Багаты кватарант
Шрифт:
Ган. Мне вельмі спадабалася ў вас. Пакойчык цудоўны. Людзі вы прыемныя…
Алена Яўгенаўна (задаволеная). А вы жылі калі-небудзь на кватэры? Ці толькі ў інтэрнаце?
Ган. Два разы наймаў пакоі ў чужых людзей.
Алена Яўгенаўна. Дык у вас вопыт! Бо ў сям'і, самі ведаеце, усялякае бывае… І крыкнеш, і пасварышся трохі…
Ган. Мне гэта не будзе замінаць.
Невялікая паўза.
Васіль Васільевіч (пакашляўшы). Ну, калі вам спадабалася, дык, з вашага дазволу, колькі б вы…
Наташа. З гэтага трэба пачынаць!
Васіль Васільевіч. Давайце, так сказаць, прыземлімся… Колькі?
Ган. Тое самае я хачу спытаць у вас. Справа ў тым, што я ўжо даўнавата жыву ў інтэрнаце і даволі цьмяна арыентуюся ў цяперашніх кватэрных цэнах. Ведаю, што залежыць ад метраў квадратных, ад раёна, ад таго, ці ёсць тэлефон, — але…
Наташа (перабівае). Пяцьдзесят!
Ган. Што пяцьдзесят?
Наташа. Даляраў, хлопчык, даляраў!
Алена Яўгенаўна (дакорліва). Дачушка!.. (Да Гана.) Можна трыццаць… Але калі і гэта многа, можна…
Рыгор. Нічога не многа. Пяцьдзесят «баксаў» за пакой — звычайная сума.
Ган. Я зразумеў. Мне так у вас тут спадабалася, што я гатовы заплаціць не пяцьдзесят, а… скажам, сто.
Паўза. Усе пераглядваюцца.
Наташа. Што… сто?
Ган (у тон ёй). Даляраў, дзяўчынка.
Наташа. У… месяц?
Ган. Кожны месяц па сто.
Невялікая паўза.
Рыгор (чухае патыліцу). Во студэнты пайшлі!
Алена Яўгенаўна (пачынае мітусіцца). Ой, а што ж мы сядзім? Гарбаты не п'ем? Ці, можа, кавы вам?
Ган. Можна і кавы.
Васіль Васільевіч выходзіць. Наташа не спускае з Гана вачэй. Рыгор заўважае гэта, круціцца.
Рыгор. Хоць што — сто даляраў, падумаўшы, не такія ўжо і грошы… Звычайны кошт… Пакой утульны, людзі інтэлігентныя… З тэлефонам…
Ган. А сапраўды, я ж забыў пра тэлефон! Праўда, сам я вельмі рэдка каму званю, і мне ніхто не звоніць… Але за тэлефон варта накінуць яшчэ пяцьдзесят.
Алена Яўгенаўна застывае, потым хутка пачынае разліваць у пяць кубкаў прыгатаваную каву. З'яўляецца Васіль Васільевіч, у касцюме, на хаду папраўляючы гальштук сядае за стол. Алена Яўгенаўна сядае паміж Ганам і Рыгорам.
Вось, за месяц уперад… Сто пяцьдзесят. (Дастае з кішэні пачак даляраў, адлічвае пятнаццаць дзесятак, кладзе на стол.)
Рыгор бярэ купюры, размінае кожную, перагінае, углядаецца, шамаціць каля вуха, шкрабе пазногцем.
Рыгор. Сапраўдныя…
Алена Яўгенаўна. Дай сюды! (Забірае, трымае ў руцэ, не ведаючы, ці так сядзець, ці ўстаць і пайсці гэтыя даляры некуды схаваць.)
Васіль Васільевіч. Так… Дзякую вам!.. Ага… Лена! Я хацеў сказаць… Можа, кавай тут не абыдзецца?
Ган (смяецца). Лэтс хэв э дрынк?
Усе па-падхалімску смяюцца, акрамя Наташы.
Рыгор. Ды я збегаю!
Ган. У мяне з сабою. Калі гаспадыня не будзе супраць…
Алена Яўгенаўна. Я? Не! Наадварот! Абавязкова трэба адзначыць… такое…
Ган дастае з сумкі пляшку гарэлкі.
Наташа!
Наташа слухаецца, устае, пачынае ставіць каля кожнага чаркі. Сама Алена Яўгенаўна таксама ўстае, выходзіць і хуценька вяртаецца — выходзіла хаваць грошы; сядае. Сядае і Наташа. Рыгор адкаркоўвае пляшку і налівае.
Ган (пакуль робіцца ўсё гэта). Яўгенія… прабачце…
Алена Яўгенаўна (гулліва). Алена Яўгенаўна!
Ган. Я, Алена Яўгенаўна, калі шчыра, стаміўся… Можна, я пасяджу трохі за кампанію і паеду? А ўжо заўтра перабяруся.
Алена Яўгенаўна. Вядома! Рабіце, як вам зручней!
Ган. Скарб у мяне небагаты — кнігі, рэчы… Дарэчы, пасцельная бялізна таксама свая, ручнікі — для ваннай і кухні, так што наконт гэтага не турбуйцеся. На кватэрах, я казаў ужо, жыў, ніхто не скардзіўся. Ванну за сабою мыю, міска-лыжка-кубак, як у таго салдата, свае і пры сабе, з пакоя без асаблівай прычыны вытыркацца не буду…
Алена Яўгенаўна. Ды што вы ўсё апраўдваецеся? Выходзьце на кухню, у ванную — калі ласка. Бачыце, якая тут кухня? У футбол можна гуляць.
Васіль Васільевіч (смеючыся; таксама хоча пагаварыць). Можа, нам, Лена, на кухню перайсці жыць, а другі пакой яшчэ каму здаваць? (Вінавата кашляе ад позірку жонкі.)
Рыгор. Доўга мы грэць будзем?
Выпіваюць усе, акрамя Наташы; яна толькі пакручвае ў пальцах чарачку і ставіць яе зноў на стол.
Алена Яўгенаўна (выдыхнуўшы, гонячы далоняй у рот паветра). Каб… ох… усё добра было, каб вам спадабалася тут!
Ган. А мне ўжо спадабалася.
Закусваюць.
Рыгор. Дык ты кажаш, пажыў па кватэрах? Чаму ж нідзе не прыжываўся?
Ган. Ды я ўсяго два разы і жыў на чужых кватэрах. У першай была цудоўная гаспадыня, брала мала, ветлівая такая, добрая, чырванела вечна… Баялася чамусьці мяне… І паважала. Удава. Паводзіла так сябе, быццам не я ў яе, а яна ў мяне ў кватарантках.