверх і па інэрцыі рынуў далей – у цёмны закутак, дзе прыбіральшчыцы захоўваюць сваё начыньне. Грымнуў там швабрамі ды вёдрамі, паваліўся і ўстаць ужо не здолеў. Так і заснуў, пад галаву мокрыя анучы падклаўшы. Сярод ночы прачнуўся, пайшоў у прыбіральню і так напужаў вахцёрку, што тая потым пачала заікацца…

– Што робяць, сволачы, – перарывае думкі сьцішаны бацькавы голас. – Свалачамі бацька называе чэхаў, пра якіх дзень да ночы распавядаюць замежныя радыёстанцыі.

Я прыслухоўваюся, але нічога ня чую, апроч дакучлівага зумканьня глушылак.

– Ма! – клічу я маці, якая ўжо сьцішылася ў спальні.

– Ну што табе?!

– А праўда, што напачатку вайны ніхто за савецкую ўладу ваяваць не хацеў?

Я пытаюся маці, але ў адказ чую незадаволеную бацькаву кашляніну. Адхінуўшыся ад прыймача, бацька глядзіць у мой бок.

– Хто табе такое сказаў?

– Мішкава бабця.

– Гэта тая… дзевяностагадовая? Зусім старая з глузду зьехала, – бацька аддзімаецца і двума пяцярнямі прылашчвае валасы на галаве – заўсёды так робіць калі хвалюецца. – Ты ж глядзі, нікому не пераказвай гэтую брахню.

– Якую брахню! – гэта ўжо маці прыспаным голасам азываецца са спальні. – Я сама бачыла тых салдат. Цэлы тыдзень міма нашай хаты ішлі. Брудныя, галодныя, страшныя… «Усё, – казалі, – больш ні сталінятаў, ні калгасаў ня будзе… ідзем дахаты».

– Яшчэ адзін Дубчак знайшоўся… Што ты сыну антысаветчыну пляцеш? Хочаш каб і у нас тут, як у Чэхаславакіі, контррэвалюцыя паднялася?

– Божухна, які дурны! – апалым голасам выдыхае маці.

Бацька яшчэ хвіліну шнарыць па этэры, потым сунецца на кухню і ўжо адтуль гукае:

– Ты свайго брата-паэта згадай! Дабалбочацеся, што і за вамі прыдуць!

Я ляжу з заплюшчанымі вачыма, слухаю, як бацька скрабе лыжкай, вычэрпваючы з рандолі рэшткі грэцкай кашы, і бачу асьветленае вакно і пахілую постаць вахцёркі.

Поделиться с друзьями: