Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Албанскае танга
Шрифт:

– Не, што не кажыце, а Рымскі-Корсакаў – арыстакрат духу. Заўсёды стрыманы, і сумуе зусім ня так, як Рахманінаў, – было бачна, што Рэм Ісаевіч яшчэ дарэшты не працьверазеў.

Нінэль Іванаўна паглядзела на вадзілу і той, крутнуўшы ключ запальваньня, сьмяшлівымі вачыма прамовіў: «Нічога, дарогаю працьверазее».

Новы, пяты па ліку, Ксенчын муж быў запойным п’яніцам. Праўда, сама Ксеня гэты факт як магла прыхоўвала, і калі хто зь сябровак з усьмешкаю пытаўся: – А чаго гэта твайго Рэма ня бачна? – з бабскай экзальтацыяй, расьцягваючы зыкі, гукала: – Хворы ё-о-он… Пры гэтым усім было вядома: Рэм сьпіць на гарышчы жончынай хаты ў абдымку з бутлем самаробнага віна. Ксенчын дзед быў вядомым на ўсю акругу мічурынцам; пакінуў па сабе вялікі сад, пчальнік і мэханічную сокавыціскалку, і ўнучка штовосень ставіла на гарышчы па дваццаць бутляў самаробнай «дамагі».

Калі ж, прыкладна раз на тыдзень, сьпявак выходзіў на прагулянку, дык абавязкова прасіў каго-небудзь пазычыць яму тры рублі й потым да самага закрыцьця сядзеў у азярышчанскім рэстаране – піў каву з каньяком, чапляўся да афіцыянтак, а часам, па просьбе наведнікаў, выконваў у суправаджэньні рэстараннага ВІА папулярныя расейскія рамансы.

Даўгі потым вяртала жонка. Пры гэтым Ксенія чырванела і, панурыўшы вочы, кожнага разу казала: «Ён у мяне такі няўважлівы, такі няўважлівы… Пакіну грошы на стале, а ён не заўважыць – у людзей пазычае». Ну і, вядома, надта раўнавала мужа да навакольных кабецін. Дый было з чаго. Рэм Ісаевіч сваімі далікатнымі манерамі й размовамі аб высокім мастацтве дарэшты зачараваў азярышчанак. У той жа Нінэлі Іванаўны заўсёды кружылася галава, калі сьпявак цалаваў ёй руку. Для яе гэта быў чалавек зь іншага сьвету – сьвету, дзе буяюць чалавечыя жарсьці, дзе гучыць Рахманінаў, а цёмнае неба асьвятляюць вогнепырскія фэервэркі. Яшчэ здалёк, пабачыўшы Рэма Ісаевіча, Нінэль Іванаўна з гатовасьцю адчыняла сумачку, каб пазычыць артысту трульнік і пры тым ніколі не прасіла Ксенію вярнуць даўгі. Вось і нядаўна, перахапіўшы цупкую паперку, Рэм Ісаевіч прыклаўся да Нінэльчынай рукі, стоеным голасам запытаўся: «Што я магу зрабіць дзеля вас, багіня?» – і Нінэль Іванаўна, уражаная такім камплімэнтам, пралепятала: «3 ліпеня ў вобласьць едзем… на міжраённы агляд мастацкай самадзейнасьці…» – і, ня скончыўшы фразы, узьняла на сьпевака дапытлівыя вочы.

Сьпявак з задуменнай павольнасьцю пачухаў няголенае падбародзьдзе. Яму, прафэсійнаму выканаўцу, удзельнічаць у аглядзе мастацкай самадзейнасьці ніяк не выпадала, таму, памаўчаўшы, Рэм Ісаевіч каротка выдыхнуў: «Ксенія…»

Наступным ранкам Нінэль Іванаўна пасьпяшала ў кабінэт загадчыцы раённага таварыства «Веды». Гаспадыня кабінэту сустрэла наведніцу з робленай прыязнасьцю, пачаставала гарбатаю, а пачуўшы пра міжраённы агляд мастацкай самадзейнасьці, раўніва павяла паскубаным брывом. «Ды разам паедзеце… у крамы зазірняце… а я табе за гэта лекцыю арганізую… пра баптыстаў», – з жарсьцю паведаміла Нінэль Іванаўна, і гаспадыня кабінэту, дапіўшы гарбату, здушана прамармытала: «Падумаем».

Аўтобус крутнуўся па азярышчанскіх вуліцах, выехаў на шашу і толькі тады, пад мернае вуркатаньне матору, Нінэль Іванаўна задала пытаньне, якое халадзіла язык:

– А чаму Ксеня не паехала?

– Хворая яна-а, – прасьпяваў, перадражніваючы жонку, Рэм Ісаевіч і недарэчны жарцік гэты вохкай трывогай адбіўся пад Нінэльчыным сэрцам.

Яшчэ ўчора паездка ў вобласьць выглядала трыюмфальнай. Нінэль Іванаўна з асалодаю ўяўляла – як уразіцца журы, пачуўшы клясычны basso cantante, як натхнёна яно будуць біць у ладкі, а потым, насуперак правілам, папросіць азярышчанскага самародка прасьпяваць што-небудзь на bis… І вось цяпер, калі яна сказеліла вочы на самародка, у сьвядомасьці зварухнулася, выпетраўшы на міг ўсе астатнія думкі, страхавітае пытаньне: «А як нап’ецца, ды сарве выступ?» На памяць прыйшоў аповед пра тое, як артыст Бузіла, пад час спэктаклю ў Казанскай опэры, зваліўся, п’яны, у аркестравую яму (пра гэта казалі ў адной жаночай кампаніі), і цела – ад макаўкі да халодных пятак – працялі нэрвовыя дрыжыкі. «Кубань» запаволіла рух, збочыла з шашы на гравійку, і пад нагамі Нінэльчынымі гучна бразнулі бутэлькі. Бутэлечны бразгат, дзякаваць богу, да Бузілавых вушэй не даляцеў: артыст тым часам укідваў у рот прапанаваную вадзілам папяросу. Нінэль Іванаўны нахілілася да сумкі, піхнула між бутэлек насоўку, сьціснула сумку нагамі. Гарэлку яна везла Лёшку Пісарэвічу, зь якім колісь вучылася ў музвучэльні, і які цяпер кіраваў у Гарадку аркестрам народных інструмэнтаў. Свайго аркестру ў Азярышчы не было, таму давялося дамаўляцца наконт акампанэмэнту з гарадчукамі.

«Кубань» ізноў страсянула; вадзіла, імпэтна круцячы руль, выгукнуў: – Йоп! – і, абмінуўшы калдабан, зь вясёлым дакорам зазначыў: – Пяюх і на шашы поўна. А мы ў Бычкі плішчымся. Каб не разваліцца па дарозе.

Нінэль Іванаўна ўдыхнула паветра, каб паведаміць, што бычкоўскія дзеўкі – самыя галасістыя ў раёне, ды закашлялася ад едкага пылу, якім – цягам хвіліны – напоўніўся салён. Керхануўшы, яна сплюнула неўпрыкмет густую сьліну, і нерухомымі вачыма стала глядзець на прыдарожныя кусты, што плылі за вокнамі.

У Бычках, на парозе мясцовага клюбу, іх сустракаў людзкі гурт: пяць дзяўчат, пару хлопцаў на матацыклах ды чатыры бабулі з клункамі.

– А дзе Люся? – запыталася Нінэль Іванаўна, калі дзяўчыны, адна за адной, сталі ўбягаць у салён.

– Радоўку адбывае, – гамузам адказалі дзяўчыны, і Нінэль Іванаўна, ня надта зразумеўшы – што там адбывае Люся, чарговым разам уздыхнула.

– Шафёр! Вазьміце да Гарадка! Аўтобуса не было, – загаласілі знадворку бабулі.

Вадзіла махнуў рукой, бабулі сьпехам палезьлі ў аўтобус; шэры гусак, які цягнуў шыю з лазовай кашолкі, вітаў усіх рыпучым крыкам, і Рэм Ісаевіч, які спаў, прытуліўшы голаў да шыбы, няўцямна мацюкнуўся спрасонку.

Дарога пасьля Бычкоў зусім сапсавалася. «Кубань» матляла ўбокі, трэсла на калдобінах, а на адным з паваротаў так страсянула, што сонны артыст пабіў сабе лабаціну, стукнуўшыся аб жалезную білу.

Усе, хто быў у аўтобусе, разам суціхлі – нават гусак пакінуў гергетаць, і Нінэль Іванаўна вырашыла ўзбадзёрыць публіку.

– Ну-ка, дзяўчаты, паўторым рэпэртуар, – Нінэль Іванаўна падняла рукі. – «Радость и беда» – пачынаем з прыпеву…

– «Радам, радам радасть и бида-а; нада, нада чоткий дать атвет…» – грымнулі бычкоўскія пяюхі і Нінэль Іванаўна абурана ляснула ў далоні.

– Дзяўчынкі, колькі можна паўтараць… Ня «радам», а «рядом»… Ну, хорам: ріа-дом…

Бабулі, што сядзелі на заднім сядзеньні, улякнута залыпалі вачамі – падумалі, што гэта іх таксама тычыцца – і разам зь дзяўчынамі выдыхнулі: – Рі-адом.

– Рэм Ісаевіч, дапамагайце, – з адчаем крыкнула Нінэль Іванаўна, убачыўшы, што на Бузілавым лабешніку наліваецца чырваньню вялікі гузак.

– Выпьем, ей-богу, ещё-о… – загарлаў, дзеля прачысткі глоткі, сьпявак, і голас ягоны, упоравень з трасянінай, азваўся перарывістым: – О-о-о-о! Загарлаў Рэм Ісаевіч на ўсю моц сваіх артыстычных лёгкіх, таму вадзіла крутнуў руль ня ў той бок, гусак спалохана крэкнуў, а адна з бабуляў, наваліўшыся на сяброўку, таропка перахрысьцілася.

* * *

За абабітымі дэрматынавым матрасам дзьвярыма, мяркуючы па ўсім, таўклася процьма народу. Дзьверы зь нясьмелым рыпам падаліся і ў пройме паўстала цыбатая, дарэшты заюшаная кабета.

– Што, з Азярышча? – запыталася цыба, пацямнеўшы з твару. – У вас а дзясятай прагон, а вы калі прыехалі?

Нінэль перасмыкнула плячыма, а кабета, працягнуўшы пакамечаны лісток, сьцішана паведаміла: – Ідзіце ў залю. Там зараз шумілінцы рэпэціруюць.

Зьбягаючы па прыступках, Нінэль Іванаўна зазірнула ў лісток. Гэта была праграма міжраённага агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасьці. «Шумят хлеба». Исп. Р. Бузилло.» – мільганула ўваччу і, разам з уздыхам, з грудзі вырваліся дрогкія словы: – І як там усё будзе?

… У зале, дзе мусіў адбыцца конкурс, швэндаліся дзеўкі ў нацыянальных строях і гучаў надрыўны мужчынскі голас: – Тучным колхозным колосом встречает гостей Шумилинская земля!

– Ніна! – сіпата гукнулі з-за кулісаў і Нінэль Іванаўна, наструніўшыся, пазнала па голасе Лёшку Пісарэвіча. – Ну дзе вы ходзіце, далібог… – Лёшка скочыў са сцэны, хацеў яшчэ нешта сказаць, ды, скасіўшы вока на торбу, якую трымала былая аднакурсьніца, ляснуў у далоні й сарваным голасам крыкнуў:

– Шуміліна! Сыходзь са сцэны!

Шумілінцы пачалі абурацца, а Лёшка, узважыўшы рукою торбу, азірнуўся на бокі, стоена запытаў: – У цябе там што – вакальны сэкстэт?

– Квінтэт, – удакладніла Нінэль Іванаўна, – і яшчэ саліст. Я ж табе казала… па тэлефоне.

Лёшка Пісарэвіч спахмурнеў, загаварыў рэчытатывам, з інтанацыяй лаянкі: – Ну вы даяце… Зь дзеўкамі тваімі мы сьпеліся-сыграліся, а саліст? Я ж яго ў вочы ня бачыў.

І тут ужо Нінэлі Іванаўне давялося азірнулася і сьцішаным голасам паведаміць: – Не хвалюйся, яму хопіць аднаго прагону.

Поделиться с друзьями: