Чтение онлайн

ЖАНРЫ

БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ

Касяк Іван

Шрифт:

Апрача Крывіцкага племя ў склад нашага народу ўвайшлі: Дрыгвічы, Радзімічы, Вяцічы, Севяране і Дзераўляне.

Дрыгвічы аселі між Прыпяцьцю і Заходняй Дзьвіною і так называліся дзеля таго, што жылі сярод балот і дрыгвы. Радзімічы аселі пры рацэ Сож. Вяцічы жылі пры верхняй Ацэ, а Севяране займалі дарэчча Дзісны, Сулы і Сзйну. Назовы Радзімічы і Вяцічы быццам паўсталі ад імён першых аснавальнікаў гэтых плямён, што там пасяліліся. Назоў Севяранаў стварылі быццам паўдзённыя плямёны, ад якіх гэта племя пасялілася на поўнач, ці, інакш кажучы, на север. Дзераўляне жылі на поўдзень ад ракі Прыпяці і называліся гэтак дзеля таго, што жылі сярод лясоў, сярод дзераваў.

Пазьней у беларускі народ уліліся балцкія плямёны: Яцьвягі, што жылі між Нёманам і Бугам, і Голядзь — расьселяная на ўсходзе.

З гэтае прычыны, а таксама і дзеля таго, што раней жывучы беларускія плямёны лучыліся з плямёнамі балцкімі, а таксама і на іншых асновах, як прыкладам народнае арнамэнтыкі, вучоныя даводзяць, што расава беларусы паўсталі з зьліцьця часьці славянаў і балтаў. Характарызуючы беларуса, кажуць, што ён кемны, быстры, хутка арыентуецца, вельмі здольны да вышэйшых перажыванняў духовых, лёгка праймаецца абстрактнымі ідэямі, лёгка захапляецца паэзіяй і мастацтвам, ды наагул даволі пачуцьцёвы і не матэрыялісты. З другога боку, натура беларуса глыбокая, трывалкая, узьдзержлівая. Ён станаўкі, упорысты, вельмі адпорны на ўсякі націск, даволі скрыты і нялёгка праяўляецца. Беларус ня ўспыхвае і ня выбухае, нат ня борзда загараецца, але, угарэўшыся, гарыць доўга, гарыць унутры нават тады, калі знадворку здаецца згаслым. На вайне беларус спакойны і адважны.

Мова беларуская, хаця беларускі народ паўстаў з зьліцьця балцкіх і славянскіх плямёнаў, належыць да радзімы моваў славянскіх. Выдзялялася яна, падобна як і іншыя славянскія мовы, з праславянскае мовы не пазьней як у VI стагодзьдзі. Мова беларуская ёсьць зусім апрычонай, самастойнай і незалежнай мовай ад іншых славянскіх моваў, прыкладам расейскай, польскай, украінскай. Яна багатая, сьпеўная і прыгожая мова. Беларуская мова вельмі падаецца да паэзіі і песьні.

У той час, калі расьсяляліся славянскія народы, на захадзе Эўропы праяўляла вялікую актыўнасьць нямецкае племя Готаў. Готы заснавалі аж колькі гаспадарстваў: Остгоцкае ў Італіі, Франкскае — у межах цяперашняй Францыі, Англа-Саскае — у цяперашняй Ангельшчыне і пасьля Нямецкае. Беларусы з гэтым племем таксама саткнуліся, бо Готы шырака займаліся гандлем і праз Беларусь даяжджалі водным шляхам Дзьвіны і Волгі да Хазарскага і Баўгарскага гаспадарстваў, што былі ў паўдзённа-ўсходняй Эўропе. Гоцкія купцы ня толькі займаліся гандлем, але адначасна, дзе маглі, заваёўвалі сабе краі і засноўвалі дзяржавы. I яны нейкі час панавалі на Беларусі, але пасьля з няведамых прычынаў зьніклі. Для абмену таварам з Хазарскім і Баўгарскім гаспадарствамі прыяжджалі на Беларусь у VIII— IX ст. з Скандынавіі Варагі ці, як іх звалі, Нарманы, або Русы.

IV

Дзяржаўна-палітычная арганізацыя беларускага народу.— Утварэньне беларускіх княстваў.— Галоўныя цэнтры: Полацк, Смаленск, Тураў, Чарнігаў.— Дзяржаўны лад: князь, дружына, веча.— Грамадзкі лад: земскія баяры, гараджане, сяляне, рабы.— Сямья, заняткі, вырабы.— Прадметы ўвозу і вывазу.— Гандлёвыя сувязі з арабамі, баўгарамі, грэкамі, хазарамі і варагамі.— Гандлёвыя шляхі.— Вялікі шлях з «Вараг у .Грэкі».— Дзяржава Рурыкавічаў.

Варагі, якія былі паўночнымі суседзямі славян, падобна як і готы займаліся ня толькі гандлем, але і заваёўваньнем славянскіх краін і засноўваньнем дзяржаваў. Заваяваўшы якую-небудзь краіну, яны прымушалі яе плаціць ім дань.

Паўдзённа-ўсходнія землі Эўропы на зьмену займалі розныя вандроўныя народы: спачатку кімэрыйцы, скіфы, сарматы, а пазьней аляны, готы, гуны, баўгары, авары, торскія плямёны, хазары. У канцы X ст. узьбярэжжам Азоўскага мора і Крымскім паўвостравам валодалі Хазары, якія нападалі на беларускія паўдзённыя плямёны севяран, вяцічаў і нават радзімічаў, ды прымушалі іх плаціць ім дань.

Але адначасна хазары ўсё-ж адыгралі для славянскіх народаў і дадатнюю ролю, бо яны стрымлівалі націск азіяцкіх народаў і давалі магчымасьць славянскім каляністам калянізаваць узьбярэжжа Чорнага і Азоўскага мора. Так, прыкладам, на Таманскім паўвостраве паўстала славянская калёнія Тмутаракань. Калі хазарскае гаспадарства заняпадала, на яго месца ўваходзілі печанегі — азіяцкі народ, а пасьля камскія баўгары, якія некаторы час шырока разгортвалі свае валоданьні ў паўдзённа-ўсходняй Эўропе, аж пакуль не стварыўся Кіеўскі цэнтр і паступова ня выціснуў іх адтуль.

Вось-жа націск варагаў і хазараў прычыніўся да таго, што розныя славянскія плямёны пачалі аб'ядноўвацца, каб бараніцца ад іх, і на прынцыпе супольнае абароны і добрага суседзтва паўставалі палітычныя і эканамічныя цэнтры. Найбольш дужыя цэнтры паўсталі на зямлі крывічоў. Імі былі: Полацк, Смаленск і Пскоў, пры чым першыя два абыймалі часткава радзімічаў і дрыгвічоў. На зямлі дрыгвічоў паўсталі Турава-Пінскі і Гарадзенскі цэнтры. На тэрыторыі севяранаў паўсталі Чарнігаўскі і Ноўгарад-Северскі цэнтры, абняўшыя вяцічаў і часткава радзімічаў.

Полацкі цэнтр ахопліваў значную тэрыторыю, раскінутую ў вадазборы верхняй, сярэдняй і заходняй Дзьвіны і часткава ў вадазборы Дняпра. На гэтай тэрыторыі вырасьлі буйныя гарадзкія асяродкі: Полацк, Віцебск, Менск, Лукомль, Заслаўе, Друцк, Капыль, Барысаў, Гарадзец ды інш. Тэрыторыя Смаленскага цэнтру была раскінута на верхавінах Волгі, Заходняй Дзьвіны і Дняпра. Апрача Смаленску, крыху пазьней, узьніклі там гарады: Дарагабуж, Тарапец, Мажайск, Клін, Вязьма. Турава-Пінская краіна займала Прыпяць з яе правымі і левымі прытокамі. Апрача Турава, з цягам часу, зьявіліся там гарады: Пінск, Мазыр, Слуцк, Рэчыца, Рагачоў ды другія.

Цэнтры гэныя праявіліся ў форме княстваў. На чале княства стаяў князь, які адначасна быў камандзірам сталага войска, званага княскай дружынай, у склад якое ўваходзілі ахвотнікі да ваеннае службы і чужапляменныя нанятыя аддзелы. Апрача таго, на выпадак патрэбы да службы ў княскай дружыне заклікалася здольнае да нашэньня зброі жыхарства. Галоўную, аднак, уладу у княсьцьве мела веча, ці, інакш кажучы, народныя сходы. Да ўдзелу ў вечах мела права ўсё вольнае жыхарства княства. Вечавыя сходы адбываліся ў гарадох тады, калі была патрэба. Веча выбірала князя, даручала яму кіраўніцтва ваеннымі справамі, судом, вызначала ўраднікаў, наладжвала сувязь з іншымі гаспадарствамі. Выдаткі князя пакрываліся агульным зборам, аплатамі судовымі і гандлёвымі, ваеннай здабычай, канфіскацыяй маёмасьці злачынцаў, данінай з чужых плямёнаў і прыбыткамі з прыватнай гаспадаркі князя.

Жыхарства пачынала дзяліцца на катэгорыі: баяраў, гараджанаў, сялянаў і нявольнікаў-рабоў.

Да вышэйшай катэгорыі прыналежалі людзі, блізкія да князя, яго дружына. Яна падзялялася на старэйшую і малодшую. Старэйшую дружыну князя складалі княжыя мужы і баяры. Малодшыя дружыньнікі зваліся «отракамі», «грыдзямі». Дружына служыла князю і была зьвязана толькі з ім. Старэйшыя дружыньнікі — баяры — былі дарадцамі князя. Яны атрымлівалі ад князя вялікія зямельныя абшары. Малодшыя дружыньнікі жылі пры княжым двары і звычайна выконвалі розныя дробныя даручэньні. Абавязкам дружыны было бараніць край.

Да сярэдняй катэгорыі вольнага жыхарства адносіліся госьці і гандляры. Займацца -ж гандлем меў права кажны вольны чалавек.

Вольнае-ж жыхарства ніжэйшай катэгорыі складалася з сялянства і дробных гарадзкіх рамесьнікаў і гандляроў-гараджанаў. Што датычыцца да напаўвольнага жыхарства, дык яно складалася з гэтак званых «закупаў». «Закупам» зваўся вольны чалавек, які зрабіў пазыку і прымушаны быў з гэтай прычыны жыць на двары свайго крэдытора, аж да выплаты гэтае пазыкі. Калі ўтвораныя абавязальныя дачыненьні канчаліся, канчаўся і стан гэтага закупніцтва. Урэшце, да нявольнага жыхарства належалі нявольнікі, што паходзілі з ваеннапалонных або пакараных сялян. Спачатку нявольнікі выконвалі розныя хатнія працы, а ў пару разьвіцьця земляробства яны складалі рабочую сілу земляўласьнікаў.

У разьвіцьці краю асабліва вялікае значэньне меў гандаль. Адбываўся ён ня толькі між мясцовым жыхарствам, але таксама і з далёкімі замежнымі гаспадарствамі. I так гандаль ішоў з арабамі, баўгарамі, грэкамі, хазарамі і варагамі. Беларусы прадавалі: хутры, хмель, мёд, воск; а куплялі: соль, медзь, волава І сукно. Для разьвіцьця гандлю на Беларусі асабліва спрыялі водныя камунікацыйныя шляхі, якімі былі рэкі: Дзьвіна, Нёман, Дняпро, Ловаць. Найбольш важным шляхам быў гэтак званы вялікі шлях «з Вараг у Грэкі». Шлях гэты пачынаўся ў Скандынавіі, а канчаўся ў Царградзе — сталіцы Бізантыйскай імпэрыі, цяперашнім Канстантынопалі. Шлях «з Вараг у Грэкі» ішоў праз Балтыцкае мора, Фінскую затоку, раку Няву, возера Ладагу, раку Волхаў, каля Ноўгараду, праз возера Ільмень, рэчкаю Ловацяй; адсюль праз сухазем'е волакам (гэта значыць, усе тавары валакліся, перацягваліся па зямлі) да недалёкай ракі Дзьвіны і праз яе Дняпром каля Кіева да Чорнага мора ды ўздоўж заходніх ягоных берагоў да Царграду. Гэтым шляхам езьдзілі пераважна з сваімі таварамі варагі. Іншы раз яны езьдзілі з Скандынавіі ў Чорнае мора Дняпром і Заходняй Дзьвіною каля Полацку.

Поделиться с друзьями: