Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Цвайг Штэфан

Шрифт:

Мусіць, я зрабіў нейкі рух, бо ён раптам запыніўся.

– Ах, вы пратэстуеце... разумею. Вы ў захапленні ад Індыі, ад храмаў і пальмаў, ад усёй рамантыкі двухмесячнага падарожжа. Так, тропікі поўныя чароўнасці, калі бачыць іх толькі з чыгуначнага вагона, з аўтамабіля, з каляскі рыкшы: я сам гэта зведаў, калі сем гадоў назад упершыню прыехаў сюды. Аб чым я толькі тады не марыў - я хацеў авалодаць мовамі і чытаць свяшчэнныя кнігі ў арыгінале, хацеў вывучаць мясцовыя хваробы, працаваць дзеля навукі, вывучаць псіхіку тубыльцаў - так завуць мясцовых жыхароў на эўрапейскім жаргоне, - стаць місіянерам чалавечнасці і цывілізацыі. Усім, хто сюды прыязджае, мроіцца адзін і той самы сон. Але за нябачным шклом гэтай аранжарэі чалавек траціць сілу, ліхаманка - ад яе нікуды не ўцячэш, колькі ні глытай хініну - падточвае нервы, робішся вялы і лянівы, друзлы, як медуза. У эўрапейца міжволі сціраецца яго маральнае аблічча, калі ён трапляе з вялікіх гарадоў у такую праклятую балоцістую глуш - рана ці позна гэта адчуе на сабе кожны; адны п'юць, другія кураць опіум, трэція звярэюць і пачынаюць лютаваць - так ці інакш, але сваю частку глупства атрымліваюць усе. Смуткуеш па Эўропе, марыш, каб калі-небудзь зноў прайсці па гарадской вуліцы, пасядзець у светлым пакоі цаглянага дома, сярод белых людзей; год за годам марыш аб гэтым, а настане час, калі можна б пайсці адпачыць, - ужо і не хочацца крануцца з месца. Ведаеш, што ўсімі забыты, што ты чужы, як марская ракавінка, на якую людзі наступаюць нагою. І застаешся, гразнеш у сваім балоце і гінеш у гарачых, вільготных лясах. Хай будзе пракляты той дзень, калі я прадаў сябе ў гэтую смярдзючую глухамань...

Між іншым, зрабіў я гэта не зусім добраахвотна. Я вучыўся ў Германіі, стаў урачом, нават добрым урачом, і працаваў у лейпцыгскай клініцы. У медыцынскіх часопісах таго часу шмат пісалі пра новую прышчэпку, якую я першы ўвёў у практыку. Тут я закахаўся ў адну жанчыну, з якою пазнаёміўся ў бальніцы; раней яна давяла свайго палюбоўніка да шаленства, і ён стрэліў у яе з рэвальвера; неўзабаве і я шалеў не горш за яго. У яе была прывычка паводзіць сябе з людзьмі пагардліва і холадна, і гэта літаральна зводзіла мяне з розуму - уладныя і дзёрзкія жанчыны заўсёды ўмелі прыбраць мяне да рук, а яна гэтак скруціла, што я зусім страціў галаву. Я рабіў усё, што яна хацела, я... ды што там, чаму мне не сказаць усяе праўды, бо прайшло ўжо восем гадоў... я залез дзеля яе ў бальнічную касу, і, калі гэта выплыла наверх, узнік скандал. Праўда, дзядзька пагасіў нястачу, але маёй кар'еры прыйшоў канец. І тут я даведаўся, што галандскі ўрад вярбуе ўрачоў у калоніі і забяспечвае іх пад'ёмнымі. Я адразу падумаў, што гэта, відаць, не райскае месцейка, калі прапануюць грошы наперад; я ведаў, што магільныя крыжы на гэтых расадніках малярыі растуць у тры разы хутчэй, чым у нас. Але калі чалавек малады, яму заўсёды здаецца, што хваробы і смерць пагражаюць каму хочаш, але толькі не яму. Ну, што ж, выбару ў мяне не было, я паехаў у Ратэрдам, падпісаў кантракт на дзесяць гадоў і атрымаў вялікі пачак банкнотаў. Палову я адаслаў дадому, дзядзьку, а другую вывудзіла ў мяне ў партовым квартале адна асоба, якая здолела абабраць мяне да ніткі толькі таму, што была вельмі ўжо падобная на тую праклятую кошку. Без грошай, без гадзінніка, без ілюзій пакідаў я Эўропу і не адчуваў асаблівага смутку, калі наш параход выбіраўся з гавані. А потым я сядзеў на палубе, як сядзіце вы, як сядзяць усе, я бачыў Паўднёвы Крыж і пальмы, сэрца млела ў грудзях. Ах, лясы, адзіноцтва, цішыня!
– марыў я. Ну, адзіноцтва я атрымаў-такі даволі. Мяне прызначылі не ў Батавію ці Сурабайю, у горад, дзе ёсць людзі, і клубы, і гольф, і кнігі, і газеты, а - зрэшты, назва не мае ніякага значэння - на адзін з глухіх пастоў, у двух днях язды ад бліжэйшага горада. Два-тры нудныя, высахлыя чыноўнікі, некалькі паўэўрапейцаў з тубыльцаў - гэта было ўсё маё акружэнне, а, акрамя таго, куды ні кінь вокам, толькі лес, плантацыі, зараснік і балоты.

Спачатку яшчэ было нішто сабе. Я шмат займаўся навуковымі назіраннямі. Аднаго разу, калі абярнулася машына, на якой віцэ-рэзідэнт рабіў інспекцыйнае падарожжа, і ён зламаў сабе нагу, я адзін, без памочнікаў, зрабіў яму аперацыю - пра гэта шмат тады гаварылі. Я збіраў яды і зброю тубыльцаў, займаўся мноствам іншай драбязы, каб толькі не апусціцца. Але ўсё гэта было магчыма толькі да таго часу, пакуль ва мне жыла прывезеная з Эўропы сіла; потым я завяў. Нямногія тут эўрапейцы надакучылі мне, я спыніў адносіны з імі, піў і аддаваўся марам. Мне заставалася ж усяго два гады, потым я мог выйсці на пенсію, вярнуцца ў Эўропу, зноў пачаць жыць. Уласна кажучы, я ўжо нічога не рабіў і толькі чакаў, ляжаў ціхенька і чакаў. І гэтак я тырчаў бы там і па сёння, каб не яна... каб не здарылася ўсё гэта...

Голас у змроку змоўк. І люлька болей не тлела. Стала так ціха, што я зноў пачуў плёскат вады, што пенілася пад носам парахода, і далёкі глухі стук машыны. Мне хацелася курыць, але я баяўся запаліць запалку, баяўся рэзкай успышкі агню і водсвету на яго твары. Ён усё маўчаў. Я не ведаў, ці скончыў ён, ці ён дрэмле, ці ён спіць, - такім мёртвым здалося мне яго маўчанне.

Раптам прагучаў адрывісты моцны ўдар звона: адна гадзіна. Ён страпянуўся, і я зноў пачуў звон чаркі. Відаць, яго рука вобмацкам шукала віскі. Стала чуваць, як ён глытае, потым раптам яго голас пачуўся зноў, на гэты раз ён гаварыў больш напружана, гарачэй.

– Так, дык вось... пачакайце... дык вось як яно было. Сяджу я там, у сваёй праклятай глушы, сяджу нерухома, як павук у павуціне, ужо не адзін месяц. Гэта было якраз пасля дажджоў. Тыдзень за тыднем дождж барабаніў па даху, ніводная душа не заглядвала да мяне, ніводзін эўрапеец; дзень пры дні сядзеў я дома са сваімі жаўтатварымі жанчынамі і сваім добрым віскі. Я тады быў у вельмі прыгнечаным стане, я быў проста хворы Эўропай: калі я чытаў у якім-небудзь рамане пра светлыя вуліцы і белых жанчын, у мяне пачыналі дрыжаць пальцы. Я не магу дакладна апісаць вам гэты стан; гэта своеасаблівая трапічная хвароба - лютая, ліхаманкавая і разам з тым бяссільная туга па радзіме, якая часам авалодвае чалавекам. Так я сядзеў тады, здаецца, з геаграфічным атласам у руках і марыў аб падарожжах. Раптам пачуўся трывожны стук у дзверы, і я ўбачыў свайго боя і жанчыну. Твары абаіх адлюстроўваюць надзвычайнае здзіўленне. Яны моцна размахваюць рукамі, вочы вытарашчаны - прыйшла нейкая дама, ледзі, белая жанчына.

Я ўсхопліваюся з месца. Я не чуў шуму экіпажа або аўтамабіля. Белая жанчына тут, у гэтай глухамані?

Я гатовы ўжо збегчы ўніз па лесвіцы, але раблю намаганне і застаюся на месцы. Гляджу мяльком у люстэрка, хуценька прыводжу сябе крыху ў парадак. Я нервуюся, адчуваю непакой, мяне мучыць нядобрае прадчуванне, бо я не ведаю нікога на свеце, хто па дружбе прыйшоў бы да мяне. Нарэшце я спускаюся ўніз.

У пярэднім пакоі чакае дама; яна паспешна ідзе мне насустрач, убачыўшы мяне. Густая дарожная вуаль закрывае яе твар. Я хачу прывітацца, але яна сама пачынае гаварыць.

– Добры дзень, доктар, - гаворыць яна плаўна па-ангельску. (Яе гаворка здаецца мне вельмі ўжо плаўнай і як бы наперад завучанай.) - Прабачце, што я ўрываюся да вас. Але мы былі якраз на станцыі, наш аўтамабіль застаўся там.
– «Чаму яна не пад'ехала да дома?» - маланкаю прамільгнула ў мяне ў галаве.
– І вось я ўспомніла, што вы жывяце тут. Я гэтак шмат чула пра вас, з віцэ-рэзідэнтам вы зрабілі проста цуд, яго нага выдатна загаілася, ён зноў ужо гуляе ў гольф. Так, так, у нас усе гавораць пра гэта, і мы ахвотна аддалі б нашага бурклівага ваеннага ўрача і абодвух другіх у дадатак, калі б вы пераехалі да нас. Наогул, чаму вас ніколі не відаць? Вы жывяце, быццам йог...

І гэтак яна сакоча бясконца, спяшаецца і не дае мне ўставіць ні слова. Штосьці нервовае і неспакойнае адчуваецца ў гэтай пустой балбатні, і я сам заражаюся непакоем наведніцы. Чаму яна так многа гаворыць, пытаюся я ў сябе, чаму не называе сябе? Чаму не знімае вуалі? Ліхаманка ў яе, ці што? Можа, яна хворая? Звар'яцела? Я ўсё мацней хвалююся, адчуваю сябе ў смешным становішчы, калі стаю вось так перад ёю пад невычэрпным патокам яе балбатні. Нарэшце яна на момант спыняецца, і я прашу яе наверх.

Яна робіць свайму бою знак застацца і першая падымаецца па лесвіцы.

– Як у вас хораша, - кажа яна, аглядваючы мой пакой.
– О, якія цудоўныя кнігі! Я хацела б іх усе прачытаць!
– Яна падыходзіць да паліцы і разглядвае назвы кніг. Упершыню з таго часу, як я выйшаў да яе, яна на хвіліну змаўкае.

– Дазвольце прапанаваць вам гарбату?
– пытаюся я. Яна, не паварочваючыся, працягвае разглядаць каранцы кніг.

– Не, дзякуй, доктар... нам трэба зараз жа ехаць далей... у мяне мала часу... гэта ж была проста прагулка... Ах, у вас ёсць і Флабер, ён мне так падабаецца... цудоўная, выдатная рэч яго «Education sentimentale»*... Я бачу, вы чытаеце і па-французску. Чаго толькі вы не ведаеце!.. Так, немцы... іх усяму вучаць у школе... Сапраўды, цудоўна - ведаць столькі моў!.. Віцэ-рэзідэнт марыць аб вас і ўвесь час паўтарае, што вы адзіны хірург, якому ён лёг бы пад нож... Наш стары доктар прыдатны толькі для гульні ў брыдж... Дарэчы, ведаеце (яна ўсё яшчэ гаворыць не паварочваючыся), сёння мне самой прыйшло ў галаву, што добра было б параіцца з вамі... а мы якраз праязджалі міма,. і я падумала... Ну, вы сёння, мусіць, заняты... я лепей прыеду другім разам.

* «Выхаванне пачуццяў» (фр.)

«Нарэшце ты раскрыла свае карты!» - адразу ж падумаў я. Але я і выгляду не падаў і запэўніў яе, што буду лічыць за гонар быць карысным ёй цяпер ці калі ёй захочацца.

– У мяне нічога сур'ёзнага, - сказала яна, напалову павярнуўшыся да мяне і ў той жа час перагортваючы кнігу, якую яна ўзяла з паліцы, - нічога сур'ёзнага, драбяза... жаноцкія справы... галавакружэнне, мленне. Сёння раніцаю, калі мы ехалі, на павароце мне раптам зрабілася дрэнна, я самлела, raide morte... бой вымушаны быў дапамагчы мне і прынесці вады... Ну, можа, шафёр занадта хутка ехаў... як вы думаеце, доктар?

– Вось так адразу цяжка вызначыць. Вы часта так млееце?

– Не... хоць, зрэшты, часта... апошнім часам, якраз самым апошнім часам... так... непрытомнасць і млосць.

Яна ўжо зноў павярнулася да кніжнай шафы, ставіць кніжку на месца, вымае другую і пачынае яе гартаць. Дзіўна, чаму гэта яна ўсё гартае... так нервова, чаму не падымае вачэй з-пад вуаля? Я наўмысна нічога не кажу. Мне хочацца прымусіць яе чакаць. Нарэшце яна зноў пачынае тонам бесклапотнай балбатні:

– Праўда, доктар, у гэтым няма нічога сур'ёзнага? Гэта ж не якая-небудзь небяспечная... трапічная хвароба?

Поделиться с друзьями: