Барвяны шчыт
Шрифт:
І Калаўрат гнаўся за Батыгай і сек ягоных нукераў так, што разжарваліся мячы… Разань манголы ўзялі толькі таму, што, перамогшы Кітай, узялі адтуль "парокі", сценабітныя машыны.
"Парокі" яны ўжылі і супраць маленькай раці жывых. І забілі.
І Батыга глядзеў на людзей, расціснутых пудовымі камяніскамі, з жахам і зайздрасцю:
"Былі б у мяне такія — трымаў бы іх супраць свайго сэрца".
Івар адчуваў, што ён быў бы бедны і слабы, — сляпое кацяня, забытае ў траве! — каб не жыў у ягоных жылах, разам з запалам сённяшняга змагання, дзень пагібелі Разані і, яшчэ больш, дзень Крутагор'я, у які яго, Івара, браты-беларусы ўратавалі ад татар славянскую і неславянскую поўнач.
І Цяпінскі, і Вячка, і Міхал Крычаўскі — усе яны былі ў ім. А ён быў — усе тыя людзі, што будуць. Усе.
Але што было да гэтага жанчыне, якая з неахвотай, толькі таму, што рабіць не было чаго, пайшла за ім на гэтую "экскурсію".
…Быў агонь… Быў потым жар… Цяпер нічога… Кратэр месяца.
Блакітныя радкі паабапал сцежкі — ён прыгнуўся, каб паглядзець, — аказаліся бульбай.
— Падсобныя гаспадаркі служачых, — сказаў Толік. — Нічыя зямля. Год як узаралі.
У бульбе сям-там нешта бялела, цьмяна і невыразна. Івар зрабіў некалькі крокаў па барознах і схіліўся.
— Што там? — спытала Ніка.
— Цэўка, — дзіўным (такога яна яшчэ не чула ў яго) голасам адказаў Івар. — Чалавечая.
Гэта была, сапраўды, галёначная косць. Івар асцярожна выйшаў да сцежкі… Ішлі доўгі час моўчкі.
— Чорт ведае што, — голас Івара сарваўся. — Што яны сабе думалі… служачыя?
Невымоўная пагарда прагучала ў яго тоне:
— Нельга такога… Не-льга… Першыя ж загінулі з усіх… Не ўваскрэслі… Горад лёг і не ўстаў… Бульба… Зямлі ім, падлам, мала, каб яны яе елі, зямлю тую, каб яны…
— Праўда, — сказаў Толік. — Непрыгожа. На могілках гарод развялі.
— Подла. Гэта ж суцэльныя могілкі. Тут невядома, дзе зямля, а дзе прах. Дык паважайце ж вы такую зямлю, гады. Не варушыце. Хай спяць…
Ён ніяк не мог супакоіцца і, нібы плуг жывых людзей, а не косці, вывальваў з зямлі, абурана кідаў словы.
— А каб яны бачылі, што гэты іхні мёртвы кратэр… не ўсё яшчэ на зямлі — помнік ім, няхай нават звычайны, з бетону… Тут — можна, бо яны ж бетону не бачылі.
— Дзяцей трэба сюды вадзіць, — змрочна і нібы засаромлена сказаў Толік.
Лапік бульбы скончыўся. Вакол стаяла блакітная нечапаная трава. Вышэй каленяў.
— Ты, хлопец, сакратара паведамі, — сказаў Толік.
— Пайду, — сказаў Івар. — Не паеду раніцай. Пайду.
— Абавязкова схадзі… Івар, — раптам вельмі ціха сказала яна.
На траве стала лягчэй дыхаць. Магчыма, таму, што дзірван надзейны хутаў тое, белае, шчодра рассыпанае ў бульбянішчы.
Івар некалькі хвілін ішоў моўчкі. Потым сэнс слоў дзяўчыны дайшоў да яго, і ён здзіўлена пакасіўся. Не, ідзе спакойна. "Таксама мне яшчэ дбайніца".
Падышлі ўрэшце да ўнутранага ўхіла валоў.
— А невысокія, — сказала раптам Ніка.
Яны падняліся на вал і раптам застылі. Пад нагамі была бездань. Злізаны часам, сточаны, вал усё ж зрываўся ўніз такой страшнай, асабліва ўпрыцемку, прорвай, што халаднела ў нагах. І ў сінім сутонні направа і налева, да самага далягляду, ішоў усё той жа страшэнны, мёртвы, бязлюдны яр.
Толькі тут ахапіла іхнія сэрцы тое, што знікла. І яны ўсвядомілі душою магутнасць працы тых, што ўсе паляглі тут, і веліч горада, які загінуў бясследна, так і не адрадзіўшыся.
Яны сядзелі моўчкі доўга-доўга, а яр падаў з-пад ног, нібы хацеў агаліць сэрца зямное, ішоў у абодва бакі, нібы хацеў абняць зямлю.
У кратэры сям-там пачыналі ўставаць слупы цёплага туману. Варушыліся.
— Бачыце той, самы высокі, — сказаў Івар. — Недзе там, на княжай палове, стаяў церам. Калі малады князь паехаў паслом у арду і яго там зарэзалі — Еўпраксея, жонка ягоная, узышла на вышкі церама і з дзіцём кінулася адтуль. Ведала, не абароняць.
Слуп стаяў і чэзнуў паступова. Відаць, патокі паветра зганялі туманы.
— Дзіўнае месца, — сказала яна. — Такі нечаканы сум. Уладны. Дзе-небудзь ёсць яшчэ такое?
— У нас ёсць, — сказаў Івар. — Друцк.
— Цікава, — сказаў Толік. — Што, усё гэтае — можа быць, каб так і знікла? Каханне такое. Засталося ці не?
— Засталося, — сказаў Івар. — У людзях.
Нейкае няпэўнае святло зараджалася за ярам, за пустым полем на другім баку. Яно было бязмежнае, тое поле. Бязмежнае і пустое і трывожнае сяйва паступова залівала яго, нібы там, за даляглядам, налівалася зарыва.
Ніка сцепанулася, можа, ад лёгкай жуды, можа, ад холаду.
І тады Івар дастаў свае "князеўскія" прыпасы.
— Вып'ем атруты? — сказаў ён. — Справім трызну, Толя?
— Самая атрута, — сказаў марак. — А і вып'ем. Такое ўбачыць, ды не выпіць.
— Вып'ем, — сказаў Івар. — За гэты народ, што там…
Марачок выпіў з крышкі тэрмаса і скарынкай падчапіў салакі.
— Бедны народ, — сказаў ён. — Збожжа сеялі — мякінку елі. Ездзіў на іх, відаць, хто хацеў. І шкада, што ездзілі. Бо вось ляжаць жа… Ён, народ гэты… у-у!..
Пакруціў галавою, бо слоў больш не было.
Сяйва яснела, ператвараючыся ў барву.
— За старога князя, — сказаў Івар. — Які ён ні быў, а лёг… І за Фёдара, што засяклі ў ардзе.
— І за ўнука, што… з маці, — шэптам сказала дзяўчына.
— Імя ж яго — не вем.
Івар выпіў. Трох чалавек маўчалі.
— Ведаеце што, — сказаў Толік. — Вы хвілін трыццаць можаце пачакаць?
— А што? — спытаў Івар.
— Я ў Шатры, да кума. Гэта дзесяць хвілін. Хачу на заўтра запрасіць.
І з гонарам дадаў:
— Сыну два месяцы.
— Добра, — сказаў Івар. — Канечне, трэба сказаць.
Толік пайшоў зрэзам вала, спусціўся ў катлавіну, знік з вачэй.
— Моцны, — сказала яна. — Расце сабе сярод гэтых руін, карэннямі камень ламае.
Ён змаўчаў. Не ягоная гэта была справа.
Яснела, гразнела зарыва. І скора стала зразумела, адкуль яно. Над бязмежным полем, адтуль, з-за яго абшару, выкаціўся вялізны, як шчыт, барвяны месяц. Барвяны, як рана, трывожны, як невядомая пагроза, ён усплываў з татарскага боку і асвятляў поле, глядзеў няўмольна на вал, на людзей, на зямлю.