Багаты кватарант
Шрифт:
Наташа. Стаю ж. Ну?
Рыгор. Я заходзіў у вестыбюль інстытута, глядзеў расклад… У вас заняткі павінны былі скончыцца дзве гадзіны назад.
Наташа. «Уляпілі» два лішнія семінары.
Рыгор (бярэ яе за руку). Сядай, калі ласка, лавачка сухая. Нават нагрэтая…
Наташа сядае, Рыгор стаіць перад ёю.
Наташка, я не бачыў цябе ўжо два тыдні… Знарок не званіў, чакаючы, пакуль ты пазвоніш. А ты… Я ўжо забыў твой голас. І твару твайго не магу ўспомніць…
Наташа (пацепвае плячыма ад сырасці, рукі ў кішэнях куртачкі). Вось што, дарагі мой, давай раз і назаўсёды кінем гэтае сюсюканне. Ты — жанаты, у цябе сваё жыццё і… Карацей, больш ніякіх званкоў.
Рыгор. А калі б не быў жанаты?
Наташа. Тое самае было б.
Рыгор (пасміхаючыся нявесела, не гледзячы на яе, быццам сам сабе). Жанаты. І жанчын, як раней думаў, ведаю на пяць. Былі ў мяне… да жаніцьбы, будуць, відаць, і пасля… Ведаю, але ні чарта не разумею вас! Ну, ніяк! Вас немагчыма зразумець, як вось гэты слуп з ліхтаром не разумееш: стаіць, свеціць, а дзеля чаго — чорт яго разбярэ! Няўжо табе ўсё роўна, што чалавек чакаў цябе дзве гадзіны, чакаў толькі для таго, каб убачыць цябе, пачуць твой голас?! Няўжо табе непрыемна, раздражняе цябе, што цябе… кахаюць?!
Наташа. Ого! Першы раз чую.
Рыгор. Першы. Чуеш першы, але ты ведала гэта. Не магла не ведаць!
Невялікая паўза.
Ведала?
Наташа. Ведала.
Рыгор. Тады чаму ты не хочаш нават слухаць? Табе ж — паводле любой логікі — проста як жанчыне, як дзяўчыне гэта павінна быць цікава!
Наташа. Што?
Рыгор. Ну, ведаць, што цябе кахаюць. Слухаць пра гэта.
Наташа. Рыгор, блін, ты што, не бачыш? Я стамілася. Галодная. Да таго ж, калі шчыра, я напярод ведаю ўсе твае прызнанні.
Рыгор. Бажуся, гэта апошні раз. Пабудзь трошкі, выслухай, і я бажуся, што з гэтага дня перастану «даставаць» цябе, як ты кажаш!..
Наташа глыбока ўздыхае, паказваючы, што яна проста асуджана слухаць.
Наташка (іншым, мяккім голасам), я не веру табе. Хай — ты «крутая». Дзяўчынка. Намнога маладзейшая за мяне. Хай я не падабаюся табе. Але — паўтару — не можа табе не падабацца, што цябе кахаюць! Няважна, хто. Хай жанаты мужчына. Але гэты мужчына ні-чо-га ж ад цябе не просіць, не патрабуе! Толькі званка, толькі пары слоў — «прывітанне», «ну, як ты?», «бывай»… І ўсё! Яшчэ большае шчасце — убачыць цябе хоць раз на тыдзень, хоць паўгадзінкі пагаварыць з табою… Проста пачуць твой голас. Я ж не дабіваюся ад цябе пацалункаў, не дабіваюся нейкай прыхільнасці… Адкажы мне на адно-адзінае пытанне: няўжо хоць адной нармальнай дзяўчыне можа не падабацца, што яе кахаюць, нічога ад яе не патрабуючы?!
Паўза. Наташа маўчыць.
Добра. Тады я скажу, чаму ты не хочаш даць мне нават гэтае нішто…
Наташа. Рыгор, я проста не хачу нікому нічога даваць. Не хачу — і ўсё.
