БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
Шрифт:
Вітаўту ўдалося ўцячы з Крэва да крыжаносцаў, здабыць там давер і пры іхнай дапамозе распачаць змаганьне з Ягайлам. Бачачы гэта, Ягайла як вялікі князь суступіўся перад Вітаўтам і перадаў яму пад кіраўніцтва Горадзенскае княства. Ягайлава палажэньне ўсё-ж было цяжкім, бо і жыхарства з яго ня было задаволенае, і згода з Вітаўтам была няпэўная, дый Полацкі князь Андрэй далей падтрымліваў свае прэтэнзіі да вялікакняскага пасаду.
Тэўтонскі Ордэн, які ўтрымліваў узьбярэжжа Балтыцкага мора, працягваў сыстэматычную нямецкую экспансыю на ўсход (Drang nach Osten). Згодна з салынскім дагаворам 1398 году, Вітаўт саступіў Ордэну Жамойць, але гэта не спыніла немцаў. Абодва бакі рыхтаваліся да новае вайны, якая ўспыхнула ў 1409 годзе. Ліцьвіны і палякі выступілі ў ёй хаўрусьнікамі. Вырашальная бітва гэтай «Вялікай вайны» адбылася на тэрыторыі Прусіі пры вёсцы Грунвальд паблізу ад Танэнбэрга ў 1410 годзе. На дапамогу Ордэну прыбыло шмат атрадаў з нямецкіх княстваў, а таксама і з іншых эўрапэйскіх краінаў; разам войска налічвала прыблізна 80 000 чалавек. Войскі Вітаўта і Ягайлы складаліся з беларускіх, польскіх, украінскіх, жамойцкіх і розных іншых замежных атрадаў. Беларускія атрады складаліся з харугваў з такіх гарадоў, як Берасце, Горадзен, Ваўкавыск, Ліда, Пінск, Полацк, Віцебск; было тры харугвы са Смаленска ды Іншых гарадоў Беларусь Вітаўт пазычыў Ягайлу 20 000 грошаў для наняцьця замежных войскаў, вершнікаў з Чэхіі ды Татары!. Гэтымі вайсковымі фармаваннямі камандаваў Ян Жыжка, які пазьней камандаваў у Чэхіі сіламі гусітаў. Сілы Вітаўта і Ягайлы налічвалі 91 харугву або 160 000 ваяроў.
Беларускія і ўкраінскія харугвы разьмясціліся ў цэнтры, жамойты — на правым крыле, а палякі — на левым. Бітва распачалася з атакі нашага войска 15 ліпеня 1410 году. Немцы адбілі наступ з дапамогаю гарматаў і самі перайшлі ў атаку. Цяжкая нямецкая кавалерыя прарвалася праз слабейшыя шыхты жамойтаў і татараў і адначасова атакавала палякоў на левым фланзе. Тыя пачалі адступаць. Цэнтрам камандаваў князь Юры Мсьціслаўскі; яму ўдалося стрымаць націск немцаў. Пазьней польскі хранікёр вось што напісаў пра бітву: «У гэтай бітве найболей вызначыліся смаляне, якія ўваходзілі ў тры асобныя харугвы; яны змагаліся далей з ворагам, ня гледзячы на адступленне астатняга войска. Ім хвала і пашана».
У Літоўскай хроніцы гаворыцца, што перамогі дасягнулі сілы Вялікага Княства Літоўскага. Пад час бітвы Ягайла быў на імшы і Вітаўт прыйшоў да яго і папрасіў дапамогу такімі словамі: «Ты слухаеш імшу, а князі і баяры, мае браты, ляжаць параненыя, шмат хто забіты, а твае людзі ня хочуць ім дапамагчы». Пачуўшы гэтыя словы, Ягайла паслаў свайго «камергера» па свежыя войскі, каб разьбіць немцаў; «іншыя польскія жаўнеры не дапамагалі, а проста назіралі».
Непахіснасьць беларускіх вояў у цэнтры дала магчымасьць аб'яднанаму войску сабрацца і перайсьці ў контранаступ. Нямецкае войска было ўшчэнт разьбітае, а Вялікі Магістр Ордэна Ульрых фон Юнгінгэн загінуў у бітве. Толькі невялікая колькасьць тэўтонскіх рыцараў здолела ўратавацца. Бальшыня рыцараў загінула, астатнія трапілі ў палон.
Войскі Вітаўта і Ягайлы рушылі на Марыенбург, сталіцу Ордэна. Новы Вялікі Магістр Ордэна, Хайнрых фон Пляўэн, рыхтаваўся да абароны горада, але з прычыны палітычных супярэчнасьцяў між Ягайлам і Вітаўтам апэрацыі былі прыпыненыя і ўсе вярнуліся на радзіму. Ягайла быў змушаны спыніць наступ і ў 1411 годзе ў Торуні было заключанае мірнае пагадненьне з Ордэнам. За нанесеныя ў часе вайны страты Ордэн выплаціў 100 000 кап. грошаў, вярнуў частку захопленых земляў Польшчы, а таксама Жамойць і Судаву Вялікаму Княству Літоўскаму і зьменшыў мыта на экспартныя тавары.
Тэўтонскі Ордэн ня здолеў акрыяць пасля такога разгрому і пачаў слабець, пакуль, урэшце, у 1466 годзе не стаў васалам Польшчы.
Здабыўшы ў Ордэна часткі Балтыцкага ўзбярэжжа, Польшча пачала ў другой палове XV ст. пашыраць гандаль з Заходняй Эўропай і такім чынам дапамагала ВКЛ атрымліваць прыбытак.
Ягайлава палажэньне было цяжкім яшчэ і дзеля таго, што дачыненьні j суседзямі, прыкладам з Масквой, татарамі, крыжаносцамі, не былі ў парадку. Але вось у гэтым часе палякі перажывалі ў сваім гаспадарсьцьве бескаралеўе. Бо як памёр у 1382 г. польскі кароль Людвіг Вэнгерскі, Польшча засталася без караля. Польскія паны спрачаліся тады два гады за тое, хто мае быць каралём, і ўрэшце ў 1384 г. выбралі маладую каралеўну Ядзьвігуды пачалі старацца, каб ейным мужам стаўся вялікі князь Ягайла, думаючы пры тым здабыць сабе падтрыманьне і ўплывы ў Вялікім Княсьцьве. Праект жаніцьбы Ягайле падабаўся, бо такім парадкам ён паляпшаў сваё асабістае палажэньне, становячыся польскім каралём, і меў надзею, што палякі памогуць яму ў змаганьні з ворагамі. Палякі, аднак, ставілі пры гэтым свае ўмовы, на якія Ягайла, ратуючы асабістае. палажэньне, згадзіўся У выніку даўгіх перамоваў у 1385 г. была падпісаная спэцыяльная ўмова (вунія), якая збліжыла Вялікае Княства Літоўскае з Польшчай. Паводле гэнае ўмовы хатняе, нутраное гаспадараваньне ў кажным гаспадарсьцьве заставалася асобнае, асобнае было войска, скарб, асобныя ўрады. Палякі нават ня мелі права асядаць у Вялікім Княсьцьве Літоўскім і купляць тут зямлю. Юрыдычна, аднак, летувіска-беларускія землі былі злучаныя з польскай каронай. Апрача таго, Ягайла дакляраваў ахрысьціць усіх жмудзінаў у каталіцкую веру. Сам ён таксама перайшоў з праваслаўя ў каталіцтва і, прыняўшы імя Уладзіслава, 15 лютага 1386 г. заняў польскі пасад у Кракаве, адначасна жэнячыся з Ядзьвігай.
Такія Ягайлавы ўчынкі вельмі моцна не спадабаліся полацкаму князю Андрэю, і ён, сабраўшы ўсе свае сілы, а таксама здабыўшы дапамогу Смаленскага князя Сьвятаслава і нямецкіх рыцараў, пайшоў у 1386 г. вайной ратаваць самастойнасьць Вялікага Княства Літоўскага.
Даведаўшыся аб гэтым у Кракаве, Ягайла выслаў супроць Андрэя вялікія сілы, і яны перамаглі Андрэя, узяўшы яго ў палон. Пры тым князя Андрэя моцна пакаралі і пасадзілі ў польскі вастрог Хэнціны ў Келецкай губэрні, дзе ён прасядзеў сем год, да 1394 г.
Трэба зацеміць, што князь Андрэй Альгердавіч быў выдатным гаспадаром і ваякам. Яго, між іншага, у 1377 г. выбралі і за князя Пскоўскага. Хочучы здабыць сабе ўплывы ў Маскве, ён у 1380 г. памагаў з сваёй дружынай Маскоўскаму князю Дзімітру Іванавічу ў пераможнай біцьве з татарскай ардой Мамая на Куліковым полі. Калі князь Андрэй быў у Маскве, Ягайла аддаў Полацкае княства сыну Кейстута Андрэю Гарбатаму. Пасварыўшыся-ж з Кейстутам, Ягайла адабраў Полацкае княства ад ягонага сына і перадаў свайму брату Скіргайлу. Палачане, аднак, ня любілі Скіргайлу і калі варочаўся князь Андрэй Альгердавіч з Масквы, дык яны Скіргайлу прагналі і запрасілі на ягонае месца ізноў Андрэя Альгердавіча. Відаць, аднак, ня суджана яму было ўтрымацца ў Полацку і абараніць ягоную самастойнасьць. Пераможаны і зьняволены Ягайлам князь Андрэй сумна дажываў свой век.
Ягайла, вярнуўшыся з Кракава ў Вільню з сваёй жонкай Ядзьвігай і каталіцкім польскім духавенствам у 1387 г., хрысьціў жмудзінаў, што жылі ў пагансьцьве, і князьком іхным даваў розныя прывілеі, якія мела польская шляхта. За намесьніка свайго ў Вялікім Княсьцьве Літоўскім Ягайла прызначыў свайго брата Скіргайлу. Палякі зараз-жа стараліся пашыраць свае ўплывы. Бачачы гэта, Вітаўт, які меў да таго-ж прэтэнзіі да вялікакняжаскага пасаду, пайшоў тэю дарогаю, якой ішоў Полацкі князь Андрэй. Ён пачаў бараніць, падобна як і князь Андрэй, самастойнасьці Вялікага Княства Літоўскага, здабываючы для сябе падтрыманьне ў нямецкіх рыцараў. Ягайла, рад-ня-рад, мусіў суступіцца Вітаўту, і 4 жніўня 1392 г. Вітаўт атрымаў тытул вялікага князя літоўскага на правох самастойнага гаспадара з абяцаньнем, што будзе памагаць польскаму гаспадарству, калі зайдзе патрэба. Праўда, супроць Вітаўта таксама бунтаваліся некаторыя Ягайлавы браты, аднак Вітаўт усіх падпарадкаваў сабе, больш сцэментаваў княства і яшчэ больш пашырыў межы ягоныя, далучаючы рэшткі Смаленшчыны і Чарнігаўшчыны.
За часоў Вітаўта Вялікае Княства было найбольш магутным. Вітаўт падпарадкаваў сабе яшчэ княствы: Новасільскае, Перамысьльскае, Варатынскае, Адаеўскае, Любоцкае, Мцэнскае і інш. (был. губэрні Калускую, Тульскую і Арлоўскую). За Вітаўтам Вялікае Княства перажывала свой найпрыгажэйшы час, ягоная тэрыторыя расьцягвалася ад Чорнага да Балтыцкага мора і ад Берасьця да Мажайска пад Масквой. Вітаўт быў папулярны ня толькі ў краі, але далёка за межамі. Ён выйграваў войны, і з ім лічыліся ўсе суседзі. Палякі, бачачы вялікую сілу Літоўскага Княства, стараліся ўсімі спосабамі замацаваць саюз з ім, выкарыстоўваючы для гэтага некаторыя ваенныя цяжкасьці Вітаўта. Так, прыкладам, калі Вітаўту не ўдавалася перамагчы ў 1399 г. татараў, што нападалі на паўдзённыя землі Вялікага Княства Літоўскага, і калі ён запатрабаваў дапамогі, яму была накінутая ў 1401 г. умова, паводле якое літоўскія і беларускія баяры заабавязваліся вечна быць у саюзе з Польшчай, а палякі заабавязваліся, што па сьмерці Ягайлы, калі ён будзе бязьдзетным, ня выбяруць сабе бяз ведама летувісаў і беларусаў новага караля.
Пасьля, у 1413 г., была падпісаная ў Горадлі новая ўмова, паводле якое летувіскія баяры заабавязваліся пасьля сьмерці Вітаўта ня выбіраць сабе новага князя бяз ведама палякоў, а палякі заабавязваліся, што бяз ведама беларусаў ня выбяруць сабе караля, ды што ў разе патрэбы будуць зьяжджацца на супольныя нарады ў Люблін. Умовы гэтыя асабліва падтрымлівалі жмудзкія баяры-каталікі, за што атрымалі яны розныя прывілеі і былі пакліканыя на высокія становішчы ў сойм. Пры тым польская шляхта пачала іх штораз больш перацягваць на свой бок. Не атрымалі-ж ніякіх прывілеяў і былі адсоўваныя на бок баяры беларускія — праваслаўныя. Ад гэтай пары каталіцызм пачынаў быць рэлігіяй упрывілеяванай і ўводзіў між жмудзінамі і беларусамі разлад. Беларускія баяры штораз больш займалі апазыцыйнае становішча ў дачыненьні да Польшчы і баранілі самастойнасьці Вялікага Княства.
Вітаўт разумеў усё зло гэтае грознае зьявы і прабаваў залагодзіць рэлігійны падзел, зраўнаваць у правох праваслауных магнатаў, ды было пастаноўлена адлучыцца ад Польшчы. Каб дасягнуць гэта, першым чынам трэба было Вітаўта каранаваць на караля ВКЛ. Каранацыя мела адбыцца у 1429 г. у Луцку, куды зьехаліся баяры, шляхта, нямецкі імпэратар Зыгмунд, папскі пасол, прадстаўнікі Прусіі, Бізантыі, Маскоўскі вялікі князь Васіль Васілевіч, кароль Польшчы Ягайла і прадстаўнікі праваслаўнага духавенства. Каранацыя, аднак, не адбылася, бо польская шляхта затрымала пасланцоў, што везьлі Вітаўту карону з Нямеччыны, і адабрала яе, хочучы такім спосабам перашкодзіць каранацыі Вітаўта і адлучэньню Вялікага Княства ад Польшчы. Тады каранацыю адлажылі на 1430 г., але, нажаль, гэтага часу Вітаўт не дачакаў, памёршы у гэным-жа годзе.