Багаты кватарант
Шрифт:
Невялікая паўза.
Рыгор. А можа, нешта там, дома, цябе чакае? Ці нехта?
Наташа. Можа, чакае.
Рыгор. Дарэчы, кватарант ваш як, жыве?
Наташа. Жыве.
Рыгор. Дык ты што, да яго ляціш?
Наташа. Можа, і да яго.
Рыгор (ашаломлена). Як жа я адразу… Ну, вядома… Сюрпрыз! Ну, вядома, малады… Багаты. Ён жа багаты?
Наташа. Багаты.
Цяпер Наташа не стрымліваецца, ёй хочацца хваліцца.
А хутка, можа, яшчэ багацейшы стане!
Рыгор. Гэта як? Якім чынам? Ці не збіраешся ты яго ўзбагаціць? Сабою… і кватэраю? У сэнсе, выйсці за яго.
Наташа (з'едліва, злосна). Чакай, ты ж не раўнівы! Ты ж любіш сваю жонку! Табе ж усё адно, з кім я буду спаць! Табе ж толькі «светлай энергіі» ад мяне набрацца!..
Рыгор (прапускаючы міма вушэй). Дык што значыць «хутка стане яшчэ багацейшы»?
Наташа (урачыста). А тое, што ён атрымае спадчыну! Усяго толькі.
Рыгор. Ад каго?! Ён жа вясковы? Ад сваёй бабкі карову?
Наташа. Ад свайго шведскага дзядзькі амерыканскія даляры.
Рыгор (рагоча, потым замаўкае). Ты… сур'ёзна?
Наташа. У Швецыі ў яго дзядзька. Родны. У іх з жонкаю няма дзяцей. І дзядзька падзяліў спадчыну. Алесь… ну, Ган, атрымае трэцюю частку, а дзве другія — пляменніцы дзядзькавай жонкі.
Рыгор ашаломлена глядзіць на яе, тады зноў пачынае рагатаць.
Рыгор (праз смех). Ну, студэнт!.. Серыялаў наглядзеўся… (Робіцца сур'ёзны.) Наташка, ды ты што? Як ты можаш верыць? Ты ж разумная дзяўчына! У цябе ж бацька з маці — разумныя людзі! Апамятайцеся!
Наташа. Чаму такое можа быць толькі ў серыялах? Толькі недзе, а не ў нас, не з намі, не з нашымі знаёмымі?
Рыгор. Добра. Дапусцім. Тады хай пацвердзіць! Калі на тое пайшло! Хай пісьмы якія пакажа, ці спадчынную. Дакуменцікі! Ён паказваў?
Наташа. Я яму і так веру. Чаму я табе павінна верыць, а не яму?
Рыгор. Бо я кахаю цябе і дабра табе хачу! (Задумваецца, пацірае скроні.) Гіпноз нейкі… Ачмурэнне цэлай сям'і… Але хай, добра! Хай дзядзька. Хай Швецыя. Сапраўды, грошы ж у яго аднекуль ёсць…
Невялікая паўза.
Дык тады ж яшчэ горш! Атрымоўваецца, ён купіў цябе. Даляры… «баксы»… шведскія кроны… Тут у каго хочаш галава паплыве, тут ужо не да Рыгора — няўдачніка-п'яніцы…
Наташа. Не, тут ужо не да Рыгора, сапраўды. (Задуменна, рамантычна.) Купіў… Дурань ты! Ты думаеш, я з-за грошай?..
Рыгор. Паміж вамі ўжо каханне?
Наташа (у тым жа рамантычна-летуценным тоне). Ведаеш, калі нават ён і хлусіць пра шведскага дзядзьку, затое як прыгожа хлусіць!.. Усё вакол такое пастылае, шэрае… І як часамі хочацца, каб знайшоўся чалавек і хоць бы схлусіў, але прыгожа… Схлусіў, што недзе ёсць зусім іншае жыццё…
Рыгор (стулены, прыгорблены, прыбіты яе словамі, але яшчэ мацуецца). Прыгожая мана… Іншае жыццё… Не, нашых людзей нішто ніколі нічому не навучыць! Нішто ніколі. Край няпужаных ідыётаў! Прыйшоў чалавек з вуліцы, не паспеў як след пазнаёміцца, навешаў маны на вушы… Прычым самай дзікай, неверагоднай!.. Усё правільна: чым больш неверагодна, фантастычна, экзатычна — тым хутчэй нашы людзі павераць. Калі б ён сказаў, што знайшоў на прыпынку партфель, набіты далярамі, ніхто не паверыў бы! А так — багаты дзядзька, шведскія старадаўнія палацы, спадчына, куфэркі, набітыя золатам і срэбрам… Хлусня, затое якая рамантычная!
Наташа. Рыгор, я хачу, каб гэта была наша апошняя размова. І сустрэча.
Рыгор. Ну, вядома! Гэта само сабою. Разбіваю такія мары… Гэтыя сустрэча і размова будуць апошнія. Толькі глядзі, не застанься пасля з разбітымі начоўкамі замест куфэркаў, набітых шведскімі кронамі.
Наташа (якая ўжо ішла, спыняецца). Каб ты раз назаўсёды зразумеў — грошы для мяне… (Дастае з кішэні прабіты аўтобусны талончык, кладзе на далонь і дзьмухае.) Тое самае, што вось гэты прабіты талончык. Варта мне толькі захацець, і я за пару дзён зараблю тысячы «баксаў»!
Рыгор няўцямна глядзіць на яе, яшчэ больш горбіцца, апускае галаву.
(Злосна смяецца.) Ты думаў, табе аднаму патрэбны мае «светлыя флюіды і энергія»? Запомні: ёсць людзі, якія дадуць мне ў любы час любую суму, у любой валюце! За што потым, вядома, давядзецца адрабляць.
Рыгор. Наташа…
Наташа. Гэта табе для інфармацыі. Каб не думаў, што грошы для мяне — усё. Гуд-бай!
Рыгор. Наташа! (Ірвецца ўслед, спыняецца, стаіць моўчкі, потым мармыча.) Напіцца б зараз… Проста «надрацца». Так, каб не чуць больш нічога, каб нічога і нікога не бачыць.
Карціна другая
Знаёмая кухня. Васіль Васільевіч, Алена Яўгенаўна і Ган п'юць гарбату.
Васіль Васільевіч (глядзіць на партрэт Наташы). Што гэта нашай яшчэ няма? Чатыры гадзіны хутка.
Алена Яўгенаўна. Ім два семінары лішнія паставілі. Яна званіла.
Ган. Прыгожы партрэт. Наташа на ім прыгожая.
Васіль Васільевіч. Мне таксама падабаецца. Асабліва падбародак удала выйшаў, і гэты вось нахіл галавы… Валасы таксама… Падобная!
Ган. Што за чалавек Рыгор? Тое, што таленавіты, дык несумненна. Хто ён вам?
Алена Яўгенаўна. А так — прычапіўся. У іхнім (ківае на мужа) інстытуце неяк афармляў кабінет, плакаты нейкія мазаў; пазнаёміўся з Васем, і гэты прывёў яго дамоў, да нас. Так і ходзіць ужо мо з паўгода. Кожны тыдзень, як закон. Неяк звыкліся — ходзіць, ну і ходзіць… Не праганяць жа.