Рыгор (не слухае, бо хоча выгаварыцца). Ты шкадуеш мне нават гэтае нішто — бо хто я? У тваіх вачах? Няўдачнік. Афармоўца сталовых, бібліятэк, ДК і яшчэ чортведама якіх месцаў, - куды запросяць, дзе ўдасца перахапіць… Які ў вольны час нешта малюе для сябе — «мажа», — нешта абсурднае, авангарднае… Тады тырчыць днямі каля «Мастацкага салона» сярод дзесяткаў такіх, як сам, стараючыся спіхнуць гэтую «мазню» каму-небудзь… За два гады прадаў усяго тры карціны, і то за капейкі, - ты ж ведаеш, я расказваў. На фарбы, на багет больш пайшло, чым атрымаў. У прынцыпе, я жабрак…
Наташа. Дасталі вы сваім жабрацтвам. Я такое кожны вечар дома чую. Варушыцца трэба, дык жабракамі не будзеце!
Рыгор (не слухае). Выставаў сваіх не было, майстэрні няма і невядома калі будзе, сябры — выпускнікі таго ж тэатральна-мастацкага! — даўно ўжо маюць і майстэрні, і выстаўляюцца, і па замежжах ездзяць… А тут — практычна нуль. П'яніца плюс.
Наташа. Ды перастань ты сам сябе шкадаваць! Ніколі не шкадуй сам сябе пры жанчынах.
Рыгор (не слухае). Як палюбоўнік — не падыходжу, бо табе хочацца хваліцца перад сяброўкамі, табе трэба купляць падарункі, вадзіць у рэстараны, вазіць на іншамарцы; самому трэба адзявацца, каб табе са мною не сорамна было выйсці на людзі… Як жаніх? У прынцыпе можна было б. Магла б ты выйсці за чалавека, старэйшага за сябе, за беднага мастака?.. Магла б. Але ж жанаты! Зачарованае кола…
Невялікая паўза.
А помніш, Наташка (Рыгор ажыўляецца), ты неяк казала: разбагацей, развядзіся, згалі бараду, стань якімсьці лаўрэатам, звазі мяне ў Парыж — тады паглядзім? Помніш? Значыць…
Наташа. Ды нічога гэта не значыць. Не выдумляй. Усё ты цудоўна разумееш, сам толькі што распісаў. Правільна: ты не падыходзіш мне ні па адным пункце. (Глядзіць на гадзіннік.)
Рыгор (сядае побач). Наташа, мілая! Што ты кажаш? Калі я не магу быць жаніхом ці палюбоўнікам, дык я для цябе пустое месца?!
Невялікая паўза.
(Сур'ёзна, умольна.) Наташа, не праганяй мяне… Я працаваць не магу, мальберт закінуў, мне трэба хоць раз на тыдзень бачыцца з табою… Я ж, як і ўсе мы, мастакі, «шызануты» трохі, містык, веру ў Космас, у светлыя і цёмныя сілы… Мне здаецца, я набіраюся ад цябе нечага светлага, флюідаў добрай энергіі… Я не жартую. Я кахаю цябе не неяк там фізіялагічна, не сексуальна, а…
Наташа (ажыўляецца). Ого! Цікава.
Рыгор. Я плёў тут пра жанчын, да жаніцьбы, гэта няпраўда, не было ў мяне нікога… І жонку люблю — не здраджваў ёй, і не здраджу ніколі…
Наташа. Рыгор, Божа мілы! Што мне да тваіх праблем?! Любі каго хочаш і здраджвай з кім хочаш!
Рыгор. Ты не зразумела… Проста… Калі б, скажам, у цябе сапраўды быў палюбоўнік, і я ведаў бы, што ты спіш з ім — нічога не змянілася б!
Наташа. Ясна. Я патрэбная табе як муза, як крыніца «светлай энергіі» для творчасці. (Жартаўліва.) Ну, натхніўся, набраўся флюідаў? Цяпер марш за работу, да мальберта! (Устае.) Напішаш карціну, павязеш у Парыж на выставу, і я буду ганарыцца, што натхніла цябе. Я згодна быць тваёй Джакондаю. Шчасліва!
Рыгор (устае, усё хоча затрымаць яе). Хочаш, пройдземся пехам? Правяду цябе. Да вас магу зайсці, тым больш Васільевіча даўно не бачыў…
Наташа. Я паеду аўтобусам.
Рыгор. Два прыпынкі! А раней хадзіла толькі пехам і дазваляла сябе праводзіць.
Наташа. Тое раней было. Усё надакучвае. І часамі страшэнна хочацца пераменаў.
Рыгор (углядаецца ў яе, нібы пачынаючы штосьці разумець). Што гэта цябе так дамоў цягне?
Наташа. Рыгор, блін, ці ты перапіў учора, ці сёння не пахмяліўся! Чаго чалавеку хочацца дамоў?! Стамілася, вось і хочацца.