Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Цвайг Штэфан

Шрифт:

Словы зноў заселі ў яго ў горле. Я паспяшаўся вывесці яго са збянтэжанасці і адразу ж паабяцаў выканаць гэтую просьбу. Мы паціснулі адзін аднаму рукі. Потым я вярнуўся ў сваю каюту і заснуў цяжкім, трывожным сном, поўным вычварных мрояў.

Я стрымаў абяцанне і нікому не расказаў аб дзівоснай сустрэчы, хоць спакуса была вялікая. У час марскога падарожжа ўсякая драбяза - здарэнне, ці то парус на гарызонце, ці то дэльфін, што падскочыць над вадою, ці то чый-небудзь выяўлены флірт або выпадковы жарт. Акрамя таго, мяне мучыла жаданне даведацца што-небудзь пра гэтага незвычайнага пасажыра; я прагледзеў суднавыя спісы ў пошуках прозвішча, прыглядваўся да людзей, намагаўся адгадаць, ці маюць яны да яго дачыненне; цэлы дзень я быў ва ўладзе ліхаманкавага нецярпення і чакаў вечара, спадзеючыся зноў сустрэцца з незнаёмым. Псіхалагічныя загадкі неадольна прыцягваюць мяне; яны хвалююць надзвычайна, і я не супакойваюся, пакуль мне не ўдаецца раскрыць іх таямніцу; людзі з дзівацтвамі адною сваёю прысутнасцю могуць выклікаць у мяне такую прагу заглянуць ім у душу, якая не шмат чым адрозніваецца ад неадольнага жадання жанчыны завалодаць чым-небудзь. Дзень здаўся мне бясконца доўгім. Я не мог знайсці сабе ніякага занятку. Я рана лёг спаць, бо ведаў, што апоўначы прачнуся, што нейкая сіла разбудзіць мяне.

І сапраўды, я прачнуўся ў той час, што і ўчора. Свяціўся цыферблат гадзінніка, стрэлкі якраз зліліся ў адну палоску святла. Я паспешна падняўся з душнай каюты ў яшчэ больш душную ноч.

Зоркі ззялі, як учора, і залівалі дрыготкі параход рассеяным святлом; у вышыні гарэў Паўднёвы Крыж. Усё было як учора; у тропіках дні і ночы - блізняты і яшчэ больш падобныя, чым у нашых шыротах, толькі ў мяне не было ўчарашняга ласкавага, хісткага, летуценнага ап'янення. Штосьці цягнула мяне, трывожыла, і я ведаў, куды мяне цягне: туды, да чорнай блытаніны снасцяў на носе, - даведацца, ці сядзіць ён там, нерухомы і таямнічы. Зверху пачуўся ўдар карабельнага звона. Мяне нібы нешта падштурхнула. Крок за крокам я рухаўся наперад, нехаця паддаючыся нейкай прыцягальнай сіле. Не паспеў я яшчэ дабрацца да месца, як наперадзе штосьці ўспыхнула, быццам чырвонае вока, - яго люлька. Значыцца, ён там.

Я міжвольна здрыгануўся і спыніўся. Яшчэ момант, і я павярнуў бы назад, але штосьці заварушылася ў цемры, нехта ўстаў, зрабіў два крокі, і раптам я пачуў яго голас.

– Прабачце, - ветліва і неяк вінавата сказаў ён, - вы, відаць, хочаце пайсці на сваё месца, але мне здалося, што вы перадумалі, убачыўшы мяне. Прашу вас, сядайце, я зараз пайду.

Я, у сваю чаргу, паспяшаўся адказаць, што прашу яго застацца і што я хацеў адступіць, каб не перашкаджаць яму.

– Мне вы не перашкаджаеце, - не без горычы запярэчыў ён, - наадварот, я рады пагаварыць з кім-небудзь. Ужо дзесяць дзён, як я не вымавіў ні слова... зрэшты, ужо шмат гадоў... І мне цяжка, я задыхаюся - відаць, таму, што я мушу несці свой цяжар моўчкі... Я болей не магу сядзець у каюце, у гэтай... у гэтай магіле... я болей не магу... і людзей я таксама не магу цярпець, бо яны цэлы дзень смяюцца... Я не магу вытрымаць гэтага цяпер... я чую гэта нават у каюце і затыкаю вушы... праўда, ніхто ж не ведае, што... яны нічога не ведаюць, а потым, што чужым да таго?

Ён зноў запнуўся і раптам нечакана і паспешна сказаў:

– Але я не хачу турбаваць вас... прабачце за маю балбатлівасць.

Ён пакланіўся і хацеў ісці. Але я стаў настойліва ўтрымліваць яго.

– Вы зусім не турбуеце мяне. Я таксама рады пагутарыць тут, у цішыні... Цыгарэту?

Ён узяў яе. Я чыркнуў запалку. Зноў у дрыготкім святле ўзнік ягоны твар, які быццам адарваўся ад чорнага фону; на гэты раз ён быў звернуты да мяне. Вочы за акулярамі ўтаропіліся ў мой твар прагна і з нейкаю шалёнаю сілаю.

Мне зрабілася не па сабе. Я адчуваў, што чалавек хоча гаварыць, што ён мусіць гаварыць. І я ведаў, што мне трэба маўчаць, каб аблегчыць яму гэта.

Мы зноў селі. Побач з ім у кутку стаяла другое крэсла, яго ён і прапанаваў мне. Мы курылі, і па тым, як неспакойна скакала ў цемры светлае кальцо цыгарэты, я бачыў, што яго рука дрыжыць. Але я маўчаў, маўчаў і ён. Потым раптам ён ціхім голасам папытаўся.

– Вы вельмі стаміліся?

– Не, зусім не.

Голас у цемры зноў на хвілінку змоўк.

– Я хацеў бы папытацца ў вас пра нешта... гэта значыць, я хацеў бы вам сёе-тое расказаць. Я ведаю, я добра ведаю, як недарэчна звяртацца да першага стрэчнага, але... я... я... у цяжкім псіхічным стане... Я дайшоў да мяжы, калі мне што б там ні было, трэба з кім-небудзь пагаварыць... а то я загіну... Вы зразумееце мяне, калі я... пэўна ж, калі я вам усё раскажу. Я ведаю, што вы не можаце дапамагчы мне... але я як бы хворы ад гэтага маўчання... а хворы заўсёды смешны ў вачах другіх...

Я перабіў яго і папрасіў не мучыцца дарэмна. Хай ён не саромеецца і раскажа мне ўсё... Канечне, я не магу яму нічога абяцаць, але на кожным чалавеку ляжыць абавязак прапанаваць сваю дапамогу. Калі мы бачым блізкага ў бядзе, то, зразумела, наш абавязак дапамагчы яму...

– Абавязак... прапанаваць сваю дапамогу... абавязак паспрабаваць... Значыцца, і вы думаеце, што на нас ляжыць абавязак... абавязак прапанаваць сваю дапамогу?

Тройчы паўтарыў ён гэтыя словы. Мне стала страшна ад іх тупога, упартага паўтарэння. Ці не вар'ят гэты чалавек? А мо ён п'яны?

Але, зусім дакладна адгадаўшы маю думку, як быццам я выказаў яе ўголас, ён раптам сказаў зусім другім голасам:

– Вы, мусіць, лічыце мяне вар'ятам ці п'яным? Не, гэтага няма, пакуль што яшчэ няма. Толькі тое, што вы сказалі, дзіўна ўразіла мяне... уразіла моцна, бо гэта якраз тое, што мяне цяпер мучыць - ці ляжыць на нас абавязак... абавязак...

Ён зноў пачаў запінацца. Потым раптам змоўк, каб крыху пазней, зрабіўшы над сабою намаганне, загаварыць:

– Справа ў тым, што я ўрач. У нашай практыцы часта бываюць такія выпадкі, такія фатальныя... ну, скажам, няясныя выпадкі, калі не ведаеш, ці ляжыць на табе абавязак... абавязак жа не адзін - ёсць абавязак перад блізкім, ёсць яшчэ абавязак перад самім сабою, і перад дзяржаваю, і перад навукаю... Трэба памагаць, канечне, для гэтага мы і існуем... але такія правілы добрыя толькі ў тэорыі... Да якіх межаў трэба памагаць?.. Вось вы чужы чалавек, і я для вас чужы, і я прашу вас маўчаць пра тое, што вы мяне бачылі... Добра, вы маўчыце, выконваеце гэты абавязак... Я прашу вас пагаварыць са мною, бо я проста здыхаю ад свайго маўчання... Вы гатовы выслухаць мяне. Добра... Але гэта ж лёгка. А што, калі я папрашу вас узяць мяне ў ахапак і кінуць за борт?.. Тут ужо канчаецца ласка, гатоўнасць дапамагчы. Дзесьці яна павінна канчацца... дзесьці павінен спыніцца гэты абавязак... ці, можа, якраз у ўрача ён і не павінен канчацца? Няўжо ўрач павінен быць якімсьці збавіцелем, якімсьці сусветным памочнікам толькі таму, што ў яго ёсць дыплом з лацінскімі словамі; няўжо ён сапраўды павінен сапсаваць сваё жыццё і падліць сабе вады ў кроў, калі з'яўляецца якая-небудзь... калі з'яўляецца які-небудзь пацыент і патрабуе ад яго высакароднасці, гатоўнасці дапамагчы, прыстойнасці? Так, дзе-небудзь канчаецца абавязак... там, дзе мяжа нашых сіл, менавіта там...

Ён зноў на момант спыніўся і потым сказаў:

– Прабачце, я гавару з такім хваляваннем, але я не п'яны... яшчэ не п'яны... аднак, не буду хаваць ад вас, што і такое са мною цяпер часта бывае ў гэтай д'ябальскай адзіноце... Падумайце - я сем гадоў жыў амаль выключна сярод тубыльцаў і жывёл... тут можна адвучыцца звязна гаварыць. А калі пачнеш гаварыць, дык адразу хлыне цераз край... Але пачакайце... так, я ўжо ўспомніў... я хацеў у вас спытацца, хацеў расказаць вам адзін выпадак... ці ляжыць на нас абавязак дапамагаць... з анёльскаю чысцінёю, бескарысліва дапамагаць... Зрэшты, я баюся, што гэта будзе занадта доўгая гісторыя. Вы папраўдзе не стаміліся?

– Ды не ж, зусім не.

– Я... я вельмі ўдзячны вам... Не адмовіцеся?

Ён пашнарыў дзесьці за сабою ў цемры. Бразнулі адна аб адну дзве, тры, а мо і болей пляшак, якія ён, відаць, паставіў побач з сабою. Ён прапанаваў мне віскі; я толькі прыгубіў чарку, а ён адразу перакуліў сваю. На момант паміж намі ўсталявалася маўчанне. Пачуўся ўдар звана: была палова першай.

– Дык вось... я хачу расказаць вам пра адзін выпадак. Уявіце сабе, што ўрач у адным... у маленькім мястэчку... ці, дакладней, у вёсцы... урач, які... урач, які...

Ён зноў запнуўся. Потым раптам, разам з крэслам, падаўся да мяне.

– Гэтак нічога не выйдзе. Я проста павінен расказаць вам усё з самага пачатку, а то вы не зразумееце... Гэта нельга прыводзіць як проста прыклад, як абстрактны выпадак... я павінен расказаць вам сваю гісторыю. Тут не месца ні сораму, ні гульні ў хованкі, перада мною ж таксама раздзяваюцца дагала і паказваюць свае балячкі... Калі хочаш, каб табе памаглі, то няма чаго віляць і ўтойваць... Дык вось, я не стану расказваць вам пра выпадак з нейкім выдуманым урачом... я раздзяваюся перад вамі дагала і гавару «гэта пра мяне»... Саромецца я развучыўся ў гэтай дзікай адзіноце, у гэтай праклятай краіне, якая выядае душу і высмоктвае мозг з касцей.

Поделиться с друзьями: