Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае
Шрифт:
В. Тацішчаў казаў: «Тогда татары, нашед, всем обладали, литовцы бывшую под властию многую часть государства отторгнули». Тое ж самае паўтарыў i С. Салаўёў: «Русь находилась между двумя страшными врагами: татарамн с востока и Литвой с запада». Гэта сцвярджалі і іншыя гісторыкі XIX ст. Не дзіўна таму, што ў дакастрычніцкай гістарыяграфіі тэзіс пра літоўскае заваяванне стаў догмай.
I ў савецкай гістарыяграфіі пытанне ўтварэння BKЛ таксама не атрымала дэталёвага асвятлення. Таму ў падручніках і працах па гісторыі літоўскае заваяванне Беларусі прымалася безагаворачна, як нешта добра вядомае. Пра гэта сведчыць і кніга У. Пашуты «Образование Литовского государства» (1959), а таксама адпаведныя артыкулы «Советской исторической энциклопедии» і іншыя выданні. Вось характэрнае для гістрычнай навукі тлумачэнне прычын літоўскага заваявання Беларусі і ўтварэння Літоўскай дзяржавы: «Літоўскія князі са сваімі дружынамі, карыстаючыся феадальнай раздробленасцю заходніх земляў Русі і Польшчы, часта ўрываліся ў іх прасторы. Уварванне літоўцаў у заходнія землі Русі стала асабліва частым з другой паловы XII ст. У 20-х гадах XIII ст. дружыны літоўскіх князёў гаспадарылі ў Полацкай зямлі, нападаючы адсюль на паўднёвыя ўскраіны Смаленскага княства і Чарнігаўшчыну. Літоўскія князі, скарыстаўшы цяжкую барацьбу рускага народа з татара-манголамі на ўсходзе і нямецкімі агрэсарамі на захадзе, сталі падначальваць сваёй уладзе землі заходняй Русі. Адзін з літоўскіх князёў, Міндоўг, падначаліў сабе другіх князёў Літвы і захапіў землі па верхнім цячэнні Нёмана. Гэтым быў пакладзены пачатак стварэнню Літоўскай дзяржавы. Утварэнне яе вызначалася інтарэсамі літоўскіх феадалаў, якія хацелі ўмацаваць сваё панаванне над літоўскім сялянствам і ўсталяваць сваю ўладу ў суседніх землях Русі».
Такім чынам, тут вызначаны наступныя моманты захопу літоўскімі феадаламі беларускіх земляў: раздробленасць беларускіх земляў і, як вынік гэтага, іх слабасць; частыя літоўскія набегі на беларускія і суседнія рускія землі; барацьба рускіх земляў з татара-манголамі і нямецкімі агрэсарамі як фактар, які аблегчыў заваяванне беларускіх земляў літоўскімі феадаламі; захоп Міндоўгам беларускіх земляў па верхнім Нёмане, як пачатак утварэння Літоўскай дзяржавы; утварэнне яе вызначалася інтарэсамі літоўскіх феадалаў.
Ці толькі раздробленасць i слабасць?
Раздробленымі, загразлымі ў міжусобіцах і слабымі паказаны ў даследаваннях і падручніках па гісторыі беларускія землі XII–XIII стст. Яны быццам бы спыніліся ў сваім развіцці і толькі чакалі, калі хто-небудзь іх заваюе і збярэ ў адзінае цэлае, што нібыта і зрабіла Літва, дзе ў выніку развіцця феадалізму ўтварылася дзяржаўная ўлада, абапіраючыся на якую літоўскія феадалы прыгняталі сваіх сялян і заваёўвалі чужыя землі. Чаму не магла ўтварыцца дзяржава на беларускіх землях, дзе феадалізм узнік на некалькі стагоддзяў раней, чым у Літве, і як абыходзіліся беларускія феадалы без дзяржаўнай улады, на гэтыя, як і на іншыя падобныя, пытанні гісторыкі чамусьці адказу не давалі.
Такі погляд на беларускія землі таго часу вынікае з пашыранай у гістарычнай навуцы догмы, паводле якой аб’яднанне Беларусі і ўтварэнне беларускай народнасці і культуры адбывалася ў XIV–XVI стст. пасля так званага літоўскага заваявання Беларусі. У сапраўднасці ж усё было інакш. Працэс збірання паасобных гістарычных абласцей Беларусі ў адзінае цэлае і ўтварэнне беларускай народнасці і культуры пачаўся раней XIV ст. Як адзначыў акадэмік Б. Д. Грэкаў, распад Кіеўскай дзяржавы — перш за ўсё вынік росту асобных яго састаўных частак, кожная з якіх стала праводзіць сваю ўласную палітыку, маючы на ўвазе ўласныя мэты.
Першапачатковым ядром фарміравання тэрыторыі Беларусі была Полацкая зямля. Як сведчаць навуковыя даследаванні, Полацкае княства, якое жыло «сваім асобным жыццём з першага свайго з’яўлення на гістарычнай сцэне», было «найбольш самастойнай палітычнай адзінкай Старажытнай Русі». Размешчаная на скрыжаванні важнейшых гандлёвых шляхоў і аб’яднаная імі, Полаччына эканамічна ўмацавалася і абагнала ў сваім развіцці некаторыя іншыя землі Кіеўскай Русі. У адрозненне ад усіх іх яна мела сваю княскую дынастыю Ізяславічаў. У ёй склалася багатая арыгінальная культура.
Як адзначыў Л. Аляксееў, феадальны клас Полаччыны «раней за феадалаў іншых земляў пачаў пашыраць сваю абласную тэрыторыю». Вось чаму Полацкае княства, якое ўзнікла ў IX–X стст. на невялікай тэрыторыі па Заходняй Дзвіне ў раёне ракі Палаты, ужо к канцу XI ст. «ахоплівала большую частку сучаснай Беларусі. Яно ляжала ў асноўным па Заходняй Дзвіне, Нёмане і Бярэзіне з яе прытокамі». Хоць у пачатку XII ст. княства падзялілася на асобныя ўдзелы, пашырэнне яго тэрыторыі працягвалася. Найбольш моцны з полацкіх удзелаў — Менскі — выступаў сапернікам Полацка ў далейшым збіранні беларускіх земляў. Менскі князь Глеб Усяславіч выкарыстоўваў зручнае геаграфічнае становішча свайго княства, якое, знаходзячыся на мяжы Нёманскага і Дняпроўскага водападзелаў, займала ключавыя пазіцыі на важнейшых гандлёвых шляхах. Ён імкнуўся далучыць да сваіх уладанняў паўднёвыя (прыпяцкія), заходнія (нёманскія) і ўсходнія (дняпроўскія) землі. Дзеля дасягнення гэтых мэт ён ажыццявіў паходы на Слуцк (1116) і разам з палачанамі — на Новагародскую і Смаленскую вобласці (1119). Такім чынам, ужо ў намерах Глеба Менскага акрэсліваюцца ў асноўным контуры будучай Беларусі і цэнтральнае становішча ў ёй Менска.
Аднак пашырэнне Полацкай зямлі «не магло не прывесці да сутычкі з інтарэсамі феадалаў суседніх земляў». Полацкія князі рабілі напады на Ноўгарад, Пскоў, Смаленск. Кааліцыйныя сілы рускіх князёў у сваю чаргу спусташалі Полацкую зямлю, разбуралі яе гарады, нават на некаторы час пазбаўлялі яе самастойнасці і далучалі да Кіева, як, напрыклад, Полацк у 980 i 1129 гг., Менск у 1119 г. Аднак раздробленасць, якая была вынікам феадальнага спосабу вытворчасці, з’яўлялался на той час заканамерным і прагрэсіўным этапам гістарычнага развіцця. Таму яе нішто не магло спыніць. Вось чаму ніякія рашучыя захады кіеўскіх князёў не маглі стрымаць далейшага палітычна-эканамічнага развіцця Полацкай зямлі. Феадальная раздробленасць, як слушна адзначаюць даследчыкі, перш за ўсё праявілася ў Полацкай зямлі, што сведчыла пра яе больш высокае сацыяльна-эканамічнае развіццё ў параўнанні з некаторымі іншымі землямі. Гэта і было прычынай таго, што яна, першай вылучыўшыся з Кіеўскай дзяржавы, у сваю чаргу сама стала дзяліцца на ўдзелы. У кожным з іх замацаваўся той ці іншы род полацкіх князёў. Аднак па-ранейшаму для ўсіх іх быў прывабны полацкі пасад, які меў значэнне велікакняскага і за які пачалася паміж імі барацьба. Яна дасягнула найбольшай вастрыні ў 50–60-х гадах XII ст.
Але феадальная раздробленасць і звязаная з ёю палітычная дэцэнтралізацыя і міжусобная барацьба не маглі цягнуцца без канца. Справа ў тым, што ў нетрах самой феадальнай раздробленасці выспявалі ўмовы для яе адмірання. Ствараючы лепшыя магчымасці для асваення новых земляў і прыродных рэсурсаў, росту гарадоў, развіцця земляробства і рамёстваў, феадальная раздробленасць гэтым самым садзейнічала таварнай вытворчасці, г. зн. вытворчасці непасрэдна для абмену, для гандлю. А гэта ў сваю чаргу вяло да эканамічнага і палітычнага збліжэння паасобных земляў. Менавіта ў Полацкай зямлі, дзе раней пачаўся працэс феадальнай раздробленасці, ён раней і закончыўся. У выніку гэтага і міжусобная барацьба полацкіх князёў паступова заціхла значна раней, чым у іншых старажытнарускіх землях. Ва ўсякім разе яна цягнулася не пазней 1180 г., калі з выключнай яркасцю выявілася адзінства Полацкай зямлі. У паходзе на Друцк, які падпаў пад уплыў Смаленска, удзельнічала шэсць полацкіх князёў, г. зн. уся зямля. Праўда, Л. Аляксееў зазначае, што сярод іх не было менскіх князёў. Аднак катэгарычна сцвярджаць гэта нельга. Калі не было менскіх князёў, дык якія ж былі? У летапісе, дзе перадаюцца гэтыя падзеі, толькі адносна трох князёў пазначаны месцы іх княжання (Полацк, Віцебск, Лагойск). Чацвёрты князь Васілька Брачыслававіч, як слушна лічыць Л. Аляксееў, быў ізяслаўскім князем. Але калі ў гэтым паходзе былі лагойскі і ізяслаўскі князі, то ці можна лічыць, што там не было менскага князя? Ім мог быць Андрэй Валодшыч, сын таго Валодшы, якога ў 1159 г. Глебавічы пасадзілі ў поруб. Чаму ж паход на Друцк выклікаў такое адзінства полацкіх князёў? Бо тут справа ішла пра абарону эканамічна-гандлёвых інтарэсаў усёй Полаччыны, у прыватнасці пра валоданне важнейшым для Полацкай зямлі Друцка-Ушацкім волакам. Без агульнасці эканамічных інтарэсаў полацкіх земляў не магло быць такога ратнага адзінства, якое выявілася ў 1180 г. Праўда, у 1186 г. лагойскі князь Васілька Валадаравіч і друцкі князь Усяслаў, відаць, пад націскам Смаленска, які не мог прымірыцца са сваім паражэннем у 1180 г., разам з ім і Ноўгарадам выступілі супраць Полацка. Аднак гэты паход закончыўся мірна, і ўдзел у ім лагойскага і друцкага князёў не перашкодзіў усталяванню згоды між полацкімі ўдзеламі. Гэта пацвярджаюць падзеі 1195 г., калі полацкія князі ўдзельнічалі ў паходзе на Смаленск і адыгралі вырашальную ролю ў перамозе над ім. Тое, што ў летапісе ўжыты выраз «полацкія князі», гаворыць нам, што іх было некалькі, а можа і ўсе. Л. Аляксееў чамусьці сцвярджае, што Друцк і цяпер знаходзіўся пад эгідай смалянаў, на баку якіх змагаўся супраць чарнігаўскіх Ольгавічаў. Аднак гэта яўна супярэчыць летапісу, у якім сказана, што друцкі князь Барыс захапіў у палон смаленскага князя Мсціслава Раманавіча і аддаў яго чарнігаўцам. Удзел у гэтым паходзе друцкага князя сведчыць, што ваенныя падзеі 1180 г. не прайшлі марна: Друцк па-ранейшаму знаходзіўся ў шчыльным саюзе з Полацкам і ў сферы яго ўплыву.
3 прычыны далейшага развіцця прадукцыйных сіл феадальнага грамадства і пашырэння гандлю пачаўся працэс феадальнай канцэнтрацыі, на аснове якога ішло збліжэнне асобных тэрыторый Полацкай зямлі. I хаця ўдзелы працягвалі існаваць яшчэ доўгі час, аднак міжусобная барацьба паміж імі не адзначана ў крыніцах, як, напрыклад, у сярэдзіне XII ст. Эканамічныя інтарэсы бралі верх і прымушалі падначальвацца ім. Характэрная ў гэтых адносінах грамата полацкага князя Ізяслава (1205), у якой ён піша: «Полотеск Видьбеск одно есть». Гэта грамата выяўляе і прычыну такога адзінства — гандаль па Заходняй Дзвіне: «Полочаном Видьбляном вольное торгованье в Ризе, на Готьском березе и в Любце». Тут зноў выяўляецца яскравая карціна таго, як эканамічныя інтарэсы бяруць верх над княскімі адносінамі. Палітычна Полацк і Віцебск — два княствы, у эканамічных жа адносінах — «одно есть». Такім чынам, няма падстаў гаварыць пра міжусобіцы князёў у канцы XII і ў першай палове XIII ст. Пра палітычную ўстойлівасць унутры Полацкай зямлі сведчыць і тое, што на полацкім пасадзе на працягу 30 гадоў (1186–1216) княжыў адзін князь — Уладзімір Полацкі. Цяжка знайсці ў іншых старажытнарускіх землях такі фенаменальны для часоў удзельшчыны факт. Згуртаванню Полацкай зямлі спрыяла і яе барацьба з крыжацкай агрэсіяй, пра што будзе гаворка далей. Усё адзначанае сведчыць, што напярэдадні і ў час утварэння BKЛ Полацкая зямля ўяўляла сабой больш-менш адзінае цэлае і пра міжусобную барацьбу ў ёй не можа быць гаворкі.
У Турава-Пінскім княстве таксама назіралася тэндэнцыя да збліжэння з іншымі беларускімі землямі, якая праявілася ўжо ў пачатку XII ст. Нездарма ж Глеб Менскі хацеў сілай паскорыць гэты працэс, імкнучыся далучыць да сваіх уладанняў прыпяцкія землі, чым наклікаў на сябе вялікі гнеў і жорсткую помсту кіеўскага князя. У сувязі з гэтым нам хочацца звярнуць увагу на наступны факт. Далучыўшы часова да сваіх уладанняў у 1119 г. Менск, кіеўскі князь у 1131 г. аддаў менскаму князю Ізяславу Тураў і Пінск, якія былі ў сферы ўплыву Кіева. I справа, вядома, не толькі ў тым, што Ізяслаў быў іх стаўленікам (у часы ўдзельшчыны ўсе князі лёгка пранікаліся мясцовымі інтарэсамі). Галоўнае ў тым, што ўжо тады, відаць, пачалі вызначацца эканамічныя сувязі Турава-Пінскай зямлі з Менскам і, як паказала гісторыя, гэтыя сувязі былі невыпадковымі. Яны увесь час мацнелі, што і прывяло ў будучым да з’яднання Турава-Пінскай зямлі з усёй Беларуссю.
У 1158 г. Тураў выйшаў з-пад улады Кіева, і ў ім асела самастойная княская дынастыя. I хоць на тэрыторыі Турава-Пінскай зямлі ўзнік шэраг асобных удзелаў (Тураўскі, Пінскі, Дубровіцкі, Слуцкі, Клецкі і інш.), аднак князі іх дзейнічалі згуртавана. У пачатку XIII ст. Турава-Пінская зямля, пераадольваючы імкненне галіцка-валынскіх князёў падначаліць яе сабе, усё больш і больш звязвае свой лёс з Новагародскай зямлёй. Нездарма ж у 1228 г. новагародцы ўдзельнічалі на баку Расціслава Пінскага ў барацьбе з Данілам Галіцкім, а ў 1263 г. іх князь Войшалк пры дапамозе пінянаў заваёўваў Літву. I гэтыя сувязі былі невыпадковыя.