Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Барвяны шчыт

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Яна вышэй лягла на падушках:

— Нібы падзяліўся мною і з тым, што быў, і з тымі, што будуць. А для мяне адзін той дзень і існаваў.

Івар абняў яе, але яна адсунулася:

— І ведаеш, мне дзіўна і страшна, што ты са мною. Не трэба гэтага было. Толькі той падманшчык-дзень. А потым, пасля кветак, гэты пакой.

— Зменім, — нязграбна сказаў ён.

— Не. Я пайду адсюль… раніцай, як прыйшла ўчора…

І, нібы дакараючы сябе, сказала:

— Вось так жа… нечакана. У адзін дзень.

Ён сказаў спакойна, але гэта было, як адчайдушнае маленне:

— У мяне быў дзень і яшчэ тысяча да яго.

Яна маўчала, і тады ён адчуў, што сэрцу не хапае паветра. Хвіліну ён ляжаў у такім глыбокім адчаі, што цьмянела ў вачах, а потым зразумеў — не розумам, ўсёй істотаю сваёй, — што гэта канец, што да яго ў рукі сапраўды ўпаў толькі адзін дзень, а за ім не будзе нічога. Што здарылася — ён не разумеў, але адчуваў, што гэта непапраўна. І таму, што ён не разумеў нічога і лічыў, што яна з-за капрызу адбірае ў яго жыццё, абраза і гнеў на гэтую недарэчнасць выціснулі прэч адчай.

— Як хочаш, — сціснуўшы зубы, сказаў ён. — А я лічыў, што гэты дзень — першы. Што ўва мне і ў табе раптам дзіўна сышлося ўсё, што было, што будзе.

Бачыў яе вочы, што суха блішчалі ў цемры. І раптам яна сказала:

— А можа, яно і лепей… Нават напэўна лепей. Так я хаця буду помніць гэта ўсё без расчаравання, з удзячнасцю, са шчасцем. Адзін дзень… Хіба мала? — абаперлася на локаць, уздыхнула. — Ну вось, дурная. Я ж усё гэта ведала. І заплакала толькі таму, што занадта добра ведала, і на хвіліну мне здалося, што гэта — страта, што чалавек нешта ў жыцці можа затрымаць.

— Слухай, ты што гаворыш?

— А што? — непаразумела спытала яна. — Ты ж ведаеш, я так і лічыла, што ўсё на адзін дзень… Мне толькі вось зараз на хвіліну стала сумна. Прабач… Нічога, зараз усё добра. Усё стала на ранейшыя месцы.

— І што, — спытаў ён, — гэта ўстойліва? Звыкла? Прыемна?

Толькі намаганнем волі ён прымушаў не дрыжаць свой голас.

— Але. Усе так жывуць, — сказала яна. — Сённяшнія звычаі, сённяшняя мода, сённяшнія кнігі…

— Гэта якія?

— Ты… "Братоў Стронгаў" чытаў?.. Ну вось… І іншыя з таго ж кола.

— Гэта аднадзёнкі, — сказаў ён. — Зразумей.

Размова пачынала цікавіць яго. Ён сапраўды ўспомніў, што заўсёды бачыў у яе руках амаль толькі такія кнігі. Крыўда ўсё яшчэ жыла, расла ў ім; жанчына гаварыла спакойным, амаль радасным голасам, быццам вызвалілася ад наслання. Ён помніў, што раней ён не быў так ужо занадта патрэбен ёй.

Відаць, і сапраўды акіян кветак зрабіў сваю справу. Штурхнуў яе да таго, хто быў побач. Адчула на хвіліну цеплыню да яго, убачыла сокала ў небе, а потым вызвалілася сваім звычаем.

Ён быў першы ў яе. І таму яна, адчуваючы, што канец, што вяртаецца да звычайнага шэрага дзён, што прайшоў той, адзіны ў жыцці дзень, якога ўжо не будзе, трохі паплакала. А там і забудзе. І нічога не зробіш.

А ён не мог без яе. І толькі гонар стрымліваў яго, не дазваляў зрабіць нешта абразлівае для сябе. Але ён задыхаўся ад гора.

— Гм, аднадзёнкі, — сказала яна. — І што? Таму і добра. Іншых і чытаць не трэба, бо адказваюць на ўчарашні дзень.

— Заўтра іх забудуць, — сказаў ён.

— Будуць новыя.

Гнеў пачынаў сляпіць.

— Ты нядаўна чытала Дос Пасаса, — сказаў Івар. — Ён — гэта "ўчора".

— Я толькі што дастала, — усміхнулася яна. — Для мяне — "сёння".

— А каб ты Шэкспіра толькі што дастала?

Яна, відаць, адчувала сябе азадачанай.

— Лухта, — сказала яна ўрэшце. — Вы, мужчыны, абрыдліва лагічныя. А мы жывём гэтым днём.

— Вы?

— Ну, я. І дарэмна я так забылася, што дала гэтаму чужому адчаю авалодаць сабой. Уначы ўсё перабольшваеш.

Ён амаль ненавідзеў яе ў гэту хвіліну.

— І ты можаш так жыць?

— Я заўсёды жыла так. Такія, як ты, — захопнікі. А такія, як я… Як у вас завуць тых матылёў, што жывуць адзін дзень?

— Аўсянікамі.

— Непрыгожа… Эфемерыда — лепей. Я — эфемерыда. Мне страшна, калі я ўяўляю ўсе вякі, што былі, і ўсе, што будуць… А ты клічаш мяне туды… А мне добра з маім таршэрам. Я не хачу, каб побач з ім…

— Што?

— Не хачу пампейскага свяцільніка і атамнай лямпы, якую калі-небудзь вынайдуць. Не хачу.

Ён сеў і закурыў.

— Што ж, — з сумнай усмешкай сказаў ён. — Сапраўды, нельга жыць ні ў якім дні, акрамя як у "сёння". Пра-а-авільна па форме. А па сутнасці гэта чорт ведае што. Здзек.

— Такія жанчыны.

— Мана! Мана! Як жа тады думаць аб дзецях?

— І яны будуць "сёння". І наогул, не хачу. Адразу, паслухайся цябе, папаўзуць бог ведае якія прывіды: "будучыя пакаленні", "святое мінулае", "праца для ўсяго гэтага", "вярніся да роднай зямлі". За гэта не плацяць! Нікому гэтага не трэба!

— Ясна, — сказаў Івар. — Я аднаго такога белетрыста ведаю. Ніжэй сярэдняй рукі. У яго таршэр… А паколькі… хто яго ведае, што ў сённяшнім мастацтве добра, а што дрэнна, які мастак выйдзе ў вялікія, а які не, то ў яго на сценах карціны Клевера… Пастаўшчыка двара яго імператарскай вялікасці… У кнігах ён, мабыць, не за імператара, а што на справе? Мяшчанота!

Спрэчка перайшла ў варожасць. Раніцаю Івара накіравалі ў Салотчу і далей. Ён ездзіў і ездзіў, імкнучыся забыць пра той прыкры выпадак. І не мог.

…І вось яны сядзелі на адхоне, а перад імі былі вільготныя паплавы, на якіх згасала вясёлка. Свяцілася толькі ля самай зямлі, як рознакаляровае вогнішча.

— Заўтра я еду, — сказаў ён другі сказ за ўсе гэтыя гадзіны.

— Куды? У заўтра?

"Лухта. Няўжо яна нарываецца на спрэчку?"

Івар скоса зірнуў на яе. Ніка глядзела на яго быццам са здзіўленнем, бо бровы няроўна прыўзнятыя. А можа, гэта іронія?

— У заўтра. Што перадаць?

— У мяне сваё заўтра, — здрыгануліся яе вусны. — Без гасцінцаў роднай Беларусі, без фатоннай ракеты і без мастака з Галынічаў. Майму "заўтра" не будзе справы да гэтай фікцыі.

Поделиться с друзьями: