Барвяны шчыт
Шрифт:
— Добра, — сказаў ён. — Давай тады на развітанне з'ездзім ва "ўчора".
— Вельмі мне тое прыемна, — сказала яна.
— У будучыню не магу, — падаў ён руку, — а ў былое давай… Уставай.
— Што ж, падзецца ўсё адно няма куды. Давай тады паедзем.
Берагамі, зарослымі купамі дрэў, яны ішлі нядоўга. Пачаўся звівісты спуск уніз, да рукава Акі. З кожнай павароткай усё новыя і новыя, зялёныя, чароўныя краявіды ўставалі перад імі… А потым за адной павароткай адкрыўся вачам зялёны домік з дошак. Над ім клубіліся, як мірныя выбухі, пышныя зялёныя дрэвы.
— Гарадская станцыя чаўноў, — з сухой усмешкай сказаў ён.
— Гэта тваё "ўчора"?
Івару здавалася дзіўным, што некаторыя людзі так любяць мучыць другіх, але што зробіш. Трэба трымацца, як індзеец падчас катаванняў: рабіць выгляд, што табе робяць манікюр.
— Калі меркаваць па яе лодачных маторах, дык гэта "дзесяць год назад".
…Хлопец у цяльняшцы звалок да металічнага чоўна пераносны матор, усталяваў яго і, ні пра што не пытаючыся, торгаў за ланцужок бітых дзесяць хвілін, намагаючыся завесці сваю "канструкцыю". У яго было суровае аблічча, бо ён адчуваў свой абавязак. А на беразе па костачку ў пяску стаяла басаногая маладая жанчына ў штапельнай сіненькай сукенцы, зграбненькая, жоўтагаловая, як лотаць, і казала свайму марачку:
— Ты там босы не хадзі.Там тыя падсобныя чэрці накідалі дроту.
— Не пайду, — хмурыў белыя бровы марачок.
Жанчыне было шкада, што вось едзе мужык супраць ночы.
— Ты і не пад'еў, — сказала яна. — Табе з тваім… са здароўем.
— Ды што ты, Маша, — саромеўся марачок.
І адначасова касіўся на пасажыраў, нібы запрашаў іх у сведкі: вось, маўляў, баба. І непрыемна гэта, канечне, але што зробіш, баба яна баба, і лепей не супярэчыць.
— І ў Шатры не хадзі, Толік. Ну яго, кума, да д'ябла.
— Ну яго, — згадзіўся Толік.
— І правільна. — Жанчына, здаецца, прымушала сябе верыць, што яе Толік не пойдзе ў нейкія там Шатры. — А то гэты кум — толькі б яму гарэлка.
Калі белыя шлейфы пены закіпелі за кармою чоўна і постаць жанчыны на беразе стала маленькай, Івар спытаў:
— Жонка?
— Але, — сказаў марачок. — Год як жанатыя. Як з флоту прыйшоў.
— Балтыец?
— Чорнае, — сказаў марачок. — Вось тут і ўладкаваўся… бліжэй да вады.
— Дрыжыць яна за цябе.
— Баба, — прыемна пачырванеў марачок.
— А сам спаскі?
— Спрадвеку.
— Што гэта яна аб тваім здароўі так?
— Я застуджаны. Шлюпку нашу перакуліла, у лютым. Мілю праплыць аднаму лухта, а ўдвух — цяжкавата.
— З кім жа ты ўдвух плыў?
— З шатроўскім кумам. Яму ключыцу перабіла.
Абое зірнулі на марачка з некаторым здзіўленнем. Але ён глядзеў на сонца, што сядала ў люстра Акі, і быў абыякавы.
— Што за Шатры? — спытала Ніка.
— Вёска такая ля Старой Разані. Там шатры стаялі… гэтага… ну…
Батыя? — спытаў Івар.
— Во-во, Батыгі, — сказаў марачок, ужыўшы менавіта тое імя, якім звалі Батыя жыхары гэтага наваколля восемсот год таму.
Ніка, відаць, таксама ведала гэта, бо яе бровы трывожна ўскінуліся.
Івар пасадзіў Ніку далей ад носа, каб не накідвала пырскамі, скінуў з пляча спартыўную сумку і, дастаўшы з яе сваю куртку для дарогі, накінуў на вузкія плечы дзяўчыны.
— Сядзі, — сказаў ён.
Калі ён хацеў паставіць сумку ў нос — у ёй нешта звякнула. Паглядзеў — бутэлька гарэлкі, хлеб і бляшанка салакі ў масле. Успомніў, што хацеў пасядзець з аб'ездчыкам у Князеве, але той хату замкнуў, а сам паехаў у Разань. І ён, Івар, паставіў "скарб" у сумку і забыўся.
— Нібы на пікнік едзем, — сказаў ён.
— Які пікнік без гарэлкі, — сказаў марачок і філасофскі дадаў: — Скажу я вам, і не трэба. Самая гэта атрута.
Ветрык абвяваў твары, таму што човен аж ляцеў па імкліваму шклу вады. Сонца ўжо села. Нехта разліў на цэлай палове неба журавінавы сок. І ад гэтага здавалася, што Ака поўная не вадою, а крывёй.
— Было, — уздыхнуў Толік, нібы ў адказ думкам Івара.
І зноў Івар убачыў трывожныя вочы Нікі.
Яны выйшлі на шырокі абшар Акі. З захаду насоўвалася ноч. Высокі бераг, да якога яны плылі, быў цьмяна-крывавы, але згасаў на вачах, нібы зямля ўсмоктвала чырвань. У ярах берага ляжалі ўжо грыфельна-блакітныя цені.
— Івар! — сказала Ніка.
— Што?
— Не, нічога.
Нешта цямнела пад ярам. Проста закінутая царква. Яе не было ў той час, як прыходзіў Батыга. Значна пазней узвялі яе людзі, і не на самым месцы спаленага горада, а за валам, нібы баяліся старога месца, прымхліва думалі, што яно праклятае на векі вечныя. І пабудавалі тут, і нічога добрага з гэтай выдумкі не атрымалася. Пабудова як быццам засохла ў засені крывавых валоў: асінка пад іржавай скалой.
А над руінай уздымалася нібы вялізнае плато, вышэй за ўсе астатнія адхоны і стромы. Яно ляжала такое змрочнае, што веі Нікі здрыгануліся, нібы яна ўбачыла здань.
Дзень ужо згас, калі яны падняліся на крутаяр, не заўважыўшы вышыні вала, бо ён быў тут проста прадаўжэннем берага. Глянулі з вышыні на залаціста-сінюю раку. Рака спакойна прымала ў свае віры ноч.
…Перад імі ляжала нешта вялізнае, увагнутае, блакітнае і пустое, недзе далёка па акаёму акрэсленае цёмнымі, невысокімі, здавалася, валамі.
Яны спусціліся ўніз і апынуліся раптам у такім глухім маўчанні, што стаяла ніякава.
Уся гэтая катлавіна з яе бязмежнасцю і цішынёй, з блакітнымі ценямі і бязлюдствам нагадвала месячны кратэр.
Акрамя каменных і таксама нядаўніх слупоў і абваленых арак на адхоне — як сягае вока — нічога: ані каменя, ані руіны, ані дрэва. Нічога.
Цьмянела. На ультрамарынавым небе заварушылася нованароджаная зорка. А людзі ішлі ўсё далей ад Акі, да процілеглага краю мёртвага кратэра.
Падала ранняя раса, халадзіла ногі. Паабапал сцежкі цягнуліся рады чагосьці блакітнага. А Івар ішоў наперад, перад чужым хлопцам і не менш чужой цяпер жанчынай, і нешта сумна і гаротна сціскала ягонае сэрца.
Быў вялікі горад. І вось аднойчы падступіла пад яго забрала арда чужых людзей, якія жылі разбоем, як вялікія рыжыя мурашкі, і якіх ніхто не чакаў. Імчалі намётам, і была іх такая процьма, што нават людзі на вежах з жахам і гідлівасцю пачулі чужы пах. Пахла потам нямытых ад нараджэння цел і барановым лоем.
— Кху! Кху! Кху! — ляцеў з-пад частаколаў крык крумкача.
Яны знішчылі горад. Да апошняга бервяна. Апошнія абаронцы з малай дружыны Еўпація Калаўрата прыйшлі на папялішча і скамянелі ад гора. Колькі разоў потым даводзілася мужчынам славянскай зямлі стаяць на котлішчы і не ведаць, чый попел нясе унь той смерч?! Можа, попел збожжа, спаленага ў засеках, а можа, і попел сына?!