Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Цвайг Штэфан

Шрифт:

– Я павінен спачатку пабачыць, ці няма ў вас гарачкі. Дазвольце ваш пульс...

Я накіроўваюся да яе, але яна лёгенька адхіляецца ўбок.

– Не, не, у мяне няма гарачкі... безумоўна, безумоўна няма... я мераю тэмпературу кожны дзень, з таго часу... з таго часу, як я пачала траціць прытомнасць. Гарачкі няма, заўсёды трыццаць шэсць і чатыры. І страўнік у парадку.

Я маруджу. У мяне паступова расце падазрэнне: я адчуваю, што гэтая жанчына чагосьці ад мяне хоча, сюды не прыязджаюць пагаварыць пра Флабэра. Я застаўляю яе чакаць хвіліну, другую.

– Прабачце, - гавару я потым проста, - дазвольце мне задаць вам некалькі пытанняў?

Канечне, доктар! Вы ж урач, - адказвае яна, але тут жа зноў паварочваецца да мяне спінаю і пачынае перабіраць кнігі.

– У вас ёсць дзеці?

– Так, сын.

– А ці было ў вас... ці было ў вас раней... я хачу сказаць... тады... ці былі ў вас падобныя адчуванні?

– Так.

Яе голас стаў цяпер зусім іншы, выразны, без аніякай манернасці і нервовасці.

– А магчыма, каб вы... прабачце пытанне... магчыма, каб цяпер была тая ж прычына?

– Так.

Коратка, быццам вострым нажом, адрэзала яна. Нічога не здрыганулася на яе твары, які быў мне відаць у профіль.

– Лепей за ўсё, васпані, каб я агледзеў вас... дазвольце папрасіць вас... перайсці ў другі пакой?

Тут яна раптам паварочваецца. Праз вуаль я адчуваю яе халодны, рашучы позірк, скіраваны на мяне.

– Не... гэта непатрэбна... я зусім дакладна ведаю прычыну майго недамагання.

Голас на момант змоўк. У цемры зноў бліснула напоўненая чарка.

– Дык вось слухайце... але спачатку паспрабуйце ўдумацца ва ўсё гэта: да чалавека, які гіне ў адзіноце, урываецца жанчына, упершыню за шмат гадоў белая жанчына пераступае парог яго пакоя... І раптам я адчуваю прысутнасць у пакоі чагосьці злавеснага, нейкай небяспекі. Я ўвесь пахаладзеў: мною авалодаў страх перад жалезнаю рашучасцю гэтай жанчыны, якая прышла з лёгкаю балбатнёю, а потым раптам агаліла сваё патрабаванне, як клінок. Я ж ведаў, чаго яна ад мяне хацела, адгадаў гэта адразу - не ў першы раз жанчыны звярталіся да мяне з такою просьбаю, але яны прыходзілі інакш, прыходзілі прысаромленыя, умольвалі, плакалі і закліналі выратаваць іх. Але тут была... тут была жалезная, нібы мужчынская рашучасць... з першай хвіліны адчуў я, што гэтая жанчына мацней за мяне... што яна можа падпарадкаваць мяне сваёй волі... Аднак... аднак... ва мне расла нейкая злосць... мужчынская гордасць, крыўда, бо... я сказаў ужо, што з першай хвіліны, нават раней, як я пабачыў гэтую жанчыну, я адчуў у ёй ворага.

Спачатку я маўчаў. Маўчаў упарта і злосна. Я адчуваў, што яна глядзіць на мяне з-пад вуаля, глядзіць прама, патрабавальна і хоча прымусіць мяне гаварыць. Але я гэтак лёгка не паддамся. Я загаварыў, але... унікліва... міжвольна пераняў яе балбатлівы, абыякавы тон. Я прыкінуўся, што не разумею яе, бо - не ведаю, ці можаце вы зразумець гэта, - я хацеў прымусіць яе выказацца выразней, я не хацеў сам прапаноўваць, наадварот... хацеў, каб яна папрасіла... менавіта яна, якая з'явілася тут з такім уладным выглядам... І акрамя таго, я ведаю, якую ўладу нада мною маюць ганарыстыя, халодныя жанчыны.

Я гаварыў кругом ды навокала, што ёй няма чаго баяцца, што такая непрытомнасць - звычайная з'ява, больш таго, гэта нават зарука нармальнага развіцця дзіцяці. Я прыводзіў прыклады з медыцынскіх газет... Я гаварыў, гаварыў спакойна і лёгка, разглядаў увесь час яе недамаганне як нешта зусім звычайнае і... усё чакаў, што яна мяне спыніць. Я ведаў, што яна не вытрымае.

І сапраўды, яна рэзкім жэстам рукі перапыніла мяне, быццам адмятала ўсе гэтыя супакойлівыя словы.

– Мяне, доктар, не гэта трывожыць. У той раз, калі я хадзіла з першым хлопчыкам, маё здароўе было куды лепшае... але цяпер я ўжо не тая... у мяне не ў парадку з сэрцам...

– Вось яно што, з сэрцам не ў парадку, - паўтарыў я, паказваючы ўсім сваім выглядам неспакой.
– Зараз паслухаем.
– Я зрабіў рух, быццам устаю, каб дастаць стэтаскоп. Але яна спыніла мяне. Голас яе гучаў цяпер вельмі рэзка і катэгарычна, як каманда.

– У мяне не ў парадку з сэрцам, доктар, я папрашу вас верыць таму, што я кажу. Я не хацела б траціць час на даследаванні - вы маглі б, думаецца, выказаць мне крыху болей даверу. Я дастаткова даказала свой давер вам.

Цяпер гэта была ўжо барацьба, адкрыты выклік. І я прыняў яго.

– Давер патрабуе шчырасці, поўнай шчырасці. Гаварыце ясна, я ж урач. І перш за ўсё зніміце вуаль, сядайце сюды, пакіньце ў спакоі кнігі і ўсе гэтыя хітрыкі. Да ўрача не прыходзяць пад вуалем.

Горда выпрастаўшыся, яна акінула мяне позіркам. Хвіліну памарудзіла. Потым села і падняла вуаль. Я ўбачыў твар - такі, які баяўся ўбачыць: непранікальны, цвёрды, рашучы, адзначаны незалежнаю ад узросту прыгажосцю, твар з шэрымі вачамі, якія часта бываюць у ангелек, - вельмі спакойныя, але поўныя затоенага агню. Гэтыя тонкія сціснутыя губы ўмелі захоўваць тайну. Нейкі момант мы глядзелі адно на аднаго - яна ўладна і дапытліва, з такою халоднаю жорсткасцю, што я не вытрымаў і міжвольна адвёў убок вочы.

Яна лёгенька пастуквала пальцамі па стале. Значыцца, і яна нервавалася. Потым раптам сказала:

– Вы ведаеце, доктар, чаго я ад вас хачу, ці не ведаеце?

– Здаецца, ведаю. Але лепей пагаворым адкрыта. Вы хочаце вызваліцца ад вашага стану... хочаце, каб я вызваліў вас ад непрытомнасці, ухіліў... ухіліў прычыну. Правільна я зразумеў?

– Так.

Як нож гільяціны, упала гэтае слова.

– А вы ведаеце, што падобныя эксперыменты небяспечныя... для абаіх бакоў?..

– Так.

– Што закон мне гэта забараняе?

– Бываюць выпадкі, калі гэта не толькі не забаронена, але, наадварот, рэкамендуецца.

– Але для гэтага трэба заключэнне ўрача.

– Дык зрабіце гэтае заключэнне. Вы ж урач.

Ясна, цвёрда, не мігаючы, глядзелі на мяне яе вочы. Гэта быў загад, і я, маладушны чалавек, дрыжаў, уражаны дэманічнаю сілаю яе волі. Але я яшчэ курчыўся, не хацеў паказаць, што ўжо раздушаны. «Толькі не спяшацца! Як мага болей марудзіць! Вымусіць яе папрасіць», - нашэптвала мне нейкае няяснае жаданне.

– Гэта не заўсёды ва ўладзе ўрача. Але я гатовы... Параіцца з калегам у бальніцы...

– Не трэба мне вашага калегі... я прыйшла да вас.

– Дазвольце даведацца, чаму менавіта да мяне?

Яна холадна зірнула на мяне.

– Не бачу прычыны хаваць гэта ад вас. Вы жывяце наводшыбе, вы мяне не ведаеце, вы добры ўрач, і вы...
– яна ў першы раз запнулася, - відаць, нядоўга прабудзеце ў гэтай мясцовасці, асабліва калі... калі зможаце ўзяць з сабою дадому добрую суму грошай.

Мяне аж скаланула. Гэты сухі, як бы камерцыйны разлік ашаламіў мяне. Дагэтуль губы яе яшчэ не разамкнуліся для просьбы, але яна даўно ўжо ўсё падлічыла і спачатку высачыла мяне, як дзічыну, а потым пачала паляванне. Я адчуваў, як пранікае ў мяне яе дэманічная воля, але я супраціўляўся з усёю злосцю. Яшчэ раз прымусіў я сябе прыняць дзелавы, амаль іранічны тон.

Поделиться с друзьями: